«Не магу» пад маскай «не хачу», або Сіндром вывучанай бездапаможнасці

- 16:23Новости, Приложение, Психолог в школе

Часта дарослыя, гаворачы фразы “так ніхто не робіць”, “давай я за цябе зраблю”, “я лепш ведаю”, “мог бы і лепш зрабіць”, не задумваюцца аб тым, што такімі словамі раняць дзіця. У выніку дзеці пачынаюць страчваць кантроль над падзеямі, якія адбываюцца з імі і вакол іх.

Пасля серыі няўдач дзіця адмаўляецца спрабаваць здзяйсняць дзеянні, паколькі яно адчувае расчараванне ад занадта вялікай колькасці няўдачных спроб. Пазней у дзяцей праяўляюцца адсутнасць ініцыятывы, нежаданне што-небудзь рабіць, яны не могуць кіраваць сваімі дзеяннямі, паколькі не бачаць выніку сваіх спроб, і адсюль узнікае сіндром вывучанай бездапаможнасці.

Вывучаная бездапаможнасць — гэта парушэнне ў адчуванні сувязі паміж сваімі намаганнямі і вынікам, адсутнасць матывацыі і ініцыятывы, няўпэўненасць у сваіх сілах, наўмыснае пазбяганне сітуацый, у якіх нас можа напаткаць няўдача.

Вывучаную бездапаможнасць можна распазнаць

Першы сімптом — дзіця не прадпрымае актыўных дзеянняў па змяненні сітуацыі, нават калі можа гэта зрабіць. Другі — адсутнасць матывацыі: у дзіцяці ўжо няма ні гатоўнасці, ні жадання неяк уплываць на па­дзеі. І трэцяе — зніжаны эмацыянальны фон: узнікаюць апатыя, абыякавасць да таго, што адбываецца, расчараванне і нават пачуццё бязвыхаднасці.

Наяўнасць вывучанай бездапаможнасці таксама можна вызначыць з дапамогай слоў-маркёраў, якія дзіця ўжывае ў гутарцы. Вылучым асноўныя шэсць груп слоў-маркёраў:

“не магу” (маляваць, завязаць шнуркі, папрасіць у іншага цацку, вывучыць верш, рашыць задачу і г.д.);

“не хачу” (іграць на фартэпіяна, апранацца, ісці на прагулку). “Не хачу” з’яўляецца вытворным ад “не магу”. Усведамленне дзіцем таго, што яно не можа нечага зрабіць (ці яму здаецца, што яно не можа), дэманструе яго перажыванне, што яно “дрэннае”, “няўдачнік”, у якога ўсё роўна нічога не атрымаецца. Тады фармулёўка “не хачу” дапамагае пазбавіцца ад дыскамфорту, звязанага з “не магу”. “Не хачу” — гэта абарона, адмаўленне “не магу” пад маскай “не хачу”;

“заўсёды” (я заўсёды нязграбны, заўсёды падаю з веласіпеда, заўсёды ўсё псую, заўсёды плачу, заўсёды непрыгожа малюю);

“ніколі” (ніколі не навучуся чы­таць, ніколі не змагу навучыцца катацца на каньках);

“усё дарэмна” (“нічога ў мяне не атрымаецца”, “колькі ні старайся”);

“у нашай сям’і ўсе такія” (сямейныя пасланні могуць дэманстраваць розныя бакі рэальнасці, але ў цэлым адлюстроўваюць ідэю прадвызначанасці лёсу і немагчымасці пазбег­нуць долі, якая прызначана ўсім членам сям’і: “у нашай сям’і ва ўсіх дрэнны слых”, “у нашай сям’і ўсе гуманітарыі, ні ў каго не было вышэй за тройку па матэматыцы і фізіцы”, “у нашай сям’і ва ўсіх дрэнны зрок”, “у нашай сям’і ва ўсіх слабае здароўе”).

Дзеці з ранняга ўзросту ініцыятыўныя, хочуць усё рабіць самі, кра­таць розныя рэчы і карыстацца імі. Малышоў прывабліваюць усе прадметы, якія знаходзяцца навокал, і яны з задавальненнем робяць усё тое ж, што і дарослыя. Адна з важных патрэб дзіцяці — гэта пазнанне, якое ажыццяўляецца праз узаемадзеянне з прадметным светам, а таксама перайманне бацькоў. І калі дарослыя не задавальняюць гэтую патрэбу дзіцяці, то яно перастае праяўляць ініцыятыву. І, наадварот, заахвочванне ініцыятывы дзіцяці са­дзейнічае павышэнню яго дапытлівасці, актыўнасці і самастойнасці.

Бацькі адыгрываюць істотную ролю ў фарміраванні вывучанай бездапаможнасці ў дзіцяці.

Асобнай увагі заслугоўвае праб­лема фарміравання вывучанай бездапаможнасці ў гендарным аспекце. Бацькі і педагогі нярэдка кіруюцца гендарнымі стэрэатыпамі пры выхаванні дзяцей, заахвочваючы ў хлопчыкаў маскулінныя віды дзейнасці ў большай ступені, чым фемінінныя, а ў дзяўчынак, адпаведна, наадварот, садзейнічаючы такім чынам фарміраванню ў дзяцей вывучанай бездапаможнасці. Іншымі словамі, вывучаная бездапаможнасць можа фарміравацца як у хлопчыкаў, так і ў дзяўчынак.

Найбольш эфектыўна праводзіць прафілактыку вывучанай бездапаможнасці ў трыядзе супрацоўніцтва “навучэнец — педагог — бацькі” з мэтай змянення вывучанай бездапаможнасці і пераадолення паводзінскіх праяўленняў яе ў навучэнцаў.

Асноўным спосабам пераадолен­ня вывучанай бездапаможнасці ў малодшых школьнікаў з’яўляецца фарміраванне аптымістычнага жыццёвага настрою, жадання займацца рознымі відамі дзейнасці. Для дзяцей важна атрыманне разнастайнага жыццёвага вопыту, у тым ліку вопыту пераадолення няўдач і паспяховых паводзін. Як матываваць дзяцей на поспех? Як вучыць пераадольваць цяжкасці?

Рэкамендацыі бацькам

Давайце магчымасць выбару дзіцяці. Яго выбар будзе кантралявацца вамі, але ўсё ж няхай яно само прымае рашэнне.

Пачніце з вырашэння вельмі простых задач.

  1. Дапамагайце дзіцяці набы­ваць упэўненасць ва ўласных дзеяннях. Калі яно засвоіць з дзяцінства, што яго дзеянні выклікаюць абурэнне ў іншых, то яно не зможа дасягнуць поспеху.
  2. Не параўноўвайце дзіця з іншымі дзецьмі: гэта можа сфарміраваць устаноўку “іншыя лепшыя за мяне” і прывесці да пасіўнасці, няўмення адстойваць свой пункт гледжання.
  3. Стымулюйце самастойныя ра­шэнні нават пры здзяйсненні памылак, прапаноўвайце спосабы іх пераадолення. Толькі асабісты вопыт і асабістыя дасягненні цэняцца дзіцем. Пакажыце, што памылкі — неабходны этап пры навучанні. Не вырашайце задачы за яго — забяспечце яму веру ў сябе, своечасовую падтрымку.
  4. Вучыце дзяцей не акцэнтаваць сваю ўвагу на няўдачах у мінулым. Сумесна рабіце высновы, атрымлівайце вопыт і стымулюйце рух наперад.
  5. Фарміруйце ў дзіцяці жаданне ў выпадку неабходнасці звяртацца па дапамогу. Заўсёды, калі добра падумаць, можна знайсці таго ці тых, хто можа дапамагчы.
  6. Успамінайце разам з дзіцем яго дасягненні ў той ці іншай дзейнасці — яны ж у яго, канечне, ёсць. Дасягненні — гэта пэўныя рысы характару, уключаючы волю.
  7. Вучыце дзіця не здавацца і працягваць рабіць, калі не атрымліваецца. Падбадзёрвайце дзіця і проста шукайце іншыя шляхі. Часам трэба паспрабаваць некалькі варыянтаў, пакуль знойдзеш правільны.
  8. Давайце дзецям магчымасць зай­мацца рознымі відамі дзейнасці, якія іх цікавяць, у тым ліку тыя, якія традыцыйна не адпавядаюць іх біялагічнаму полу.
  9. Не выкарыстоўвайце гендарна-стэрэатыпныя фразы, якія садзейнічаюць фарміраванню вывучанай бездапаможнасці.
  10. Рабіце акцэнт на індывідуальных асаблівасцях дзіцяці, а не на яго біялагічным полі.
  11. Пашырайце жыццёвы вопыт дзіцяці за кошт назірання за навакольнай рэчаіснасцю, прыводзячы прыклады з рэальнага жыцця, у якіх мужчыны і жанчыны заняты гендарна-нестэрэатыпнай дзейнасцю.
  12. Пастарайцеся стаць больш аптымістычнымі ў сваіх паводзінах і думках.
  13. Працуйце над самаацэнкай свайго дзіцяці. Пасля няўдачы пра­аналізуйце яе праз некаторы час, каб без эмоцый высветліць прычыны правалу.

Матыватар “Дапамагайка”

З мэтай зніжэння ўзроўню вывучанай бездапаможнасці ў малодшых школьнікаў мы распрацавалі матыватар “Дапамагайка” з улікам гендарнага аспекту (для дзяўчынак і для хлопчыкаў). Гэты матыватар разлічаны на пяць вучэбных дзён, малюнкі актыўнай дзейнасці адрозніваюцца разнастайнасцю. У ім прысутніча­юць як словы-маркёры, якія гавораць дзеці пры вывучанай бездапаможнасці, так і словы-стымулы, якія садзейнічаюць актывізацыі дзейнасці навучэнцаў, павышэнню матывацыі, фарміруюць упэўненасць у сваіх сілах, стымулююць жаданне рабіць штосьці ўпершыню. Матыватар “Дапамагайка” можна выкарыстоў­ваць для індывідуальнай работы, а для групавой прымяняецца версія матыватара, якая трансліруецца на тэхнічныя сродкі навучання, што ёсць у вучэбных кабінетах установы адукацыі.

З мэтай замацавання атрыманага выніку па зніжэнні ўзроўню сфарміраванасці вывучанай бездапаможнасці ў малодшых школьнікаў неабходна распрацаваць яшчэ некалькі камплектаў матыватара “Дапамагайка”, каб у далейшым захоўвалася навізна пры рабоце з навучэнцамі, што будзе садзейнічаць іх лепшаму ўспрыманню.

Апісаныя метады будуць садзейнічаць актывізацыі пазнавальнай дзейнасці ў навучэнцаў, дазволяць ім без страху глядзець на цяжкасці і пера­адольваць іх, праяўляць асабістую ініцыятыву ў вырашэнні тых ці іншых задач. А заахвочванне з боку дарослых гэтай ініцыятывы дзіцяці будзе са­дзейнічаць павышэнню яго дапытлівасці, актыўнасці і самастойнасці.

Вольга АЎДЗЯЁНАК,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 44 імя М.А.Лебедзева Гомеля