Навучыць матэматыцы: пра свае метады выкладання расказвае Ірына Уланчык

- 17:12Образование

У сваёй педагагічнай дзейнасці настаўніца матэматыкі гімназіі № 1 Валожына Ірына Уланчык прымяняе розныя метады і прыёмы. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

«Заўсёды імкнулася да таго, каб паспрабаваць новыя падыходы ў выкладанні. Мне хацелася дасягнуць такога ўзроўню, каб усе мае вучні ведалі прадмет на выдатна», — адзначыла Ірына Уладзіміраўна.

Важным складнікам поспеху вучняў педагог называе вусную самастойную работу, накіраваную на вывучэнне матэрыялу. Менавіта таму ёй удзяляе шмат увагі на кожных занятках.

«Напрыклад, у 5—6-м класе прапаную многа дадатковых заданняў на вылічэнне, па тэме, якая вывучаецца, — прыводзіць прыклад настаўніца. — Таксама часта работу арганізую так, каб над заданнем, задачай дзіця падумала само: нельга навучыцца рашаць, назіраючы, як гэта робіць сусед».

Як пабудаваць урок такім чынам, каб ён быў аднолькава эфектыўным для розных вучняў?

«Раней часта практыкавала такі метад, як задача дня, — гаворыць Ірына Уладзіміраўна. — Для таго каб правесці адпаведны ўрок, на стале раскладвала карткі з заданнямі, напісанымі ад рукі. Навучэнец падыходзіў і браў любую з іх. Калі пасля выканання асноўных заданняў заставаўся час, ён мог папрацаваць з тым, што я дадаткова падрыхтавала. У картках задачы ў асноўным былі на логіку. Хто з імі спраўляўся, той атрымліваў дзясятку».

Дзейснасць метадаў, выбраных педагогам, пацвярджаюць перамогі яе вучняў на прадметных алімпіядах. Так, у мінулым навучальным годзе сёння ўжо 9-класніца Ксенія Бартош атрымала дыплом ІІІ ступені на заключным этапе рэспубліканскіх спаборніцтваў па матэматыцы.

«Калі бачу, што школьнік зацікаўлены ў прадмеце, праяўляе здольнасці, то спачатку размаўляю з ім самім, пытаюся, ці хоча паглыбіцца ў вывучэнне матэматыкі, паспрабаваць сябе ў алімпіядах, — дадае настаўніца. — Потым абавязкова размаўляю з бацькамі. Для мяне важна, каб усе былі зацікаўлены ў тым, што дзіця будзе многа часу прысвячаць асваенню дысцыпліны».

Пасля гэтага пачынаецца самы адказны час — этап падрыхтоўкі. Матываваныя школьнікі на ўроках атрымліваюць дадатковыя заданні: яны паспяваюць зрабіць больш, чым астатнія. Заданні для іх педагог падбірае са шматлікіх крыніц.

«Што тычыцца Ксеніі, то матэрыял 9-га класа яна прайшла яшчэ ў мінулым навучальным годзе, — тлумачыць Ірына Уладзіміраўна. — Амаль на ўсіх уроках дзяўчына сядзіць за асобнай партай, перад ёю ляжаць кнігі, па якіх займаецца. Я падыходжу і гляджу, чым яна занята, выпраўляю памылкі, калі ўзнікаюць. Калі нейкае заданне выклікае сумненне, разбіраемся са складанымі момантамі».

Тое, што вывучаецца на ўроку, — гэта толькі малая частка вялікай работы. Дадатковыя заняткі, самастойная падрыхтоўка дома маюць вялікае значэнне ў дасягненні высокіх вынікаў. Але, безумоўна, у многім тое, наколькі вучні зацікаўлены паглыбленым вывучэннем прадмета, залежыць ад настаўніцы. Матэматыка — не самая простая навука і не ўсім лёгка даецца.

«Калі ў дзіцяці няма жадання займацца прадметам (гаворка не толькі пра матэматыку), то наўрад ці ўдасца пакарыць высокія вяршыні», — упэўнена педагог.

Разважаючы, які ўрок можна назваць паспяховым, І. Уланчык кажа, што аб гэтым можна меркаваць, калі выходзіш з класа, — настрой заўсёды задаюць вучні.

«Калі бачу, што вучань, які нечага не разумеў, стаў разбірацца ў тэме, калі ў яго атрымліваецца выконваць прапанаваныя заданні, я радуюся, — прызнаецца настаўніца. — Педагогу важна, каб дзеці яго пачулі, а для гэтага трэба рабіць усё магчымае».

Наталля САХНО
Фота аўтара