Новая эканамічная мадэль надае больш самастойнасці

Сёння ў Рэспубліцы Беларусь рэалізуецца пілотны праект па апрабацыі механізма нарматыўнага фінансавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Аб ходзе пілотнага праекта ў нашай краіне расказвае Ірына Аляксандраўна БЕБЕХ, начальнік галоўнага ўпраўлення эканомікі адукацыі галіновага міністэрства.

— Акрамя нашай краіны, такі механізм фінансавання выкарыстоўваецца ў многіх краінах свету, у тым ліку ў краінах постсавецкай прасторы (Расія, Літва, Латвія, Эстонія, Грузія, Арменія і інш.), і ў цэлым паказвае сваю эфектыўнасць. Нарматыўнае фінансаванне мае на ўвазе размеркаванне фінансавых сродкаў паміж адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі, установамі, зыходзячы з колькасці навучэнцаў у іх, сумы нарматыву, а таксама з улікам асаблівасцей функцыянавання ўстановы, спецыфікі рэалізацыі адукацыйных праграм. Пры гэтым сума фінансавання, якая выдаткоўваецца на навучанне аднаго дзіцяці, з’яўляецца аднолькавай для ўсіх устаноў.

У ходзе рэалізацыі пілотнага праекта Міністэрства адукацыі Нацыянальным інстытутам адукацыі ва ўзаемадзеянні з органамі кіравання адукацыяй абласцей выпрацаваны падыходы да рэалізацыі нарматыўнага фінансавання, вызначана формула разліку нарматыву, распрацавана сістэма карэкціруючых каэфіцыентаў да нарматыву, якая ўлічвае асаблівасці функцыянавання ўстаноў адукацыі ў нашай краіне. Гэтыя падыходы зацверджаны адпаведнай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Новая эканамічная мадэль прадугледжвае наданне большай самастойнасці ўстановам адукацыі ў выкарыстанні бюджэтных сродкаў. Кіраўнікі атрымліваюць шэраг паўнамоцтваў, якія дазваляюць больш дакладна ўлічыць асаблівасці функцыянавання навучальнай установы, патрэбы ў абнаўленні матэрыяльна-тэхнічнай базы. Таксама адметнай асаблівасцю прымянення нарматыўнага фінансавання ў краіне з’яўляецца яго інтэграцыя з галіновым падыходам да фарміравання заработнай платы — стымуляваннем працы педагагічных работнікаў з дапамогай магчымасці ўстанаўлення галіновых павышэнняў да акладаў. На гэтыя мэты дадаткова можа быць накіравана да 10% сродкаў, выдзеленых навучальнай установе ў межах сумы па нарматыве.

У 2017 годзе ў пілотным праекце ўдзельнічала 14 адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак (уся Магілёўская вобласць; Баранавічы, Брэст, Віцебск, Наваполацк, Жодзіна, Скідзель, Фаніпаль; Бераставіцкі, Лідскі, Салігорскі раёны; Савецкі і Цэнтральны раёны Гомеля, Першамайскі раён Мінска). Агульная колькасць устаноў — удзельніц праекта ў мінулым годзе — 642, што складае каля 20% ад агульнай колькасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі па краіне. Таксама ў праекце па нарматыўным фінансаванні з 2017 года ўдзельнічаюць усе 94 установы дашкольнай адукацыі Магілёва.

У 2018 годзе пілотным праектам разам з удзельнікамі 2017 года дадаткова ахоплены ўсе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі Мінска, Жабінкаўскага раёна, а таксама ўсе ўстановы дашкольнай адукацыі Віцебска, Гомеля, Салігорска, Лідскага раёна. Агульная колькасць удзельнікаў пілотнага праекта складзе 857 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (27% ад агульнай колькасці ўсіх устаноў) і 392 установы дашкольнай адукацыі (10% ад агульнай колькасці ўсіх устаноў).

Рэалізацыя пілотнага праекта дае станоўчыя вынікі, што дазваляе спрагназаваць паслядоўны пераход на такі механізм фінансавання ўстаноў адукацыі ў перыяд з 2019 па 2021 год. Укараненне нарматыўнага фінансавання праз яго пілатаванне на розных узроўнях адукацыі адпавядае сусветнай практыцы і дазваляе ў поўнай меры ўлічыць усе асаблівасці нацыянальнай сістэмы адукацыі. Падыходы да паслядоўнага ўкаранення новага фінансавага механізма адобраны Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Запланаваны паступовы пераход на нарматыўнае фінансаванне для ўстаноў агульнай сярэдняй, дашкольнай, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Запісала Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *