Не нанесці шкоду фарміраванню спартыўнага рэзерву

- 10:59Інфармацыйная гадзіна

Беларускія спартсмены на гэты момант маюць 81 ліцэнзію на ўдзел у Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра. Аб гэтым паведаміў на пасяджэнні калегіі Міністэрства спорту і турызму Беларусі першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Максім Рыжанкоў.

Максім Рыжанкоў адзначыў, што многія задачы, якія ставіліся перад галіной у 2015 годзе, выкананы, у тым ліку павялічылася колькасць міжнародных стартаў, што праводзяцца на тэрыторыі Беларусі. Разам з тым ён звярнуў увагу, што ў тыя ж тэрміны перад гульнямі 2008 і 2012 гадоў колькасць алімпійскіх ліцэнзій у беларускіх спартсменаў была намнога большая. “На сённяшні дзень, 3 лютага, мы маем 81 ліцэнзію, у той час як раней да пачатку алімпійскага года ў скарбонцы знаходзілася больш як сто ліцэнзій. Мэта на будучыя Гульні — удзел 150 атлетаў з Беларусі. Калі мы будзем такімі крокамі ісці да Рыа і ў далейшым, то выглядаць на галоўных стартах чатырохгоддзя будзем бледна”, — сказаў Максім Рыжанкоў, звяртаючыся да кіраўнікоў рэспубліканскіх цэнтраў алімпійскай падрыхтоўкі па відах спорту.
Першы віцэ-прэзідэнт НАК закрануў пытанне аб аптымізацыі спартыўных школ, якая прайшла ў рэгіёнах. “Калі ў выніку аптымізацыі закрыюцца аддзяленні па відах спорту, ДЮСШ, дзе будзем чэрпаць рэзерв? Менавіта з сельскай мясцовасці многія беларускія спартсмены пачыналі свой шлях. Страцім амаль 12 тысяч дзяцей са спартыўнага рэзерву. Часта старшыні федэрацый па відах спорту са здзіўленнем даведваюцца аб закрыцці той ці іншай спартыўнай установы. Аптымізацыя неабходна, але яна не павінна ісці на шкоду развіццю відам спорту”, — падкрэсліў ён.
Летнія Алімпійскія гульні ў Рыа-дэ-Жанэйра пройдуць з 5 па 21 жніўня 2016 года. Найбольш паспяховымі для беларускай алімпійскай зборнай сталі летнія Гульні 2008 года ў Пекіне, дзе заваявана 19 медалёў, у тым ліку чатыры залатыя.