Ніколі не пашкадавала аб сваім выбары

- 12:01Спецыяльная адукацыя

Пытанні, звязаныя з навучаннем дзяцей з парушэннем слыху, знаходзяцца ў цэнтры прафесійных інтарэсаў Святланы Мікалаеўны Фякліставай, дацэнта кафедры карэкцыйна-развіццёвых тэхналогій Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка. Сурдапедагог па спецыяльнасці Святлана Мікалаеўна вядзе значную навукова-метадычную работу: з’яўляецца аўтарам 143 публікацый, сярод якіх навуковыя артыкулы, манаграфіі, вучэбна-метадычныя выданні.

У 2020 годзе яна стала ўладальнікам гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне навукі, які быў выдзелены на распрацоўку навукова-метадычнай сістэмы карэкцыйнай работы па развіцці слыхавога ўспрымання і вуснага маўлення дзяцей з парушэннем слыху на ўзроўні дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі (I і II ступені).

“Стаць педагогам я марыла з дзяцінства. Тата, ведаючы пра мае педагагічныя памкненні, прапанаваў выбраць прафесію настаўніка-дэфектолага, атрымаць спецыяльнасць сурдапедагога. Пры гэтым параіў скончыць курсы замежнай мовы, заўважыўшы, што англійская мова ў сукупнасці з жэставай, якую я вывучу ва ўніверсітэце, дадуць добры прафесійны старт. Ніколі ў жыцці я не пашкадавала аб сваім выбары, — расказала Святлана Мікалаеўна. — Вучобу ў педагагічным універсітэце сумяшчала з работай у дзіцячым доме № 1 для дзяцей з парушэннем слыху. Яшчэ ў студэнцтве зразумела, што сурдапедагогу важна не столькі авалодаць жэставай мовай, колькі асвоіць неабходныя сродкі і методыкі для таго, каб навучыць дзіця з парушэннем слыху слоўнай мове і тым самым даць яму шанс для паўнацэннага ўключэння ў жыццё грамадства. Таму галоўнымі тэмамі майго пошуку сталі шляхі ўдасканалення развіцця маўлення гэтай цудоўнай групы дзяцей. На работу ў БДПУ ўладкавалася ў 1997 го­дзе, адразу пасля заканчэння ўніверсітэта. У 2003 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму “Фарміраванне гульнявой дзейнасці дзяцей малодшага дашкольнага ўзросту з парушэннямі слыху”.

Святлана Мікалаеўна ўдзельнічае ў распрацоўцы адукацыйных стандартаў, вучэбных планаў і праграм, выкладае шэраг вучэбных дысцыплін у Інстытуце інклюзіўнай адукацыі. Ініцыіравала і распрацавала змест дысцыплін па выбары студэнтаў “Вербатанальны метад у сістэме карэкцыйнай работы з дзецьмі з парушэннем слыху” і “Карэкцыйна-развіццёвая работа з дзецьмі з кахлеарнымі імплантамі”. Пад кіраўніцтвам С.М.Фякліставай працуе студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя. За апошнія 5 гадоў удзельнікі лабараторыі сталі ўладальнікамі трох грантаў Міністэрства адукацыі на выкананне навуковых даследаванняў. Яны з’яўляюцца пераможцамі і дыпламантамі міжнародных і рэспубліканскіх навуковых канферэнцый, алімпіяд, Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў.

На працягу шэрага гадоў Святлана Фяклістава ажыццяўляе кіраўніцтва навуковымі даследаваннямі і прымае ўдзел у распрацоўцы навуковых тэм (у рамках Дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў), навуковых даследаванняў, накіраваных на забеспячэнне дзейнасці Міністэрства адукацыі па праблемах праектавання зместу і методыкі карэкцыйнага навучання дзяцей з парушэннем слыху, навукова-метадычнага забеспячэння ранняй комплекснай дапамогі дзецям з АПФР і інш. Пад кіраўніцтвам Святланы Фякліставай у 2018 годзе абаронена дысертацыйнае даследаванне Аксаны Пятроўны Каляды на саісканне навуковай ступені кандыдата педагагічных навук на тэму “Фарміраванне тэкставай кампетэнтнасці ў навучэнцаў са слабым слыхам на карэкцыйных занятках”.

Сёння С.М.Фяклістава з’яўляецца навуковым кіраўніком тэмы навукова-даследчай работы па забеспячэнні дзейнасці Міністэр­ства адукацыі “Распрацаваць рознаўзроўневы змест адукацыі выхаванцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з улікам прынцыпу інклюзіўнасці на аснове міждысцыплінарнага падыходу” (2019—2020 гг.). У рамках гэтай тэмы распрацаваны метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі ранняй комплекснай дапамогі дзецям з АПФР, у тым ліку дзецям з парушэннем слыху. Такім чынам, пачата стварэнне вучэбна-метадычнага забеспячэння гэтай дзейнасці.

“Кожны педагог, які працуе з дзецьмі ранняга ўзросту, па спецыяльнасці першапачаткова з’яўляецца сурдапедагогам, тыфлапедагогам, алігафрэнапедагогам, лагапедам і не ведае глыбока ўсе катэгорыі асаблівых дзяцей, — падкрэслівае Святлана Мікалаеўна. — Спатрэбілася распрацоўка, якая дапаможа педагогам сарыентавацца ў тым, якія асаблівыя адукацыйныя патрэбы ў дзіцяці з парушэннямі зроку, з парушэннем слыху і г.д. Адсюль акрэсляцца і напрамкі, якія бу­дуць прыярытэтнымі на пачатковых этапах работы, стануць прыярытэтнымі ў далейшым. І будзе зразумела, як рэалізаваць дыферэнцыраваны падыход у рабоце з дзецьмі, якія першапачаткова маюць розны ўзровень псіха­фізічнага развіцця. Для такой работы важная таксама дыягнастычная аснова”.

Святлана Мікалаеўна паведаміла, што ранняя комплексная дапамога ў многіх краінах свету разглядаецца як новы базіс сістэмы адукацыі дзяцей з АПФР, які дасць ім шанс максімальна поўна ўключыцца ў жыццё грамадства. Напрыклад, дазволіць пайсці ў агульнаадукацыйную школу і атрымліваць адукацыю нароўні з усімі. На працягу апошняга дзесяцігоддзя ў Беларусі, дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, склаліся спрыяльныя перадумовы для таго, каб у дзяцей з парушэннем слыху з’явіўся шанс узняцца на адну ці некалькі прыступак у сваім развіцці. Перш за ўсё гэта медыка-тэхнічныя перадумовы (ранні скрынінг парушэння слыху, сістэма ранняга слыхапратэзавання, укараненне сучасных сродкаў слыхапратэзавання, у прыватнасці кахлеарных імплантаў), якія забяспечваюць педагогам выбар стратэгіі работы з дзецьмі. Існуюць псіхолага-педагагічныя перадумовы, якія вынікаюць з медыка-тэхнічных. Калі медыкі рана выявілі парушэнне слыху ў дзіцяці і рана зрабілі яму слыхапратэзаванне, то педагогі не ўпусцяц­ь сензітыўны перыяд развіцця яго слыху і маўлення, папярэдзяць узнікненне другасных парушэнняў і парушэнняў трэцяга парадку. Пры адэкватна арганізаванай карэкцыйнай і абілітацыйнай рабоце дзіця зможа навучыцца карыстацца фізічным слыхам, а на гэтай аснове авалодаць маўленнем. Па даных Інстытута карэкцыйнай педагогікі Расійскай акадэміі адукацыі, пры ўмовах ранняга пачатку работы з дзецьмі з парушэннем слыху 30—40 працэнтаў з іх маюць шанс выйсці на ўзровень нарматыўнага развіцця ўжо да 3 гадоў.

Зараз Святлана Мікалаеўна Фяклістава вучыцца ў дактарантуры НІА, займаецца распрацоўкай навукова-метадычнай сістэмы карэкцыйна-развіццёвай работы па развіцці маўлення дзяцей з парушэннем слыху.

Надзея ЦЕРАХАВА.