Не губіце нашых птушак!

- 11:32Сацыяльны ракурс

Забойствы за “лайкі” — такая жудасная забава стала ледзь не народнай для жыхароў Лівана. Гэтая маленькая міжземнаморская дзяржава стала “чорнай дзіркай”, у якой, па даных найбуйнейшай сеткі прыродаахоўных арганізацый BirdLife International, штогод знікаюць каля 2,6 млн пералётных птушак. Але цяпер, дзякуючы намаганням беларусаў, сітуацыя можа выправіцца. Пасля іх звароту Прэзідэнт Лівана публічна звярнуўся да сваіх грамадзян з заклікам спыніць забойствы.

Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” забіла трывогу яшчэ ў лістападзе 2016 года, адправіўшы подпісы больш як 900 беларусаў у Ліван з просьбай спыніць незаконнае забойства птушак, якое атрымала неверагодны маштаб. Двойчы ў год — падчас вясновай і восеньскай міграцыі — ліванцы забіваюць сотні тысяч птушак і выкладваюць гэтыя фота ў інтэрнэт, каб пахваліцца, паспаборнічаць адно з адным.

На зямлі і на капотах машын ляжаць дзясяткі белых буслоў, шэрых жураўлёў, залацістых шчуркоў. Многія з іх ляцелі ў Беларусь… На некаторых здымках каля ног аднаго паляўнічага папросту можа ляжаць папуляцыя ўсіх сізаваронак Беларусі! Побач з забітымі птушкамі ў кадры ўсміхаюцца задаволеныя сваім паляўнічым спрытам і здабычай мужчыны: для іх гэта фота, годнае лайкаў у Facebook.

Геаграфічна Ліван размешчаны на заходнім баку Афрыканскага еўразійскага пралётнага шляху (Чырвонае мора, праліў Рыфтаў-Валі), які лічыцца адным з найважнейшых пралётных шляхоў у свеце для міграцыі птушак. Для мільёнаў птушак доўгае і небяспечнае падарожжа з Еўропы і Азіі ў Афрыку праз Сінай і Чырвонае мора заканчваецца тут, на гэтым невялікім участку зямлі. Па шчыльнасці гібелі птушак на квадратны кіламетр Ліван займае сумнае чацвёртае месца пасля Егіпта (5,7 млн), Італіі (5,6 млн) і Сірыі (3,9 млн).

Але цяпер, здаецца, надыходзіць новая, спрыяльная для птушак эпоха. Прэзідэнт Лівана Мішэль Аун звярнуўся да сваіх грамадзян з душэўным заклікам ставіць захаванне прыроды краіны на першае месца:

— Сорамна ператвараць Ліван у пустку без раслін, дрэў, птушак і марскіх жывёл, сорамна высякаць дрэвы. Паміж чалавекам і дрэвам павінен быць мірны дагавор, а таксама паміж чалавекам і птушкай. Але мы працягваем парушаць гэты дагавор. Вядома, з незаконным паляваннем існуе вялікая праблема. І яна распаўсюджана ў многіх абласцях. Павінен быць сезон палявання, устаноўлены з верасня па снежань. І пры гэтым дзяржава павінна строга забяспечыць выкананне гэтага закона.

Мясцовая прыродаахоўная арганізацыя Society for the Protection of Nature in Lebanon (афіцыйны партнёр BirdLife International) таксама працуе ў гэтым кірунку.

— З моманту свайго стварэння ў 1984 годзе наша арганізацыя працуе над устойлівым паляваннем і ахоўнымі тэрыторыямі. Мы праводзім трэнінгі для супрацоўнікаў праваахоўных органаў і паляўнічых клубаў па ідэнтыфікацыі птушак і паляўнічым праве. Гэта трэба рабіць пастаянна і далучаць усё новых людзей, — адзначыў генеральны дырэктар SPNL Асад Серхал.

У нашы дні аўтарытэт палітыкаў не заўсёды выклікае давер, але новая ліванская кампанія можа стаць паспяховай. Гэта пацвердзіў і Тарэк Хаціб, міністр аховы навакольнага асяроддзя Лівана. Кіраўнік ведамства абвясціў аб адкрыцці сезона палявання на 2017 год з 15 верасня па канец снежня і падкрэсліў, што цяпер паляўнічыя павінны будуць атрымліваць ліцэнзіі і за гэтым будуць пільна сачыць. Таксама Т.Хаціб адзначыў, што для правядзення экзаменаў па веданні птушак былі абраны афіцыйныя паляўнічыя клубы, а штрафы для парушальнікаў будуць выпісваць мясцовыя службы бяспекі.

Вікторыя Церашонак, інфармацыйны супрацоўнік арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, запэўнівае, што зрушылася з месца сітуацыя ў многім дзякуючы нераўнадушнасці беларусаў:

— У верасні 2016 года наша арганізацыя праводзіла акцыю “Не забівайце нашых птушак!”. На фестывалі жураўлёў у Мёрах мы распавядалі пра шэрых жураўлёў, якія спыняюцца на суседнім балоце Ельня, і пра тое, як іх забіваюць падчас міграцыі. Кожны мог падпісаць зварот да Прэзідэнта Лівана з просьбай спыніць незаконнае забойства птушак. І мы сабралі шмат подпісаў. Многія людзі не толькі ставілі свой аўтограф, але і пісалі асабістыя звароты, вершы пра птушак… Гэта былі асабістыя і душэўныя рэчы, вельмі шчырыя. Пасля фестывалю мы сталі атрымліваць шмат званкоў і паведамленняў з пытаннем “Ці можна яшчэ паставіць подпіс?”. Мы працягнулі акцыю. Людзі ехалі паставіць подпіс з розных раёнаў горада, нават з іншых гарадоў. Некаторыя пыталіся, чым яшчэ могуць дапамагчы. Школьнікі даслалі нам дзясяткі малюнкаў з лозунгамі аб тым, што птушкі хочуць жыць. Дзеці прасілі дапамогі ў настаўнікаў англійскай, перакладалі свае заклікі і лісты, каб іх зразумелі і галоўнае — пачулі. Ад некаторых работ былі слёзы на вачах.

У выніку афіцыйны зварот АПБ больш як 900 жыхароў Беларусі і ўсе малюнкі былі перададзены ў консульства Лівана з просьбай перадаць прэзідэнту.

— Самым частым пытаннем падчас акцыі было “А нас пачуюць?”. Я і сама задавала сабе гэтае пытанне шмат разоў, — прызнаецца Вікторыя. — Мы не атрымлівалі афіцыйнага адказу з боку Лівана, але я веру, што калі такія перамены адбываюцца, то ліванцы цяпер ведаюць аб жыхарах Беларусі і аб тым, як мы любім сваіх птушак і як мы хочам, каб кожную вясну яны вярталіся і прыносілі нам на сваіх крылах вясну.

Святлана НІКІФАРАВА.