Навука без межаў

- 10:42Інфармацыйная гадзіна

У Нацыянальнай акадэміі навук прайшла канферэнцыя маладых вучоных “Моладзь у навуцы — 2.0’17”. Мерапрыемства стала адным з найбуйнейшых праектаў у рамках Года навукі.

Прывычны фармат правядзення канферэнцыі сёлета быў скарэкціраваны. Новым крокам для яе развіцця стала правядзенне пленарных лекцый пры ўдзеле вядомых дзеячаў навукі. Галоўнай мэтай мерапрыемства стала ўзмацненне гарызантальных сувязей паміж маладымі вучонымі Беларусі і іншых краін. Удзел у канферэнцыі прынялі 300 вучоных, у тым ліку 80 прадстаўнікоў Украіны, Польшчы, Германіі, Аўстрыі, Казахстана, Расіі, Азербайджана, Арменіі і Егіпта.

— Падтрымка навуковай моладзі і ўвага да яе — наш галоўны прыярытэт, — адзначыў старшыня прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў. — Будучыня навукі залежыць ад моладзі. І гэтая канферэнцыя — адна з форм увядзення даследчыкаў-пачаткоўцаў у вялікую навуку. Маладым людзям трэба вучыцца праводзіць уласныя даследаванні, пазіцыянаваць іх і ўкараняць.

На канферэнцыі былі прадстаўлены буйныя міжнародныя і міждысцыплінарныя праекты і навуковыя распрацоўкі. Найбольш паспяховыя маладыя вучоныя выступілі з дакладамі, былі прадстаўлены і секцыйныя даклады па асноўных напрамках дзейнасці НАН (аграрныя, біялагічныя, медыцынскія, фізіка-тэхнічныя навукі, гуманітарныя навукі і мастацтвы, хімія, навукі аб Зямлі). Некаторыя распрацоўкі былі ў форме выстаў і інтэрактыўных прэзентацый. Іх ідэя заключалася ў тым, што вучоны павінен быў за некалькі хвілін прадставіць сваю распрацоўку так, каб яна стала зразумелай нават тым людзям, якія не цікавяцца падобнай тэматыкай. Адметна, што ўвага на пляцоўцы была адведзена не толькі маладым вучоным: арганізатары стварылі спецыяльную секцыю для школьнікаў-даследчыкаў “Першы крок у навуку”.

— Праца вучонага звязана з генерыраваннем новых ідэй, таму важна, каб у яго была магчымасць мець зносіны з калегамі з іншых краін: абменьвацца ідэямі, атрымліваць крытыку і парады, — лічыць старшыня савета маладых вучоных Аддзялення хіміі і навук аб Зямлі НАН Беларусі Таццяна Пліско.

Сваю калегу падтрымала намеснік дэкана гістарычнага факультэта МДУ імя М.В.Ламаносава Аксана Солапава: “Кажуць, навука не мае межаў. І канферэнцыя маладых вучоных, якую праводзіць Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, даказвае гэта. Яна адлюстроўвае гатоўнасць краіны аб’ядноўваць на сваёй пляцоўцы супольнасці маладых вучоных з усяго свету”.

Ірына ІВАШКА.