Нэлі Шайнова: “Алімпіяды патрэбны, каб узняцца над сабой”

- 14:20Якасць адукацыі

“Працуеш з маладым пакаленнем — павінен быць яму цікавым, — пераканана настаўніца іспанскай мовы ліцэя Барысава Нэлі Казіміраўна Шайнова. — Дзякуючы гэтаму, я як педагог знаходжуся ў стане вечнай маладосці. Калі зразумею, што нецікавая сваім вучням, пакіну педагагічную прафесію”.

Ва ўсім вінавата Куба

Больш за 37 гадоў гэтая інтэлігентная абаяльная жанчына прысвяціла прафесіі педагога і іспанскай мове. Чаму Нэлі Казіміраўна выбрала для вывучэння рэдкую, амаль што экзатычную ў 70-я гады мінулага стагоддзя мову? Ва ўсім вінавата Куба! Героі Кубінскай рэвалюцыі Фідэль Кастра, Эрнэста Чэ Гевара і іх паплечнікі бачыліся ёй сапраўднымі рамантыкамі і адважнымі героямі, а іх мова — мілагучнай і цікавай для вывучэння.

А вось вытокі прагнага жадання быць педагогам — з дзяцінства. Мама Нэлі Казіміраўны працавала бібліятэкарам і з маленства прывіла дзяўчынцы і яе сястры любоў да чытання. А бацька ў вольны час стараўся падарожнічаць з дзецьмі і паказваць прыгажосць іншых гарадоў. Вучылася Нэлі Казіміраўна на выдатна, і хоць дзяўчынцы больш падабаліся гуманітарныя навукі, яе захапленні перыядычна мяняліся з узнікненнем у школе захопленых выкладаннем свайго прадмета настаўнікаў.

— Аднойчы ў наш 6 клас прыйшла новая настаўніца рускай мовы. Яна настолькі ўразіла прыгожай рускай гаворкай, што дома я паўтарала яе словы, уяўляючы сябе ў ролі настаўніка. Дзякуючы цікавым педагогам палюбіла фізіку і хімію, — узгадвае настаўніца.

Школьніцай Нэлі Казіміраўна не раз удзельнічала ў алімпіядах па нямецкай мове, займала прызавыя месцы і атрымлівала дыпломы. Калі паступіла ў Мінскі дзяржаўны інстытут замежных моў, іспанскую мову выбрала як асноўную, а нямецкую — як другую.

— Я нядрэнна разумею італьянскую і партугальскую мовы. Шкадую, што ў свой час не вывучыла англійскую. А вось нямецкая мова з-за адсутнасці практыкі забываецца. Але я абсалютна ўпэўнена, што закладзеныя ў дзяцінстве і маладосці веды захоўваюцца ў памяці, — пераканана настаўніца.

Мова для пазнання

30 гадоў Нэлі Казіміраўна прысвяціла вядомай у рэспубліцы барысаўскай школе № 17 з паглыбленым вывучэннем іспанскай мовы. Пасля перайшла ў ліцэй, куды яе не першы год настойліва запрашалі. З былымі калегамі настаўніца сябруе і зараз, а педагагічнай сям’ёй, якой аддала ўжо 7 гадоў, называе барысаўскі ліцэй. Таксама Нэлі Казіміраўна ўваходзіць у склад кваліфікацыйнай камісіі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі для правядзення кваліфікацыйнага экзамену для настаўнікаў.

— Замежная мова — гэта самы спрыяльны школьны прадмет, які дае магчымасць пашыраць кругагляд дзіцяці праз сувязь з іншымі прадметамі гуманітарнага цыкла — гісторыяй, жывапісам, музыкай, геаграфіяй. Дзеці разумеюць, што мова служыць для пазнання, а не з’яўляецца самамэтай. Яна патрэбна для таго, каб спасцігаць гэты свет і адчуваць сябе яго паўнавартасным складнікам, — лічыць Нэлі Казіміраўна. — Таму галоўны момант сучаснага выкладання мовы — адыход ад аўтарытарызму, ад эпохі савецкіх часоў. На маю думку, “рабі як я” — выраз-табу для любога педагога. Настаўнік павінен быць вучню партнёрам, дарадцам, фарміраваць не сяброўскія, але даверлівыя і цёплыя адносіны.

Паколькі замежная мова патрэбна перш за ўсё для зносін, галоўнае ў яе вывучэнні — камунікатыўная скіраванасць. Але між тым веданне граматыкі здаецца педагогу не менш важным аспектам. Яна не ўспрымае ўсур’ёз новыя веянні наконт таго, што гаварыць на замежнай мове можна амаль што з дапамогай адных інфінітываў. Нэлі Казіміраўна цалкам засяроджана на тым, каб знайсці залатую сярэдзіну паміж зместам школьнай праграмы, нацэленым на фарміраванне камунікатыўных зносін, і эфектыўнай падрыхтоўкай да цэнтралізаванага тэсціравання, заданні якога носяць больш граматычны характар. На яе ўроках вучні шмат дыскутуюць, адстойваюць сваё меркаванне, вядуць дэбаты. Камунікатыўныя навыкі адточваюць і праз выкананне спецыяльных граматычных заданняў, а складаную граматыку іспанскай мовы вывучаюць праз маўленне, парную і індывідуальную работу.

— Істотны плюс педагогаў-філолагаў ліцэя — невялікія моўныя групы. 3—4 чалавекі — звычайная колькасць дзяцей на маіх уроках. Атрымліваецца правесці добрую індывідуальную работу з кожным ліцэістам, якая дае свае вынікі, — заўважае Нэлі Казіміраўна.

Моўныя групы ў навучальнай установе фарміруюць, кіруючыся паспяховасцю вучняў. На ўласным вопыце настаўнікі вызначылі: калі ў адной групе прысутнічаюць дзеці з розным узроўнем падрыхтаванасці, ад гэтага ў першую чаргу пакутуе вучань, у якога больш недахопаў у ведах. Між тым настаўніца прыгадвае выпадкі са сваёй практыкі, калі некаторыя вучні, якіх немагчыма было назваць паспяховымі ў базавай школе, раскрывалі лінгвістычныя таленты ў старшых класах. Галоўнае, на думку педагога, не дзяліць дзяцей на разумных і не разумных і не забываць, што Эйнштэйн калісьці таксама быў троечнікам.

Міжмоўны эксперымент

— Некалькі гадоў назад разам з настаўніцай англійскай мовы Ірынай Міхайлаўнай Шніп мы арганізавалі для навучэнцаў філалагічнага профілю ўрок-інтэграцыю “Дзве мовы — дзве культуры”. Мерапрыемства было накіравана на развіццё лінгвістычных здольнасцей навучэнцаў супастаўляць, усталёўваць міжмоўныя сувязі англійскай і іспанскай моў у лексічным, маўленчым і граматычным аспектах, выхаванне паважлівага стаўлення да мовы як часткі культуры іншых народаў, а таксама развіццё разумення заканамернасцей маўленчых паводзін людзей, якія размаўляюць на розных мовах і прадстаўляюць розныя культуры. На час мерапрыемства навучэнцы мяняліся мовамі вывучэння: тыя, хто ведае англійскую мову, выконвалі заданні на іспанскай, а тыя, хто вывучае іспанскую, — на англійскай. Ліцэістам было прапанавана шмат заданняў: знайсці і суаднесці англійскія словы і іх рускі пераклад, іспанскія словы і іх пераклад, праслухаць аўдзіраванне, прачытаць і зразумець тэкст-пісьмо і г.д. Вынікі гэтага эксперымента вельмі ўразілі нас, педагогаў: іспанцы выступілі мацней за сваіх англамоўных таварышаў. Такім чынам, урок пацвердзіў, што іспанская мова ўсё ж з’яўляецца прамаці ўсіх раманскіх моў і лацінскія карані прысутнічаюць ва ўсіх еўрапейскіх мовах, таму, нават не ўмеючы ні прамаўляць, ні чытаць, можна зразумець іспанскую мову, — расказвае Нэлі Казіміраўна.

У хуткім часе настаўніца плануе працягнуць такія эксперыментальныя ўрокі.

Алімпіяда як прыступка

Вучні Нэлі Казіміраўны — пастаянныя дыпламанты рэспубліканскага тура алімпіяд па іспанскай мове. Нягледзячы на гэта, Нэлі Казіміраўна крытычна адносіцца да каштоўнасці перамогі і дакладна ведае, як трэба настроіць падлетка перад інтэлектуальным спаборніцтвам і пасля яго, каб захаваць у раўнавазе яго псіхічны стан і не збіць з выбранага шляху.

— На заключны этап алімпіяды прыязджаюць дзеці з бліскучымі ведамі, усе дастойны перамогі на рэспубліканскім узроўні. І толькі 40% у выніку атрымаюць дыпломы. 60%, а гэта, згадзіцеся, нямала, застануцца без узнагарод. Таму сваім алімпіяднікам ніколі не кажу: “Без дыпломаў не вяртайцеся!”, а настройваю так: “Калі ты дайшоў да апошняга этапу, ты шмат чаго даведаўся, сфарміраваўся як асоба, выпрацаваў сілу духу; галоўнае не дыплом, які ты ўрэшце можаш і не атрымаць, а тое, што ты падняўся на адну прыступку над самім сабой”. На алімпіядзе самае важнае, каб дзіця пераадолела сябе і пакінула за плячыма свае страхі, падняло сваю самаацэнку, таму што ў падлеткаў яна часцей за ўсё заніжана. Для гэтага інтэлектуальныя спаборніцтвы і патрэбны. А дыплом, калі ён ёсць, — прыемны бонус, які ні ў якім разе не павінен стаць мэтай жыцця і вучобы, — расказвае педагог. — Не менш важна вучыць дзяцей атрымліваць не толькі няўдачы, але і перамогі. Таму і тут настройваю пераможцаў спакойна: “Атрымаў узнагароду, дасягнуў мэты? Малайчына, рухайся далей”. З гэтай нагоды ўспамінаецца гісторыя, калі пасля заключнага этапу алімпіяды, які праходзіў у Полацку, мы з дзецьмі зайшлі ў Свята-Ефрасіннеўскі храм. Пасля наведвання храма і майго пажадання рухацца далей дзеці прыехалі дадому задуменныя і ціхія. Між тым усе трое сталі пераможцамі і везлі з алімпіяды дыпломы. Знаёмыя настаўнікі здзіўляліся: “Чаго яны такія ціхія? Яны ж скакаць да столі павінны!” Але ж алімпіяда не самамэта, а толькі прыступка, якая падштурхоўвае да наступнага кроку ў патрэбным напрамку. Дарэчы, для настаўніка гэта таксама прамежкавы этап, а не нагода для ўключэння сябе ў спіс геніяльных педагогаў.

У мінулым навучальным годзе вучні Нэлі Казіміраўны ўзялі два дыпломы на заключным этапе алімпіяды па іспанскай мове. Леташняя выпускніца Таццяна Пацкевіч, дзякуючы дыплому, без экзаменаў залічана ў студэнты МДЛУ. Леташняя дзесяцікласніца Ліза Батый узяла дыплом ІІ ступені.

Падзяка ад выпускнікоў

— Гадоў 15 назад чытала даследаванні вучоных, дзе гаварылася, што да 2010 года іспанская мова выйдзе на другое месца па папулярнасці пасля англійскай мовы. Здзіўлялася, смяялася і не верыла такім вучоным-вольнадумцам. Але ўсё спраўдзілася: на сённяшні дзень іспанская мова — другая па папулярнасці мова свету. Гэта пацвярджае і статыстыка лінгвістычных УВА нашай краіны: большасць студэнтаў выбірае гэтую мову ў якасці другой для навучання. Нашы выпускнікі, якія працягнулі вучобу ў лінгвістычным кірунку, не выключэнне. Я з задавальненнем ім дапамагаю, — расказвае настаўніца.

Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт пастаянна дасылае падзячныя лісты за выдатную падрыхтоўку педагогам выпускнікоў-філолагаў. Многія вучні Нэлі Казіміраўны пайшлі за сваёй настаўніцай у педагогіку, многія сталі перакладчыкамі, некаторыя дасягнулі значных поспехаў за мяжой. Нінель Шышла, Алена Гапон, Ганна Лапаціна, Настасся Мініч, Карына Шумакова, Глеб Мажэйка… Настаўніца памятае ўсіх, падтрымлівае з імі зносіны, заўсёды ў курсе іх спраў. Напэўна, у іх жыццёвых і прафесійных перамогах і хаваецца сакрэт паспяховасці Нэлі Казіміраўны.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота аўтара.