Незвычайныя, тонкія, адораныя

У верасні мінулага года ў сярэдняй школе № 5 Мінска створаны першы ў краіне клас для дзяцей з расстройствамі аўтычнага спектра (РАС). Адначасова на базе ўстановы з’явіўся і рэсурсны цэнтр па аказанні комплекснай дапамогі дзецям з такім парушэннем. Мы наведалі школу і абмеркавалі з яе дырэктарам Аленай Платонаўнай Сасноўскай і педагогамі першыя вынікі работы класа інтэграванага навучання і выхавання і перспектывы навучання дзяцей з аўтызмам ва ўмовах агульнаадукацыйных устаноў.

Заслуга бацькоў

Для дзяцей з аўтызмам вельмі важна ўтрымацца ў асяроддзі сваіх звычайных равеснікаў, навучыцца жыць побач з імі, адчуць сябе роўнымі сярод іх. У адваротным выпадку іх чакае навучанне дома або ў школе-інтэрнаце для дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю. Стварыць належныя ўмовы для навучання такіх дзяцей у звычайнай установе няпроста, але педагагічны калектыў сярэдняй школы № 5 Мінска ўсімі сіламі і сродкамі садзейнічае, каб усім навучэнцам было камфортна ў школе.
“Класы інтэграванага навучання і выхавання з’явіліся ў нашай установе больш за 10 гадоў назад. Сёння ў школе ўсяго 14 класаў, і ў 8 з іх займаюцца дзеці з цяжкасцямі ў навучанні, цяжкімі парушэннямі маўлення, з інтэлектуальнай недастатковасцю, — гаворыць Алена Платонаўна. — Амаль што ўсе гэтыя класы поўнай інтэграцыі (у кожным з іх вучыцца па 3 і больш дзяцей з АПФР). У класе для дзяцей з РАС вучыцца 20 дзяцей, з іх трое з аўтычнымі расстройствамі — першакласнікі Іван, Яўген і Раман. Бацькі гэтых дзяцей уваходзяць у склад міжнароднай дабрачыннай арганізацыі “Дзеці.Аўтызм.Бацькі”. Яны прыклалі шмат намаганняў на ўсіх узроўнях, каб гэты клас адкрыўся. Прычым не толькі прасілі, але і прапаноўвалі сваю дапамогу — гатовы былі аказваць яе дзецям пры адаптацыі да школы, дапамагаць педагогам, у тым ліку з набыццём метадычнай літаратуры. Яны ведалі, якой павінна быць паўнацэнная інтэграцыя, таму з’яўляліся для педагогаў своеасаблівымі каардынатарамі адукацыйнага працэсу, уносілі шмат прапаноў па ўдасканаленні працэсу навучання, выступалі і перад бацькамі звычайных дзяцей.
Менавіта бацькі зрабілі рамонт кабінета, дзе заняткі з дзецьмі з аўтызмам праводзіць настаўнік-дэфектолаг. Сіламі ўпраўлення адукацыі адміністрацыі Заводскага раёна Мінска і бацькоў ён быў абсталяваны ўсім неабходным. У кабінеце ёсць вучэбныя модулі-перагародкі, прынтар, тэлевізар, ноўтбук, відэакамера. У гэтым пакоі хлопчыкі займаюцца па асноўных прадметах. І толькі на занятках па выяўленчым мастацтве, музыцы і фізкультуры яны займаюцца разам з усім класам. Івана, Яўгена і Рамана пастаянна суправаджаюць настаўнік-дэфектолаг, педагог-псіхолаг і цьютары. Усе педагогі і спецыялісты працуюць ва ўзаемадзеянні, як адна каманда, сумесна з адміністрацыяй школы, ЦКРНіР і бацькамі вырашаюць самыя розныя пытанні. Цьютары — новыя спецыялісты, якія нядаўна з’явіліся ў школе, яны знаходзяцца побач з кожным дзіцем з аўтызмам. Іх задача — не толькі дапамагаць дзецям з асаблівасцямі пры засваенні сацыяльных норм і правіл, але і вучыць іх звычайных равеснікаў кантактаваць з такімі дзецьмі, успрымаць іх як неад’емную частку групы (класа). Цьютарамі ў сярэдняй школе № 5 Мінска працуюць тры дзяўчыны-студэнткі Вераніка, Маша і Юля, якія па ўласнай ініцыятыве пажадалі суправаджаць дзяцей. Яны ні на хвіліну не пакідаюць сваіх падапечных — падчас урокаў дапамагаюць у засваенні матэрыялу, разам з імі на перапынках і падчас адпачынку, у сталоўцы, у санітарным пакоі. Працуюць толькі ў першай палове дня — столькі ж у школе знаходзяцца і дзеці з РАС”.

Схаваны патэнцыял

Псіхолагі сцвярджаюць, што няма агульных прыкмет аўтызму. Большасць сучасных даследчыкаў адносяць яго не да псіхічных хвароб, а да парушэнняў у развіцці, якія ахопліваюць усе сістэмы арганізма. Кожны чалавек з аўтызмам бачыць свет па-свойму і не так, як звычайныя людзі, бо ў іх інакш працуе сенсорная сістэма ўспрымання. У кагосьці з дзяцей-аўтыстаў нязначныя праблемы, яны разумеюць, калі да іх звяртаюцца іншыя людзі, адказваюць ім, а хтосьці зусім не можа размаўляць. Але большасць такіх дзяцей могуць навучыцца чытаць, пісаць, лічыць, яны могуць кантактаваць са сваімі звычайнымі равеснікамі, набываць вопыт зносін.
Існуе дзейсны метад рэабілітацыі дзяцей з аўтызмам, які ўжо апрабаваны ў сусветнай практыцы, — гэта метад структураванага навучання. У яго аснове — структураванне прасторы, часу і стварэнне для дзяцей пэўных візуальных сігналаў, якія ім зразумелыя. Паколькі ў іх візуальнае ўспрыманне свету, ім складана выказаць сваё жаданне або думку словамі, неабходна навучыць іх зносінам пры дапамозе альтэрнатыўных сродкаў. Кабінет для заняткаў павінен быць падзелены на зоны — камунікатыўную, вучэбную, гардэробную і пакой для адпачынку. Трэба прадугледзець і “куточак адасаблення”. Важна, каб дзеці з аўтызмам ведалі, чым будуць займацца “зараз” і чым “пасля”, інакш у іх узнікае пачуццё трывогі. Раптоўнае парушэнне правіл заўсёды выклікае ў іх адчуванне дыскамфорту.
“У нашай школе ў кожнага дзіцяці з аўтызмам ёсць сваё працоўнае месца, якое адгароджана ад працоўнага месца іншага, — адзначае настаўнік-дэфектолаг Наталля Генадзьеўна Ваўчок. — Кожную раніцу, прыйшоўшы ў клас, дзеці перш за ўсё знаёмяцца з распарадкам дня і дзейнічаюць згодна з ім. У кожнага з іх дакладныя, падрабязна распрацаваныя рэкамендацыі па навучанні і знаходжанні ў школе, парады, выкладзеныя ў схематычных малюнках, адносна таго, што неабходна рабіць на ўроках і перапынках, як выконваць заданні спецыялістаў і настаўнікаў. Рэкамендацыі дапамагаюць дзецям асэнсоўваць усё, што адбываецца ў класе і школе. Падчас заняткаў яны могуць карыстацца навушнікамі, каб пабыць у цішыні, каб пабочныя гукі ім не перашкаджалі. Такіх дзяцей неабходна пастаянна заахвочваць. Займаюцца яны для дасягнення канкрэтнай мэты — узнагароды. Выканаюць заданні — атрымліваюць жэтоны, а пэўная колькасць жэтонаў дае ім магчымасць атрымаць жаданае — нехта глядзіць мульцікі, а нехта атрымлівае цукеркі”.
Навучанне дзяцей з аўтызмам, як і навучанне ўсіх іншых дзяцей з АПФР, вядзецца па спецыяльных праграмах. Але традыцыйная спецыяльная адукацыя па гэтых праграмах ім не падыходзіць, павінна быць створана спецыяльная праграма для навучання дзяцей з аўтызмам. Яна дазволіць раскрыць магчымасці такіх вучняў (у іх, як правіла, слабая матывацыя да навучання, але ёсць схаваны патэнцыял, які адразу не заўважаеш). Трэба адштурхоўвацца ад іх індывідуальных асаблівасцей.
Раман і Яўген вучацца па праграме спецыяльнай школы для дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні, Іван — па праграме дапаможнай школы (1-е аддзяленне). Праграмы навучання, якія ім рэкамендаваны, не могуць улічыць індывідуальных здольнасцей дзяцей, якія часта праяўляюць сябе з нечаканага боку, прычым у розных сферах. Настаўнік-дэфектолаг шукае свой падыход да кожнага з іх, адаптуе названыя вышэй вучэбныя праграмы да іх магчымасцей, распрацоўвае індывідуальныя заданні. Усе яны вучацца чытаць, лічыць і пісаць. Дарэчы, чытаць дзеці з аўтызмам вучацца па методыцы “глабальнага чытання” — яны суадносяць словы з карцінкамі, звычайныя ж дзеці на ўроках чытання праводзяць гука-літарны аналіз слоў.
Наталля Генадзьеўна лічыць, што дзеці з аўтызмам — незвычайныя, тонкія і адораныя. “У Жэні, напрыклад, ярка выражаны матэматычны склад розуму, ён вельмі цікавіцца тэхнікай, — гаворыць педагог. — Яшчэ ў верасні мы з ім пісалі лічбы. І калі я напісала сямізначную лічбу, ён адразу прачытаў яе — 7 мільёнаў 525 тысяч. Зараз ён, навучэнец 1 класа, у галаве рашае прыклады ў межах тысячы. Не кожны першакласнік на такое здольны! Жэня ўдзельнічаў і ў школьным конкурсе “Вучань года”. У сачыненні да гэтага конкурсу мама Жэні Святлана напісала: “Шлях майго сына складаны і адначасова просты. Складаны таму, што аўтызм — заўсёды побач з ім, і так будзе на працягу ўсяго яго жыцця. Чаму просты? Таму што мы ведаем, як з ім змагацца. Можна пераадолець усё, калі любіш сваё дзіця, прымаеш яго такім, якое ёсць, і верыш у поспех”.
Другі наш вучань Рома вельмі тонка ўспрымае свет, і да яго неабходны вельмі далікатны падыход. Ён энергічны, творчы, любіць усё прыгожае — незвычайныя карціны, музыку Баха, мы часта ўключаем яе для хлопчыка. Трэці наш навучэнец Ваня вельмі абаяльны, рухавы, хутка схоплівае новыя веды, паспявае зразумець і засвоіць матэрыял за долі секунды”.
Ключыкаў да гэтых дзяцей шмат, і падбіраць іх неабходна кожны дзень, кожную хвілінку, прычым заўсёды новыя. Галоўнае, каб настаўнікі ўносілі пазітыў у зносіны з дзецьмі, былі для іх стымулам да навучання і лепшымі сябрамі. Зразумела, каб сяброўства адбылося, павінен прайсці не адзін дзень. Папярэдне педагогі наведваюць іх дома, каб пагутарыць, навесці масткі ўзаемаразумення, зблізіцца з імі ў спакойнай абстаноўцы. Гэтыя дзеці нібы індыкатар чалавечых узаемаадносін, яны не церпяць негатыўных эмоцый паміж людзьмі, яны адкрытыя, сумленныя, нічога не робяць спецыяльна і на злосць і нейкім дзівосным чынам выводзяць нас, дарослых, на чыстую ваду. Дрэнны настрой адчуваюць адразу і вельмі з-за гэтага перажываюць. Калі ж дарослыя ў добрым настроі — ім нашмат спакойней.

Урок дабрыні

“Кожны чалавек павінен засвоіць у жыцці адзін вельмі важны ўрок — урок дабрыні, — лічыць Валянціна Вячаславаўна Давыдкова, класны кіраўнік Івана, Яўгена і Рамана. — Мне здаецца, што ўсе бацькі і дзеці нашага класа яго ўжо засвоілі. Калі толькі пачыналася размова аб адкрыцці інтэграванага класа для дзяцей з РАС, усе бацькі звычайных вучняў далі згоду на тое, каб іх дзеці займаліся ў ім. “Не” не сказаў ніхто, усе вырашылі: “Паспрабуем”. Мы маглі толькі меркаваць, якім будзе момант сустрэчы дзяцей асаблівых і звычайных, але яны аказаліся больш мудрымі, чым мы, дарослыя: сталі кантактаваць адно з адным з незвычайнай цеплынёй. На працягу года ва ўсіх вучняў праявіліся самыя станоўчыя якасці — узаемапавага, паразуменне, любоў і дабрыня. Яны зразумелі, што патрэбны адно аднаму, паміж імі ўзнікла сяброўства, нягледзячы на тое, што па светаўспрыманні дзеці з аўтызмам адрозніваліся ад сваіх аднакласнікаў. Канфліктаў паміж імі не ўзнікала. Наадварот, камусьці са звычайных вучняў часам бывала і крыўдна, калі не ён, а іншы дапамагаў асабліваму дзіцяці”.
Бацькі цалкам давяраюць педагогам і са спакойным сэрцам пакідаюць дзяцей у школе. Іван, Яўген і Раман ужо добра арыентуюцца ў школьных памяшканнях, не баяцца шумнага натоўпу навучэнцаў з іншых класаў падчас перапынкаў і ўвогуле могуць падоўгу знаходзіцца ў калектыве равеснікаў — разам спяваць, танцаваць, маляваць. Аднакласнікі часта прыходзяць да іх у кабінет, каб паглядзець мультфільмы па тэлевізары або папіць гарбаты. Дзеці з аўтызмам і іх сем’і прысутнічаюць на ўсіх унутрыкласных і агульнашкольных мерапрыемствах, на святах і спартландыях.
Педагогі школы і цьютары пастаянна павышаюць сваю кваліфікацыю па пытаннях інтэграванага навучання. Яны прымаюць удзел у семінарах-трэнінгах, якія праходзяць на базе ўстановы, у навучальных семінарах у АПА, а таксама міжнародных форумах і канферэнцыях у Маскве, на якіх абмяркоўваюцца ў тым ліку і метады аказання эфектыўнай дапамогі людзям з РАС. Школа ўдзельнічае ў міжнародным праекце “ТЭМПУС” — усходняе партнёрства ў педагагічных інавацыях у інклюзіўнай адукацыі”. У наступным навучальным годзе педагогі ўстановы таксама будуць павышаць сваю кваліфікацыю ў межах гэтага праекта. І гэта вельмі дарэчы, таму што ў сярэдняй школе № 5 Мінска з наступнага навучальнага года будзе адкрыты яшчэ адзін клас для дзяцей з аўтызмам. Кіраўніцтву іншых адукацыйных устаноў сёння варта выкарыстоўваць паспяховы вопыт калег пры стварэнні ў сваіх школах класаў для дзяцей з РАС.

 

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.