Непаўторная Жывіца

- 11:11Людзі адукацыі

У наш імклівы і стрэсавы час рэдка сустрэнеш чалавека, у якога няма прэтэнзій да жыцця. Чалавека, які са шчымлівай любоўю глядзіць навокал і дзякуе кожнаму дню як новаму адкрыццю ці падарунку. Чалавека, які настолькі адданы выбранай справе, што ў іншым вобразе ўжо не ўяўляецца.

Мне пашчасціла: такой асобай з’яўляецца мая калега Галіна Уладзіміраўна Румак — педагог, творца, даследчык, краязнавец, паэтэса і проста цудоўная жанчына. Яна Жывіца. І гэта не проста дараванае лёсам мілагучнае дзявочае прозвішча, якім настаўніца падпісвае свае паэтычныя творы. Гэта глыбокае паняцце, што так трапна адпавядае яе неардынарнай асобе.

Асаблівая, шчымлівая любоў да ўсяго нацыянальнага, роднага, беларускага ў Галіны Уладзіміраўны, безумоўна, з дзяцінства, якое прайшло на ляхавіцкай зямлі ­Брэсцкай вобласці. Настаўніца з удзячнасцю ўспамінае сваіх мудрых і таленавітых бацькоў, простых сялянскіх працаўнікоў, якія прывівалі дзецям павагу да зямлі і школьнай навукі, любоў да музыкі і паэзіі, жаданне жыць у згодзе з людзьмі і самімі сабой. Ды і пры выбары прафесіі ў маладой Галіны Жывіцы не было ваганняў — толькі настаўнік!

Педагагічны шлях Галіны Уладзіміраўны вельмі цікавы, і для яго апісання не хопіць цэлай кнігі. Але мне хочацца спыніцца на яе працы ў Бераставіцкім раёне, які стаў для настаўніцы другой радзімай. Звыш 30 гадоў яна жыве ў родных ужо Масалянах. Выкладаючы родную мову і літаратуру, яна ўмела прывівае вучням любоў да беларускага слова і гістарычнага мінулага, развівае ў выхаванцаў тэатральныя і паэтычныя здольнасці, дапамагае вясковым дзецям паверыць у сябе. З яе лёгкай рукі гэтыя сціплыя хлопчыкі і дзяўчынкі не раз з гонарам прадстаўлялі сябе і сваю малую радзіму на падмостках не толькі раёна і вобласці, але і рэспублікі. Калі ж масалянскую школу зрабілі пачатковай, настаўніца была запрошана ў суседнюю алекшыцкую. Яе педагагічнае крэда вельмі трапна перадаюць вершаваныя радкі з паслання да настаўнікаў раёна:

Калегі, пакіньма пустыя турботы:
Паперкі, праверкі, працэнты, згрызоты,
Каб з вернай дарогі часам не збочыць,
Часцей заглядайма ў дзіцячыя вочы!

Працуючы разам, я не раз заўважала ў Галіне Уладзіміраўне ярка выяўленае пачуццё адказнасці за сваю нацыянальную гістарычную спадчыну і задавалася пытаннем: адкуль у простага вясковага педагога такая цікавасць да мінулага малой радзімы? Напэўна, з таго ж вясковага дзяцінства, з педагагічнай апантанасці, з непадробленай любові да жыцця, да якога ў яе няма прэтэнзій.

Галіна Уладзіміраўна Румак вядома на Бераставіччыне як выдатны краязнавец. Разам з не адным пакаленнем сваіх вучняў яна даследуе і вывучае гісторыю роднага краю, каб пакінуць памяць нашчадкам. Цікавы краязнаўчы матэрыял яна знаходзіць у старажылаў мясцовасці, у архівах Гродзеншчыны і ўсёй Беларусі, у літаратуры, у тым ліку ў раённай кнізе “Памяць”. З­пад яе пяра ў 2014 годзе выйшла кніга “Масаляны праз смугу стагоддзяў”, якая апавядае пра гісторыю мястэчка.

Вялікай удачай Галіны Уладзіміраўны і яе юных даследчыкаў можна лічыць вызначэнне месца нараджэння сусветна вядомага ўсходазнаўца Восіпа Міхайлавіча Кавалеўскага, бацька якога, Міхаіл Антонавіч Кавалеўскі, некалі служыў настаяцелем у мясцовай уніяцкай царкве. Краязнаўчы матэрыял настолькі зацікавіў пецярбургскіх вучоных з Інстытута ўсходніх рукапісаў Расійскай акадэміі навук, што ў верасні 2018 года Г.У.Румак разам са сваім вучнем Серафімам Гмірам пабывала на І Кавалеўскіх чытаннях у Казані, там яны прадставілі работу “У пошуках малой радзімы В.М.Кавалеўскага (па матэрыялах яго святарскага роду з царкоўных архіваў)”. А днямі дапоўненая даследчая работа пра знакамітага земляка была прадстаўлена вучнем 10 класа Уладзіславам Курчыцкім на абласным этапе канферэнцыі “Крышталёвая альфа” і атрымала найвышэйшую ацэнку журы.

Галіна Уладзіміраўна вельмі творчая натура. Яна ўлюбёна ў музыку, паэзію настолькі, што сэрцам піша паэтычныя шэдэўры пра родныя мясціны, школу і калег, сястрычак­жывічак, хараство жыцця. Творы яе поўныя светлай дабрыні, непадробленай чуласці, жаночай прыгажосці. Яны напісаны такой каларытнай беларускай мовай, што цвёрда верыш: гэта не толькі настаўніца, гэта Жывіца­паэтэса, якая смакуе кожны вершаваны радок. Вершы Галіны Уладзіміраўны ўвайшлі ў зборнік “Вачыма берасцянкі” (2011) і даступныя шырокаму колу чытачоў. З яе лёгкай рукі традыцыйным стаў на Бераставіччыне адкрыты раённы фестываль паэзіі “Масалянскія салаўі”, які збірае паэтаў Гродзеншчыны, дае штуршок пачынаючым творцам. У 2018 годзе настаўніца стала пераможцай на паэтычным фестывалі “Паэзія — рух душы”.

Сёння ў Галіны Уладзіміраўны многа педагагічных і творчых задум і планаў. Але яна нічога ні ад каго не чакае — сама плануе, сама вырашае, актыўна друкуецца. Па яе ініцыятыве ў школе створаны музейны куток “Алекшыцы: вытокі і спадчына”. Калі настаўніца як класны кіраўнік право­дзіць выхаваўчае мерапрыемства, яно заўсёды прасякнута нацыянальным каларытам. З куфраў дастаюцца сабраныя за многія гады беларускія касцюмы, а школа напаўняецца вясёлымі прыпеўкамі і гудзе ад развучвання народных танцаў “Полька” і “Лявоніха”. Паэтычны і краязнаўчы багаж настаўніцы — не­ацэнная падмога ва ўстанове адукацыі. Гэтыя матэрыялы ўмела ўплятаюцца ў штодзённы адукацыйны працэс і робяць яго незвычайным.

Галіна Уладзіміраўна не саромеецца беларускай мовы, а адметна рэкламуе яе. На­прыклад, увайшоўшы ў гарадскі транспарт, яна з хітрынкай пытае: “Жанчынкі, а дзе тут магазін, у якім вопратку прадаюць?” На прэтэнзіі каго­небудзь з калег да маладога пакалення, валодаючы багатым жыццёвым вопытам, разважыць: “Дзяўчаткі, даруйце маладосці!” Яна так адказна ставіцца да “пасады” бабулі, што летам з шасцю ўнукамі нават канцэрт да прыезду бацькоў падрыхтуе.
А калі смутак атуліць або радасць увысь рвецца, Галіна Уладзіміраўна бярэ ў рукі гітару… І льюцца чароўныя гукі яе аксамітнага голасу пра прыгажосць жыцця, любоў да людзей, шчасце адчуваць сябе часцінкай сусвету. А ў душы нараджаюцца радкі пра “сны на дасвецці”, “восень, што танцуе фламенка”, “душэўную суладнасць”, “крыніцу настаўніцкай сілы і шчасця”. Напэўна, гэта ўсё завецца жыццём, якое стварае для сябе і для нас непаўторная Галіна Жывіца.

Святлана КУРЫЛА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алекшыцкай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна.