Не чакаць даручэння, а дзейнічаць

- 11:43Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Рашэнні V Усебеларускага народнага сходу павінны актыўна рэалізоўвацца, не чакаючы асобных даручэнняў, заявіў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў на пашыраным пасяджэнні Савета Міністраў, на якім разглядаліся вынікі работы эканомікі ў першым паўгоддзі і дадатковыя меры па выкананні пастаўленых на 2016 год задач.

“Адбыўся V Усебеларускі народны сход. Там прагучалі найважнейшыя праграмныя ўстаноўкі. Мінэканомікі з зацікаўленымі структурамі практычна дапрацавала праект праграмы, які разгледзім у найбліжэйшы час у пакеце з падрабязным планам мер, будзем рэалізоўваць. Асобных даручэнняў чакаць не трэба — рашэнні сходу павінны ўжо цяпер актыўна рэалізоўвацца”, — адзначыў Андрэй Кабякоў.

Паводле яго слоў, новая эканоміка павінна стварацца на базе высокапрадукцыйных рабочых месцаў. “Правільнае выкарыстанне працоўных рэсурсаў — неад’емная ўмова дасягнення неабходнага эффекту”, — падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада.

Ён нагадаў, што пытанне занятасці было разгледжана на асобным пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў. “Рашэнне прынята: размяшчэнне прадукцыйных сіл, стварэнне рабочых месцаў у раёнах з найбольш складанай абстаноўкай на рынку працы, кіраванне гэтымі працэсамі павінна будавацца на базе кадравай дыягностыкі. Хто і што зрабіў, паглядзім у найбліжэйшы час пры разглядзе праекта праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016—2020 гады”, — сказаў прэм’ер-міністр.

Андрэй Кабякоў канстатаваў, што найважнейшай задачай рэальнага сектара эканомікі быў і застаецца экспарт. “За кошт зніжэння цэн на нафтапрадукты, прасядання рынку калійных угнаенняў за пяць месяцаў краіна недаатрымала $1,7 млрд экспартнай выручкі. Нягледзячы на штомесячны рост экспарту і тое, што ў фізічных аб’ёмах экспарт тавараў перавысіў узровень мінулага года на 1,1 працэнта, у поўным аб’ёме запоўніць гэтыя страты не ўдалося. Сальда знешняга гандлю склалася ніжэйшым за прагноз: па выніках паўгоддзя маем мінус 0,7 працэнта ВУП пры заданні плюс 0,2 працэнта па выніках года”, — адзначыў ён.

На яго думку, кампенсаваць неспрыяльную цэнавую кан’юнктуру можам толькі шляхам нарошчвання паставак прадукцыі ў натуральным выражэнні. “Іншага шляху ў нас няма. Гэтая стратэгія закладзена ва ўсіх праграмных дакументах. Краіне патрэбна валюта”, — канстатаваў кіраўнік беларускага ўрада.

Ён сказаў, што ў цэлым зніжаецца знешняя дэбіторская запазычанасць — на $840 млн у параўнанні з 1 ліпеня 2015 года да $3,6 млрд на 1 ліпеня 2016 года. Больш як чвэрць гэтай запазычанасці фарміруюць прамысловыя флагманы: БелАЗ, МТЗ, Гомсельмаш, Белшына. “Наяўнасць самой знешняй дэбіторкі — гэта нармальна. Пытанне ў наяўнасці пратэрмінаванай запазычанасці. Пратэрмінаваная знешняя дэбіторская запазычанасць у чэрвені знізілася на $3 млн і на 1 ліпеня склала $571 млн. Але за паўгода — з 1 студзеня — яна вырасла на $8 млн, або на 1,5 працэнта, — адзначыў Андрэй Кабякоў. — Нагадваю: патрабаванні прэзідэнта, замацаваныя ва Указе нумар 78, аб неабходнасці зніжэння знешняй пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці на $100 млн павінны быць няўхільна выкананы. Пакуль за паўгоддзе ў нас адваротная тэндэнцыя”.

Прэм’ер-міністр падкрэсліў, што зніжэнне сабекошту — адзін з асноўных элементаў павышэння канкурэнтаздольнасці прадукцыі на ўнутраным і знешнім рынках і, як вынік, значнага паляпшэння плацежнага балансу краіны. “Патрабаванні кіраўніка дзяржавы — забяспечыць зніжэнне сабекошту мінімум на 25 працэнтаў. Гэтае патрабаванне ў першым паўгоддзі пакуль не выканана”, — канстатаваў ён і даручыў унесці канкрэтныя прапановы па вырашэнні гэтай задачы.

“Нягледзячы на наяўнасць станоўчых тэндэнцый і шэрага аб’ектыўных фактараў, якія паўплывалі на работу эканомікі, вынікі нашай работы нельга прызнаць здавальняючымі. Кожнаму кіраўніку павінна быць дадзена справядлівая ацэнка”, — рэзюмаваў Андрэй Кабякоў.