Недабор ці перабор?

- 12:44Вышэйшая школа, Якасць адукацыі
Дзяржаўныя ўстановы вышэйшай адукацыі не дабралі на бюджэтныя месцы каля 1700 чалавек, а на платныя — каля 19 тысяч. У прыватных УВА не запоўнена каля 46% месцаў. Але, як лічыць старшыня Дзяржкамісіі Анатоль Рубінаў, заяўленыя лічбы прыёму сведчаць аб патэнцыяле ўніверсітэтаў, а не патрэбах эканомікі. Калі ж аналізаваць попыт на кадры ў рэальным сектары, то хутчэй мы маем справу нават з пераборам на ўзровень вышэйшай адукацыі.
На кожнага рабочага — тры спецыялісты

На нядаўняй прэс-канферэнцыі, дзе падводзіліся вынікі ўступнай кампаніі 2013 года, Анатоль Рубінаў так пракаменціраваў сітуацыю з недаборамі: “Нам трэба ўважліва прааналізаваць кадравую сітуацыю ў краіне — колькі і каго нам трэба. Зараз назіраецца яўная дыспрапорцыя. Колькасць заяўленых месцаў у вышэйшай школе – 97,5 тысячы. У 1991 годзе ВНУ набіралі 37,5 тысячы. У той жа час у ПТВ запланавана прыняць каля 36 тысяч чалавек, а на пачатку 90-х сістэма ПТА прымала 72 тысячы. Такім чынам, на кожнага рабочага выходзіць амаль тры спецыялісты з вышэйшай адукацыяй. Гэта ненармальная прапорцыя, якая не адпавядае і міжнароднаму вопыту”.
Старшыня Дзяржкамісіі лічыць, што не тыя настроі культывуюцца ў грамадстве.“Калі чалавек не паступіў — гэта катастрофа для яго, для сям’і. Нічога падобнага! Рабочыя прафесіі запатрабаваны, яны добра аплачваюцца. А спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй павінна быць менш, але і адбіраць іх трэба больш строга, а рыхтаваць — больш якасна”, — адзначыў А.Рубінаў.
Першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Жук, які ўдзельнічаў у прэс-канферэнцыі, на гэты конт сказаў наступнае: “Недаборы ёсць, але ў першую чаргу нас павінна хваляваць пытанне дзяржаўнага заказу: прыём ва ўстановы вышэйшай адукацыі на дзённую бюджэтную форму. І тут сітуацыя добрая: на 24,1 тысячы месцаў мы недабралі толькі 1643 чалавекі, што складае 7% ад плана прыёму”.
А.Жук нагадаў, што сёлета школу скончыла на 4 тысячы чалавек менш, чым летась, таму вынікі ўступнай кампаніі напрамую звязаны з дэмаграфічнай сітуацыяй. У цэлым жа 19 з 45 дзяржаўных УВА цалкам выканалі план бюджэтнага прыёму. Пэўны недабор на шэраг педагагічных спецыяльнасцей (пераважна фізіка-матэматычнага профілю) прадстаўнік міністэрства звязвае з павышэннем парогавага тэставага бала. На гэтыя ж спецыяльнасці ў апошнія гады назіраўся адзін з самых нізкіх прахадных балаў. Разам з тым ёсць і чаму радавацца: два рэгіянальныя ўніверсітэты — ГрДУ імя Янкі Купалы і ВДУ імя П.М.Машэрава — ажыццявілі 100% прыём на педспецыяльнасці. “Гэтыя ўніверсітэты праводзяць сістэмную індывідуальную прафарыентацыйную работу, — падкрэсліў першы намеснік міністра, — і менавіта гэта дапамагае ім вытрымліваць канкурэнцыю”.
Аляксандр Іванавіч лічыць, што павышэнне парогавага бала сябе апраўдала. Міністэрства праводзіла маніторынг у 9 пунктах тэсціравання і было заўважана, што на ЦТ па фізіцы і матэматыцы да 40% абітурыентаў пакідалі аўдыторыі на працягу першай гадзіны. Хутчэй за ўсё, яны не рашалі задачы, а спрабавалі ўгадаць адказы.
“Школам трэба звярнуць увагу на падрыхтоўку па матэматыцы, — сказаў А.Жук, — а грамадзянам трэба ўсвядоміць, што вышэйшая адукацыя будзе даступнай толькі пры ўмове высокага ўзроўню падрыхтоўкі. Аналіз паказвае, што высокія балы атрымліваюць абітурыенты, якія сістэмна займаюцца прадметамі ў школе, — ліцэісты, гімназісты і выпускнікі агульнаадукацыйных школ бягучага года. Праблемы ўзнікаюць у выпускнікоў мінулых гадоў, ПТВ і ССНУ”.
Працягваючы тэму недабораў, на прэс-канферэнцыі адзначылі, што сёлета дзяржаўныя УВА шмат недабралі на платную форму навучання — прыкладна 19 тысяч чалавек. На гэты час у вышэйшай школе стала больш платнікаў, чым бюджэтнікаў, прызнаў А.Жук, і менавіта масавы выпуск з платных аддзяленняў стварае дыспрапорцыю ў эканоміцы. “Трэба яшчэ паглядзець, недабор гэта ці перабор? Лічбы прыёму, якія заяўляюць універсітэты, сведчаць аб іх патэнцыяле — аб тым, што хапае выкладчыкаў, вучэбных плошчаў і г.д., а не аб патрэбах эканомікі”, — дадаў Анатоль Рубінаў.
У прыватных УВА недабор склаў 46%. “Ім трэба мяняць пералік спецыяльнасцей, якія яны прапаноўваць, і ўвогуле думаць, як далей ажыццяўляць сваю эканамічную дзейнасць”, — падкрэсліў першы намеснік міністра адукацыі. Дзяржаўным універсітэтам рэкамендуецца кампенсаваць недахоп платнікаў праз развіццё адукацыйнага экспарту, а таксама такіх платных паслуг, як перападрыхтоўка, павышэнне кваліфікацыі, другая вышэйшая адукацыя.
Дарэчы, ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі на аснове агульнай сярэдняй адукацыі сёлета паступіла на 6% больш маладых людзей, чым у мінулым годзе.

Прапанова аб новай рэдакцыі Правілаў прыёму застаецца ў сіле

Як вядома, кожны год па выніках уступнай кампаніі Дзяржкамісія робіць рэкамендацыі, іх разглядае і потым рэалізоўвае Міністэрства адукацыі. У 2012 годзе нават быў падрыхтаваны праект новай рэдакцыі Правіл прыёму, але яе не паспелі прыняць. Таму на наступны год камісія прапаноўвае тое самае. Новая рэдакцыя правіл, калі і з’явіцца, то да лістапада гэтага года.
Паколькі сёлета ўступная кампанія ішла па старых правілах, нядзіўна, што многія праблемы паўтарыліся.
Так, зараз прадстаўнікі Дзяржкамісіі з яшчэ большай упэўненасцю гавораць, што асобны конкурс паміж абітурыентамі з сельскай мясцовасці і з гарадоў не патрэбны. Паказальны прыклад: у Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава па агульным конкурсе (на роўных) гараджане і сельскія жыхары паступалі ў 93% выпадкаў. Былі і сітуацыі, якія проста супярэчаць здароваму сэнсу, калі, скажам, дакументы падаваў адзін сельскі жыхар і заведама станавіўся студэнтам, гэта значыць, увогуле без конкурсу.
“Трэба ўлічваць і дзяржаўныя інтарэсы: сёння неабходна, каб людзі заставаліся на сяле, былі зацікаўлены там жыць, таму прымаць нейкія спецыяльныя меры для стымулявання адтоку сельскіх жыхароў у гарады няма сэнсу”, — лічыць А.Рубінаў. Словам, Дзяржкамісія па-ранейшаму за тое, каб праводзіць агульны конкурс незалежна ад месца жыхарства абітурыента.
Блізкае да папярэдняга пытанне — ільготы. Яны таксама згубілі сэнс, упэўнена Дзяржаўная камісія. “Што значыць ільгота на ўзровень прафесіяналізму? Уявіце інжынера, урача, якім дазволена мець менш ведаў, таму што ў іх нейкія асаблівыя акалічнасці?” — сказаў Анатоль Мікалаевіч. Ільготы павінны быць перанесены ў матэрыяльную сферу: напрыклад, сірот трэба вызваляць ад аплаты за навучанне, засяляць у інтэрнат і г.д. А пакуль ільготы ёсць на этапе паступлення, назіраюцца іншы раз парадаксальныя вынікі. Так, на біялагічным факультэце БДУ пры прахадным бале 262 ільготнік паступае з балам 142. На спецыяльнасць “Сучасныя замежныя мовы” не прайшоў конкурс абітурыент з 313 баламі, а прайшоў ільготнік са 155-цю.
Правільна, калі пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд залічваюцца без экзаменаў, лічыць А.Рубінаў. Але гэта не датычыцца алімпіяды па грамадазнаўстве. Уладальнікі яе дыпломаў выбіраюць самыя прэстыжныя спецыяльнасці. І сёлета на “Міжнародным праве” ў БДУ з 15 бюджэтных месцаў 14 занялі пераможцы гэтай алімпіяды. Такім чынам, абітурыенты з вельмі высокімі баламі не змаглі паступіць.
Адзнака па профільным прадмеце не павінна мець меншую вагу, чым адзнака па дзяржаўнай мове і бал атэстата, упэўнены прадстаўнікі назіральнай камісіі.“Менавіта падрыхтоўка па профільным прадмеце павінна быць вызначальнай. Таму, магчыма, можна абысціся залікам па дзяржаўнай мове”, — прапанаваў Анатоль Рубінаў.
На яго меркаванне, пры паступленні на спецыяльнасці фізічнай культуры і спорту не трэба праводзіць іспыты для спартсменаў высокага ўзроўню. А на спецыяльнасці культуры і мастацтва, незалежна ад установы, неабходна прымяняць аднолькавы парадак залічэння. У Акадэміі музыкі і Акадэміі мастацтваў, напрыклад, прымяняецца сістэма іспытаў, якая на першы план ставіць талент і здольнасці абітурыентаў, а не веды па гісторыі, грамадазнаўстве, мове ці бал атэстата. Прапаноўваецца такі падыход распаўсюдзіць на аналагічныя спецыяльнасці ў іншых установах вышэйшай адукацыі.
Адно з асноўных сёлетніх новаўвядзенняў, якое абмяркоўваецца часцей за іншыя, — больш высокае парогавае значэнне тэставага бала.
“Мы пераканаліся, што гэта станоўчая мера, — пракаменціраваў яго Анатоль Рубінаў, — якая дазволіла адсеяць амаль 41 тысячу абітурыентаў — менавіта столькі чалавек не пераадолелі ўстаноўлены парог. Па-першае, мы павысілі патрабаванні для тых, хто паступае ва ўстановы вышэйшай адукацыі, а па-другое, забяспечылі магчымасць для паступлення ў сярэднія спецыяльныя і прафесійна-тэхнічныя ўстановы адукацыі. Сярэдні ўзровень падрыхтоўкі залічаных значна вырас. Прахадныя балы на бюджэтнай форме не апускаліся ніжэй за 96, хаця і гэта не вельмі многа. Але ў мінулым годзе абітурыенты паступалі ўвогуле з 46 баламі”.
Камісія прапаноўвае на будучыню скарачаць у тэстах частку А на карысць часткі Б, таму што менавіта заданні з варыянтамі адказаў тояць у сабе небяспеку ўгадвання.“Працэдура ўступнай кампаніі і цэнтралізаванага тэсціравання адладжана, а вось тэсты — больш складаная рэч, іх трэба ўвесь час удасканальваць”, — лічыць А.Рубінаў. Ён звярнуў увагу і на тое, што сістэмы падліку балаў у школе і на ЦТ розныя, што не дае магчымасці параўноўваць вынікі навучання ў школе з вынікамі тэсціравання. “Трэба ўніфіцыраваць сістэмы падліку балаў, але так, каб гэта не паўплывала на дыферэнцыяцыю абітурыентаў пры паступленні”, — мяркуе старшыня Дзяржкамісіі.
Яшчэ адна рэкамендацыя камісіі — працягваць укараняць сістэму электроннага залічэння. Гэта дазволіць, па-першае, выключыць ажыятаж у апошнія дні прыёму дакументаў, а па-другое, не згубіць абітурыентаў з дастойнымі баламі і да ць ім магчымасць выбару з некалькіх спецыяльнасцей.

Іна НІКІЦЕНКА.