У РІПА прайшоў рэспубліканскі семінар па пытаннях прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Мінадукацыі, галоўных упраўленняў па адукацыі аблвыканкамаў, Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, РІПА, абласных інстытутаў развіцця адукацыі і вучэбна-метадычных цэнтраў прафадукацыі, што ажыццяўляюць каардынацыю дзейнасці ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Былі разгледжаны пытанні арганізацыі работы ўстаноў ССА і ПТА з улікам змяненняў Кодэкса Беларусі аб адукацыі, аспекты павышэння эфектыўнасці дзейнасці цэнтраў кампетэнцый.
Асобна была акцэнтавана ўвага на парадку прысваення статусаў “Вядучая ўстанова адукацыі, якая рэалізуе адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі” і “Вядучая ўстанова адукацыі, якая рэалізуе адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі” на рэспубліканскім узроўні.
— Мы абмеркавалі крытэрыі, па якіх будзе надавацца статус “Вядучая ўстанова”. Вядучы на рэспубліканскім узроўні — гэта перадавы каледж, які ўдзельнічае ў розных напрамках эксперыментальнай, інавацыйнай работы і распаўсюджвае лепшыя методыкі і практыкі. Каля 18 каледжаў могуць прэтэндаваць на такі статус, бо тут мы адштурхоўваемся ад колькасці груп масавых спецыяльнасцей. Гэтыя вядучыя ўстановы будуць адказнымі за функцыянальны аналіз патрабаванняў да спецыялістаў, якіх рыхтуюць ва ўстановах ССА і ПТА. Яны сумесна з РІПА як метадычнай структурай рэспубліканскага ўзроўню, галіновымі міністэрствамі і вядучымі прадпрыемствамі будуць вызначаць, з якімі функцыямі, уменнямі і навыкамі павінны выпускацца спецыялісты на рынак працы. Затым гэтую інфармацыю можна будзе выкарыстоўваць для распрацоўкі новых адукацыйных стандартаў і вучэбнай дакументацыі, — патлумачыў рэктар РІПА Валерый Галубоўскі.
Вядучая ўстанова на рэспубліканскім узроўні — гэта перадавы каледж, які ўдзельнічае ў розных напрамках эксперыментальнай, інавацыйнай работы і распаўсюджвае лепшыя методыкі і практыкі. Каля 18 каледжаў краіны могуць прэтэндаваць на такі статус.
Па яго словах, на рэгіянальным узроўні ўзрастае роля вучэбна-метадычных цэнтраў у рабоце з каледжамі вобласці па распрацоўцы і абнаўленні вучэбна-праграмнай дакументацыі кожнай установы адукацыі з улікам патрабаванняў арганізацый — заказчыкаў кадраў рэгіянальнага рынку працы.
— Такім чынам мы збіраем экспертную супольнасць з ліку прадстаўнікоў сферы адукацыі і рэальнага сектара эканомікі, якая ў сумесным абмеркаванні зможа сфарміраваць патрабаванні да якасці і зместу навучання будучых спецыялістаў, — адзначыў Валерый Мікалаевіч.
Удзельнікі семінара былі азнаёмлены з ходам адборачных рэгіянальных тураў V Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства і мерапрыемствамі, запланаванымі на фінал конкурсу, што адбудзецца ў маі. Закранулі і пытанні павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі педагагічных работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі.
— Мы вырашылі аднавіць конкурсы “Майстар года” і “Выкладчык года”. Іх рэспубліканскі фінал адбудзецца ў 2024 годзе, а падрыхтоўчыя мерапрыемствы пачнуцца ў другой палове гэтага года. З верасня будуць праводзіцца рэгіянальныя адборы сярод майстроў і выкладчыкаў устаноў ССА і ПТА. Такія конкурсы накіраваны на павышэнне прэстыжу прафесіі майстра і выкладчыка каледжа і на публічнае прызнанне іх заслуг у справе падрыхтоўкі кадраў для эканомікі і грамадства. Калі мы не падрыхтуем людзей да змяненняў унутры сістэмы, то не зможам якасна выбудоўваць і рэалізоўваць заказ для астатніх галін эканомікі, — дадаў В.М.Галубоўскі.
Акрамя таго, было разгледжана пытанне пашырэння даступнасці прафесійнай адукацыі для розных катэгорый насельніцтва і рэалізацыі прынцыпу інклюзіі. Удзельнікі семінара абмеркавалі не толькі стан інфраструктуры навучальных устаноў, але і гатоўнасць педагагічных работнікаў да навучання асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, неабходнасць павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў у пытаннях інклюзіўнай адукацыі.
У сваю чаргу намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі — начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Аляксандра Пятрова азнаёміла прысутных з некаторымі заканадаўчымі змяненнямі, што тычацца ўстаноў, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы ПТА і ССА, і новымі правіламі ўступнай кампаніі — 2023.
Семінар завяршыўся круглым сталом, у час якога ўдзельнікі абмяняліся думкамі па іншых актуальных пытаннях сферы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Вольга АНТОНЕНКАВА