Нефармальны падыход — нефармальны вынік

- 13:26Сацыяльны ракурс

Дзень закаханых — адно з самых любімых свят у моладзі. Стагоддзямі яго сімвал — сэрцайка — у гэты дзень тайна дарылі сваім каханым. У Наваполацку ўжо другі год запар шакаладныя сэрцайкі і святочныя паштоўкі хлопцы і дзяўчаты дораць адно аднаму, сустракаючыся ў цэнтры горада — каля бронзавых Валянціна і Валянціны. Менавіта так назвалі гараджане скульптурную кампазіцыю “Юнацтва”, якая з’явілася ў горадзе па ініцыятыве моладзі і адразу стала любімым месцам усіх юных і закаханых.

Горад творчасці і спорту

Ідэя стварэння скульптурнай кампазіцыі з’явілася ў юных гараджан яшчэ ў 2011 годзе, аб’яўленым у Наваполацку Годам моладзі. І тады менавіта 14 лютага стартавала спецыяльная акцыя па зборы сродкаў на новую скульптуру. Прынялі ў ёй удзел і навучэнцы, і студэнты, і работнікі прадпрыемстваў горада, а аўтарства належыць ураджэнцу горада скульптару Дзмітрыю Аганаву. Гэтая маладзёжная ініцыятыва стала адной з першых, якія падтрымалі ўлады горада. З таго часу і зарадзілася цеснае супрацоўніцтва паміж імі. Невыпадкова ж, што Наваполацк, хоць і дзявятым далучыўся да ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей”, усё ж першым атрымаў афіцыйна гэтае званне. Пра імкненне горада сябраваць з дзецьмі красамоўна гавораць і лічбы: асноўны параметр — індэкс дружалюбнасці — у Наваполацку склаў 8,2 пры сярэднім па Беларусі 6,9.
Тое, што Наваполацк, бадай, самы малады горад Беларусі і будаваўся для маладых, становіцца відавочным, калі зазірнеш не толькі ў старонкі яго гісторыі, але і ў сам горад. Тут жывуць 107 тысяч людзей, сярэдні ўзрост якіх усяго 38 гадоў. Трэць гараджан — дзеці і моладзь. Паўтара дзясятка школ, 35 дзіцячых садкоў, у многіх з іх створаны ўмовы для адукацыі дзяцей з псіхафізічнымі абмежаваннямі. Ніхто не паскардзіцца, што няма дзе сябе прымяніць творчым людзям, — у горадзе два Палацы культуры, тры школы мастацтваў, шэсць бібліятэк, Цэнтр рамёстваў і традыцыйных культур, дзейнічае кінавідэасетка. Ёсць дзе і адпачыць — добра абсталяваны і з густам аформлены дваровыя пляцоўкі па ўсім горадзе, кафэ для дзяцей. Вялікая ўвага ўдзяляецца спорту. У горадзе пяць басейнаў, стадыён на 4,5 тысячы месцаў, лядовы палац, тры спарткомплексы, ажно сем спецыялізаваных дзіцяча-юнацкіх школ алімпійскага рэзерву, пабудавана лыжаролерная траса. Кожны пяты навапалачанін сістэматычна займаецца спортам, і ў кожнага з іх багаты выбар — у горадзе развіваюцца 42 віды спорту. У зборную каманду Рэспублікі Беларусь уваходзяць 137 спартсменаў-навапалачан. Часта праходзяць сустрэчы з лепшымі спартсменамі краіны. Напрыклад, нядаўна да юных спартсменаў прыязджала Дар’я Домрачава.

Будаваць, а не спажываць

Але горад, дружалюбны да дзяцей, — гэта не столькі магчымасць спажываць, колькі магчымасць для моладзі будаваць гэты горад такім, якім ёй хочацца яго бачыць. І няхай дзеці, моладзь пакуль не капаюць катлаваны пад новыя будынкі і не кладуць цэглу, затое менавіта яны — першыя дарадцы ў дарослых.
“У нас вельмі актыўная моладзь, — расказвае адзінаццацікласнік Глеб Несцяронак, старшыня маладзёжнага парламента Наваполацка. — Таму праектаў і ініцыятыў адначасова праходзіць вельмі шмат. Узяць хаця б акцыі па добраўпарадкаванні горада. Штогод праводзяцца агляды-конкурсы на лепшы дом, лепшы двор, лепшы пад’езд, і кожны жыхар імкнецца стварыць вакол сябе прыгажосць і камфорт. Некаторыя маладзёжныя праекты адзначаліся не толькі ў горадзе. Так, у рэспубліканскім конкурсе сацыяльна значных ініцыятыў высока ацэнены такія праекты, як “Хачу ў армію”, “Мы — побач”, “Вясенні тыдзень дабрыні”, “Бяспечнае дзяцінства”. Дарэчы, бяспецы дзяцей мы ўдзяляем асаблівую ўвагу. Напрыклад, мы праводзілі маніторынг руху гарадскога транспарту і распрацавалі спецыяльны маршрут “Школьнік”: цяпер штораніцы аўтобус збірае па ўсім горадзе дзяцей, якім нязручна дабірацца на гарадскіх маршрутах, і адвозіць іх у школы. За апошнія гады ні адно дзіця не пацярпела ў аварыях на дарогах.
Здараецца, што мары і прапановы дзяцей складана ажыццявіць, ва ўсялякім выпадку пакуль. Так, як паказаў маніторынг, многія дзеці мараць праехаць у наваполацкім метро ці правесці выхадны дзень у мясцовым аквапарку. Замест адмовы і банальнага адказу “няма грошай” мясцовыя ўлады прапанавалі альтэрнатыву: у 2015 годзе будзе арганізаваны дзіцячы гарадок ў басейне № 4 і як варыянт наземнага метро ў планах — прадаўжэнне трамвайных пуцей, у тым ліку і па мосце, які будуецца, да Полацка”.
Большасць гарадскіх мерапрыемстваў праходзіць у рамках ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей”: гарадскі фестываль “Моладзь за здаровы лад жыцця”, гарадскі фестываль альтэрнатыўнай творчасці старшакласнікаў “Білет удачы”, гарадскі фітнес-фестываль “Здаровым быць модна”, конкурс крэатыўнасці “Адысея розуму”, турнір па інтэлектуальных гульнях “Эрудыт”. Сталі традыцыйнымі гарадское свята “Выпускнік”, гарадскі конкурс юных піяністаў гарадоў-пабрацімаў Наваполацка “Музычная лілея”, дзіцячы пленэр-конкурс “Палітра Прыдзвіння”, прысвечаны творчасці І.Ф.Хруцкага, у якім прымаюць удзел юныя мастакі не толькі з Беларусі, але і з Расіі, Латвіі, Украіны. Гарадскі конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні “Халі-Хало” з 2012 года праходзіць у статусе рэспубліканскага. Чакаюць гараджане і штогадовую акцыю “Еўрапейскі тыдзень мабільнасці”. Самыя эфектныя і эфектыўныя яе мерапрыемствы — масавы велапрабег па вуліцах горада і сустрэча з менеджарамі Мясцовага фонду садзейнічання развіццю міжнароднага дыялогу і супрацоўніцтва “Інтэракцыя”.
Што тычыцца дадатковай адукацыі, дзеці ініцыіруюць новыя і новыя кірункі. Так, у Палацы дзяцей і моладзі з’явіліся студыя юных мадэльераў, клуб інтэлектуальнай гульні, школа лідараў “Знайдзі сябе”. Улічваючы імкненне многіх школьнікаў асвойваць асновы журналістыкі, была арганізавана школа журналістыкі, а таксама маладзёжнае тэлебачанне з вяшчаннем на гарадскіх тэлеканалах дзіцячых і маладзёжных теленавін у праграме “Навучальны год”. Наладжваюцца сувязі са СМІ — у распраджэнні школьнікаў “Маладзёжны мерыдыян” — дадатак да гарадской газеты “Наваполацк сёння”. У перспектыве пры палацы будзе створаны картадром, ролікавая пляцоўка і дзіцячае кафэ.
Як адзначыў Вячаслаў Дурноў, старшыня Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў, у горадзе праводзіцца вялікая работа па раннім выяўленні дзяцей, якія знаходзяцца ў нядобранадзейных сем’ях, і па дапамозе ім. Так, у дзіцячай паліклініцы працуе Цэнтр, дружалюбны да дзяцей, дзейнічае тэлефон даверу. Спецыялістамі сацыяльна-педагагічнага цэнтра Наваполацка распрацаваны і рэалізуюцца праграмы выхавання і абароны правоў і інтарэсаў дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, — “Шанс”, “Да новых берагоў”, праграма стварэння і суправаджэння прыёмнай сям’і “Мара”, працуе пакой ананімнага апытання для дзяцей — ахвяр насілля.
Вопыт навапалачан з ахвотай пераймаюць іх калегі з іншых краін, у прыватнасці з 16 гарадоў-пабрацімаў з краін СНД. Так, у гарадскім дыгітальным цэнтры “IT-Акадэмія “НОТА” наладжваюцца тэлемасты з горадам-пабрацімам Электрасталь Маскоўскай вобласці. Штогод моладзь прымае ўдзел у культурна-адукацыйным форуме ў г.Чалпон-Ата (Кыргызская Рэспубліка). Старшыня парламента Глеб Несцяронак прадстаўляў Беларусь на XII Міжнародным фестывалі “Зменім свет да лепшага”, на Першым дзіцяча-маладзёжным саміце АБСЕ ў міжнародным дзіцячым цэнтры “Артэк”, у V форуме гарадоў, дружалюбных да дзяцей, у Пермі (Расійская Федэрацыя).

Прадпрыемства, падружыся з дзецьмі!

Для таго, каб клопатамі пра горад жылі ўсе яго жыхары любога ўзросту, у 2012 годзе арганізацыйны савет разам з аддзелам адукацыі, спорту і турызму і іншымі аддзеламі гарвыканкама ініцыіравалі конкурс на прысваенне звання “Прадпрыемства, дружалюбнае да дзяцей”. У конкурсе прынялі ўдзел 60 прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый горада. Сярод галоўных крытэрыяў — эфектыўнасць выканання комплексу мер па рэалізацыі Дэкрэта № 18, але для розных намінацый ёсць і свае крытэрыі. Так, для прадпрыемстваў — правядзенне сямейнага аздараўлення, спартыўных свят, фінансавая падтрымка.
У намінацыі “Установа адукацыі, дружалюбная да дзяцей” увага ўдзяляецца зніжэнню злачыннасці, павелічэнню колькасці дзяцей, якія заняты пазакласнай і пазашкольнай дзейнасцю, ахоплены другаснай занятасцю. Улічваецца колькасць адораных дзяцей, удзельнікаў і пераможцаў інтэлектуальных і творчых конкурсаў рэспубліканскага ўзроўню, узровень сумеснай работы сям’і і школы. Вызначаючы лепшую дашкольную ўстанову, дружалюбную да дзяцей, эксперты бяруць пад увагу здароўе дзяцей, якасць іх харчавання, пашырэнне форм заняткаў, наяўнасць адаптацыйных груп, груп выхаднога дня, мацярынскіх школ, затраты на пашырэнне адукацыйнага асяроддзя. У выйгрышы застаюцца не толькі дзеці, але і пераможцы конкурсу.

Самае важнае яшчэ наперадзе

Маладзёжныя парламенты пры саветах дэпутатаў сталі звыклымі для многіх гарадоў, але Наваполацк вылучаецца сярод іх нефармальнасцю. Каб прапанаваць свае ідэі, тут ніхто не будзе чакаць бліжэйшай нарады ў выканкаме ці пры Савеце дэпутатаў. У тэлефонных запісных кніжках парламентарыяў у групе “Калегі” — нумары мабільных усіх кіраўнікоў горада. Таму любыя пытанні вырашаюцца не ў прыёмныя дні і не па працоўным тэлефоне, а тады, калі гэта трэба.
“Каб з’явіўся “ляжачы паліцэйскі” перад нашым ліцэем, дастаткова было толькі патэлефанаваць Наталлі Іванаўне Качанавай, яшчэ да нядаўняга часу мэру горада, — гаворыць Глеб Несцяронак. — Тое ж з гарадскімі дыскатэкамі ў Доме культуры, дзе раней былі толькі вечарыны “35 плюс/мінус 5”. Гэтак жа хутка вырашаюцца пытанні з асвятленнем вуліц. Калі пытанне патрабуе больш дасканалага прапрацоўвання, мы сустракаемся ўсе разам у кавярні, дзе за кубкам гарбаты абмяркоўваем актуальныя для моладзі і горада праблемы ці плануем сумесную работу на год. І, канечне, даверлівым адносінам спрыяюць і размовы не толькі пра справы, але і пра сябе, пра асабістыя інтарэсы”.
Сустрэчы маладзёжнага парламента з прадстаўнікамі выканаўчай улады горада, звычайна напярэдадні Новага года, таксама праходзяць пад дэвізам “Ні слова аб працы”. На такіх сустрэчах старшыня выканкама і яго намеснікі расказваюць пра свае дзіцячыя і студэнцкія гады, пра свае мары, пра сем’і, пра свой лідарскі шлях.
Як паказвае практыка, такія нефармальныя сустрэчы прыводзяць да таго, што супрацоўніцтва дарослых і дзяцей мае рэальны вынік. У горадзе лідарскую школу прайшлі ўжо два пакаленні маладзёжных парламентарыяў, якія сёння — лідары гарадскога маладзёжнага руху. Сярод іх Марыя Лапа, Вікторыя Шарстова, сённяшні старшыня Глеб Несцяронак. Яны працягваюць будаваць горад, у якім мараць жыць усе — і дзеці, і дарослыя. І кожны навапалачанін упэўнены, што хоць шмат чаго ўжо зроблена, самае значнае і важнае для іх горада яшчэ наперадзе.

Святлана НІКІФАРАВА.