НЕдыпламаваныя, альбо Якая ж мараль?

- 16:45Авторские колонки, Мнение

У знакамітай байцы Кандрата Крапівы галоўны герой такі быў дыпламаваным! А я раскажу вам школьную быль пра тое, як могуць паводзіць сябе ў наш час недыпламаваныя… падлеткі.

Іван ЖДАНОВІЧ

Ім, відаць, “не захо­дзяць” правілы этыкі, паво­дзін. Можа, ніхто не сказаў, што ёсць такія не толькі ў школе, дома, на вуліцы, у грамадскіх месцах, але і ў інтэрнэце? А калі ж і сказаў, то згадаем класіка: “галава слабая”… І этычныя веды яна пакуль адфутболіла.

Хутка сто гадоў, як ведаюць у Беларусі пра дурнога Барана: байка “Дыпламаваны Баран” апублікавана ў 1926 годзе. Хоць ён і “дурней дурнога”, ды ганарыцца “дыпломам”-метай, “любіць гучнае імя”… Дзяды-пра­дзеды “герояў” гэтай гісторыі пасмейваліся з Барана, мы ўсе пагалоўна ў падкорцы з ім раслі… Таму ДэБэ, кажучы мовай падлеткаў, можна лічыць адным з нашых культурных кодаў. Ён засцерагае нас ад паталагічнай цягі да незаслужанага прызнання, узнагарод ці “дыпломаў” розных пшык-­акадэмій, якія, было, распладзіліся. Карацей, мараль байкі: амаральна браць незаслужанае і гэтым яшчэ і ганарыцца. Думаю, каб зручней было школьнікам байку засвойваць, то яе — і малюнак Барана з “дыпломам” — размясцілі на адным з афіцыйных школьных сайтаў. А далей пачалося такое…

Зраблю ўдакладненне: зусім я не супраць новых ІТ-тэхналогій! Аднак жа яны — як і вароты для Барана ў байцы, якіх ён упарта “не пазнае”, — ніяк не дапамагаюць “слабой галаве”. Больш за тое, нават правакуюць яе на глупства і дурасць. І паколькі сам па сабе інтэрнэт не павышае ўзровень агульнай культуры юных юзераў, то спрабу­юць яны там самавыяўляцца — хто як можа, без тармазоў. Відаць, марачы пра свае “дыпломы”…

Дык вось, вісіць на сайце публікацыя, а вакол яе, нібыта пры варотах ці сцяне бараны, сабраліся дзясяткі… недыпламаваных, але ж лабастых падлеткаў. Пад рознымі нікамі пахаваліся — хто там разбярэ. Адны зайшлі на сайт, каб вывучыць твор, іншыя — выпрабаваць моц ілба, цалкам па класіку: “Дык ён разгоніцца ды ў сцену — бух!”. І пачалі ў каментарыях выказваць сваё стаўленне да класіка, яго твора, Барана, беларускай мовы ўвогуле, і не толькі да мовы… Заадно імкнуліся пазна­чыць усю шырыню, глыбіню і моц — нечага, толькі ж не інтэлекту. Гэта я “пераклаў” змест (нават не кажу пра сэнс…) пастоў на ўнармаваную мову, бо лексіка ў іх — з савецкіх грамадскіх туалетаў (а бач ты: веда­юць…), яе называюць “матною” і “подзаборною”. Інакш некаторыя пасты давядзецца замяняць шматкроп’ямі. Ёсць і такі самакрытык: “Это стих … или я даун”.

Каб меў часу адміністратар сайта да публікацыі гэтага тэкста слоўны бруд за гора-юзерамі прыбраць, я пазваніў дырэктару. Школу не называю, каб не ра­біць яшчэ больш дзікай сітуацыю, пра якую расказваю.

…Вельмі шкада, што пра такія рэчы ўвогуле даводзіцца пісаць. Але на гэтым прыкладзе мы высвеч­ваем праблему рэальную, актуальную, хоць нібыта і віртуальную. Лепш бы і мне “пра што добрае”, як ка­жуць, аднак жыццё не толькі кветкі-ружы… То скажам і “пра мараль” гэтай школьнай былі.

Фота з сайта pixabay.com носіць ілюстрацыйны характар

Вынесеныя ў другую частку загалоўка словы “якая ж мараль?” у інтэрнэт-арыгінале пададзены так: “А какая мараль у этой байки, я не могу понять помогите пж”. Ну, не зразумелі школьнікі сэнсу байкі — тае бяды. Але значна горш, калі не разумеюць, у якім свеце жывуць, дзе, што і як пі­шуць. То будзе правільна і “маральна” ім пра гэта сказаць. Бо хто ж, як не настаўнікі? Часам і бацькі па лексіцы, будзем шчырымі, ад іх адышлі недалёка, ці побач, а то і наперадзе…

Расказаў я пра недыпламаваных з лёгкім гумарам, бо з брыдкаслоўем змагацца ў штыкі — гэта як барану лбом у сцяну. Мудрыя класікі, асветнікі прыйшлі да высновы: некаторыя “недахопы” ў жыцці лепш ухіляць з дапамогай гумару.

Асцярожненька і з розу­мам, гавораць мудрыя вяскоўцы. Так рабіў, відаць, і Кандрат Кандратавіч, многіх больш катэгарычных і задзірыстых паплечнікаў якога ў 1937 годзе змёў з літаратурнай нівы, з жыцця ўвогуле шквал рэпрэсій. Потым перамалолі многіх творцаў і ваенныя гады. У 1926 годзе, здаецца, за літаратурную творчасць
яшчэ не рэпрэсіравалі, прынамсі, не масава. Байкапісцу пашанцавала: у яго вобразах ніхто з прыўладных асоб самога сябе не разгледзеў! То прабачце, Кандрат Кандратавіч, сённяшніх недыпламаваных, якія па дурасці ў ваш адрас рознага нагаварылі. Тэма, вы ж бачыце, вечная: бараны былі, ёсць і будуць — тыя, хто “не пазнае варот” этыкі, прыстойнасці, культуры. Ну і пачуцця меры не мае. Мы ж у наш час, кіруючыся хрысціянскімі запаветамі, ананімак на іх не пішам і нават не асуджаем, бо маем надзею: калі-небудзь і з бруду прарас­туць кветкі. А пакуль — не прыйшла пара…

На заканчэнне “пад­сцялю саломкі” тым, каму такі ўляціць. Уявіце сабе: знакамітую аповесць “Сабачае сэрца” Міхаіл Булгакаў напісаў таксама амаль 100 гадоў назад — у 1925-м. То крапівоўскі Баран і булгакаўскі Шарык (які пабыў Шарыкавым ды застаўся сабакам) недзе ў свеце вобразаў побач бегалі. Прыйшлі да нас кожны са сваёй місіяй, з культурным кодам. Напэўна, хамства і тупасць зашкальвалі ў грамадстве ў паслярэвалюцыйны час пераможнага шэсця тых, хто быў нічым, а стаў усім. А сёння ці ёсць такія недахопы?.. Скажам лексікай міліцэйскага пратакола, каб і “дзеткі” недыпламаваныя мазгі ўключылі, пачулі: “Имеют место быть”. А калі трэба будзе, то маскарадную баранову шкуру нікаў з усіх свавольнікаў здзя­руць і прый­дзецца “за базар ответить”.

І, нарэшце, каб адкінуць і думкі пра скуралупню, згадаем рэцэпт доктара Праабражэнскага ў дачыненні да “жывых істот”, які падаём на мове арыгінала: “…Лас­кой-с. Единственным способом, который возможен в обращении с живым сущес­твом…”

То мы ж не будзем юных пісак паралізоўваць, лепш-такі выхоўваць: з гумарам і з ласкаю.

Ці, можа, я памыляюся?

Іван ЖДАНОВІЧ