Нельга дапускаць палітызацыю правоў чалавека

- 12:55Інфармацыйная гадзіна

Беларусь прыхільная да сапраўдных правоў чалавека і ніколі не дазволіць іх палітызацыю. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы 27 верасня з Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека Зейдам Раадам аль-Хусэйнам.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускі бок з вялікім задавальненнем супрацоўнічае з Упраўленнем Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. “У нас практычна няма ніякіх праблем у супрацоўніцтве з вашым офісам. Як мяне інфармавалі, апошнім часам мы паспяхова прайшлі ўніверсальны перыядычны агляд у Савеце ААН па правах чалавека”, — сказаў беларускі лідар.
Прэзідэнт запэўніў, што Беларусь будзе і далей прыхільная да сапраўдных правоў чалавека. “Але хачу шчыра сказаць: мы ніколі не дазволім, каб нам навязвалі так званыя правы чалавека і палітызавалі іх. Гэта абсалютна непрымальна, і я ведаю ваш пункт гледжання: вы ніколі не віталі палітызацыю правоў чалавека”, — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў за падтрымку беларускай ініцыятывы па барацьбе з гандлем людзьмі. “Хачу запэўніць, што мы будзем прыхільныя да гэтай палітыкі наколькі магчыма, мы будзем пашыраць яе ва ўсім свеце, але самае галоўнае, мы будзем добрым прыкладам для іншых дзяржаў у барацьбе з гандлем людзьмі”, — падкрэсліў прэзідэнт.
Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека падзякаваў кіраўніку беларускай дзяржавы за ўзаемадзеянне з офісам па шэрагу пытанняў, уключаючы барацьбу з гандлем людзьмі і праблематыку дыскрымінацыі.