Ні хвіліны без справы

- 11:09Планёрка ў рэгіёне

Пад такім дэвізам у Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці стартавала аздараўленчая кампанія. “Летнія канікулы — гэта не толькі адпачынак, забавы, але і магчымасць шматпланавага творчага развіцця, узбагачэння духоўнага свету і інтэлекту дзяцей”, — гаворыць госць нашай “Суботняй планёркі” начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Светлагорскага райвыканкама Жанна Васільеўна ЧАРКАС.

— Новай формай работы стала арганізацыя міжшкольных лагераў. Прыжылася і атрымала далейшае развіццё ў нашым раёне мадэль вузкапрофільных аздараўленчых летнікаў з дзённым і кругласутачным знаходжаннем пры ўзаемадзеянні з аддзеламі па надзвычайных сітуацыях і ўнутраных спраў, установамі аховы здароўя і культуры і інш. Карыстаюцца попытам у навучэнцаў і іх бацькоў лагеры працы і адпачынку, калі падлеткі могуць не толькі з карысцю адпачыць, але і зарабіць грошы. У летні перыяд будзе рэалізавана каля 20 аплатных працоўных праектаў з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі. Апраўдваюць сябе лагеры для цяжкіх падлеткаў абаронна-спартыўнага кірунку, а таксама для інтэлектуальна адораных дзяцей і дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

З нецярпеннем нашы дзеці чакаюць сустрэчы з дзецьмі з гарадоў-пабрацімаў — Іванцееўкі і Светлага (Расія), Бельск-Падляска (Польшча) і Кэлэраша (Малдова) — у межах лагера дружбы, які штогод арганізоўваецца ў нашым раёне. У сваю чаргу, нашым дзецям прадастаўляецца магчымасць адпачыць у міжнародных лагерах Польшчы і Малдовы.

У цэлым карыснай занятасцю летам будзе ахоплена каля сямі тысяч навучэнцаў, у тым ліку больш за дзве тысячы — адпачынкам у прышкольных аздараўленчых летніках.

Упершыню плануем рэалізаваць раённую акцыю-эстафету “3D — давайце дарыць дабро”. У межах праекта пройдуць выступленні агітбрыгад, тэматычныя акцыі і флэш-мобы з удзелам валанцёрскіх атрадаў па прафілактыцы негатыўных з’яў і здаровага ладу жыцця, папярэджанні гібелі дзяцей у аздараўленчых лагерах, гандлёвых цэнтрах, на дваровых тэрыторыях. У жніўні плануем падвядзенне вынікаў акцыі з прэзентацыяй фотасправаздач, лістовак, плакатаў, калажаў “Горад у аб’ектыве фотаапарата”. Не забываем і пра работу з бацькамі. У летні перыяд будзе працягнута акцыя “Крок насустрач”, падчас якой адбудуцца бацькоўскія канферэнцыі на прадпрыемствах.

— Жанна Васільеўна, якія папярэднія вынікі навучальнага года? Чым ён запомніўся?

— Год выдаўся дастаткова паспяховым і выніковым. Сістэма адукацыі раёна чарговы раз прадэманстравала сваю ўстойлівасць і шматфункцыянальнасць. Дзякуючы створанаму механізму выяўлення і развіцця інтэлектуальна адораных навучэнцаў, у скарбонку перамог раёна дадаліся 39 дыпломаў навучэнцаў 9—11-х класаў абласнога і 4 дыпломы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды, 39 дыпломаў трэцяга этапу абласной алімпіяды сярод навучэнцаў 4—9-х класаў.

Добрыя вынікі паказалі навучэнцы ў інтэрнэт-алімпіядах, абласных навукова-практычных канферэнцыях, інтэрнэт-віктарынах, прадметных і даследчых конкурсах. Усяго па выніках удзелу ў іх заваявана 86 дыпломаў (у 2015 — 69 дыпломаў).

Было адкрыта аддзяленне па робататэхніцы на базе камп’ютарнага і тэхнічнага цэнтраў творчасці дзяцей і моладзі. Пры гэтым выхаванцы камп’ютарнага цэнтра паспелі заявіць пра сябе на Рэспубліканскім конкурсе па робататэхніцы, заваяваўшы 2-е месца. І, безумоўна, нас парадавала іх перамога на V Міжнародным адкрытым робататурніры ў кампетэнцыі “Дуатлон”.

Ганаровае права прадстаўляць Рэспубліку Беларусь на чэмпіянаце Еўропы па шахматах у Сочы прадастаўлена камандзе гімназіі: сёлета яна стала абсалютным пераможцам рэспубліканскага турніру.

Год адзначаны і яркімі перамогамі нашых педагогаў. У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1 працуе лепшы выхавальнік Аксана Васільеўна Запатылак. Яна стала пераможцай абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Уладальнікам дыплома І ступені Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” стала настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 4 Светлагорска Ія Георгіеўна Смірнова.

Таленавітыя педагогі працуюць у цэнтры творчасці дзяцей і моладзі: Алена Алегаўна Рашэцька (дыпламант Рэспубліканскага конкурсу “Педагог дадатковай адукацыі”), Наталля Аляксандраўна Рубанава (пераможца XXVI Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды — 2017” і прызёр IV Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”).

— Што плануецца зрабіць за канікулярны час па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі?

— У шэрагу ўстаноў плануецца правядзенне рамонту дахаў і фасадаў, абнаўленне харчаблокаў. Перамога ў абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу школьных праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон — 2016” і атрыманне сертыфіката на суму 65 тысяч рублёў дазволілі сярэдняй школе № 11 Светлагорска вырашыць пытанне ўстаноўкі энергаэфектыўных аконных блокаў.

— Як праходзіць аптымізацыя сеткі ўстаноў адукацыі раёна?

— Да працэсу аптымізацыі мы падыходзім удумліва і асцярожна, бо за закрыццём любой установы стаяць лёсы дзясяткаў дзяцей, педагогаў, жыхароў малых населеных пунктаў. Такі падыход знайшоў падтрымку ў мясцовай выканаўчай улады і органаў кіравання адукацыяй, і прынята рашэнне аб захаванні ў бягучым годзе сеткі ўстаноў адукацыі.

Адна з сельскіх устаноў — Печышчанская сярэдняя школа — змяніла выгляд і, аб’яднаўшыся з дзіцячым садам, стала вучэбна-педагагічным комплексам “яслі-сад — сярэдняя школа”. Гэта дазволіла не толькі вырашыць шэраг эканамічных пытанняў, але і больш якасна арганізаваць работу па пераемнасці.

— Якія праблемы хвалююць педагогаў раёна і вас як кіраўніка?

— Кола пытанняў дастаткова шырокае. Мяне як начальніка аддзела не можа не хваляваць арганізацыя летняй занятасці навучэнцаў і пытанні ўмацавання вучэбна-матэрыяльнай базы напярэдадні новага навучальнага года. Вельмі хочацца, каб нашы выпускнікі дастойна пацвердзілі свае веды на цэнтралізаваным тэсціраванні і ўсвядомлена вызначыліся з выбарам прафесіі. Заўсёды актуальная тэма якасці адукацыі, стварэння сучаснага адукацыйнага асяроддзя з улікам інавацыйных падыходаў і патрэб навучэнцаў і бацькоў.

У нас у раёне працуюць творчыя педагогі. Надзейнымі памочнікамі з’яўляюцца кіраўнікі ўстаноў — адказныя, мэтанакіраваныя фанаты сваёй справы, ініцыятары многіх пачынанняў. І гэта дазваляе не баяцца цяжкасцей і ўпэўнена глядзець у будучыню.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.