Неабходна ўзнімаць палітычныя адносіны краін на ўзровень эканамічных

- 10:34Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на пачатак самага актыўнага дыялогу паміж Беларуссю і Польшчай. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з маршалкам Сената Польшчы Станіславам Карчэўскім.

“Вельмі спадзяюся і амаль упэўнены, што ваш візіт у Беларусь будзе пачаткам самага актыўнага дыялогу паміж нашымі краінамі, — заявіў беларускі лідар. — Пры ўсіх інтарэсах Польшчы і Беларусі, згадзіцеся, дзяліць нам няма чаго. Мы заўсёды жылі ў дружбе і згодзе. У нас вельмі блізкая, часам, агульная гісторыя. І паколькі ўзнікаюць пытанні з боку Польшчы, можа, у нас у часткі насельніцтва, адносна нашай агульнай гісторыі, я вас хачу запэўніць, што мы заўсёды будзем адкрыты”.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што апошнім часам паміж краінамі актывізаваўся палітычны дыялог, адбыўся шэраг візітаў на розных узроўнях. Пры гэтым паміж Беларуссю і Польшчай устанавіўся даволі высокі ўзровень гандлёва-эканамічных адносін. “Але гэта абсалютна не адпавядае нашым магчымасцям. Думаю, што нам тут ёсць над чым працаваць. Вы абсалютна можаце разлічваць на тое, што закрытых тэм і сфер у нашых адносінах быць не можа. Мы заўсёды будзем адкрыты, гатовы абмяркоўваць любую праблему”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што краінам неабходна ўзнімаць палітычныя адносіны на ўзровень эканамічных.

“Без народнай дыпламатыі, без парламенцкага вымярэння ў сучасным свеце вельмі цяжка выбудоўваць і палітычныя, і эканамічныя адносіны. Ваш візіт яшчэ важны і таму, што ён будзе садзейнічаць нармалізацыі нашых адносін і выхаду на высокі ўзровень супрацоўніцтва”, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Па выніках студзеня — верасня 2016 года вартасны аб’ём беларуска-польскага тавараабароту склаў $1,52 млрд супраць $1,38 млрд за аналагічны перыяд мінулага года. Аб’ём беларускага экспарту ў Польшчу склаў $642,5 млн (тэмп росту 112,4%), імпарту з Польшчы — $877,6 млн (108%). Польшча з’яўляецца трэцім партнёрам Беларусі па тавараабароце, шостым — па экспарце і трэцім — па імпарце.

У студзені — верасні 2016 года ў эканоміку Беларусі прыцягнута інвестыцый з Польшчы на суму $174,5 млн, большасць з якіх прамыя. Польшча ўваходзіць у першую дзясятку краін — інвестараў у эканоміку Беларусі.
У Польшчы дзейнічае 17 прадстаўніцтваў, даччыных прадпрыемстваў, суб’ектаў тавараправоднай сеткі і дыстрыб’ютараў беларускіх прадпрыемстваў. У Беларусі працуе звыш 350 прадпрыемстваў з польскім капіталам.

Што тычыцца міжпарламенцкага супрацоўніцтва, то ў 2016 годзе яно значна актывізавана. У красавіку ў Сейме Польшчы сфарміравана польска-беларуская парламенцкая група. У Нацыянальным сходзе Беларусі пятага склікання рашэнне аб фарміраванні рабочай групы па супрацоўніцтве з парламентам Польшчы прынята ў чэрвені 2016 года. Цяпер у парламенце шостага склікання ідзе працэс фарміравання такой групы.