Усё пачынаецца з навукі. Практычна ўсё, што нас акружае і робіць жыццё больш камфортным, цікавым і разнастайным, некалі было створана і ўдасканалена дзякуючы навуковым адкрыццям. І гэта працягваецца бясконца. Свой уклад у гэтыя працэсы робіць і ўніверсітэцкая навука. Якраз цяпер у мностве навуковых лабараторый кіпіць работа, вынікі якой з цягам часу паўплываюць на наша жыццё, нават калі мы гэтага не заўважым. Сёння зазірнём у лабараторыі БДТУ, каб даведацца, якія распрацоўкі тут вядуцца.
Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт на працягу ўсёй сваёй больш чым 90-гадовай гісторыі займае вядучыя пазіцыі як у адукацыйнай, так і ў навуковай сферах. Сёння БДТУ — гэта ўнікальны навуковы цэнтр, які дынамічна развіваецца.
— Спектр навуковых даследаванняў вучоных універсітэта вельмі шырокі. Усе напрамкі пералічыць складана. Гэта перспектыўныя матэрыялы і нанаматэрыялы, прагрэсіўныя тэхналогіі, высокаэфектыўныя машыны і інструменты, сучасныя фундаментальныя даследаванні ў лясной гаспадарцы, цэлюлозна-папяровай, нафтахімічнай, фармацэўтычнай прамысловасці і шмат чаго яшчэ, — расказвае Міхаіл Васільевіч Дзядзенка, начальнік навукова-даследчай часткі БДТУ.
Універсітэт тройчы акрэдытаваны ў якасці навуковай арганізацыі ў Дзяржаўным камітэце па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а таксама мае высокі міжнародны аўтарытэт.
БДТУ за гады свайго існавання выхаваў мноства яркіх вучоных. Навуковыя супрацоўнікі ўніверсітэта не раз справамі пацвярджалі сваю высокую прафесійную кваліфікацыю. Яны актыўна ўключаюць у навуковую работу і студэнтаў. Прыцягненню моладзі ў навуку ўдзяляецца вялікая ўвага — з 1 курса выкладчыкі імкнуцца заўважыць перспектыўных студэнтаў, здольных да навуковай дзейнасці. Яны не толькі займаюцца даследаваннямі ў рамках навучання, але і далучаюцца да аплачваемых навукова-даследчых работ.
Ва ўніверсітэце створаны і функцыянуюць каля 50 структурных навуковых падраздзяленняў, уключаючы 8 галіновых лабараторый, 2 акрэдытаваныя падраздзяленні, а таксама шэраг навукова-даследчых і выпрабавальных лабараторый. Дзейнічаюць 10 суб’ектаў інавацыйнай інфраструктуры, такіх як Міжнародны інфармацыйна-аналітычны цэнтр трансферу тэхналогій, Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр нафтахімічных тэхналогій і вытворчасцей, вучэбна-адукацыйны і навукова-практычны цэнтр шкла і керамікі і г.д.
За 2021 год колькасць магістрантаў і студэнтаў, што ўдзельнічалі ў навукова-даследчай дзейнасці, склала 3226 чалавек. Усяго ва ўніверсітэце вучацца каля 10 тысяч студэнтаў. Гэта значыць, што практычна трэцяя частка з іх спрабуе сябе ў навуцы.
Важна адзначыць, што большасць навуковых распрацовак універсітэта маюць практыка-арыентаваны характар, інакш кажучы, вырашаюць тую ці іншую праблему, агучаную прадпрыемствамі ці арганізацыямі. Навукоўцы ўніверсітэта выконваюць заданні дзяржаўных праграм рознага ўзроўню, асобныя міжнародныя і інавацыйныя праекты, праекты Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў, навуковыя дагаворы па заказах прадпрыемстваў і арганізацый.
Асабліва цеснае ўзаемадзеянне ўніверсітэт вядзе з прадпрыемствамі. Навуковыя даследаванні на працягу многіх гадоў дапамагаюць вынаходзіць новыя прадукты і паляпшаць існуючыя, удасканальваць тэхналогіі вытворчасці розных вырабаў, змяншаць энерга- і рэсурсазатраты. У выніку прадукцыя становіцца лепшай і таннейшай для спажыўцоў. Вось так навука дапамагае вытворцам, а па сутнасці працуе для людзей. Давайце пазнаёмімся з некаторымі карыснымі распрацоўкамі ўніверсітэта, якія ўжо зараз рэалізаваны на практыцы і прыносяць карысць.
З эканамічным эфектам
Валаконная оптыка — навукаёмісты, высокатэхналагічны і перспектыўны матэрыял. Да таго ж ён вельмі запатрабаваны: тэмпы росту валаконнай оптыкі і оптаэлектронікі на сусветным рынку апярэджваюць усе іншыя галіны тэхнікі і складаюць каля 40% у год. Па гэтым напрамку вядуць распрацоўкі і ў БДТУ ва ўзаемадзеянні з ААТ “Завод “Оптык”.
Так, навукоўцамі БДТУ быў распрацаваны прынцыпова новы склад шкла для святловядучай жылы. Сутнасць валаконнай оптыкі ў тым, што светлавая інфармацыя перадаецца па спецыяльным валакне. Валакно “выцягваецца” са шкла. Навукоўцам БДТУ трэба было знайсці такія тры віды шкла, якія б “пасябравалі” паміж сабой і пры аб’яднанні далі на выхадзе выраб, па якім светлавая інфармацыя бегла б без перашкод. І ім удалося забяспечыць выхад валаконна-аптычных вырабаў, якія характарызуюцца святлопрапусканнем у межах 60—62%. Інакш кажучы, валаконна-аптычныя пераўтваральнікі, якія атрымалі новы склад, дазваляюць амаль не страчваць светлавога сігналу, які распаўсюджваецца па аптычным валакне. Яшчэ шэраг розных характарыстык, якіх удалося дасягнуць распрацоўшчыкам, дазваляе атрыманым вырабам па ўзроўні эксплуатацыйных паказчыкаў наблізіцца да сусветных аналагаў. Гэта дазваляе гаварыць аб высокім экспартным патэнцыяле такіх вырабаў.
— Пры гэтым валаконна-аптычныя вырабы застаюцца адносна недарагімі па кошце ў параўнанні з замежнымі аналагамі. Эканамічны эфект ад продажу адной партыі такіх вырабаў складае каля 28 тысяч рублёў. Інавацыю ўжо ўкаранілі ў серыйную вытворчасць, — расказвае Міхаіл Васільевіч Дзядзенка, асноўны распрацоўшчык новага шкла для аптычнага валакна.
Распрацоўка знаходзіць шырокае прымяненне ў медыцыне, электроніцы, аўтамабілебудаванні, прыборабудаванні і абароннай прамысловасці як аснова ўсіх прыбораў начнога бачання.
Палепшыць шыны для “Белшыны”
БДТУ выпускае спецыялістаў для “Белшыны” столькі часу, колькі існуе прадпрыемства. Так, сёння тут вядзецца падрыхтоўка па шэрагу спецыяльнасцей, запатрабаваных на “Белшыне”. Універсітэт і прадпрыемства звязвае і ўзаемадзеянне праз навуку. Некаторы час узаемадзеянне было спарадычным, нерэгулярным. А ў 2017 годзе была вызначана праграма навуковага суправаджэння “Белшыны”, у якую быў уключаны і БДТУ. З таго часу супрацоўніцтва стала пастаянным, сістэматычным і актыўным.
Ва ўніверсітэце была створана галіновая лабараторыя шыннай прамысловасці, якая ў бягучым годзе сканцэнтравала сваю дзейнасць на навуковых дагаворах з “Белшынай”.
— У 2019 годзе для лабараторыі было набыта новае абсталяванне, высокатэхналагічнае і нават унікальнае, — расказвае Канстанцін Віктаравіч Вішнеўскі, загадчык лабараторыі. — Так, напрыклад, тут ёсць дынамічны механічны аналізатар і ўстаноўка для аналізу пратэктарнай гумы VMI LAT 100. Такіх установак усяго 18 у свеце, у краіне яна адзіная. Такое абсталяванне выкарыстоўваецца шыннымі заводамі для выпрабавання шын: на ім можна імітаваць розныя ўмовы на дарозе — заснежанасць, абледзяненне, мокрае дарожнае пакрыццё. Такім чынам шыны можна праверыць перад рэальнымі дарожнымі выпрабаваннямі і сэканоміць шмат часу і рэсурсаў.
Работа з “Белшынай” вядзецца па некалькіх напрамках. Так, ва ўніверсітэцкіх лабараторыях правяраюць усю сыравіну, што паступае на прадпрыемства. Таксама аказваецца дапамога пры ўзнікненні розных праблем: калі з’яўляецца брак, парушаны тэхналагічны працэс, то ўніверсітэцкія навукоўцы дапамагаюць тэрмінова прааналізаваць сітуацыю і знайсці корань праблемы.
Навуковыя даследаванні, што вядуцца ў БДТУ, накіраваны на вырашэнне важных прыкладных праблем прадпрыемстваў, дапамагаюць ім выйсці на новы вытворчы ўзровень. Агульная колькасць прадпрыемстваў і арганізацый, з якімі супрацоўнічае БДТУ ў рамках навуковых дагавораў, перавышае 300.
І трэці напрамак — гэта распрацоўка новых рэцэптур. Шыны вырабляюцца з розных відаў гумы па пэўнай рэцэптуры. Дзякуючы даследаванням навукоўцаў універсітэта, гэтыя рэцэптуры карэкціруюцца і ўдасканальваюцца, каб замяніць пэўныя кампаненты, калі, напрыклад, ёсць праблемы з іх пастаўкамі, або яны сталі значна даражэйшымі, або сталі вядомыя новыя рэчывы з падобнымі якасцямі. Так, напрыклад, на аснове даследаванняў лабараторыі былі распрацаваны новыя рэцэптуры для прафіляваных дэталяў брэкера, борта, каркаса для суцэльнаметалакордных звышбуйнагабарытных шын. Новыя рэцэптуры гумавых сумесей былі ўкаранёны ў вытворчасць з чэрвеня 2021 года. Эканамічны эфект ад гэтай распрацоўкі толькі за чэрвень — снежань 2021 года склаў больш за 200 тысяч рублёў.
Вядзецца работа не толькі над удасканаленнем існуючых, але і над распрацоўкай новых рэцэптур. Зараз навукоўцы лабараторыі працуюць над рэцэптурамі эластамерных кампазіцый для легкавых і грузавых шын, каб павысіць іх эксплуатацыйныя характарыстыкі, палепшыць устойлівасць да сцірання ва ўмовах эксплуатацыі.
Відавочна, што работай універсітэта вытворца задаволены —“Белшына” прапануе расшыраць лабараторыю новым абсталяваннем і працягваць работу.
Навуковы пошук ва ўніверсітэце ніколі не спыняецца. У лабараторыях навукоўцы і студэнты зараз працуюць над стварэннем новых імплантацыйных біяматэрыялаў, упакоўкі для радыяцыйных адходаў, біяпаліва новага пакалення. І гэта толькі кроплі ў моры ўніверсітэцкай навукі… А колькі іх яшчэ ёсць і будзе! Чакаем новых вынаходстваў, якія, безумоўна, будуць карыснымі для людзей.
Дар’я РЭВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.