Навучыць, каб зарабіць,

- 12:01Сацыяльны ракурс

або Што важна ведаць для арганізацыі  пазабюджэтнай дзейнасці

Пазабюджэтная дзейнасць — справа, з якой звязана ўсё большая колькасць педагогаў і, канечне, кожная навучальная ўстанова. Ёй, як і кожнай справе, неабходна вучыцца. Наталля Генадзьеўна Мазурына, дацэнт кафедры тэорыі і методыкі выкладання мастацтва, на працягу двух гадоў была выкладчыкам курсаў у Цэнтры дадатковай адукацыі “Альтэрнатыва” пры Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, займалася гэтым відам дзейнасці на сваім факультэце, распрацавала сістэму заняткаў з супрацоўнікамі ўстаноў адукацыі, якія арганізоўваюць пазабюджэтную дзейнасць на месцах. Зараз Н.Г.Мазурына вучыцца ў дактарантуры, выкладае і праводзіць індывідуальныя і групавыя кансультацыі студэнтаў-завочнікаў факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ. Мы папрасілі спецыяліста падзяліцца напрацоўкамі ў гэтай сферы.

Цікава і карысна

Курс для педагагічных работнікаў, які распрацавала Н.Г.Мазурына, называецца “Праектаванне аптымальнай мадэлі пазабюджэтнай дзейнасці ва ўстановах адукацыі”. Ён гібкі па часе — можна правесці заняткі і на 8, і на 16 гадзін. Для больш падрабязнай прапрацоўкі пытанняў пазабюджэтнай дзейнасці курс можа быць прадоўжаны і скласці частку зместу падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне менеджменту адукацыі.

— Якой бы дзейнасцю педагог ні займаўся, — упэўнена Наталля Генадзьеўна, — у тым ліку пазабюджэтнай, першае, што трэба зрабіць, — гэта вызначыцца з творчым планаваннем, сферай і мэтай дзейнасці, шляхамі яе дасягнення. Як правіла, у педагогаў узнікаюць цяжкасці на этапе правядзення ідэі ў жыццё, пэўныя метадычныя складанасці, якія важна навучыцца вырашаць на курсах па пазабюджэтнай дзейнасці, семінарах.

Перш за ўсё кіраўніку навучальнай установы важна зразумець, чаго ўстанова плануе дасягнуць, вылучыць нейкія значныя паказчыкі, у тым ліку грашовую суму, якую ўстанова зможа зарабіць, пачынаючы ад мінімальнай.

Па-другое, па словах маёй суразмоўніцы, кіраўнік павінен усвядоміць, што яму давядзецца працаваць з тымі настаўнікамі, выхавальнікамі, якія ўжо ёсць у штаце. Не шукаць педагогаў пад абраныя віды дзейнасці, а спрыяць творчаму і прафесійнаму росту штатных супрацоўнікаў, каб яны пачыналі ствараць, прыдумваць, рэалізоўвацца яшчэ і ў пазабюджэтнай дзейнасці, увасабляючы свае раней нерэалізаваныя памкненні, якія цяпер яшчэ і дадаткова аплачваюцца.

— Практыка паказала, што нашы настаўнікі па-рознаму ставяцца да таго, як зарабляць грошы, — заўважае Н.Г.Мазурына. — Ёсць такія, якія па прыродзе сваёй альтруісты, з вялікай цяжкасцю прымаюць ідэю зарабляць праз пазабюджэтную дзейнасць. Наогул толькі адзінкі ўключаюцца ў гэтую работу адразу. Таму пытанні ўключэння педскладу ў пазабюджэтную дзейнасць абавязкова ўзнікаюць, і кіраўнікам устаноў неабходна памятаць пра гэта.

Прычыны таго, што толькі асобныя педагогі здольны адразу стаць актыўнымі ўдзельнікамі пазабюджэтнай дзейнасці, на думку спецыяліста, маюць глыбокія псіхалагічныя карані, бо ў прафесіі педагога надоўга, у ідэале — на ўсё жыццё, застаюцца тыя, хто гатовы шчыра і шчодра працаваць з дзецьмі пры невысокай зарплаце, грошы для такіх людзей усё ж момант не першачарговы. Гэтыя настаўнікі хутчэй за ўсё і так адчуваюць сябе рэалізаванымі ў прафесіі, яны выхоўваюць дзяцей і робяць гэта добра — ім гэтага дастаткова.
Ёсць сярод настаўнікаў, канечне, і людзі з камерцыйным талентам, але такіх няшмат. Дарэчы, мая суразмоўніца, кандыдат філалагічных наук, калісьці закончыла школу ў класе з фізіка-матэматычным і адначасова музычным ухілам, дапамагала мужу ў прадпрымальніцкай дзейнасці.

Адсюль і любоў да мастацтва і навукі, і свабоднае аперыраванне лічбамі.

Сваім жа слухачам — дырэктарам школ, завучам, загадчыкам дзіцячых садоў, студэнтам — Наталля Генадзьеўна заўсёды раіла і раіць ствараць каманду педагогаў, якія адразу гатовы пачаць работу, развіваць план і кірункі пазабюджэтнай дзейнасці, педагогаў, якія будуць размаўляць з калегамі, дапамагаць ім уключацца ў работу, тлумачыць усе яе нюансы. А нюансаў такіх нямала і ў планаванні, і ў аплаце працы, і ў рэкламаванні пазабюджэтнай дзейнасці і г.д. Усё гэта патрабуе, безумоўна, спецыяльных ведаў. Невыпадкова на курсах па пазабюджэтнай дзейнасці абавязкова частку дысцыплін выкладаюць бухгалтары. Ёсць семінары і спецыяльна для бухгалтараў устаноў адукацыі, для супрацоўнікаў аддзелаў кадраў, прычым семінары выязныя.

— У мяне была ідэя, каб наш цэнтр “Альтэрнатыва” прапаноўваў праграму “Праектаванне аптымальнай мадэлі пазабюджэтнай дзейнасці ва ўстановах адукацыі” ўсім студэнтам, каб яны прыходзілі на работу ўжо хаця б часткова падрыхтаванымі да гэтай дзейнасці, — адзначае спецыяліст. — У рэальнасць ідэя пакуль не ўвасобілася, але на сваім факультэце я ўсім студэнтам-завочнікам прапаноўваю гэты курс.

Калі ж прадоўжыць гаворку пра далейшыя крокі па развіцці пазабюджэтнай дзейнасці ва ўстанове адукацыі, то важна сярод абраных напрамкаў вылучыць тыя, рэалізацыю якіх можна распачаць адразу ж. Выбіраць напрамкі работы неабходна пасля зандзіравання сітуацыі ў сваім мікрараёне, вёсцы, горадзе для таго, каб прапаноўваць людзям тое, што ім будзе цікава. Кан’юнктура месца, у якім знаходзіцца ўстанова адукацыі, вельмі важная — падыходы да пазабюджэтнай дзейнасці ў вялікім горадзе і ў вёсцы, зразумела, адрозніваюцца.

— Спачатку вырашэнне ўсіх гэтых задач кладзецца на плечы кіраўніка, — заўважае Н.Г.Мазурына, — якому неабходна прыдумаць адзін-два варыянты дзейнасці і прапанаваць іх педагогу, з якім ён мяркуе пачаць работу. Калі гэты напрамак педагогу даспадобы, то ў далейшым ён сам уключыцца, знойдзе дзяцей або дарослых, з якімі будзе займацца, і г.д.

Крэатыўна і эфектыўна

Вясковыя школы, канечне, маюць не такія вялікія магчымасці па пашырэнні пазабюджэтнай дзейнасці, як гарадскія, хаця б таму, што ў вёсках не так многа навучэнцаў і цяжка сабраць групу школьнікаў па інтарэсах, кожны хоча займацца чымсьці сваім. Але там, дзе да арганізацыі пазабюджэту ставяцца крэатыўна, удаецца дасягнуць добрага эфекту. Так, можна абапірацца не толькі на гуртковыя і факультатыўныя заняткі, а, напрыклад, на вырошчванне духмяных траў на прышкольным участку. Потым дзеці ствараюць з іх наборы спецый, травяных чаёў. Пра такі від пазабюджэтнай дзейнасці Наталлі Генадзьеўне расказала неяк адна з яе слухачак на курсах. Гэта не толькі магчымасць зарабіць пэўныя грошы, але і працоўнае выхаванне і адначасова ўрокі біялогіі на практыцы. Іншыя ж педагогі арганізавалі ў сваіх школах пашыў пасцельнай бялізны, прыдумалі штосьці іншае.

— Як правіла, у працэсе развіцця пазабюджэтнай дзейнасці ў школе або іншай навучальнай установе адкрываюцца магчымасці рэалізацыі розных яе відаў, — гаворыць Наталля Генадзьеўна. — Або ў супрацоўніцтве з якой-небудзь іншай арганізацыяй, або ад курса да курса па ўзростах дзяцей — адзін і той жа гурток можа прапаноўваць розныя праграмы для малодшых і старшых школьнікаў, напрыклад. Прычым сваіх слухачоў я арыентую на тое, што практычна ўсе адукацыйныя паслугі можна аказваць не толькі дзецям, але і дарослым, уключаючы пенсіянераў.

Між іншым такі падыход быў рэалізаваны і на факультэце эстэтычнай адукацыі, дзе працуе мая суразмоўніца. Тут зразумелі, што па вечарах камп’ютары ў вучэбных класах прастойваюць. Чаму б у такім выпадку на іх не зарабіць? Педагогі, якія маюць высокі ўзровень ведаў у гэтай галіне, могуць выкладаць камп’ютарную грамату пенсіянерам.

— У мяне самой мама пенсіянерка, і яна часта звярталася да мяне з просьбамі адшукаць у сацыяльных сетках яе былых аднакласнікаў, знайсці патрэбную інфармацыю, надрукаваць той ці іншы дакумент, — гаворыць Н.Г.Мазурына. — Я ведала, што ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ёсць такія бясплатныя курсы для пенсіянераў, але і чарга на іх немалая. Мы вырашылі, што за разумныя грошы частка пенсіянераў, каб не чакаць у гэтай чарзе, прыйдзе на платныя курсы. Так і атрымалася. Сёлета, праўда, жадаючых менш, таму неабходную колькасць курсантаў набраць не ўдалося, але мы да гэтай ідэі яшчэ, думаю, вернемся.

Наогул, на думку Наталлі Генадзьеўны, дарослым можна прапаноўваць усё тое, што прапаноўваецца дзецям, бо ў душы многія жадаюць рэалізаваць сябе ў чымсьці, што не ўдалося ў дзяцінстве. Гэта і ўсе віды мастацтва: музычнага, харэаграфічнага, выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога, і ўсе віды рукадзелля. Плюс вывучэнне тэхналогій, звязаных з камп’ютарнай тэхнікай, а таксама магчымае псіхалагічнае кансультаванне бацькоў, напрыклад, па прафарыентацыі іх дзяцей, арганізацыя творчых сустрэч, спектакляў, лекторыяў і г.д. — добра распрацаваных, канечне, і арганізаваных пасля вывучэння зацікаўленасці патэнцыяльнай аўдыторыі.

— Можна, скажам, стварыць тэатральны гурток на базе школ з далучэннем да выкладання прафесіянальных артыстаў. Гурток платны, але і білеты на спектакль платныя, — прыводзіць прыклад мая суразмоўніца, — варыянтаў маса.

Адзін з такіх варыянтаў рэалізоўваецца на факультэце эстэтычнай адукацыі. Наталля Генадзьеўна расказала, што адна з выкладчыц яшчэ ў савецкія часы марыла адкрыць платныя курсы кройкі і шыцця. Тады ёй гэтага не дазволілі, але цяпер жанчына сваю мару ўвасобіла ў жыццё, і гэта аказалася ўдалай ідэяй — у студэнтаў — будучых дызайнераў, якія ствараюць калекцыі адзення, курсы карыстаюцца попытам.

— А мінулай вясной мы з калегамі былі ў каледжы мастацтваў у Каўнасе (Літва). Дырэктар расказаў, што каледж сам набывае матэрыялы для творчых работ навучэнцаў, а потым рэалізоўвае гэтыя работы. Такім чынам студэнты набываюць навыкі і веды, установа адукацыі — матэрыяльныя вынікі іх творчай працы, — працягвае спецыяліст. — У нас жа матэрыялы набываюць самі навучэнцы, таму і вучэбныя работы належаць ім. А чаму б не зрабіць так, як у Літве? Над гэтым, ва ўсялякім разе, варта паразважаць.

Безумоўна, важна зрабіць удалую рэкламу тым відам пазабюджэтнай дзейнасці, якія прапаноўваюць установы адукацыі. Канечне, нашы школы, універсітэты імкнуцца зрабіць яе бясплатна, размяшчаюць аб’явы на дзвярах сваіх будынкаў, на ўласных сайтах. Але можна распаўсюджваць друкаваную інфармацыю ў бібліятэках, іншых установах. Застаецца і такі варыянт, як сарафаннае радыё, але самы сучасны метад — рэклама праз інтэрнэт.

— Слухачы курсаў дзяліліся сваім вопытам, гэта вельмі дапамагае адсачыць сітуацыю ў пазабюджэтнай дзейнасці, — расказвае Н.Г.Мазурына, — і мне спадабаўся такі прыклад: у адной з прысталічных школ вырашылі на канікулах выкарыстоўваць свой басейн. Супрацоўнікі школы распрацавалі абанемент, прапанавалі за яго добры кошт, ніжэйшы, чым у іншых бліжэйшых басейнах. І аб’яву аб новай паслузе размясцілі на платным сайце. Разавая рэклама вельмі хутка сябе акупіла. Дарэчы, і ў нашым універсітэце ёсць нешта падобнае — магчымасць наведваць басейн БДПУ не толькі для студэнтаў на занятках, але і для выкладчыкаў па льготных цэнах, і іншым жадаючым. Гэта прыклады таго, як важна вызначыць усе магчымасці пазабюджэтнага выкарыстання аўдыторнага фонду, абсталявання і іншай маёмасці.

Што ж, перспектывы ў развіцці пазабюджэтнай дзейнасці ёсць, а значыць, навучанне яе асновам — гэта тое, да чаго рана ці позна давядзецца звярнуцца калі не кожнаму, то вельмі многім педагогам.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва Н.Г.МАЗУРЫНАЙ.