Не проста майстры — прафесіяналы

Ю.М.Прасмыцкі, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама: За 7гадоў рэалізацыі праекта “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій” на старонках “Настаўніцкай газеты” істотна павялічылася коль­касць матэрыялаў, прысвечаных сістэме адукацыі Брэстчыны.

Толькі сёлета ў профільным выданні апублікавана больш за 200 інфармацыйных нататак і артыкулаў з вопыту работы педагогаў, многія з якіх з’яўляюцца актыўнымі пазаштатнымі аўтарамі. Адукацыйная галіна Брэстчыны годна прадстаўлена на старонках “Настаўніцкай газеты”, у тым ліку дзякуючы дзейнасці карэспандэнцкага пункта ў Брэсцкай вобласці. І гэта не толькі радуе, але і абавязвае.

Прэс-тур — выдатная форма ўзаемадзеяння галіновага выдання з чытачамі, якая дазваляе наладзіць жывую зваротную сувязь, пашырыць кантакты, пазнаёміцца з будучымі пазаштатнымі аўтарамі і журналістамі. Гэты прэс-тур “Настаўніцкай газеты” па ўстановах адукацыі Брэстчыны ўжо трэці па ліку. У 2017 го­дзе журналісты пабывалі ў Брэсце, на Камянеччыне і Кобрыншчыне, летась — на Століншчыне, Піншчыне і Лунінеччыне, а сёлета азнаёміліся з дзейнасцю ўстаноў прафесійнай адукацыі Брэста, Кобрына, Драгічына, Івацэвіч і Баранавіч. Паўсюль журналістаў чакала шмат цікавага і вартага ўвагі. Ва ўстановах адукацыі Брэстчыны ёсць на што паглядзець і чаму павучыцца. Тут заў­сёды шмат цікавых тэм для новых публікацый. “Настаўніцкая газета” — наш надзейны сябар і дарадчык. А журналісты, упэўнены, бачаць у педагогах Брэстчыны не толькі ўважлівых і ўдзячных чытачоў, але і актыўных аўтараў.

Сёлетні прэс-тур прысвечаны сістэме прафесійнай адукацыі, якая адыгрывае важную ролю ў эканамічным развіцці краіны. Сёння на Брэстчыне функцыянуе 31 установа прафесійнай адукацыі. Іх дзейнасць будуецца з улікам запытаў рынку працы і навучэнцаў. Структура і аб’ём падрыхтоўкі кадраў пастаянна ўдасканальваюцца, адкрываюцца перспектыўныя і запатрабаваныя спецыяльнасці і кваліфікацыі. Так, у мінулым навучальным годзе ва ўстановах прафесійнай адукацыі вобласці ажыццяўлялася падрыхтоўка па 94 кваліфікацыях і 34 спецыяльнасцях. Наладжана цеснае ўзаемадзеянне з заказчыкамі кадраў. Усе выпускнікі атрымліваюць накіраванні на работу.

З мэтай падрыхтоўкі канкурэнтаздольных выпускнікоў ва ўстановах прафесійнай адукацыі ажыццяўляецца эксперыментальная і інавацыйная дзейнасць. Так, у мінулым навучальным го­дзе ў 13 ПТНУ і ССНУ рэалізоўваліся 1 эксперыментальны і 8 інавацыйных праектаў. На базе 7 устаноў дзейні­­чаюць рэсурсныя цэнтры па 8 профілях вытворчага навучання.

У адукацыйным працэсе задзейнічана больш за 1,7 тысячы педагогаў. Іх прафесійны ўзро­вень дазваляе паспяхова вырашаць многія задачы, пра што сведчаць перамогі навучэнцаў у конкурсах прафмайстэрства рознага ўзроўню. У розныя гады на рэспубліканскую Дошку гонару былі занесены Брэсцкі дзяржаўны каледж сувязі, Брэсцкі дзяржаўны каледж сферы абслугоўвання і Брэсцкі дзяржаўны гандлёва-тэхналагічны каледж, а на абласную Дошку гонару — Кобрынскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сферы абслугоўвання.

Сярод перспектыўных напрамкаў — паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ПТНУ і ССНУ, стварэнне рэсурсных цэнтраў, далейшая інтэграцыя прафесійнай адукацыі з прафесійнай падрыхтоўкай школьнікаў, павышэнне ўзаемадзеяння сістэмы прафесійнай адукацыі з галінамі эканомікі і сацыяльнай сферы, у тым ліку праз аптымізацыю сеткі УПА, структуры і тэрмінаў падрыхтоўкі кадраў з улікам перспектыў сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў, паляпшэнне прафесіяналізму педагогаў і кіраўнікоў.

Запісаў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.