Даследчыкі з Вялікабрытаніі вывучылі эфект дэжавю і высветлілі, што гэтае адчуванне — механізм абароны ад ілжывых успамінаў.
Раней лічылася, што дэжавю выклікана ілжывымі ўспамінамі, калі мы памятаем тое, чаго ніколі не было, але магло б быць. Навукоўцы з Сент-Эндрускага ўніверсітэта правялі даследаванні на 21 падыспытным і высветлілі, што гэта не так.
Вывучаць дэжавю няпроста, паколькі цяжка выклікаць гэтае адчуванне наўмысна. Для эксперымента навукоўцы выкарыстоўвалі тэхніку выкліку ілжывых успамінаў: для гэтага прамаўляюць словы, звязаныя паміж сабой, — “ноч”, “падушка”, “ложак”, “коўдра”, а пасля пытаюцца падыспытных, якія словы ім дыктавалі. Як правіла, удзельнікі эксперымента ўключаюць у спіс слова “сон”, хоць яго і не было.
Для сваіх мэт навукоўцы змянілі схему эксперымента. Пасля дыктоўкі слоў яны пыталіся ў падыспытных, ці чулі яны словы, што пачынаюцца на “с”. Удзельнікі адказвалі адмоўна. Потым навукоўцы пыталіся ў іх, ці чулі яны слова “сон”, і ўдзельнікі эксперымента адказвалі, што не чулі, але адзначалі, што адчувалі дэжавю.
Навукоўцы прадставілі свае даныя на Міжнароднай канферэнцыі па памяці, якая прайшла нядаўна ў Будапешце. Падчас эксперымента мозг падыспытных сканіравалі з дапамогай ФМРТ і высветлілі, што ў момант, калі тыя адчувалі дэжавю, актывізаваліся не аддзелы мозгу, якія адказваюць за памяць, а тыя ўчасткі ў лобных долях, якія адказваюць за прыняцце рашэнняў.
Навукоўцы выказалі здагадку, што дэжавю — вынік працы сістэмы праверкі памяці. У момант, калі мы спрабуем успомніць мінулае, лобныя долі папярэджваюць аб з’яўленні лжывых успамінаў і ўзнікае канфлікт паміж ілжывай і рэальнай памяццю — яго мы адчуваем як дэжавю.
Па словах навукоўцаў, на карысць гэтай здагадкі сведчыць рэдкасць з’яўлення дэжавю ў састарэлым узросце: з гадамі праверка памяці пагаршаецца і нам усё цяжэй адрозніць тое, што адбывалася на самай справе, ад таго, што нам толькі здалося.