Навучанне тэхнічнай працы павінна быць прыкладным

- 10:59Людзі адукацыі

Сёння пытанні працоўнага навучання і выхавання школьнікаў абмяркоўваюцца на самым высокім узроўні. У нядаўнай “Вялікай размове з прэзідэнтам” кіраўнік дзяржавы зноў падкрэсліваў значнасць і актуальнасць у жыцці кожнага маладога чалавека простых працоўных уменняў.

Пра тое, што трэба зрабіць, каб школьны курс працоўнага навучання стаў максімальна прыкладным і ці магчыма праблему набыцця жыццёвых уменняў вырашыць за кошт шостага школьнага дня, сёння гаворка з вядомым настаўнікам тэхнічнай працы сярэдняй школы № 13 Жлобіна, настаўнікам-метадыстам, членам клуба “Крыштальны журавель”, адным з распрацоўшчыкаў вучэбнай праграмы, аўтарам шэрага вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў па тэхнічнай працы для навучэнцаў і настаўнікаў Віталем Васільевічам ГУЗАВЫМ.

— Віталь Васільевіч, пачнём з самага набалелага для вас. Што больш за ўсё хвалюе настаўніка працоўнага навучання?

— У нас кожны год мае сваю спецыфіку. Нядаўна закончыўся Год культуры, цяпер у нас Год навукі. А калі гаварыць пра адукацыю, то я выдзеліў бы цэлую пяцігодку — пяцігодку фізікі. Школы краіны актыўна аснашчаюцца новымі кабінетамі фізікі. У кантэксце апошніх навін пра месца працоўнага навучання і пра шосты школьны дзень, калі пэўная ўвага павінна ўдзяляцца навучанню простым працоўным навыкам, хочацца, каб і працоўнаму навучанню была ўдзелена такая ж увага, асабліва на мясцовым узроўні. Каб усе школьныя майстэрні былі аснашчаны ўсім неабходным абсталяваннем і інструментам, якіх патрабуе вучэбная праграма. Трэба прызнаць, што матэрыяльная база школьных майстэрняў плачэўная.

Думаю, што ў краіне няма школы, якая мела б цалкам укамплектаваныя майстэрні (згодна з патрабаваннямі). Наша школа з’яўляецца базавай па працоўным навучанні ў вобласці, але і ў нас па некаторых пазіцыях ёсць праблемы. Сёння настаўнік працоўнага навучання вымушаны практычна самастойна вырашаць праблемы забеспячэння майстэрні неабходным абсталяваннем і інструментамі. Цэнтралізаванага аснашчэння вучэбных майстэрняў, як некалі было ў савецкай школе, сёння не існуе. У нашы дні гэты цяжар кладзецца на плечы школы.

— Яшчэ адно балючае пытанне — кадры. Тое, што катастрафічна не хапае настаўнікаў працоўнага навучання, не навіна. Што рабіць?

— Сёння запыт па кадрах перавышае тую колькасць спецыялістаў, якіх рыхтуюць у Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце і Полацкім дзяржаўным універсітэце. Напярэдадні я гаварыў са сваімі былымі вучнямі, якія сёлета заканчваюць Мазырскі педагагічны ўніверсітэт. Яны сказалі, што на 1 курсе ў групе налічвалася 20 чалавек, да выпуску дайшлі 13. А ў школы трэба ў разы больш настаўнікаў працоўнага навучання, чым выпускаюць нашы ўніверсітэты.

Атрымліваецца, што трэба сумяшчаць: або настаўніку працоўнага навучання, каб была нагрузка, або настаўніку іншага прадмета, каб урок працоўнага навучання быў у школьным раскладзе. Тут жа ўзнікаюць пытанні перападрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі. Я некалькі гадоў праводжу абласныя аўтарскія курсы павышэння кваліфікацыі, на якія настаўнікі імкнуцца трапіць, бо “прыязджаюць “трудовиками”, а ад’язджаюць настаўнікамі працоўнага навучання”. Прыязджаюць і тыя, хто не мае спецыяльнай адукацыі.

Курсы праводзяцца на базе школы, а не абласнога інстытута развіцця адукацыі. Яны праходзяць толькі адзін раз у год і на ўзроўні вобласці, а я мог бы іх праводзіць часцей, у тым ліку на ўзроўні рэспублікі. Пра неабходнасць гэтага сведчаць пастаянныя званкі і прыезды да мяне калег з усёй краіны. Заняткі праводжу ў школьнай майстэрні. Мы разам мадэлюем урокі, якія я праводжу, а потым разам аналізуем іх і робім высновы. Таксама праходзяць майстар-класы і практыкумы ў вучэбных майстэрнях. На маіх курсах настаўнікі на некаторы час становяцца вучнямі і робяць тое ж, што павінны будуць рабіць іх навучэнцы.

Хачу таксама адзначыць, што курсы праводжу не адзін, запрашаю таксама іншых вопытных педагогаў са свайго рэгіёна, якія практычна ўжо метадысты (засталося толькі здаць экзамен). Больш за тое, двое з іх удзельнічаюць у конкурсе “Настаўнік года”, паспяхова прайшлі раённыя этапы і будуць выступаць на вобласці. У нас фарміруецца сур’ёзная група аднадумцаў, настаўнікаў-практыкаў, якія маглі б дапамагаць іншым.

Акадэмія паслядыпломнай адукацыі не курыруе перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў працоўнага навучання і фізічнай культуры, не займаецца гэтым і Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі, і мне не зразумела чаму. Перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі па працоўным навучанні павінны быць такімі ж, як гэта арганізавана па іншых прадметах у АПА.

— Вернемся да шостага школьнага дня. Ці валодаюць нашы школы рэзервам для правядзення заняткаў па інтарэсах працоўнай накіраванасці?

— У вясковай малакамплектнай школе нагрузка на настаўніка працоўнага навучання — 7 гадзін у тыдзень. У гарадскіх школах, накшталт той, дзе працую я, вучняў у 5 разоў больш, чым у вясковых. І калі ў сельскай школе сучасныя патрабаванні да арганізацыі ў шосты школьны дзень заняткаў па працоўным навучанні адносна выканальныя з-за невялікай колькасці вучняў, то ў гарадской гэта нерэальна. У нашай школе — дзве майстэрні і два настаўнікі, значыць, мы можам пасадзіць на заняткі адначасова толькі 30 чалавек. А навучэнцаў у нас больш за 1700. У сувязі з гэтым гаварыць пра тое, што мы нейкім чынам вырашым праблему працоўнага навучання і выхавання з дапамогай шостага школьнага дня, не даводзіцца.

Увогуле ж, калі мы хочам вырашаць гэтую праблему, то павінны рабіць гэта за кошт вучэбных заняткаў. Але адразу ж узнікаюць дадатковыя пытанні. Калі мы хочам, каб нашы дзеці проста ведалі (на ўзроўні пазнавальнасці), як выглядае інструмент — вось малаток, а гэта сякера, цвікі, шрубы і г.д., то дастаткова і адной гадзіны ў тыдзень у класе. А калі мы гаворым, што вучням трэба авалодаць пэўнымі ўменнямі, то заняткі павінны быць двухгадзіннымі, інакш нічога не атрымаецца. А сёння ў 5 і 9 класах адна гадзіна, адна гадзіна будзе ў 8 класе. Чаму мы навучым? Аднагадзінныя заняткі па працоўным навучанні нізкаэфектыўныя ў плане набыцця навыкаў.

Пераглядаць трэба і праграмы. У свой час мы прыбралі з праграмы фрэзераванне, бо фрэзерныя станкі маральна састарэлі. Гэта ж тычыцца і такарнай апрацоўкі па метале, бо такарныя станкі, якія ёсць у школах, таксама ўжо выпрацавалі свой рэсурс. Трэба, каб праграма набыла больш прыкладны характар, пра што, дарэчы, гаворыць прэзідэнт.

Мяркую, што неабходна больш канкрэтызаваць пералік вырабаў з металу і дрэва, абавязковых для выканання вучнямі (гэта як кантрольная работа па іншых прадметах). Хоць мы цяпер і жывём у век сучасных інфармацыйных тэхналогій, але ж і ручная праца запатрабавана. Напрыклад, і па сённяшні дзень без ручной працы не абыходзіцца вытворчасць сучасных падводных лодак і самалётаў, не кажучы ўжо пра вытворчасць на месцах у рэгіёнах.

— Яшчэ адзін момант: працоўнае навучанне ў школе заканчваецца ў 9 класе…

— Так, сапраўды. У той жа час зараз, калі на трэцяй ступені рэалізоўваецца профільнае навучанне, нароўні з профільнымі ў школах дзейнічаюць звычайныя класы. Было б разумным, каб вучні гэтых класаў маглі набываць прафесійныя ўменні не толькі на базе прафтэхустаноў, але і ў школе.

Амаль страціла свае матывацыйныя функцыі алімпіяда па працоўным навучанні, якая і задумвалася як своеасаблівая кузня абітурыентаў і студэнтаў — будучых настаўнікаў працоўнага навучання. Калі спачатку рэспубліканскія пераможцы алімпіяды мелі льготы пры паступленні, то цяпер іх няма. У сувязі з гэтым і колькасць студэнтаў з ліку пераможцаў алімпіяды значна зменшылася. Хаця ў мінулым годзе вучань маёй каманды, які стаў лепшым на алімпіядзе па працоўным навучанні, паступіў у Мазырскі педуніверсітэт проста таму, што яму вельмі хацелася ста ць настаўнікам па гэтым прадмеце.

Але ж таленавітыя вучні ёсць, і з імі трэба займацца асобна, індывідуальна. Каб падрыхтаваць пераможцу рэспубліканскай алімпіяды, неабходна амаль кожны дзень працаваць з ім, пачынаючы з 5—6 класа. Зараз якраз фарміруецца абласная каманда па падрыхтоўцы да фіналу рэспубліканскай алімпіяды. А ёсць жа яшчэ пазакласныя мерапрыемствы. Я нядаўна праводзіў конкурс “Тэхнаінтэлект” у 7-х класах. Вучні рашалі тэхнічныя задачы, разгадвалі і рабілі галаваломкі з паперы і металу. Спаборніцтва праходзіла паміж класамі і праводзілася ў суботу, бо ў іншы час такі конкурс арганізаваць немагчыма. Нешта падобнае будзе і ў іншых класах. Працы хапае.

— Віталь Васільевіч, вялікі дзякуй за размову.

— Дзякуй і вам за ўвагу да прадмета. Я хацеў бы звярнуць увагу яшчэ на адну акалічнасць. Гаворка пойдзе пра вольны час, неабходны настаўніку для паўнавартаснага адпачынку і творчага пошуку новых ідэй для работы. Хачу працытаваць класіка педагогікі В.А.Сухамлінскага: “…Педагагічная творчасць — складаная праца, якая патрабуе вялікай затраты сіл, і калі сілы не будуць аднаўляцца, настаўнік выдыхнецца і не зможа працаваць”. Жадаю ўсім педагогам здароўя, творчых поспехаў у высакароднай справе навучання і выхавання падрастаючага пакалення.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.

Р.S. Пакуль рыхтавалася гэтае інтэрв’ю, стала вядома, што Віталь Васільевіч Гузаў атрымаў званне “Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь”. Адпаведны ўказ кіраўнік дзяржавы падпісаў 1 лютага. Усім калектывам “Настаўніцкай газеты” шчыра віншуем Віталя Васільевіча і жадаем яму далейшых поспехаў на педагагічнай ніве!