Не хваліся нажаўшы, а хваліся змалаціўшы…

Фініш — гэта заканчэнне ці новы старт?

Фініш, бо скончыўся дыстанцыйны курс па актыўнай ацэнцы (АА) і гэта завяршальная падборка артыкулаў (“Настаўніцкая газета” на працягу амаль усяго навучальнага года асвятляла тое, як праходзіла дыстанцыйнае навучанне педагогаў). Старт, бо з верасня ці кастрычніка пачнуцца новыя дыстанцыйныя курсы, і таму патэнцыяльным “студэнтам” важна зрабіць для сябе пэўныя высновы наконт магчымага навучання. Мы прапануем тры артыкулы: журналіста С.Кірсанавай, якая нібы збоку назірала за ходам рэалізацыі праекта; ментара Г.Сухавай, якая непасрэдна ўдзельнічала ў навучанні групы настаўнікаў; кансультанта М.Запрудскага, які аказваў метадычную дапамогу ўдзельнікам праекта.

Захопленыя водгукі, шчаслівыя ўсмешкі 72 педагогаў, якія з усёй Беларусі прыехалі ў Мінск за сваімі пасведчаннямі аб заканчэнні дыстанцыйнага курса па актыўнай ацэнцы, — сведчанне таго, што для іх фініш — гэта старт ад тэорыі да практыкі. У той жа час гэта іх настрой на дадзены хвалюючы момант: заканчэнне вучобы, сустрэча з арганізатарамі курсаў, ментарамі, а як жа будзе на самай справе? Ці гатовы яны да перамен, ці могуць іх ажыццяўляць самастойна? Ці змогуць “змалаціць нажатае”?

Не першы год удзельнічаю ў завяршальным семінары гэтага дыстанцыйнага курса і заўсёды адзначаю для сябе, што тэма заняткаў “Змена падганяе змену” — настаўнік у працэсе ўвядзення змен” задумана арганізатарамі выдатна. Ужо падчас праходжання курсаў педагогі адчулі, што з імі і іх вучнямі адбываецца нешта незвычайнае, яны становяцца іншымі.

Час змен ужо надышоў. Настаўнікі не могуць працаваць па-старому, бо вучні і бацькі патрабуюць новых падыходаў. Сістэма адукацыі яшчэ супраціўляецца, бо АА мяняе саму філасофію навучання. А гэта самае складанае. Ці хопіць сіл і рашучасці ў новых выпускнікоў дыстанцыйных курсаў? Каб іх было дастаткова, павінна быць гатоўнасць да перамен, а таксама падтрымка. І яна ёсць, у тым ліку з боку Міністэрства адукацыі, якое падтрымала інавацыйны праект па АА, ды і ў АПА праводзяцца вучэбныя семінары па тэме, у сацыяльных сетках ёсць таварыствы па АА. Важна і тое, што на месцах многія кіраўнікі школ аказваюць дапамогу сваім падначаленым.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 45 Віцебска Ірына Багданава расказала, што да яе на заняткі сталі часцей прыходзіць намеснікі дырэктара, каб даведацца, што ж такое робіць педагог з вучнямі? Яны заўважылі, што дзеці сталі больш адкрытымі, пачалі абмяркоўваць на занятках тэму, якая вывучаецца, аналізаваць работу аднакласнікаў. Ды і паводзіны іх палепшыліся, адказнасць павысілася.

— На адным з метадычных пасяджэнняў у школе мы абмяркоўвалі актыўную ацэнку, — узгадвае Ірына Багданава. — Калі мне прапанавалі даць урок з выкарыстаннем элементаў гэтай тэхналогіі, я перш за ўсё зайшла на сайт “Актыўная ацэнка”, паглядзела некалькі адкрытых заняткаў. Тады я ўзяла для сябе толькі некалькі элементаў, але ўрок атрымаўся вельмі добры. Калегі пачалі падыходзіць да мяне з пытаннямі, і я зразумела: трэба ісці далей — вучыцца. Мяне ніхто не прымушаў запісацца на дыстанцыйныя курсы. Гэта было маё асабістае жаданне. Але выдатна, што мяне падтрымалі: і мае вучні, і кіраўніцтва школы.

Настаўніца мае намер і далей выкарыстоўваць актыўную ацэнку ў сваёй рабоце, плануе яе прапагандаваць сярод калег. Цікаўных ужо шмат. Настаўнікі бачаць, што клас Ірыны Багданавай больш матываваны да вучобы, дзяцей прасцей зацікавіць, і яны вераць у свой поспех.

Настаўніца англійскай мовы Мікашэвіцкай гімназіі імя В.І.Нядзведскага Наталля Літвіновіч таксама гатова да змен. Яна не толькі паспяхова скончыла курсы, але і наведала польскія школы, у якіх многія настаўнікі працуюць па АА. І хоць у сваім калектыве яна пакуль адна практыкуе актыўную ацэнку, у яе ёсць моцная падтрымка брата і калегі ў адной асобе, які таксама паспяхова скончыў курсы, — Дзмітрыя Бондара.

— Актыўная ацэнка нас яшчэ больш парадніла з братам, — смяецца Наталля. — Мы гадзінамі размаўлялі па тэлефоне. Ён жыве ў Ганцавічах, а я — у Мікашэвічах. Мы вучыліся адно ў аднаго. Брат чытаў мае справаздачы, а я яго. У Польшчы мы наведалі самыя розныя школы: пачатковыя, сярэднія, гімназіі. У асобных установах усе настаўнікі працуюць па АА. Мне спадабаліся іх майстар-класы, калі адзін педагог праводзіць урок, а назіральнікі падказваюць яму, як рухацца далей. Зваротная сувязь — гэта выдатна, гэта тое, што дазваляе расці прафесійна. У дырэктара адной установы мы запыталіся: калі да вас прыйдзе настаўнік, які не працуе па АА, вы яго возьмеце на працу? Яна адказала, што не, ім патрэбны апантаныя настаўнікі, якія гараць АА. У паездку я брала з сабой відэакамеру, таму ўсё запісвала. Мне ўсё было цікава: што робяць дзеці, як паводзіць сябе педагог… Цэлы сшытак спісала. На лета — вялікія планы: усё перагледзець і ў жніўні захапіць сваіх калег актыўнай ацэнкай, каб яны таксама запісаліся на дыстанцыйныя курсы.

Ёсць меркаванне, што АА — гэта ўсяго толькі мода. Што сказаць, можа для некаторых і мода, але я веру, што яна хутка стане класікай. Чаму я так упэўнена? Таму што жадаючых трапіць на дыстанцыйныя курсы па АА, якія з 2012 года праводзіць Таварыства беларускай школы і, у прыватнасці, Тамара Мацкевіч, становіцца ўсё больш. Хай некаторыя і сыходзяць з дыстанцыі, не дайшоўшы да фінішу, але ў іх свядомасці ўжо пасяліліся парасткі АА, якія абавязкова яшчэ ўзыдуць. Час падганяе змены!

Святлана КІРСАНАВА.

Рэфлексіўныя нататкі наконт дыстанцыйнага курса па актыўнай ацэнцы

Магчыма, у вас былі думкі пра тое, як вы пасля бойкі памахалі б кулакамі. Гэта і ёсць тая самая рэфлексія па выніках дыстанцыйнага курса па актыўнай ацэнцы, які завяршыўся 16 красавіка 2016 года.

Пра тых, хто вучыўся актыўнай ацэнцы

— Ты ведаеш, табе, напэўна, трэба запісацца на дыстанцыйны курс навучання “Стратэгіі актыўнай ацэнкі”.

— А што ў мяне не так з адзнакамі?!

— Ну вось таму і запішыся на дыстанцыйны курс.

(З размовы ў настаўніцкай.)

На гэты дыстанцыйны курс у большасці сваёй залічваюцца тыя настаўнікі, якія самі выказалі жаданне вучыцца. Заявак бывае заўсёды нашмат больш, чым іх можна задаволіць. Арганізатары курса набіраюць групу (90 чалавек) выпадковым чынам. Пры гэтым бывае памылковы выбар, бо потым некаторыя сыходзяць з дыстанцыі. Вельмі шкада, бо яны занялі месца іншага настаўніка, які мог паспяхова авалодваць актыўнай ацэнкай. З мэтай мінімізацыі падобнай практыкі важна, каб сам настаўнік ацаніў свае магчымасці і здольнасць на працягу шасці месяцаў вучыцца, адрываючыся ад іншых спраў, сям’і, адпачынку.

Ужо па заяўцы можна меркаваць, хто з педагогаў матываваны працаваць, а хто будзе ўсё выконваць пад прымусам. Напрыклад, калі настаўнікаў розных прадметаў з адной школы ці гімназіі чалавек 7—10, то, як правіла, большасць з іх да фінішу не даходзіць. Прымус ёсць прымус. Ідэальны варыянт для залічэння на дыстанцыйнае навучанне — настаўнік, які ўжо наведваў семінары па АА, бачыў урокі з прымяненнем гэтай тэхналогіі і мае агульнае ўяўленне пра тое, чаму збіраецца навучыцца, мае вопыт прэзентацыі сваёй практыкі работы з вучнямі (дарэчы, вельмі паспяхова актыўнай ацэнцы вучацца члены клуба “Крыштальны журавель”), настаўнік, здольны адмовіцца ад стэрэатыпаў, які набіў першыя шышкі пасля спробы самастойнага асваення методыкі і цяпер актыўна шукае адказ на пытанне “А як жа на самай справе трэба вучыць па актыўнай ацэнцы?”.

Чаму менавіта так я акрэсліла патэнцыяльную настаўніцкую аўдыторыю, якая ідэальна, на мой погляд, падыходзіць для дыстанцыйнага навучання? Такія настаўнікі не баяцца памыляцца, не баяцца прызнаваць сваіх памылак. Чаго ж баяцца?! Яны колькі разоў выносілі на абмеркаванне педагагічнай грамадскасці сваю работу, столькі разоў атрымлівалі эфектыўную зваротную сувязь! А значыць, раслі прафесійна! Заўважаеце, колькі агульнага паміж такім падыходам да самаадукацыі і філасофіяй, на якой будуецца АА?

Самадастатковыя настаўнікі, якія прыходзяць на курс, каб атрымаць чарговае сведчанне бездакорнасці свайго метадычнага інструментарыю, адсейваюцца адразу. Каб навучыцца нечаму новаму, трэба, каб людзі памыліліся і пачалі рэфлексаваць на гэтую тэму, думаць, чаму ў іх штосьці не атрымалася, і паступова ўносіць змены ў работу, якая складвалася гадамі.

На дыстанцыйным курсе мы просім настаўнікаў выканаць заданні па кожным з шасці модуляў: апісаць адпаведны фрагмент урока. Для ментара справаздача студэнта — пацвярджэнне таго, наколькі добра настаўнік разумее вывучаны элемент АА. Што цікава, значная частка студэнтаў дыстанцыйнага курса захапляецца апісаннем урока, які яны маглі б правесці. Чыста гіпатэтычна і фармальна. На чым грунтуецца маё перакананне? Стараючыся быць дасканалымі, настаўнікі ні на літару не адыходзяць ад тэорыі. З фрагмента такога ўрока не відаць рэальных вучняў з іх “неідэальнымі” ўмовамі навучання. І толькі лепшыя студэнты апісваюць урок, які яны рэальна правялі.

Можна бясконца доўга абурацца з прычыны фармальнай адукацыі настаўнікаў, але ў гэтым артыкуле мне хочацца парадавацца таму, што ёсць у нас педагогі, гатовыя вучыць дзяцей па-новаму.

Паспрабуйце ўявіць сябе настаўнікам, якога мы адабралі для навучання на дыстанцыйным курсе, і цяпер перад вамі заданне першага модуля. “Няма пытанняў, што там рабіць?” — гаворыце вы і пішаце мэты на ўрок так, як гэта рабілі заўсёды. Маўляў, усё новае — гэта перафармуляванае старое, няма чаго кола выдумляць. Аднак зваротная сувязь ад вашага ментара можа вас здзівіць і не спадабацца: мэта і неканкрэтная, і нязначная, і недасягальная за адзін урок. Што вы падумаеце? Магчыма, ужо ў гэты момант у вас закрадзецца сумненне: ці тым я займаюся, ці патрэбна мне далей вучыцца?

Калі вы ў большай ступені настойлівыя, чым схільныя да самарэфлексіі, то дасьце абяцанне самому сабе: “Паспрабую яшчэ раз”. І на пяты раз (будзеце працаваць над заданнем пятага модуля), калі адчуванне задаволенасці ад дыягнастычна пастаўленай мэты так і не прыйдзе, вы пачняце здагадвацца, што папярэднія 15, 20 гадоў працы не адпускаюць вас ад стэрэатыпу, які склаўся яшчэ ў тыя часы, калі на ўроку настаўнік быў і асноўнай крыніцай інфармацыі, і адказным за навучанне. Цяпер вам прыйдзецца прызнаць, што настаўніцтва назапасіла пэўныя веды і ўменні па актыўнай ацэнцы, таму што вашаму ментару і многім калегам па дыстанцыйным курсе дыягнастычна сфармуляваць мэту ўрока атрымліваецца хутчэй і з першага разу.

У такі момант наш студэнт містычным чынам упадае ў стан, калі ў яго галаве з’яўляецца самае важнае пытанне для засваення любой методыкі: “А як?” І ён не прапускае артыкулы ў “НГ”, перачытвае справаздачы па выкананні заданняў модуля не толькі калег-прадметнікаў, але і настаўнікаў іншых прадметаў, спампоўвае матэрыялы з сайта www.aacenka.by і вывучае кнігу “Актыўная ацэнка ў дзеянні: вопыт настаўнікаў Беларусі”. Ён становіцца пастаянным наведвальнікам гэтага сайта, стараецца ўдзельнічаць у рабоце семінараў і канферэнцый па АА, робіць адкрыццё, што дыягнастычна ставяць мэту на ўрок многія настаўнікі з іншых краін, напрыклад, Польшчы, Фінляндыі, Расіі, Казахстана.

І ў хуткім часе (калі вы здольны вучыцца новаму, безумоўна) у вас атрымліваецца дыягнастычна сфармуляваць мэту ўрока, “перакласці” мэту на мову вучня, вызначыць крытэрыі, па якіх вы разам з вучнямі будзеце меркаваць аб узроўні дасягнутасці мэты ўрока, зможаце прыдумаць добрае ключавое пытанне, будзеце дамаўляцца з вучнямі аб шляхах і спосабах выпраўлення дапушчаных памылак. А гэта значыць, што вы падняліся яшчэ на адну прыступку ў асваенні АА.

Вы водзіце машыну? Успомніце, як вы на ёй першы раз крануліся з месца. Не заглухлі, а менавіта крануліся. Хутчэй за ўсё, вы кантралявалі кожнае сваё дзеянне. Думаю, менавіта так напрыканцы курса паспяховыя студэнты, кантралюючы свае дзеянні, пісалі свой першы ўрок з выкарыстаннем АА:

1. Дыягнастычна сфармулявалі мэту ўрока.

2. Распрацавалі крытэрыі ацэнкі (НаШтоБуЗу) выніковага задання ўрока, дамашняга задання, трэніровачных заданняў урока.

3. Прынялі рашэнне: на ўроку карысна аддаць перавагу актыўнай ацэнцы ці падагульняючай адзнацы.

4. Прадумалі, якой будзе зваротная сувязь на ўроку.

5. Прыдумалі выдатнае ключавое пытанне, якое зачапіла і актывізавала дзейнасць кожнага вучня!

Ура! Удалося ўсе кампаненты звязаць, не парушаючы логікі выкладання вучэбнага матэрыялу. Да гэтага на працягу амаль шасці месяцаў вы распрацоўвалі кожны элемент актыўнай ацэнкі паасобку, а тут удалося ўсё звязаць разам.

Калі вы можаце штосьці зрабіць правільна, але робіце, кантралюючы кожны свой крок, — гэта стан усвядомленай кампетэнтнасці. Вы можаце напісаць урок з прымяненнем АА, вы атрымалі добрае сведчанне гэтага — станоўчы водгук на вашу выніковую работу з боку ментара, падтрымку і ўхваленне вашых ідэй калегамі-студэнтамі курса. Але падрыхтоўка такога ўрока патрабуе ад вас большых, чым звычайна, намаганняў, вам не заўсёды ўдаецца прыдумаць ключавое пытанне да ўрока, арганізацыя зваротнай сувязі з вучнямі адбірае шмат часу і рэсурсаў, да таго ж, усе думкі займаюць мары пра лета. Не ўсё так проста.

Але калі вы працягнеце практыкаваць атрыманыя ўменні, то з цягам часу адчуеце сябе на месцы вопытнага аўтааматара. Ён вядзе машыну на аўтамаце. Уменне стала аўтаматычным настолькі, што чалавек лёгка можа рабіць нешта яшчэ, пакуль вядзе машыну. Як тут не сказаць пра ментараў дыстанцыйнага курса, якія не так даўно, у 2009 годзе, самі былі пачаткоўцамі, піянерамі ў асваенні АА, а цяпер не толькі праводзяць якасныя ўрокі па правілах АА, але і ўмеюць параіць нешта карыснае настаўнікам, якія адважыліся на змены ў сваёй рабоце. Калі вы, калега, у сваёй педагагічнай практыцы пачняце адчуваць нешта падобнае, то з упэўненасцю можна сказаць, што вы авалодалі АА.

Пасля заканчэння аўташколы мне было вельмі некамфортна адной у салоне аўтамабіля. Хацелася, каб інструктар і надалей падзяляў са мной адказнасць за сітуацыю на дарозе. Але гэта немагчыма. Таму настаўніку пасля заканчэння курса трэба спадзявацца на сябе, на свае веды па актыўнай ацэнцы, на сваю педагагічную інтуіцыю. Не выключаюцца і карысныя прафесійныя зносіны з калегамі, удзел у семінарах, але ў наступным годзе зноў прайсці гэты курс немагчыма.

Пра працу ментара па актыўнай ацэнцы

Як вы думаеце, што ўключае настаўнікаў у метадычны пошук? Правільна, пытанні. Па гэтай прычыне асноўная задача ментара, калі ён абдумвае каментарый на работу студэнта, — задаць правільныя пытанні. У зваротнай сувязі пытанняў пажадана ставіць як мага больш. Важна сфармуляваць пытанне так, каб адказ падвёў студэнта да правільнага вываду. Але не заўсёды і не ўсім удаецца сфармуляваць удалае пытанне, таму даволі часта пытанні замяняюцца практычнымі парадамі, якія не заўсёды ўлічваюць умовы работы, асабісты педагагічны максімум настаўніка. Парады не выключаюцца, але непажадана абмяжоўвацца толькі імі. Значна лепш, калі настаўнікі самі прыдумваюць шляхі і спосабы прымянення элементаў АА на ўроку. Гэта як у інстытуце: калі ты сам прыдумаў доказ нейкай тэарэмы, то на іспыце ты яго прыдумаеш зноў, бо ў галаве ўжо выбудаваўся патрэбны ланцужок разваг. Самастойна народжаная ідэя запамінаецца лепш. Праца ментара па сутнасці нагадвае працу коўча, які не дае гатовых рашэнняў, а сваімі правільнымі пытаннямі стымулюе мысленне кліента і прыводзіць яго да выпрацоўкі ўласнай стратэгіі дзейнасці.

Вось прыклад з модуля, на якім вывучалася тэхніка пастаноўкі пытанняў.

Студэнтка да ўрока па тэме “Галосныя гукі” сфармулявала ключавое пытанне:

“Чаму ў беларускай мове колькасць літар не супадае з колькасцю гукаў?”

Настаўніца атрымала ад ментара наступную зваротную сувязь:

“Гэта, безумоўна, ключавое пытанне, але не да гэтай тэмы. Самі паглядзіце, ці стане пошук адказу на гэтае пытанне зместам урока, матэрыялам для засваення? Такім чынам, перш чым складаць ключавое пытанне ўрока, адбярыце канкрэтны змест, сфармулюйце дасягальную мэту ўрока. Абсалютна нармальна, калі да ўрока такога пытання не прыдумаеш. Гэта творчы элемент. Добра, калі ён ёсць. Дрэнна, калі ён адводзіць дзяцей ад вучэбнага матэрыялу. Я б параіла вам наступнае пытанне на гэты ўрок: “Як вядома, на камп’ютарнай клавіятуры звычайна адсутнічаюць літары беларускага алфавіта. На клавішах толькі літары рускага і англійскага. Якая літара беларускага алфавіта будзе надрукавана пры пераходзе на беларускую мову, калі націснуць клавішу “Щ”?”.

Канечне, гэта не лепшы прыклад зваротнай сувязі, але так было. Лепш было б не даваць гатовага рашэння, а паставіць студэнту пытанне, напрыклад: як можна змяніць прыдуманае вамі пытанне, каб яно было непасрэдна звязана з тэмай урока?

Самае складанае ў дыстанцыйным навучанні — прафесійны дыялог. Як паказала практыка, на платформе дыстанцыйнага навучання сустракаюцца тры яго мадэлі.

Мадэль 1 “Развіццёвая”: Пытанне ментара — адказ студэнта. Пытанне студэнта — адказ ментара.

Мадэль 2 “Інструкцыя”. Пытанне ментара — няма адказу студэнта. Зноў пытанне ментара. Студэнт: “Як сказалі, так і зрабіў. Якія пытанні?!”

Мадэль 3 “Фармальная”. Няма пытанняў у ментара. Студэнт: “І каго толькі бяруць у ментары?! Няма ў яго пытанняў, не зацікавіла мая справаздача”.

Выснова: каб дыстанцыйнае навучанне было максімальна карысным, каб сапраўды адбываўся прафесійны рост і студэнтаў, і ментараў, трэба забяспечваць прыярытэт пытанняў над парадамі. Чым больш актыўныя ў пастаноўцы пытанняў удзельнікі курса, тым большая карысць ад навучання. Гэта вельмі адчуваецца.

Мы завяршылі дыстанцыйны курс. Гэта была чацвёртая спроба распаўсюджвання з дапамогай платформы Moodle новай формы прафесійнага самаўдасканалення і актыўнай ацэнкі як новай тэхналогіі навучання. Вядучыя анлайн-праектаў сцвярджаюць, што ў іх цалкам заканчваюць курсы не так шмат студэнтаў. Наш курс завяршылі 72 студэнты з 90 залічаных у групу. Думаю, што гэта нядрэнны вынік.

Спадзяюся, што мае рэфлексіўныя нататкі дапамогуць палепшыць работу на ўсіх дыстанцыйных курсах, якія абавязкова бу-дуць праводзіцца. Якія мусяць быць. Сачыце за аб’явамі на сайтах АПА, ІРА, на сайце www.nastaunik.info.

Напрыканцы хочацца выказаць падзяку за арганізацыю дыстанцыйнага навучання Таварыству беларускай школы і асабіста Тамары Мацкевіч, асобам, якія зместава і тэхнічна падтрымліваюць сайты www.nastaunik.info і www.aacenka.by. Паважаныя калегі-ментары, мне было вельмі прыемна працаваць з вамі побач, я ад вас многаму навучылася.

Галіна СУХАВА,
ментар дыстанцыйнага курса,
настаўніца гімназіі № 5 Віцебска, настаўнік-метадыст.

Пасляслоўе

Аб сацыяльным значэнні актыўнай ацэнкі. Па выказваннях настаўнікаў і намеснікаў дырэктараў школ, якія ў гэтым навучальным годзе праходзілі павышэнне кваліфікацыі ў АПА, у многіх школах асобныя педагогі больш-менш актыўна і паспяхова прымяняюць актыўную ацэнку. Пры гэтым яны заўважылі, што ў гэтых настаўнікаў палепшыліся адносіны з бацькамі іх вучняў. Знізілася або мінімізавалася сацыяльная напружанасць паміж школай і законнымі прадстаўнікамі школьнікаў. Адносіны падняліся да ўзроўню партнёрства. Не толькі вучні, але і іх бацькі разумеюць, што ў школу ходзяць не за адзнакамі. Прымяненне АА забяспечвае эфектыўнае фарміраванне ў вучняў не толькі вучэбна-пазнавальных кампетэнцый, але і сацыяльных, што спрыяе сацыяльнай адаптацыі выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Аб дыдактычным значэнні. Нашы слухачы, а таксама ўдзельнікі розных семінараў сцвярджаюць, што прымяненне актыўнай ацэнкі павышае якасць адукацыі вучняў, якая характарызуецца не толькі больш высокімі баламі ў класным журнале, але і тым, што вучні больш адказныя, здольныя да самаацэнкі і рэфлексіі, не баяцца памыляцца, умеюць прымаць рашэнні наконт выпраўлення недахопаў і арганізацыі сваёй пазнавальнай дзейнасці.

Аб псіхалагічным значэнні. Давялося шмат разоў чуць, што пры выкарыстанні АА паляпшаюцца ўзамемаадносіны настаўніка з вучнямі, павышаецца іх вучэбная матывацыя (асабліва ў найбольш слабых), атмасфера ў класах, дзе прымяняецца актыўная ацэнка, стала больш добразычлівай, самаацэнка вучняў — больш высокай і адэкватнай, а самі дзеці — больш камунікабельнымі.

Калі я пытаўся ў слухачоў, дзе іх настаўнікі навучыліся актыўнай ацэнцы, то часта чуў такі адказ: настаўнік (настаўніца) вучыўся дыстанцыйна.

Сведчанні нашых педагогаў аб эфектыўнасці АА не пакідаюць сумненняў у тым, што гэтая тэхналогія ўяўляе сабой эфектыўную і перспектыўную мадэль арганізацыі навучання школьнікаў. Да гэтага можна дадаць яшчэ і тое, што яна шырока і паспяхова прымяняецца за межамі нашай краіны. Напрыклад, многія нашы калегі з Расіі выкарыстоўваюць блізкую да нашай мадэль і называюць яе “формирующее оценивание”. АА выкарыстоўваецца на вучэбных занятках настаўнікаў тых еўрапейскіх краін, вучні якіх паказваюць найлепшыя вынікі ў даследаванні PISA. Аб эфектыўнасці АА сведчаць вынікі даследавання аўстралійскага прафесара Дж.Хэці (http://www.nastaunik.info/node/13359).

Такім чынам, АА — моцны інструмент для забеспячэння якасці адукацыі вучняў.

Мне было прыемна, карысна і цікава выконваць ролю кансультанта. Назіралася ўзаемаразуменне з ментарамі; абмяркоўваючы на форумах складаныя пытанні, мы ўсе развіваліся ў прафесійным плане. Ментары дэманстравалі студэнтам узоры вядзення дыялогу, крытычнага і аналітычнага мыслення, а таксама свае метадычныя знаходкі.

Вось імёны педагогаў-ментараў нашага дыстанцыйнага курса: Алена Ананчыкава, Вольга Жыткая, Наталля Ільініч, Алена Казлова, Юрась Каласоўкі, Наталля Катчанка, Міхась Кудзейка, Святлана Локіс, Алена Міхайлава, Алена Палейка, Алена Радзевіч, Лера Сом, Галіна Сухава, Наталля Шынкевіч, Алена Цынкевіч, Эла Якубоўская.

Я захапляюся студэнтамі, якія нягледзячы на занятасць у сваіх школах, сямейныя абавязкі, знаходзілі час і вельмі адказна выконвалі заданні. Пры гэтым назіралася станоўчая дынаміка паглыблення большасці нашых навучэнцаў і ў філасофію, і ў практыку АА. Згодны з Г.Сухавай, што павышэнне прафесійнага ўзроўню нашых студэнтаў было непасрэдным чынам абумоўлена іх матывацыяй і пазнавальнай актыўнасцю.
Наш дыстанцыйны курс сапраўды стварае дадатковыя і спрыяльныя ўмовы для пашырэння кола педагогаў, якія валодаюць актыўнай ацэнкай, для павышэння эфектыўнасці адукацыйнага працэсу, для прыняцця кожным вучнем адказнасці за сваё навучанне, для павышэння якасці адукацыі. Пры гэтым актыўная ацэнка не супярэчыць існуючай нарматыўнай базе. Вельмі важна, каб настаўнікі, якія сапраўды валодаюць АА (у многіх выпадках аб гэтым сведчаць адпаведныя сертыфікаты семінараў у АПА, нашага дыстанцыйнага курса), мелі падтрымку сваёй інвацыйнай практыкі з боку адміністрацыі школ, спецыялістаў органаў адукацыі і метадыстаў. (Тут варта яшчэ раз падкрэсліць, што АА не выключае выстаўлення вучням адзнак.)
Мікалай ЗАПРУДСКІ, кансультант дыстанцыйнага курса, прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *