Не абстрактна расказаць, а канкрэтна паказаць

- 8:46Выбар прафесіі

Услед за БДЭУ эстафету прафарыентацыйных сустрэч працягнуў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Па словах прарэктара па вучэбнай рабоце Барыса Нікульшына, у 2019 годзе вялікая ўвага ва ўніверсітэце будзе ўдзяляцца скарочанай форме навучання (летась у БДУІР было тры такія спецыяльнасці, цяпер жа стане дзевяць). Таксама абітурыентам дазволяць падаваць заяву адразу на любую форму атрымання адукацыі. Сярод прыярытэтаў дзейнасці і дыстанцыйнае навучанне.

Барыс Віктаравіч патлумачыў ранні старт прафарыентацыйных мерапрыемстваў тым, што за выпускнікамі школ, нягледзячы на іх самастойнасць і добрую арыентацыю, патрэбен нагляд, і ім неабходна дапамога. На думку прарэктара па вучэбнай рабоце, асенні дзень адкрытых дзвярэй аказвае абітурыентам інфармацыйную падтрымку. А сарыентаваць маладых людзей канчаткова зможа толькі вясновая сустрэча.

— У рабоце з заказчыкамі кадраў мы прасунуліся далей за ўсе ўніверсітэты, — тлумачыць перавагу ўстановы над іншымі Барыс Віктаравіч. — Напрыклад, сёлета ў БДУІР была адкрыта 51 сумесная лабараторыя. Кампаніі пачынаюць працаваць са студэнтамі з 2 курса, таму моладзь арыентавана. У ІТ без дадатковай адукацыі заставацца на плаву нельга. А тут у іх ёсць 51 магчымасць папрактыкавацца і нават атрымаць працу. З 2003 года мы прайшлі вялікі шлях.

Словы Барыса Нікульшына пацвярджае вялікая колькасць стэндаў кампаній-партнёраў. Сярод іх, напрыклад, міжнародны холдынг IBA Group, EPAM, Intetics і іншыя вядомыя кампаніі.

Знаёмства з універсітэтам пачалося для абітурыентаў з размовы ў вялікай аўдыторыі. Тут ім расказалі пра вучэбны працэс, студэнцкае жыццё і арганізацыю вольнага часу. Трэба адзначыць, што бацькі будучых выпускнікоў школ не адставалі ад сваіх дзяцей: цікавіліся спецыяльнасцямі, задавалі пытанні, слухалі выступоўцаў і засвойвалі новыя веды. Пасля хлопцы і дзяўчаты адправіліся знаёміцца з вучэбнымі лабараторыямі і спецыяльнымі кабінетамі. Там ім расказалі пра функцыі таго ці іншага кабінета, патлумачылі прынцыпы функцыянавання розных прылад. Дапамагалі ў гэтым абітурыентам людзі ў зялёных футболках — валанцёры.


Адным з такіх “правадыроў” стаў Антось Юрэвіч, студэнт 3 курса факультэта камп’ютарных сістэм і сетак, які адкрываў перад школьнікамі свет БДУІР. Цікавасць да валанцёрства на прафарыентацыйных мерапрыемствах нарадзілася ў хлопца на першым курсе.

— Знаходзіцца тут вельмі здорава, — расказвае пра работу сваёй каманды Антось. — У кожнага з нас ёсць адказнасць за тое, каб будучае пакаленне студэнтаў — сённяшніх старшакласнікаў — выбрала правільны кірунак у жыцці. Мы хочам расказаць пра ІТ так, каб дзеці не баяліся гэтай сферы, а разумелі, якія магчымасці яна адкрывае. Нам, студэнтам, лёгка знайсці кропкі судакранання са школьнікамі, па-першае, таму, што мы не вельмі адрозніваемся па ўзросце, па-другое, размаўляем на зразумелай для іх мове і, па-трэцяе, ужо знаёмы з якімі-ніякімі брэндамі і тэндэнцыямі. Наша мэта — не абстрактна паказаць, а канкрэтна расказаць пра ўніверсітэт, даць патрымаць у руках пэўныя прылады, растлумачыць, як яны працуюць, даць магчымасць сканструяваць нешта падобнае. Студэнты БДУІР ведаюць кароткі шлях да сэрцаў абітурыентаў.

Ганна Юр’ева з гімназіі № 20 Мінска зараз вучыцца ў 10 фізіка-матэматычным класе. На факультэт камп’ютарных сістэм і сетак яна завітала, каб даведацца пра асаблівасці вучобы ў БДУІР, пазнаёміцца з перспектывамі, якія адкрываюцца перад студэнтамі. Дзяўчына расказвае, што ў яе гімназіі выпускнікі педагагічных класаў могуць паступіць без экзаменаў у БДПУ імя Максіма Танка.

— Многія, я пераканана, скарыстаюць гэтую магчымасць. Але я не бачу сябе педагогам. Мама сказала, што падтрымае любы мой выбар, хоць таксама не хоча, каб я была настаўнікам. Яна ў мяне інжынер, і я, маючы перад сабой добры прыклад, разумеючы сваю схільнасць да матэматыкі і дакладных навук, хачу паспрабаваць сябе ў гэтай галіне. Зараз выбіраю паміж БДУІР і БНТУ, але пераканана, што на наступны дзень адкрытых дзвярэй яшчэ сюды завітаю.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.