“Не ты адкрываеш кнігу, кніга адкрывае цябе”

- 11:56Якасць адукацыі

З 10 па 16 верасня ў Берліне прайшоў фінал Міжнароднага літаратурнага конкурсу на нямецкай мове Lesefüchse International. Па выніках гэтага спаборніцтва навучэнка гімназіі № 24 Мінска Кацярына Навахацька заняла 2-е месца.

Міжнародны конкурс Lesefüchse International аб’ядноўвае моладзь ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў і існуе з 2008 года пад эгідай Цэнтральнага ўпраўлення па справах школьнай адукацыі за мяжой (ZfA).

Lesefüchse (у перакладзе з нямецкай мовы — “лісічкі, якія чытаюць”) — менавіта так у Германіі называюць лю­дзей, якія вельмі любяць чытаць. Па словах каардынатара ZfA ў Беларусі Вернера Ліберкнехта, цэнтральнай ідэяй конкурсу кнігалюбаў з’яўляецца імкненне прывіваць любоў да чытання дзякуючы знаёмству з лепшымі ўзорамі сучаснай нямецкай літаратуры. Акрамя гэтага, конкурс спрыяе фарміраванню актыўнай жыццёвай пазіцыі ў адносінах да вострых праблем сучаснасці. Гэты праект накіраваны на развіццё талерантнасці, бо кнігу можна лі­чыць “варотамі” ў свет іншай культуры.

У гэтым годзе фінал конкурсу быў арганізаваны ZfA ў рамках Міжнароднага літаратурнага фестывалю ў Берліне. Удзельнікамі конкурсу былі навучэнцы DSD-школ (цэнтраў падрыхтоўкі да экзамену на атрыманне міжнароднага сертыфіката “Дыплом нямецкай мовы”), якія ўваходзяць у сетку ZfA “Школы: партнёры будучыні (PASCH)”.

Усяго ў конкурсе прыняло ўдзел больш за 1000 чалавек з 10 краін (Беларусь, Балгарыя, Эстонія, Грузія, Літва, Латвія, Манголія, Румынія, Расія і Венгрыя). Конкурс праводзіўся ў некалькі этапаў: першы этап прахо­дзіў на базе ўстаноў адукацыі краін-удзельніц; на другім — рэгіянальным этапе — вызначаўся пераможца, які павінен прадстаўляць краіну на заключным этапе конкурсу.

Фіналістамі сталі 6 краін: Беларусь, Расія, Балгарыя, Латвія, Румынія і Грузія. Беларусь прадстаўляла навучэнка гімназіі № 24 Мінска Кацярына Навахацька (настаўніца нямецкай мовы А.П.Таўкінь).

Канкурсанты сустрэліся за круглым сталом для дэбатаў на нямецкай мове па чатырох раней прачытаных кнігах сучасных маладзёжных нямецкіх аўтараў.

Кніга Херберта Гюнтэра “Час гучных слоў” (Die Zeit der grossen Worte) паведамляе пра жахі Першай су­светнай вайны на прыкладзе сям’і галоўнага героя маленькага хлопчыка Паўля. Раман “Праўда” (Echt) пісьменніка Крыстафа Шойрынга прысвечаны падлеткам, якія воляй лёсу засталіся без прытулку і павінны змагацца за сваё існаванне і месца пад сонцам у сучасным свеце. Пытанні забруджвання навакольнага асяроддзя і экалагічныя праблемы чалавецтва пры бурэнні газавых свідравін закрануты на старонках дэтэктыўнага рамана “Воды, якія гараць” (Brennendes Wasser) Лукаса Эрлера. Чацвёртая кніга журналіста і пісьменніка Томаса Файбеля “Галасуй за мяне” (Like Me) дазваляе зазірнуць за кулісы віртуальнай арганізацыі ON-Show, якая маніпулюе падлеткамі з дапамогай сеткі інтэрнэт.

Усе вышэйназваныя кнігі прымушаюць чытачоў задумацца пра тое, што мае значэнне ў нашым свеце, знайсці адказы на пытанні, каго можна назваць сябрам, а хто толькі прыкідваецца такім; як віртуальны свет уздзейнічае на сучасную рэальнасць і маніпулюе свядомасцю моладзі; як справіцца з цяжкасцямі вайны і экалагічнымі катастрофамі, як выжываць у нечалавечых умовах і пры гэтым заставацца чалавекам, які ўмее сябраваць, любіць і верыць.

Журы ацэньвала адказы ўдзельнікаў па чатырох крытэрыях:

  •  Textkenntnis (веданне тэксту і ўменне арыентавацца ў дэталях);
  •  Interaktion (уменне слухаць і чуць, задаваць пытанні іншым удзельнікам);
  •  Auseinandersetzung mit dem Werk (аргументавана выкладаць свой пункт гледжання);
  •  Sprachlicher Ausdruck (моўныя сродкі).

Ад удзельнкаў патрабавалася не толькі выдатнае веданне тэксту, але і ўменне падзяліцца сваімі ўражаннямі і перажываннямі, даказаць, чаму тая ці іншая кніга прэтэндуе на званне быць лепшай.

Па выніках конкурсу Кацярына Навахацька заняла 2-е месца. 1-е месца дасталася Наталлі Шрайберы з Латвіі.

Як адзначылі адказныя за правядзенне фіналу Ева Зік і Ёрг Каснер, дыскусія ў гэтым годзе была гарачай і захапляльнай. Дзеці выказвалі больш глыбокія думкі і цікавыя ідэі ў параўнанні з мінулагоднім конкурсам. Журы таксама адзна­чыла высокі ўзровень моўнай падрыхтоўкі навучэнцаў, уменне ўсебакова аналізаваць праблемы, весці жывы дыялог. На апошняе пытанне пра тое, якія галоўныя змены адбыліся з героямі твораў, Каця адказала так: “Я лічу, што самыя галоўныя змены адбыліся не ў жыцці герояў, а ў нашым жыцці. Не ты адкрываеш кнігу, а кніга адкрывае цябе”.

Вольга ДЗЯДОВІЧ,
настаўніца нямецкай мовы гімназіі № 24 Мінска.