Некалькі крокаў насустрач

- 16:00Нашы дзеці

Як часта мы загадваем жаданне і чакаем цуду? А ў Новы год асабліва спадзяёмся на ажыццяўленне мары. Так, з верай у лепшае жыве сям’я Кірыла Сачэўкі з Гродна.

У Кірыла ахондраплазія — генетычнае захворванне, пры якім назіраецца затрымка росту. Рост людзей з падобным захворваннем звычайна не перавышае 130 см у дарослым узросце. Сям’я Кірыла рашылася на шматэтапнае хірургічнае лячэнне, мэтай якога з’яўляецца падаўжэнне касцей сцёгнаў, галёнак і плячэй. Падчас першага этапу лячэння Кірылу паставілі на сцёгны апараты Ілізарава-Векліча. Хлопчыку трэба будзе насіць іх на працягу некалькіх месяцаў.

Мы не маглі застацца ўбаку і не падтрымаць Кірыла і яго сям’ю. Група кваліфікаваных педагогаў, у якую ўваходзяць два выхавальнікі, настаўнік-дэфектолаг, педагог-псіхолаг, па чарзе, два разы на тыдзень, наведваюць хлопчыка дома. Гульні-заняткі з Кірылам праводзяцца ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі і яго ўзростам. А галоўнае, што для хлопчыка захоўваецца камфортная дамашняя абстаноўка.

Сям’і, безумоўна, неабходна і матэрыяльная дапамога. Так, у яслях-садзе № 100 пад Новы год была аб’яўлена дабрачынная акцыя “Дапаможам Кірылу не быць маленькім у свеце вялікіх” па зборы грашовых сродкаў на рэабілітацыю. Мы разумеем, што заўсёды можна зрабіць хаця б нешта для чалавека, якому патрэбна дапамога, галоўнае — захацець.

Атрымаць віншаванні з Новым годам і акунуцца ў казачную атмасферу свята і весялосці Кірыл змог, наведаўшы навагодні ранішнік у нашай установе. Дзядуля Мароз пажадаў Кірылу здароўя і ўручыў падарункі. А дапоўнілі гэтае цудоўнае свята ўсмешкі сяброў.

У краіне працягваецца навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”. Яна заклікае нас дапамагчы і атуліць увагай, цеплынёй, радасцю дзяцей, якія па жыццёвых абставінах маюць у гэтым найбольшую патрэбу. Гэта яшчэ больш пераконвае, што мы на правільным шляху і робім маленькія крокі насустрач вялікім надзеям…

Вольга ЛУТЧАНКА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 100 Гродна.