Не інтэгранты, а такія, як усе…

- 11:24Рознае, Спецыяльная адукацыя

У 2007 годзе ў нашай школе былі адкрыты класы інтэграванага навучання і выхавання. Іх адкрыццю папярэднічала карпатлівая работа па растлумачэнні станоўчай ролі інтэграцыі ў працэсе навучання. Але бацькоў і дзяцей турбавала пытанне: чаму дзеці вучацца не разам з усімі на ўсіх уроках? Чаму 5 гадоў трэба вучыцца ў пачатковых класах? Адразу ж прыжылося слова “інтэгранты”. Ва ўмовах сельскай мясцовасці, калі пра кожнага ведаюць усе і ўсё, нялёгка змяніць людскую думку. Так і сталі лічыць, што інтэгранты — гэта не такія вучні, як усе. Чаго граху таіць, некаторыя бацькі палічылі б за лепшае, каб іх дзеці не сутыкаліся з асаблівымі навучэнцамі ў працэсе навучання. Мінуў не адзін год, пакуль бацькі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (АПФР) у абсалютнай сваёй большасці самі пагаджаліся на навучанне дзіцяці ў класе інтэграванага навучання і выхавання з пяцігадовым тэрмінам навучання.

Нашы настаўнікі лічаць, што навучанне дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў класах інтэграванага навучання і выхавання поўнай напаўняльнасці дае станоўчыя вынікі. Навучэнцы маюць прыкладна аднолькавы ўзровень развіцця і ступень падрыхтоўкі. Клас невялікі. Усе дзеці на вачах. Кожнае дзіця атрымлівае максімум увагі на ўроку. Некалькі гадоў назад навучэнка класа інтэграванага навучання і выхавання поўнай напаўняльнасці (вучылася па праграме для дзяцей з ЦПМ, з другога паўгоддзя 3 класа беларускую мову і літаратуру вывучала ў класе з навучэнцамі, якія вучацца па праграме агульнаадукацыйнай школы) увайшла ў дваццатку лепшых навучэнцаў школы. Былі выпадкі, калі навучэнцы класаў інтэграванага навучання і выхавання пераводзіліся на навучанне па праграме агульнаадукацыйнай школы.
Але тое, што з класам навучэнцы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця бываюць прыкладна 1/3 вучэбнага часу, выклікае не зусім дружалюбныя адносіны да іх некаторых аднакласнікаў. Яны як бы і аднакласнікі, але не зусім свае. Гэта не дазваляе дзецям з АПФР адчуваць сябе паўнацэннымі членамі калектыву. Не, яны не ізгоі, але ўсё ж не такія, як усе. Яны — інтэгранты.

Дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця вельмі ранімыя, іх лёгка пакрыўдзіць. Часта гэта выклікае агрэсію. Канечне, у наладжванні добрых адносін паміж навучэнцамі вялікая роля адводзіцца настаўніку пачатковых класаў. Нашы настаўнікі шмат зрабілі і робяць у гэтым напрамку. Ніводнае мерапрыемства не праводзіцца без удзелу дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Яны наведваюць гурткі, секцыі. Іх работы прадстаўляюцца на конкурсах, выставах. Але гэта ўсё роўна свая імперыя. Дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з розных класаў часцей маюць зносіны паміж сабой, чым з аднакласнікамі. Канечне, праблем многа. Адны вырашаюцца, узнікаюць іншыя.

…Мае школьныя гады праходзілі ў сельскай школе. Памятаю, у 3 клас да нас прыйшла навучэнка з парушэннямі функцыі апорна-рухальнага апарату, якая перанесла некалькі аперацый. Мы, аднакласнікі, усюды суправаджалі яе. Мы яе апекавалі. І гэта не было цяжарам. Дзяўчынкі дапамагалі зашнураваць гарсэт, зняць і надзець яго. Нам усім хацелася дапамагчы Лідзе. Мы разам гулялі, нешта майстравалі. Я не помню якіх-небудзь дакучлівых павучанняў настаўніка, не ўяўляю, як яна змагла прывіць усяму класу пачуццё адзінага калектыву, суперажывання, адказнасці адно за аднаго.

У нашым класе вучыліся дзеці з розніцай ва ўзросце 2—3 гады. Узровень ведаў быў, натуральна, неаднолькавы. Але мы заставаліся пасля ўрокаў і дапамагалі тым, каму навучанне давалася з цяжкасцю, у каго былі недахопы ў ведах. За слабапаспяховымі навучэнцамі былі замацаваны выдатнікі, харашысты. Практыка паказвае, што часам дзіця хутчэй і лепш зразумее тлумачэнне аднакласніка, чым дарослага, нават настаўніка. Дапамагалі не толькі ў школе. Заняткі часта працягваліся пасля ўрокаў дома. Не хачу сказаць, што ўсе ў класе сталі паспяховымі. Не. Але ўсе мы былі разам і вучыліся па адных і тых жа вучэбных праграмах і падручніках.

Гэтымі прыкладамі-ўспамінамі я выказваю свае станоўчыя адносіны да ідэі інклюзіўнай адукацыі. У аснову інклюзіўнай адукацыі пакладзена ідэалогія, якая выключае любую дыскрымінацыю дзяцей, забяспечвае роўныя адносіны да ўсіх людзей, але стварае асаблівыя ўмовы для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Інклюзіўная адукацыя — працэс развіцця агульнай адукацыі, які прадугледжвае даступнасць адукацыі для ўсіх у плане прыстасавання да розных патрэб усіх дзяцей, што забяспечвае доступ да адукацыі для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Неадназначнай была рэакцыя настаўнікаў школы на факт уключэння нашай школы ў эксперыментальны праект “Апрабацыя мадэлі інклюзіўнай адукацыі ва ўстановах адукацыі”. Для ажыццяўлення задач эксперыментальнай дзейнасці быў распрацаваны і зацверджаны каляндарны план эксперыментальнай дзейнасці школы. Асноўны ўпор быў зроблены на стварэнне адукацыйнага асяроддзя. Работа пачалася з правядзення семінара па азнаямленні з нарматыўнымі дакументамі аб эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці ва ўстановах адукацыі Рэспублікі Беларусь. Педагогі выказаліся за неабходнасць спецыяльнай падрыхтоўкі для работы ў новых умовах. Школа была ўключана ў праект ТEMPUS INOVEST “Усходняе партнёрства ў галіне педагагічных інавацый у інклюзіўнай адукацыі”. У рамках гэтага праекта ўсе ўдзельнікі эксперыментальнай дзейнасці дыстанцыйна павысілі сваю кваліфікацыю па адукацыйнай праграме “Педагагічныя інавацыі ў інклюзіўнай адукацыі” на базе факультэта павышэння кваліфікацыі спецыялістаў адукацыі ІПКіП БДПУ імя Максіма Танка, атрымалі сертыфікаты.

Праблемам інклюзіўнай адукацыі быў прысвечаны семінар “Інклюзія: за і супраць”, на якім дырэктар ЦКРНіР Брэсцкага раёна Л.В.Церашчук расказала пра свае назіранні за арганізацыяй інклюзіўнай адукцыі ў школах ЗША. Было прынята рашэнне аб арганізацыі асветніцкай работы па пытаннях інклюзіўнай адукацыі ў педкалектыве, з бацькамі, навучэнцамі.

Адміністрацыя школы і настаўнікі-дэфектолагі правялі круглы стол “Інклюзіўная адукацыя — дзеці, сям’я, школа” з удзельнікамі эксперыментальнай дзейнасці і бацькамі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Грунтоўны абмен думкамі па пытаннях інклюзіўнай адукацыі адбыўся на семінары “Айчынны і замежны вопыт работы па інтэграцыі і інклюзіі”, у якім удзельнічалі педагогі, задзейнічаныя ў эксперыменце.

На нарадзе настаўнікаў-дэфектолагаў і настаўнікаў, якія працуюць у класах інтэграванага навучання і выхавання, была разгледжана тэма “Сучаснае адукацыйнае асяроддзе: прыярытэтныя напрамкі развіцця”.

Актыўна ўзаемадзейнічаюць члены групы псіхолага-педагагічнага суправаджэння дзяцей з АПФР, у якую ўвайшлі і педагогі, задзейнічаныя ў эксперыменце. У рамках арганізацыі метадычнай работы ў школе створана творчая група “Інклюзіўная адукацыя: задачы, праблемы, шляхі вырашэння”. Праводзяцца кансіліумы, пасяджэнні, кансультацыі, гутаркі, сумесныя гутаркі з бацькамі, бацькоўскія сходы. У стадыі дапрацоўкі знаходзяцца метадычныя рэкамендацыі для настаўнікаў класаў інклюзіўнай адукацыі і бацькоў дзяцей з АПФР. Праведзены педагагічныя чытанні “Інклюзіўная адукацыя: вопыт, праблемы, перспектывы”. У бягучым навучальным годзе работнікі ЦКРНіР правялі базавы трэнінг “Інклюзія: асноўныя перавагі і падыходы” з настаўнікамі школы.

Педагогі-эксперыментатары праводзяць пэўную работу з навучэнцамі і іх бацькамі, накіраваную на фарміраванне талерантных адносін да дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У рамках эксперыментальнай дзейнасці навучэнцы школы ўдзельнічалі ў акцыі “Падары цеплыню душы сваёй”. Былі праведзены класныя гадзіны “Сардэчная размова”, “Добры чалавек”, “Няма нічога больш каштоўнага за жыццё”, “Так трэба, а так не трэба”, гутаркі “Заганы і амаральнасць”, “А ў мяне ў сям’і…”, гадзіны інфармацыі “Міжнародны дзень інвалідаў”. “Дзеці — будучыня планеты”, “Час міласэрны”, заняткі-практыкумы “Партрэт культурнага чалавека”, “Што мы можам”, адбыліся прагляды фільмаў “Цімур і яго каманда”, “Ты не адзін”.

У школе вялікая ўвага ўдзяляецца далучэнню дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця да грамадскага жыцця класа, школы. Усе яны з’яўляюцца членамі піянерскай дружыны “Маладая гвардыя”, выконваюць даручэнні, дадзеныя ім на стартавых піянерскіх зборах “Плануем, абмяркоўваем, вырашаем”. Навучэнцы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія вучацца ў 1—4 класах, прымаюць пасільны ўдзел у гульні-падарожжы “Акцябраты па прасторах Радзімы”. Гэтая катэгорыя дзяцей удзельнічае ў падрыхтоўцы і правядзенні свята “Пасвячэнне ў першакласнікі”, навагодняга ранішніка, канцэрта, прысвечанага Дню настаўніка, Міжнароднаму жаночаму дня, Дню абаронцаў Айчыны, конкурсаў вырабаў з прыроднага матэрыялу, малюнкаў, выстаў кампазіцый з кветак і іншых мерапрыемстваў нараўне са звычайнымі дзецьмі. Школьнікі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ўдзельнічаюць у прадметных тыднях, днях здароўя, спартыўна-масавых і фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемствах, экскурсіях на прыроду, экскурсіях па гістарычных і памятных месцах Брэстчыны.

Навучэнцы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця традыцыйна ў верасні ўдзельнічаюць у правядзенні дня пазашкольніка. Яны разам са звычайнымі дзецьмі знаёмяцца з работай аб’яднанняў па інтарэсах і спартыўных секцый, выбіраюць тыя, якія хочуць наведваць. Навучэнцы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця наведваюць таксама дзіцячую школу мастацтваў, раённы Дом рамёстваў.

Разам з навучэнцамі ў шэрагу мерапрыемстваў удзельнічаюць і бацькі: у свяце першага званка, уроках ведаў, гадзінах інфармацыі, класных гадзінах, працоўных аперацыях “Макулатура”, “Металалом”, святах “Мама, тата, я — спартыўная сям’я”, “Мама, тата, я — чытаючая сям’я”, “Чалавек слаўны працай”. У школе шырока выкарыстоўваецца і такая форма работы з бацькамі, як наведванне сем’яў. У час наведвання сем’яў удзельнікі эксперымента праводзяць індывідуальныя гутаркі з бацькамі, а таксама ў асяроддзі сям’і.

На ўроках у класах інтэграванага навучання і выхавання настаўнікі старанна даследуюць узровень засваення вучэбнага матэрыялу школьнікамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, шукаюць шляхі і метады, якія спрыяюць больш даступнаму разуменню і запамінанню таго, што вывучаецца, ацэньваюць і карэкціруюць паводзіны гэтай катэгорыі навучэнцаў як на ўроках, так і ў пазаўрочнай дзейнасці. Пры вывучэнні адпаведнага вучэбнага матэрыялу настаўнікі школы разглядаюць з навучэнцамі розныя сітуацыі, якія выхоўваюць добразычлівыя адносіны да людзей, здольнасць суперажываць, аказваюць дапамогу тым, хто ў ёй мае патрэбу.

Такі падыход да пытанняў інклюзіўнай адукацыі спрыяў таму, што ўсе бацькі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця згодны, каб іх шасцігодкі былі залічаны ў клас інклюзіўнай адукацыі. На сёння ў школе працуюць тры класы інклюзіўнай адукацыі. У іх вучацца дзеці з цяжкімі парушэннямі маўлення. Пытанняў многа. Ёсць і праблемы, але яны вырашальныя.

Педагогамі школы зроблены папярэднія высновы пра магчымасці навучання школьнікаў з цяжкімі парушэннямі маўлення ў класах інклюзіўнай адукацыі, таму што яны могуць засвойваць праграму агульнаадукацыйнай школы. Аднак усё ж гэтыя дзеці маюць патрэбу ў карэкцыйна-педагагічнай дапамозе. Што да 1 класа, то тут удзел у вучэбным працэсе асістэнта абавязковы. Прысутнасць асістэнта дае магчымасць дапамагчы свайму дзіцяці быць паспяховым. У наступных класах удзел асістэнта ў вучэбным працэсе залежыць ад узроўню кожнага канкрэтнага дзіцяці.

Знаходзячыся з першага дня навучання ў класе, навучэнцы з АПФР практычна не адчуваюць дыскамфорту, нараўне з астатнімі ўдзельнічаюць у жыцці класа. На вучэбных занятках у класах інклюзіўнай адукацыі настаўнікі і асістэнты старанна даследуюць узровень засваення вучэбнага матэрыялу школьнікамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, шукаюць шляхі і метады, якія спрыяюць больш даступнаму разуменню і запамінанню таго, што вывучаецца, ацэньваюць і карэкціруюць паводзіны гэтай катэгорыі навучэнцаў як на ўроках, так і ў пазаўрочнай дзейнасці. Пры вывучэнні адпаведнага вучэбнага матэрыялу настаўнікі школы разглядаюць з навучэнцамі розныя сітуацыі, якія выхоўваюць добразычлівыя адносіны да людзей, здольнасць суперажываць, аказваць дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу.

Настаўнікі і асістэнты, якія працуюць у класах інклюзіўнай адукацыі, аддаюць перавагу педагогіцы супрацоўніцтва, гульнявым тэхналогіям, тэхналогіі ўзроўневай дыферэнцыяцыі, поўнага засваення ведаў, апераджальнага навучання, рабоце ў парах і групах. Арганізоўваючы работу ў групах, улічваюць неабходнасць змены складу групы для фарміравання ў дзяцей адэкватнай самаацэнкі, імкнуцца выключыць спаборніцтва паміж групамі дзяцей, каб пазбегнуць узаемных папрокаў, парушэння атмасферы супрацоўніцтва і супольнасці класа.

Адміністрацыяй школы, педагогамі-эксперыментатарамі вядзецца мэтанакіраваная работа з педагагічным калектывам, бацькамі і грамадскасцю па фарміраванні талерантных адносін ва ўмовах рэалізацыі інклюзіўнай адукацыі, якія дазваляюць забяспечыць навучанне, развіццё і сацыялізацыю любога дзіцяці.

Анатоль ДАНІШ,
дырэктар сярэдняй школы Астрамечава Брэсцкага раёна;
Аксана МІЛЮЦІНА,
настаўнік-дэфектолаг школы.