Навучанне і лячэнне як адзіны непарыўны працэс

- 11:55Спецыяльная адукацыя

Навучанне і лячэнне ў спецыяльным яслях-садзе № 19 Мінска для дзяцей з парушэннем зроку — адзіны непарыўны працэс. Медыцынскія работнікі ўстановы праводзяць дыягностыку і даюць рэкамендацыі тыфлапедагогам і выхавальнікам па навучанні, рассаджванні і зрокавых нагрузках для дзяцей. Дзякуючы выкарыстанню ІКТ, педагогі і медыкі ператвараюць працэс рэабілітацыі для выхаванцаў у захапляльную гульню. З вопытам работы па фарміраванні зрокавага ўспрымання ў дзяцей старшага дашкольнага ўзросту сродкамі мультымедыйных тэхналогій калектыў установы плануе выступіць на заключным этапе Рэспубліканскага конкурсу “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі”.

“Спецыяльны яслі-сад № 19 Мінска для дзяцей з парушэннем зроку — установа вельмі запатрабаваная не толькі ў жыхароў сталіцы, але і Мінскага раёна, — адзначыла яго загадчык Віялета Леанідаўна Какорына. — Звязана гэта з тым, што з кожным годам, на жаль, колькасць дзяцей, якія маюць функцыянальныя парушэнні зроку, павялічваецца. У Мінску для іх дзейнічаюць толькі дзве спецыяльныя дашкольныя ўстановы — наша і яслі-сад № 353 для дзяцей з парушэннем зроку. У нашай установе функцыянуюць 9 узроставых груп спецыяльнага прызначэння. Згодна з праектнай магутнасцю будынка, сад разлічаны на 82 дзіцяці. Аднак у сярэднім мы прымаем 125 выхаванцаў. Асноўным кірункам работы спецыялістаў нашай установы — настаўнікаў-дэфектолагаў (тыфлапедагогаў), выхавальнікаў і іншых — з’яўляецца ахова і развіццё ў дзяцей зрокавага ўспрымання, забеспячэнне здароўезберагальнага працэсу. Штодня ў садзе праводзіцца лячэбна-карэкцыйная работа з выхаванцамі. Педагогі працуюць у цесным кантакце з плеортаартаптычнымі медыцынскімі сёстрамі пад кіраўніцтвам урача-афтальмолага”.

Як расказала ўрач-афтальмолаг сада Ірына Міхайлаўна Нахімава, у большасці выхаванцаў, якія наведваюць установу, назіраюцца розныя віды касавокасці. Пры неабходнасці дзецям з такой паталогіяй праводзіцца аперацыя па выроўніванні вугла зроку. Спецыялісты сада рыхтуюць малышоў да аперацыі, а пасля яе правядзення суправаджаюць працэс аднаўлення зрокавай функцыі. Менш распаўсюджаныя ў малышоў такія парушэнні, як анамаліі рэфракцыі, прыроджаныя анамаліі развіцця зроку, катаракта, блізарукасць, амбліяпія, частковая атрафія зрокавага нерва, комплексныя парушэнні зрокавых функцый (поля зроку, светаадчування, колераадчування) і інш.

Колькасць дзяцей з інваліднасцю па зроку ў сярэднім па ўстанове складае 20% ад усіх выхаванцаў (у іх ліку татальна сляпыя, часткова відушчыя і слабавідушчыя). Як гавораць медыкі, да інваліднасці часта прыводзіць такое захворванне, як рэцінапатыя неданошаных. У некаторых выпадках праблемы са зрокам у дзіцяці выклікае інфекцыя, якую перанесла яго маці падчас цяжарнасці. А часам бытавая траўма — асноўная прычына страты зроку. Дзіця, напрыклад, можа спатыкнуцца, упасці і параніць вострым прадметам вока, пашкодзіць яго радужную абалонку.

Спецыяльны яслі-сад № 19 Віялета Леанідаўна Какорына ўзначальвае 6 гадоў, да гэтага яна працавала загадчыкам агульнаадукацыйнай дашкольнай установы. “Памятаю, калі прыйшла сюды, адразу не магла змірыцца з думкай, прывыкнуць да таго, што ўсе дзеці, якія мяне акружаюць, маюць праблемы са здароўем, што іх бацькі вельмі ранімыя людзі, няпроста было ўсталяваць з імі даверлівыя адносіны, — гаворыць Віялета Леанідаўна. — Сёння ўсе выхаванцы для мяне — самыя любімыя, самыя родныя і ў той жа час самыя звычайныя дзеці, такія, як і ўсе, са сваімі інтарэсамі і жаданнямі. А іх бацькі заўсёды з удзячнасцю гавораць пра нашых педагогаў і медыкаў, бо адчуваюць з іх боку цёплыя адносіны да сваіх малышоў, бачаць толькі любоў і разуменне. Кожную раніцу дзеці з задавальненнем ідуць да нас. Ім не проста цікава ў садзе, яны атрымліваюць тут даволі сур’ёзную фізічную і эмацыянальную нагрузку: займаюцца з выхавальнікамі, з тыфлапедагогам, з медыцынскімі работнікамі і г.д. Малышы наведваюць заняткі па лячэбнай або адаптыўнай фізкультуры, музычныя заняткі. Два разы на тыдзень займаюцца плаваннем. Дарэчы, на платнай аснове ў нас працуе група кароткачасовага наведвання басейна для дзяцей ранняга дашкольнага ўзросту, якія не ходзяць у сад, і для грудных дзяцей. Два разы ў год дзеці праходзяць аздараўленчы курс масажу каўняровай зоны, накіраваны на паляпшэнне кровазвароту ў галаўным мозгу і на папярэджанне павышэння вочнага ціску.

Адаптацыя да навучальнай установы татальна невідушчых дзяцей, малышоў з прыроджанай слепатой праходзіць намнога складаней, чым у дзяцей, якія слаба бачаць ці маюць асобныя функцыянальныя парушэнні. Не ўсе выхаванцы ўмеюць самастойна арыентавацца ў прасторы. Задача педагогаў — навучыць іх рабіць гэта навобмацак і праз слых. З гэтай мэтай прапануем ім дадаткова заняткі харэаграфіяй. У невідушчых дзяцей часта бывае слабая сіла націску рукі пры маляванні і пісьме. З-за таго, што дзеці не бачаць, яны баяцца браць незнаёмыя рэчы ў рукі, датыкацца да іх, у іх слаба развіта дробная маторыка. Пераадольваць гэтыя праблемы малышам удаецца дзякуючы заняткам з настаўнікам-дэфектолагам, псіхолагам, у гуртках выяўленчага мастацтва, дзіцячага дызайну. Па рэкамендацыі медыкаў, урач-афтальмолаг установы прызначае лячэнне кожнаму дзіцяці — як апаратнае, так і камп’ютарнае. Штомесяц праводзіцца абследаванне выхаванцаў і ў залежнасці ад яго вынікаў, лячэнне карэкціруецца”.

У медыцынскім пакоі сада ёсць спецыяльныя лячэбныя апараты — амбліястымулятары і амбліятрэнеры, мускулатрэнеры, бівізатрэнеры, трохколерны лазер, лакалізатар-карэктар, форбіс, а таксама даволі дарагі афтальмалагічны апарат сінаптафор. Абсталяванне выкарыстоўваецца для павышэння вастрыні зроку, для развіцця бінакулярнага зроку, стэрэазроку, для трэніровак акамадацыі і канвертацыі вачэй.

Для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту замест апаратнага лячэння можна праводзіць карэкцыю з выкарыстаннем ліцэнзаваных камп’ютарных праграм. З 2013 года медыцынскія работнікі сада прымяняюць сертыфікаваныя лячэбна-дыягнастычныя і трэніровачныя праграмы “Клінок”, “Плеоптыка плюс 2”, “Кветка”, “Дыскатэка”, “Кола поспеху”, “Коцынг”, “Візус”, створаныя ў Інстытуце праблем перадачы інфармацыі Расійскай акадэміі навук. З 2015 года для карэкцыі зроку выкарыстоўваецца лячэбна-гульнявы камплект “Бусел-Пік”, распрацаваны беларускай кампаніяй “Стымед”. Названыя праграмы прызначаны для дыферэнцыраванай дыягностыкі і колькаснай ацэнкі парушэнняў бінакулярнага зроку ў дзяцей, а таксама для карэкцыі і развіцця бінакулярных функцый. Лячэнне па праграмах праходзяць усе выхаванцы. Дзякуючы гэтаму, за апошнія тры гады колькасць малышоў, якія палепшылі свой зрок, вырасла на 25%, а колькасць тых, у каго парушэнне выправілася, вырасла на 12,5 %. Адзначым, што 97% выпускнікоў спецыяльнага ясляў-сада № 19 Мінска для дзяцей з парушэннем зроку паступаюць у сярэднія агульнаадукацыйныя школы, астатнія дзеці па медыцынскіх паказчыках ідуць у сярэднюю спецыяльную школу № 188 для дзяцей з парушэннямі зроку або ў класы інтэграванага навучання.

* * *

Нядаўна калектыў спецыяльнага ясляў-сада № 19 Мінска для дзяцей з парушэннем зроку атрымаў перамогу на гарадскім этапе Рэспубліканскага конкурсу “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі” і прыме ўдзел у рэспубліканскім этапе, дзе будзе прадстаўляць вопыт работы за апошнія тры гады па фарміраванні зрокавага ўспрымання ў дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту сродкамі мультымедыйных тэхналогій і праект “Ахова і развіццё зроку ў дашкольнікаў сродкамі дыдактычных афтальматрэнажораў”.

Сертыфікаванымі карыстальнікамі ІКТ у садзе з’яўляецца большасць педагогаў. Для работы яны выкарыстоўваюць 24 персанальныя камп’ютары, 2 ноўтбукі, 10 прынтараў, 2 інтэрактыўныя дошкі, 2 мультымедыйныя праектары, 3 тэлевізары з usb-выхадам. За апошнія тры гады педагогі ўстановы распрацавалі электронныя сродкі навучання па ўсіх раздзелах адукацыйнай праграмы для ўсіх узроставых груп. Спецыялісты ствараюць і інтэрактыўныя ЭСН у інструментальных асяроддзях СоurseLab і SMARTNotebооk, якія з дапамогай інтэрактыўнай дошкі прымяняюцца для правядзення карэкцыйных, агульнаадукацыйных і іншых заняткаў.

“Дзіцяці, якое мае парушэнне зроку, складана ўбачыць аб’екты, якія акружаюць яго, так, як іх бачыць чалавек з нармальным зрокам, — гаворыць намеснік загадчыка ўстановы Наталля Аляксееўна Паўловіч. — Каб дапамагчы яму ў гэтым, нашы педагогі распрацавалі і сістэматызавалі больш за 100 камп’ютарных гульняў па фарміраванні зрокавага ўспрымання ў дзяцей. Сабрана цэлая калекцыя вучэбных відэасюжэтаў, мультымедыйных прэзентацый. Назапашаны матэрыял можа выкарыстоўвацца як для работы з дзецьмі з парушэннямі зроку, так і для работы са звычайнымі дзецьмі. Расказаць малышам аб тым, напрыклад, як жывуць жывёлы ў гарачых краінах, лепш за ўсё з дапамогай відэасюжэту, гульні. Калі аб’екты будуць дэманстравацца на інтэрактыўнай дошцы, яны будуць у 5—10 разоў большыя па памерах, чым на экранах камп’ютараў. Так дзеці з парушэннямі зроку лепш разгледзяць іх колер, форму, змогуць самастойна іх перамяшчаць. У іх з’явіцца большая цікавасць да навучання. Сродкі ІКТ педагогі прымяняюць у рабоце з дзецьмі не больш за 10 хвілін 2 разы на тыдзень з мэтай замацавання матэрыялу, разгляду дадатковай пазнавальнай інфармацыі.

У сваім праекце “Ахова і развіццё зроку ў дашкольнікаў сродкамі дыдактычных афтальматрэнажораў” мы раскажам аб разнастайнасці такіх трэнажораў, аб іх магчымасцях, у тым ліку для работы з выхаванцамі масавых садоў. Па статыстыцы, 35% выпускнікоў звычайных дашкольных устаноў маюць парушэнні зроку. Такія трэнажоры падзяляюцца на дзве групы: тыя, што дапамагаюць зняць зрокавае напружанне (іх мэта — папярэдзіць парушэнні), і тыя, што накіраваны на карэкцыю і рэабілітацыю. Гэты праект разлічаны на 3 гады. Мы будзем рэалізоўваць яго разам з Інстытутам інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка. Другі навучальны год наша ўстанова з’яўляецца філіялам кафедры карэкцыйна-развіццёвых тэхналогій інстытута. Шмат гадоў на базе сада праходзяць практыку студэнты ўніверсітэта. Маладыя людзі пішуць на аснове атрыманага ў нас вопыту дыпломныя і курсавыя работы. У выніку сумеснай работы створана база відэаматэрыялаў для арганізацыі адукацыйнага працэсу студэнтаў па спецыяльнасці “Тыфлапедагогіка”, сабраны электронны банк публікацый па праблеме навучання і выхавання дзяцей з парушэннямі зроку дашкольнага ўзросту. Педагогі нашай установы правялі рэцэнзаванне карэкцыйна-развіццёвых праграм Нацыянальнага інстытута адукацыі, а таксама экспертную ацэнку адаптаванай праграмы дашкольнай адукацыі, распрацаванай кафедрай карэкцыйна-развіццёвых тэхналогій Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.