“Новае пакаленне” падарожнічае з прыгодамі

- 11:00Навіны рэгіёнаў

Дыплом І ступені ў каманды “Новае пакаленне” Акцябрскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі — па выніках удзелу ў рэспубліканскім інтэрнэт-квесце “Мастацтва падарожнічаць”.

Удзельнікамі інтэрнэт-квеста сталі навучэнцы ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Для ўдзелу ў рэспубліканскім інтэрнэт-квесце было пададзена 47 заявак ад каманд-удзельніц з усіх рэгіёнаў нашай краіны і Мінска. У фінал выйшла 18 каманд.

Конкурс прайшоў у некалькі этапаў. У адборачным удзельнікі сфарміравалі каманду, выбралі капітана, прыдумалі назву і дэвіз каманды, а таксама знялі відэакліп-візітоўку. Далей трэба было прадставіць паэтычны твор пра свой родны край. Школьнікі здымалі трэйлер да савецкага музычнага тэлевізійнага фільма па матывах казкі Аляксея Талстога “Залаты ключык, ці Прыгоды Бураціна”. Прадстаўленая віртуальная аглядная экскурсія па родным населеным пункце паказала найбольш значныя гістарычныя аб’екты і культурныя славутасці. Юныя жыхары гарадскога пасёлка Акцябрскі да ўдзелу падышлі творча. Артыстычныя здольнасці падлеткаў заслужылі высокую ацэнку на рэспубліканскім узроўні. 

Рэспубліканскі інтэрнэт-квест “Мастацтва падарожнiчаць” праводзіўся з мэтай патрыятычнага і духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў праз далучэнне да вывучэння рэгіянальных народных традыцый, беларускай гістарычнай і культурнай спадчыны з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.