У Мінску на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі адбылося чарговае сумеснае пасяджэнне калегій міністэрстваў адукацыі Беларусі і Расійскай Федэрацыі з выкарыстаннем анлайн-трансляцыі. Частка расійскіх калег, членаў калегіі Міністэрства адукацыі і навукі на чале з міністрам Д.В.Ліванавым мелі магчымасць выказацца з дапамогай анлайн-рэжыму па галоўнай тэме сустрэчы, якая тычылася развіцця агульнай адукацыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы і вызначэння сумесных перспектыўных напрамкаў па паглыбленні інтэграцыі ў сферу адукацыі, навукі і маладзёжнай палітыкі. У нарадзе прымаў удзел дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Р.А.Рапота. Старшынстваваў на сумесным пасяджэнні калегій міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь С.А.Маскевіч.
— Прайшоў толькі год з таго часу, як мы сустракаліся ў Маскве на папярэднім сумесным пасяджэнні, але зроблена ўжо многа, і нам ёсць чым ганарыцца, — пачаў пасяджэнне Сяргей Аляксандравіч Маскевіч. — Мы назіраем імклівую станоўчую дынаміку ў нашых адносінах, і гэта вельмі важна для абедзвюх краін. Нашы сістэмы адукацыі з кожным годам развіваюцца, мы сталі больш узаемадзейнічаць у абмеркаванні надзённых пытанняў у розных фарматах не толькі на ўзроўні нашых міністэрстваў, але і на ўзроўні непасрэдна навучальных устаноў, педагагічных калектываў, саміх навучэнцаў.
Сапраўды, паміж нашымі краінамі даўно ўсталяваліся дзелавыя і сяброўскія адносіны ва ўсіх сферах. Той невычэрпны патэнцыял супрацоўніцтва, які назапашваўся ў нашых краінах стагоддзямі, сёння павінен быць выкарыстаны на развіццё Саюзнай дзяржавы, на пашырэнне яе агульнай адукацыйнай прасторы.
На працягу апошніх гадоў абедзве краіны цесна супрацоўнічаюць па павышэнні якасці навучання на ўсіх узроўнях адукацыі, у падрыхтоўцы педагагічных кадраў, у выпрацоўцы адзіных напрамкаў у выхаваўчай рабоце. Істотна пашырылася геаграфія рэгіянальнага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі, павялічылася колькасць лакальных праектаў непасрэдна паміж навучальнымі ўстановамі. Улічваецца сумесны вопыт ва ўдасканаленні заканадаўства ў сферы адукацыі.
— Рэгулярны сумесны разгляд актуальных пытанняў дазваляе нам не толькі аналізаваць існуючыя тэндэнцыі ў развіцці нашых адукацыйных галін, але і дастаткова аператыўна рэагаваць на рэаліі сённяшняга жыцця, на міжнародныя тэндэнцыі з мэтай павышэння канкурэнтаздольнасці нашых спецыялістаў на працоўным рынку, у тым ліку на рынку Саюзнай дзяржавы, — адзначыў С.А.Маскевіч. — Таму новы віток нашых адносін павінен не абмяжоўвацца ўжо існуючымі напрамкамі ўзаемадзеяння, а дапаўняцца новымі праектамі. Нашы міністэрствы павінны ствараць самыя спрыяльныя ўмовы для таго, каб супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй з кожным годам імкліва развівалася на карысць Саюзнай дзяржавы.
У анлайн-выступленні Д.В.Ліванаў цалкам пагадзіўся з пазіцыяй кіраўніка галіновага міністэрства Беларусі і пацвердзіў, што новыя праекты з беларускімі калегамі зацверджаны ў планах галіновага міністэрства Расіі.
— За апошні год нашымі краінамі было зроблена вельмі шмат у фарміраванні агульнай адукацыйнай і навукова-тэхналагічнай прасторы, — адзначыў Дзмітрый Віктаравіч. —
Перш-наперш гэта тычыцца развіцця інтэлектуальных, навуковых даследаванняў дзвюх краін, стварэння сучасных навукаёмістых вытворчасцей для інавацыйных эканомік. Сёння неабходна ўзнаўленне тэматыкі навуковых праектаў, выпрацоўка новых падыходаў па далучэнні да нашага супрацоўніцтва іншых галін, бізнес-таварыстваў, што дазволіла б дасягнуць больш істотных вынікаў.
Не менш важнае месца займае ў развіцці агульнай адукацыйнай прасторы фарміраванне адзінай маладзёжнай палітыкі, якая, па сутнасці, з’яўляецца складнікам забеспячэння далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы.
Як адзначыў Д.В.Ліванаў, актыўнае далучэнне моладзі да развіцця Саюзнай дзяржавы закладвае трывалы фундамент у развіццё ўсебаковага ўзаемадзеяння паміж нашымі краінамі, паглыблення інтэграцыі, больш цеснага супрацоўніцтва паміж адукацыйнымі галінамі і непасрэдна паміж міністэрствамі.
— Гэтыя падыходы знайшлі адлюстраванне і ў Канцэпцыі сацыяльнага развіцця Саюзнай дзяржавы на найбліжэйшыя пяць гадоў, — адзначыў В.А.Богуш, першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь. — У апошні час былі зроблены важныя крокі ў мадэрнізацыі нацыянальных сістэм адукацыі абедзвюх краін. А пры ўдасканаленні нацыянальных заканадаўстваў у якасці прыярытэтаў застаецца спрашчэнне доступу грамадзян нашых краін у атрыманні адукацыі. Так, у прыватнасці, у бягучым годзе ў Беларусі праведзена работа па ўдасканаленні правіл прыёму ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, дзеянне якіх без выключэння распаўсюджваецца і на грамадзян Расійскай Федэрацыі, якія выказалі жаданне вучыцца ва ўстановах адукацыі нашай краіны.
Па словах першага намесніка міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь В.А.Богуша, важнай асаблівасцю развіцця сістэм адукацыі Беларусі і Расіі з’яўляецца забеспячэнне супастаўнасці зместу адукацыі на ўсіх яе ўзроўнях. Сістэмы дашкольнай адукацыі Беларусі і Расіі грунтуюцца на адзіных падыходах па развіцці дашкольнікаў, маюць адзіныя метады і прыёмы ў іх выхаванні і навучанні. Склаліся агульныя падыходы да зместу агульнай сярэдняй адукацыі і яе структуры, для якой характэрны тры ступені.
Першы намеснік міністра адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі Н.У.Траццяк заявіла, што сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі дзвюх краін сёння сінхранізаваны. У наступным годзе будзе праведзены маніторынг найбольш эфектыўных механізмаў забеспячэння роўнай даступнасці вышэйшай адукацыі для школьнікаў Беларусі і Расіі, у прыватнасці будуць прааналізаваны вынікі і парадак правядзення ЦТ у Беларусі і АДЭ ў Расійскай Федэрацыі. У Расіі разглядаецца пытанне стварэння пунктаў здачы АДЭ на тэрыторыі Беларусі і ЦТ на тэрыторыі Расіі.
Цеснымі з’яўляюцца зносіны паміж краінамі ў сферы прафесійнай адукацыі, асноўнымі напрамкамі якіх сталі падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі кадраў, нарматыўнае і навукова-метадычнае забеспячэнне прафесійнай адукацыі, выпрацоўка механізмаў прасоўвання вучэбных выданняў і электронных адукацыйных рэсурсаў, распрацаваных і выдадзеных у Беларусі, для навучальных устаноў сярэдняй прафесійнай адукацыі Расійскай Федэрацыі і наадварот.
Шмат робіцца паміж краінамі і ў напрамку павышэння іміджу прафесійнай адукацыі сярод моладзі, удасканалення выхаваўчай работы і сацыялізацыі маладых людзей. Як адзначыў В.А.Богуш, сёння неабходна арганізацыя эксперыментальных пляцовак па апрабацыі прыёмаў прафесійнага навучання, стварэнне базы даных перадавых выхаваўчых практык, сумеснага інфармацыйнага рэсурсу, прысвечанага пытанням падрыхтоўкі кадраў ва ўстановах прафесійнай адукацыі і фарміравання кваліфікацый у Беларусі і Расіі.
А.А.Клімаў, намеснік міністра адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі, адзначыў, што ёсць чаму павучыцца ў беларускіх калег у сферы прафесійнай адукацыі. Гэта пацвердзіў і міністр адукацыі і навукі Расіі Д.В.Ліванаў, які нядаўна наведаў Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі Беларусі і непасрэдна прафесійна-тэхнічны каледж, які рыхтуе кадры для машынабудаўнічай галіны. Асабліва істотныя здабыткі беларусы маюць у метадалагічным і метадычным забеспячэнні прафесійнай адукацыі, у выдавецкай дзейнасці нацыянальных падручнікаў і дапаможнікаў. Істотны вопыт мае РІПА і ў павышэнні кваліфікацыі выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання ўстаноў прафесійнай адукацыі, які ў поўным аб’ёме выкарыстоўваецца і расіянамі. Менавіта ў ходзе візіту Д.В.Ліванава прагучала прапанова аб аб’яднанні некалькіх каледжаў Беларусі і Расіі для рэалізацыі праектаў па тым ці іншым кірунку. Першай стала тэма па энергазберажэнні. Акрамя яе, можна ў далейшым узяць праект па мехатроніцы і па іншых кірунках.
Сёння каардынацыя супрацоўніцтва на ўзроўні прафесійнай адукацыі забяспечваецца ў рамках створанай Асацыяцыі Саюза дырэктараў прафесійнай адукацыі Расіі і Савета дырэктараў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Патрабуюць гарманізацыі падыходы, звязаныя з распрацоўкай нацыянальнай сістэмы кваліфікацый (нацыянальнай рамкі кваліфікацый). Гэта тычыцца прафесійных стандартаў, класіфікатараў прафесій і інш. Як адзначыў А.А.Клімаў, сёння ў Расіі актыўна вядзецца распрацоўка прафесійных стандартаў. Разам з Міністэрствам працы сістэма адукацыі Расіі імкнецца сфармуляваць заказ работадаўцаў на кадры праз прафесійныя стандарты, каб у далейшым кваліфікацыя выпуснікоў устаноў прафесійнай адукацыі цалкам адпавядала патрабаванням вытворчасці.
Дасягненне высокага ўзроўню прафесійнай падрыхтоўкі рабочых кадраў і спецыялістаў расіяне звязваюць з правядзеннем міжнародных спаборніцтваў, такіх як “WorldSkills”. Таму з’яўляецца актуальнай арганізацыя сумеснай работы па ўдасканаленні якасці падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў на аснове міжнарожнага вопыту. Сумесныя дзеянні ў гэтым кірунку дзвюх краін дазволяць знайсці новыя падыходы ў падрыхтоўцы менавіта тых кадраў, якія б адпавядалі запытам сучаснай эканомікі.
— “WorldSkills” — гэта рух, які дазваляе актуалізаваць пытанне кадравага забеспячэння нашых эканомік, узнавіць працоўныя рэсурсы краін больш кваліфікаванымі кадрамі, наладзіць больш надзейны мост з заказчыкамі кадраў, а на міжнародным узроўні вызначыць якасць навучання на фоне сусветных міжнародных тэндэнцый, — адзначыла Н.М.Залатарова, дырэктар Дэпартамента дзяржаўнай палітыкі ў сферы падрыхтоўкі рабочых кадраў і дадатковай прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі. — Таму мы ставім задачу разам з беларускімі калегамі, а таксама з іншымі краінамі СНД арганізоўваць макрарэгіянальныя чэмпіянаты такога ж кшталту. Плануецца правесці першы чэмпіянат ужо ў наступным годзе, які будзе арганізаваны ў фармаце “WorldSkills”. Акрамя навучэнцаў, у спаборніцтве могуць удзельнічаць маладыя рабочыя, якія ўжо працуюць на вытворчасці.
Традыцыйна моцныя кантакты нашых краін існуюць на ўзроўні вышэйшай адукацыі. У цэлым вытрымліваюцца паміж двума бакамі ўзгодненыя падыходы да зместу і тэрмінаў атрымання вышэйшай адукацыі, забяспечваецца прызнанне дакументаў аб адукацыі. Установы вышэйшай адукацыі дзвюх краін праводзяць работу па рэалізацыі сумесных адукацыйных праграм па падрыхтоўцы кадраў у сферы менеджменту, эканомікі, сацыяльных навук, міжнародных адносін і інш. Ідзе рэалізацыя праектаў па кропкавай падрыхтоўцы спецыялістаў у ВНУ Расіі па навукаёмістых спецыяльнасцях, а таксама для аб’ектаў ядзернай энергетыкі. Развіваецца супрацоўніцтва па пытаннях падрыхтоўкі інжынерных кадраў. Важную ролю па арганізацыі сумеснай падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй адыгрывае Беларуска-Расійскі ўніверсітэт. У самы бліжэйшы час з бюджэту Саюзнай дзяржавы будзе выдзелена істотная сума на развіццё гэтага праекта.
У прапановах Міністэрства адукацыі Беларусі адзначалася, што неабходна распрацоўка рамачнай мадэлі гарманізацыі адукацыйных стандартаў вышэйшай адукацыі Беларусі і Расіі, удасканаленне сістэм менеджменту якасці ВНУ, распрацоўка вучэбна-праграмнай дакументацыі, нарматыўнае прававое рэгуляванне сістэм вышэйшай адукацыі.
Плённа вядзецца сумеснае навуковае супрацоўніцтва. Універсітэты Рэспублікі Беларусь падтрымліваюць партнёрскія адносіны ў сферы навуковага і навукова-тэхнічнага ўзаемадзеяння з навуковымі арганізацыямі і вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Расійскай Федэрацыі. Заключана звыш 480 дагавораў. Навукова-тэхнічная прадукцыя, якая распрацоўваецца ў беларускіх ВНУ, мае шырокі спектр прымянення.
Рэктар БНТУ Б.М.Хрусталёў паведаміў, што менавіта вышэйшая школа павінна стаць асновай інтэграцыі адукацыі, навукі і вытворчасці з выхадам на рэальны сектар эканомікі. Знамянальнай падзеяй у гэтым кірунку стала правядзенне нядаўна ў БНТУ пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі III форуму праектаў Саюзнай дзяржавы сярод ВНУ інжынерна-тэхналагічнага профілю, дзе былі прадстаўлены навукова-тэхнічныя праграмы Саюзнай дзяржавы, а таксама перспектыўныя праекты і напрамкі, якія могуць быць рэалізаваны ў рамках сумесных міжуніверсітэцкіх сувязей.
Важным аспектам павінна стаць забеспячэнне беларуска-расійскага супрацоўніцтва па падтрымцы таленавітай моладзі ў галіне адукацыі, навукі і інавацыйнай дзейнасці. З улікам гэтага сёння праводзіцца работа па рэалізацыі праектаў у галіне стварэння сумеснай інавацыйнай інфраструктуры Саюзнай дзяржавы, Беларуска-расійскага маладзёжнага інавацыйнага цэнтра, які выступае ў якасці каардынатара і вызначае ключавыя кірункі сумеснай дзейнасці.
Як адзначыў Б.М.Хрусталёў, у абедзвюх краінах пакуль яшчэ не рэалізаваны цалкам умовы па стварэнні эксперыментальна-вытворчых інавацыйных прадпрыемстваў, дзе таленавітыя студэнты, маладыя вучоныя маглі ўвасобіць свае навуковыя амбіцыі ў канкрэтны інавацыйны прадукт. Дапамогу ў гэтым маглі б аказаць органы дзяржаўнага кіравання Беларусі і Расіі ў рамках Саюзнай дзяржавы і пры падтрымцы маладзёжнага інавацыйнага прадпрымальніцтва. Было б мэтазгодным выкарыстаць фінансавыя сродкі саюзнага бюджэту на прадастаўленне грантаў на распрацоўку інавацыйных праектаў. Акрамя таго, важным кірункам сумеснай дзейнасці з’яўляецца стварэнне адзінай інфармацыйнай платформы для ўстаноў адукацыі дзвюх краін. Гэта задача з’яўляецца шматаспектнай, і сёння ўжо можна пачаць работу па стварэнні сістэмы доступу да электронных рэсурсаў нашых ВНУ і аб’яднанні электронных бібліятэк. Гэта вельмі важна, таму што электронны патэнцыял ВНУ павінен быць выкарыстаны для аналізу выніковасці навукова-даследчай дзейнасці, што дазволіць фарміраваць базу аналітычных матэрыялаў аб стане навуковых даследаванняў і распрацовак супрацоўнікаў у рамках Саюзнай дзяржавы.
Сёння ў Расіі фарміруецца карта расійскай навукі, а ў Беларусі гэтая работа знаходзіцца на пачатковай стадыі. Аднак сумеснымі намаганнямі можна было б праз некалькі гадоў сфарміраваць карту навукі Саюзнай дзяржавы, што вельмі значна для вырашэння агульных эканамічных пытанняў. Акрамя таго, можна выйсці на стварэнне адзінага блока індэкса навуковага цытавання. Да гэтага блока далучацца і іншыя краіны, што забяспечыць выхад на міжнародную адукацыйную і навуковую прастору.
Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі А.Г.Шумілін паведаміў, што Беларусь і Расія скіраваны на рэалізацыю 17 новых навуковых праектаў. Яны тычацца бія- і нанатэхналогій, сферы атамнай энергетыкі, медыцыны, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, лазерных, касмічных даследаванняў і іншыя.
— Трэба прадумаць механізм іх укаранення ў рэальны сектар эканомікі, — сказаў Аляксандр Генадзьевіч. — Гэтыя праекты могуць быць накіраваны і на ўзмацненне даследаванняў, на запуск уласных вытворчасцей.
Беларускі і расійскі бок гатовы да пашырэння навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва і больш эфектыўнага выкарыстання для яго рэалізацыі механізмаў Саюзнай дзяржавы, у тым ліку і фінансавых. Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Р.А.Рапота паведаміў, што з бюджэту Саюзнай дзяржавы на рэалізацыю сумесных праграм накіроўваецца каля 2,5 млрд расійскіх рублёў у год.
На пасяджэнні адбылося падпісанне Пагаднення аб узаемадзенні паміж Беларуссю і Расіяй у сферы маладзёжнай палітыкі. В.В.Якжык, намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь, паведаміў, што абодва міністэрствы зацікаўлены ў фарміраванні адзінай выхаваўчай прасторы для моладзі Беларусі і Расіі.
— У нас багаты вопыт узаемадзеяння ў сферы дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, і наспеў час вывесці гэтыя адносіны на новы ўзровень — больш якасны і эфектыўны, — адзначыў В.В.Якжык. — Гэтаму, безумоўна, паспрыяе падпісанне адпаведнага пагаднення, якое будзе рэалізоўвацца ў наступным годзе, які названы ў нашай краіне Годам моладзі.
Усе прапановы, якія прагучалі ў час пасяджэння калегій Беларусі і Расіі, былі ўнесены ў пастанову аб сумесных дзеяннях дзвюх краін у рамках Саюзнай дзяржавы.
Ала КЛЮЙКО.
Фота Максіма МАКСАКА,
прэс-служба БДУІР.