Прыёмную начальніка ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргея Парошына запаўняла моладзь. Разважлівыя, удумлівыя, вясёлыя і нават гарэзлівыя — усё гэта пра іх, лідараў вучнёўскага самакіравання, якія з’ехаліся ў абласны цэнтр з усіх рэгіёнаў вобласці ў дзевяцідзённы профільны лагер. Сустрэча з Сяргеем Іванавічам, абмеркаванне пытанняў і праблем, сацыяльных праектаў і своеасаблівая справаздача аб зробленым актывістамі за навучальны год — непарушная традыцыя.
Да назначанага часу заставаліся лічаныя хвіліны. Заўважаю невялікага росту дзяўчынку, якая па чарзе абдымаецца з сябрамі, выціраючы слёзы.
— Што здарылася? — пытаюся ў кіраўніка лагера намесніка дырэктара абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі Таццяны Беладзедавай.
— Гэта наша Лерка, сёлета яна выпускніца, таму прыйшла развітацца з сябрамі, — тлумачыць Таццяна Аляксандраўна.
— А чаму слёзы? — не супакойваюся я.
— Не хоча пакідаць нас, — чую ў адказ.
Вось так прырастаюць душой адзін да аднаго і да агульнай справы старшакласнікі. Яны ўсе сапраўдныя лідары, але вельмі добра ўжываюцца і ладзяць. У іх нейкі свой свет, складзены з мноства інтарэсаў, ідэй, спраў. Менавіта гэта яднае іх, а пытанне пра тое, хто ў іх сям’і галоўны лідар, ніколі не паўстае. У многім гэта заслуга нязменнага кіраўніка профільнага лагера для лідараў і клуба па інтарэсах “Лідар” пры абласным Палацы творчасці дзяцей і моладзі Таццяны Аляксандраўны. Для сваіх выхаванцаў яна і настаўнік, і другая маці, і сябар.
Дзверы кабінета начальніка ўпраўлення расчыніліся — і моладзь хутка абступіла доўгі стол. Перамовы пачаліся.
Гэта быў чацвёрты дзень знаходжання хлопцаў і дзяўчат у профільным лагеры, і ім было чым падзяліцца с Сяргеем Іванавічам. Акрамя таго, яны расказалі пра тое, як яны рэалізоўваюць зацверджаныя ў мінулым чэрвені сацыяльныя праекты, якія з’яўляюцца асновай работы лагера. Ідэі праектаў у маладых людзей нараджаюцца самыя розныя: ад барацьбы з курэннем у маладзёжным асяроддзі, брыдкаслоўем, звычкай смеціць на вуліцах да сур’ёзных распрацовак педагагічнага кірунку. Напрыклад, мінулым летам у адным з раёнаў вобласці прадстаўнікі вучнёўскага самакіравання распрацавалі праект, які павінен быў стаць добрай падтрымкай для педагогаў: актыўныя старшакласнікі прапаноўвалі арганізоўваць вольны час дзяцей на адкрытых пляцоўках у прышкольных лагерах. Здавалася б, вельмі добрая ідэя. Але, як расказала на сустрэчы з начальнікам упраўлення адна з аўтараў праекта, яна не вельмі прыжылася.
— Мы не атрымалі педагагічнай падтрымкі, — тлумачыла дзяўчына. — Мы прыходзілі на пляцоўку, і нам казалі, маўляў, вось вам пляцоўка, вось вучні, працуйце, а самастойна нам, канечне, складана, у нас не хапае вопыту ў рабоце з дзецьмі.
Аднак актывісты не разгубіліся і на гэтыя летнія канікулы распрацавалі на аснове няўдалага вопыту новы праект аб праблеме адсутнасці педагагічнай падтрымкі, які пачалі паспяхова рэалізоўваць. С.І.Парошын адзначыў, што такі падыход да справы яго асабліва радуе, бо здацца перад цяжкасцямі не патрабуе намаганняў, а вось каб падысці да вырашэння праблемы з іншага боку, патрэбны адказнасць і мэтанакіраванасць.
Сёлета падчас работы лагера лідары таксама стварылі сацыяльныя праекты аб педагагічнай падтрымцы ў працэсе арганізацыі сацыяльна значных мерапрыемстваў, аб залежнасці дзяцей і падлеткаў ад сацыяльных сетак, праяве агрэсіі ў асяроддзі малодшых школьнікаў, праблеме брыдкаслоўя ў малодшым школьным узросце, адказнасці да аднагодкаў і дарослых. Частка праектаў адразу была рэалізавана сярод навучэнцаў лагера дзённага знаходжання сярэдняй школы № 30 Гомеля, а таксама сярод жыхароў абласнога цэнтра.
У гэтым годзе лагер працаваў у асаблівых умовах: у яго складзе з’явіліся 15 навічкоў. Важна было, каб моладзь пасябравала, аб’ядналася для сумеснай работы і адпачынку. Так і адбылося. Дзякуючы камандзе вопытных педагогаў, нарадзілася вялікая дружная сям’я лідараў.
Дзевяцідзёнка для лідараў вучнёўскага самакіравання была цікавай і пакінула шмат уражанняў. Юнакі і дзяўчаты спаборнічалі ў інтэлектуальных гульнях “Схватка” і “Што? Дзе? Калі?” пад кіраўніцтвам вядомага знатака Леаніда Клімовіча, наведалі конную спартыўную школу алімпійскага рэзерву і паспрабавалі сябе ў якасці наезнікаў. Адным з фінальных акордаў профільнага лагера стаў танец, які лідары вывучылі ў рамках урока аднаго танца пад кіраўніцтвам майстра спорту Рэспублікі Беларусь па спартыўных бальных танцах трэнера нацыянальнай зборнай Беларусі Аляксандра Сцяпанава.
Традыцыйна ў праграме лагера значыўся турыстычны паход у лясную зону, падчас якога лідары спрабавалі пераадолець паласу перашкод, стралялі з малакалібернага пісталета і ружжа і, канечне, спявалі песні ля кастра. У паходзе правялі і выбары актыву абласнога савета старшакласнікаў. Старшынёй стала выхаванка клуба “Лідар” абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі Кацярына Гаўрыленка. А правесці адказнае мерапрыемства на прыродзе дапамаглі былыя старшыні абласнога савета Настасся Архіпава і Іван Гоцманаў, якія знайшлі час для таго, каб у турыстычным паходзе далучыцца да сяброў і любімых педагогаў.
Відаць, лідарскі рух сапраўды мае вялікую сілу і не адпускае нават тады, калі ты ўжо студэнт універсітэта.
Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара і з архіва ўдзельнікаў лагера.