Несуцэльныя тэксты: фарміруем функцыянальную адукаванасць малодшых школьнікаў

- 17:11Образование

У сваёй педагагічнай дзейнасці Святлана Емельяновіч адштурхоўваецца ад уменняў ХХІ стагоддзя — лагічна думаць і разважаць, пісьменна і выразна фармуляваць думкі, рабіць правільныя высновы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Кожны павінен мець здольнасць да аналізу разнастайных вучэбных сітуацый. Таму акцэнт у сваёй дзейнасці раблю на фарміраванні функцыянальнай адукаванасці малодшых школьнікаў з дапамогай выкарыстання несуцэльных тэкстаў. Распрацоўваю адпаведныя заданні, сярод якіх — інтэрактыўныя практыкаванні і віктарыны, заданні на ўважлівасць, гульня “Чацвёрты лішні”, калі дзецям неабходна даказаць сваё меркаванне ў выбары несуцэльнага тэксту. У рабоце над ім выкарыстоўваю выбарачнае чытанне, вучу выбіраць важную інфармацыю, звяртаючы ўвагу на рэальную жыццёвую сітуацыю. Спачатку знахо­дзім інфармацыю, потым інтэрпрэтуем яе, пасля асэнсоўваем, ацэньваем і робім высновы, зыходзячы з кантэксту, — адзначыла настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 8 Ліды імя В.Ф.Казакова Святлана Емельяновіч.

Несуцэльныя тэксты — гэта тэксты, што спалучаюць у сабе некалькі крыніц інфармацыі, з якімі навучэнцы часцей за ўсё сус­тракаюцца ў рэчаіснасці. Да несуцэльных тэкстаў адносяць графікі, дыяграмы, схемы, табліцы, геаграфічныя карты, розныя планы (памяшканняў, мясцовасці, збудаванняў).

Святлана Віктараўна заўсёды звяртае ўвагу на зноскі, зорачкі, дадатковыя даныя, якія вучаць працаваць з няяўнай, схаванай інфармацыяй. Яна дапамагае ўстанаўліваць прычынна-выніковыя сувязі.

— Па прапанаваных схемах і табліцах прашу дзяцей даваць разгорнутыя, поўныя адказы як у вуснай, так і ў пісьмовай форме, што дазваляе ацаніць, наколькі дакладна перададзена інфармацыя. Разгорнутыя адказы спрыяюць больш усвядомленаму ўспрыманню, разуменню, а значыць, і якаснаму засваенню вучэбнага матэрыялу. Несуцэльныя тэксты фарміруюць уважлівага чытача, паспяховага навучэнца, спрыяюць развіццю ў дзяцей навыкаў работы з інфармацыяй у розных фарматах, дапамагаюць ім знаходзіць ключавыя даныя, супастаў­ляць іх і ўжываць у штодзённых сітуацыях, — лічыць Святлана Віктараўна.

Каб навучэнцы ўмелі карыстацца атрыманымі ведамі ў рэальным жыццёвым асяроддзі і былі функцыянальна адукаванымі, педагог выкарыстоўвае некалькі падыходаў. Яна стараецца рабіць заданні максімальна практычнымі і набліжанымі да штодзённых сітуацый. Гэта дапамагае дзецям зразумець, як веды з падручнікаў могуць спатрэбіцца ім за межамі школы.

Асаблівую ўвагу педагог удзяляе развіццю крытычнага мыслення. З вучнямі абмяркоўваюцца розныя жыццёвыя сітуацыі, разглядаюцца праблемы з розных пунктаў гледжання і шукаюцца рашэнні. Святлана Віктараўна вучыць дзяцей супастаўляць розныя крыніцы інфармацыі, аналізаваць іх дакладнасць і рабіць высновы, уключае ў вучэбны працэс мастацкія, навуковыя, публіцыстычныя і несуцэльныя тэксты, што спрыяе развіццю гнуткасці мыслення.

Паступова настаўніца ўскладняе заданні з павелічэннем аб’ёму тэксту або даных, што дазваляе дзецям адаптавацца да вялікіх патокаў інфармацыі, вучыцца вылучаць галоўнае. Выкарыстанне схем, дыя­грам або табліц для структуравання інфармацыі дапамагае візуалізаваць вялікія аб’ёмы даных і разумець, што ў іх галоўнае. Святлана Віктараўна арганізоўвае абмеркаванне прачытаных тэкстаў, задае адкрытыя пытанні, каб заахвоціць дзяцей выказваць свой пункт гледжання і зрабіць высновы.

Педагог выкарыстоўвае практыка-арыентаваныя задачы, звязаныя з рэальнымі жыццёвымі сітуацыямі (напрыклад, разлікі ў магазіне, планаванне бюджэту ці паездкі). Пры стварэнні практыка-арыентаваных заданняў важна ведаць, што ўсе паняцці, якія выкарыстоўваюцца ў іх, павінны быць даступнымі для навучэнцаў, трэба ўлічваць іх узроставыя і псіхалагічныя асаблівасці.

Настаўніца фарміруе ў вучняў навык суп­рацоўніцтва (вучыць працаваць у групе, пары), павагу да меркавання іншых і ўменне вырашаць канфлікты мірным шляхам.

— Групавыя заданні вучаць дзяцей узаемадзейнічаць, дзяліцца ідэямі і дапама­гаць адно аднаму. Важна, каб навучэнцы адчувалі, што іх уклад у агульную справу каштоўны. Гэта развівае навыкі зносін і каманднай работы, — заўважыла Святлана Віктараўна.

Акрамя таго, яна заўсёды імкнецца ствараць на ўроках атмасферу даверу і адкрытасці, каб кожны навучэнец мог свабодна выказваць свае думкі і не баяцца памылак.

— Выкарыстанне такіх падыходаў у навучанні дапамагае рабіць адукацыйны працэс больш цікавым і займальным, паляп­шае камунікацыю з маімі навучэнцамі, бо навучанне будуецца на пастаянным абмеркаванні і зваротнай сувязі. Мае вучні сталі больш упэўненымі ў сваіх здольнасцях і ведах, больш зацікаўленымі ў чытанні і навучанні. Дзеці вучацца знаходзіць рашэнні праблем і прымяняць атрыманыя веды на практыцы, — рэзюмавала педагог.

 Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА