Непаўторнае свята развітання са школай

- 17:09Актуально, Апошнія запісы

Ва ўсіх школах краіны звініць апошні званок. Гэтае свята значнае для кожнага вучня. А для выпускнікоў — зусім асаблівае. Гэтая падзея падводзіць пэўную рысу, ставіць кропку ў шматгадовым вучэбным марафоне з усімі ўрокамі і перапынкамі, кантрольнымі работамі і дамашнімі заданнямі. Для ўсіх выпускнікоў гэта крыху сумны, дзесьці нават трапяткі момант развітання з роднай школай, момант уступлення ў дарослае жыццё.

Па традыцыі напярэдадні агульных урачыстых школьных лінеек адбыўся Рэспубліканскі апошні званок. Сёлета свята праходзіла ў Бабруйску. Удзельнікамі сталі каля 2 тысяч маладых людзей. Гэта лепшыя выпускнікі з усіх беларускіх рэгіёнаў, а таксама выпускнікі бабруйскіх школ.

Павіншаваць сёлетніх выпускнікоў са значным для іх святам прыйшло нямала ганаровых гасцей: прадстаўнікі мясцовай выканаўчай улады, дэпутацкага корпуса. Традыцыйна ўдзел у мерапрыемстве прыняў міністр адукацыі Ігар Карпенка.

— Рэспубліканскі апошні званок дапамагае стварыць моладзі святочны настрой, дапамагае выпускнікам у поўнай меры адчуць усю значнасць уваходу ў новае, дарослае жыццё. Перад выпускнікамі зараз адкрыты ўсе шляхі, і толькі ад іх залежыць, кім яны стануць у будучыні, як будуць жыць і працаваць на карысць нашай Радзімы, — адзначыў міністр, падкрэсліўшы, што ўспаміны пра родную школу застаюцца ў памяці кожнага назаўсёды. — Я сам успамінаю і свой апошні званок, і выпускны. Памятаю, як з аднакласнікамі мы хадзілі сустракаць світанне. Тады, выпускніком, я марыў паступіць на гістарычны факультэт у педагагічны інстытут. Гэтае жаданне спраўдзілася не адразу. Але я ўсё роўна заняўся любімай педагагічнай дзейнасцю, упарта ішоў да мары, і яна ажыццявілася. Наогул, мне здаецца, што ўсе мары, якія задумваліся падчас свят апошняга званка або выпускнога, заўсёды спраўджваюцца, калі да іх імкнуцца. Няхай і сённяшнім выпускнікам пашчасціць, — пажадаў Ігар Васільевіч.

Рэспубліканскі апошні званок пачаўся з цырымоніі ўскладання кветак да мемарыяла героям Вялікай Айчыннай вайны на бабруйскай плошчы Перамогі. Пасля выпускнікі ўрачыста прайшлі па вуліцах горада да “Бабруйск-Арэны”, дзе для іх адбылася святочная лінейка.

Міністр адукацыі зачытаў для юнакоў і дзяўчат прывітальнае слова ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі: “Дарагія выпускнікі, вось і настаў дзень развітання са школай. Здаецца, толькі ўчора вы пераступілі яе парог, а ўжо сёння робіце першыя крокі ў дарослае жыццё. Непрыкметна праляцелі гэтыя гады для бацькоў, якія эмацыянальна пражылі іх разам з вамі, для настаўнікаў, якія ўпусцілі вас у сваё сэрца.
І ўсё, што перажыта: першыя каханне і сяброўства, расчараванні і пераадоленні — застанецца з вамі як самыя светлыя ўспаміны. Наперадзе час усвядомленых самастойных рашэнняў. Трэба будзе зразумець сваё прызначэнне, знайсці прымяненне талентам і здольнасцям, настроіцца на складаны, але цікавы перыяд навучання прафесіі, ад паспяховасці якога будзе залежаць і ваш асабісты дабрабыт, і будучыня роднай Беларусі. Перакананы, што вы зробіце правільны выбар, здолееце ўвасобіць у жыццё высакародныя мары, увойдзеце ў гісторыю краіны як пакаленне стваральнікаў. Жадаю вам на гэтым шляху не разгубіць лепшую спадчыну старэйшых пакаленняў, захаваць юнацкі запал і ўпартасць у дасягненні пастаўленых мэт”.

Апраўдаць такія спадзяванні кіраўніцтва краіны ў хлопцаў і дзяўчат несумненна атрымаецца. Усе запрошаныя на святочнае мерапрыемства юнакі і дзяўчаты за свае школьныя гады дасягнулі высокіх поспехаў у вучобе, творчасці, спорце, грамадскім жыцці. Многія з іх з’яўляюцца пераможцамі міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, прэстыжных спартыўных спаборніцтваў і турніраў, розных творчых конкурсаў.

Так, выпускніца сярэдняй школы № 21 Оршы Ксенія Шастакова з’яўляецца ўладальніцай залатых медалёў Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіяды па матэматыцы, Еўрапейскай матэматычнай алімпіяды для дзяўчат, пераможцай заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Матэматыка”. Выпускнік гімназіі-інтэрната Мядзела Андрэй Маліноўскі — дыпламант заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Інфарматыка”, пераможца рэспубліканскага конкурсу JuniorSkills Belarus, міжнародных маладзёжных робататэхнічных спаборніцтваў. Выпускніца гімназіі № 5 Віцебска імя І.І.Люднікава Ксенія Захаранка з’яўляецца кандыдатам у майстры спорту па лыжных гонках, шматразовым чэмпіёнам краіны ў гэтым відзе спорту, пераможцай Алімпійскіх дзён моладзі сярод юніёраў.

Сур’ёзна займаецца спортам і выпускніца сярэдняй школы № 45 Магілёва Лізавета Карабцова. Сёлета дзяўчына стала пераможцай заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”.

— Са спортам планую звязаць і будучую прафесію. Ад свята вельмі шмат станоўчых эмоцый. Але недзе і сумна, бо неяк незаўважна надышоў час развітацца са школай, — падзялілася Лізавета.

А вось выпускніцы сярэдняй школы № 10 Светлагорска Ірына Шыкалава і Вілорыя Зялёная захапляюцца рэжысурай, пішуць аўтарскія тэксты. Дзяўчаты з’яўляюцца пераможцамі шэрага рэспубліканскіх творчых конкурсаў і плануюць працягваць займацца творчасцю далей.

— Сённяшняе свята сустракаем у тым ліку і з нейкім трапятаннем. Напэўна, таму, што разумеем: заканчваецца вельмі важны жыццёвы этап. Але ёсць і радасць, бо пачынаецца дарослае жыццё. І мы смела ў яго ўступаем, бо нашы педагогі добра нас да гэтага падрыхтавалі. Мы вельмі ўдзячныя ім за ўсе адзінаццаць школьных гадоў. Без нашых настаўнікаў мы б не сталі такімі, якія ёсць, — выказаліся выпускніцы.

Гэтыя хлопцы і дзяўчаты, пасталелыя, самастойныя, ужо цалкам гатовыя адправіцца ў вялікае плаванне па рацэ жыцця. Яны ведаюць, чаго хочуць, плённа працуюць над дасягненнем пастаўленых задач і ўжо маюць шмат высокіх поспехаў. Гэтыя поспехі былі адпаведна адзначаны. Лепшыя выпускнікі атрымалі дыпломы і сувеніры ад Міністэрства адукацыі. Юнакоў і дзяўчат узнагароджвалі па чатырох намінацыях: “Інтэлект”, “Чэмпіён”, “Талент” і “Лідар”. Адметна, што падчас свята ўзнагароды і падзякі знайшлі таксама выбітных настаўнікаў.

Заканчэннем афіцыйнай часткі свята стала гучанне апошняга званка і развітальны школьны вальс. Прыгажуні дзяўчаты ў элегантных сукенках і галантныя юнакі ў класічных касцюмах кружыліся ў парах пад павольныя гукі музыкі. Пэўны сум чытаўся ў гэты час у вачах выпускнікоў, бо яны больш ніколі не сядуць за школьныя парты, не вернуцца ў дзяцінства. Але была ў іх поглядзе і накіраванасць у будучыню, поўную надзей.

Пасля ўрачыстай лінейкі для выпускнікоў былі арганізаваны яркая канцэртная праграма і дыскатэка. Усё свята прайшло ў асаблівай атмасферы, пакінула ў кожнага з удзельнікаў толькі станоўчыя ўражанні. Мерапрыемства сапраўды атрымалася непаўторным, урачыстым, кранальным. Без сумненняў, яно запомніцца ўсім выпускнікам на доўгія гады. 

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара і Алега ФАЙНІЦКАГА, БелТА.