Новыя імёны: галіновы фінал

- 10:22Сацыяльны ракурс

Галіновы фінал Рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі — 2017” адбыўся ў Мінску на сцэне Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў. Тут выступілі тыя, хто ўжо змог паспяхова прайсці раённыя, гарадскія, абласныя адборачныя этапы.

Конкурс праводзіцца ў рамках фестывалю “Працоўныя таленты — 2017”, арганізаванага па ініцыятыве Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Фестываль, нагадаем, складаецца з дзвюх частак: конкурсу прафесійнага майстэрства “Беларускі майстар” і творчага складніка — конкурсу “Новыя імёны Беларусі”.

— Вы ўсе, хто прыехаў з розных куткоў нашай краіны, прывезлі з сабой часцінку сваёй душы, часцінку цяпла, — сказаў старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Аляксандравіч Бойка, звяртаючыся да ўдзельнікаў і гасцей галіновага фіналу.

— Таленавітых людзей у адукацыі многа, і іх значнасць самая высокая, — адзначыў першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Вадзім Анатольевіч Богуш. — А таленавіты чалавек здольны вырашыць не толькі задачу, звязаную з навучаннем, але і з выхаваннем нашых дзяцей, закласці ў іх пачуццё любові да Радзімы, патрыятызм.

У ліку запрошаных на фінал гледачоў былі ветэраны галіны і прафсаюзнага руху, групы падтрымкі канкурсантаў. У склад журы ўвайшлі намеснік старшыні ЦК галіновага прафсаюза В.А.Ільіна, выкладчыкі і супрацоўнікі БДПУ імя Максіма Танка — прадстаўнікі кафедр тэорыі і методыкі выкладання мастацтва, музычна-педагагічнай адукацыі, Цэнтра студэнцкай творчасці ўстановы адукацыі.

Пераможцай у намінацыі “Вакал” стала група Music Fly з Полацкага каледжа Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. На другім месцы — Настасся Козел, студэнтка БДПУ, на трэцім — канцэртмайстар Сяргей Калодкін з сярэдняй школы № 27 Віцебска.

У намінацыі “Харэаграфія” на першае месца выйшаў танцавальны калектыў гімназіі-каледжа мастацтваў Бабруйска, на другое — ансамбль танца “Дружба” БНТУ , на трэцяе — калектыў эстраднага танца “Дзіва” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. У намінацыях “Інструментальны жанр” і “Арыгінальны жанр” лепшымі прызнаны адпаведна інструментальны ансамбль народных інструментаў сярэдняй школы № 4 Мінска, настаўнік сярэдняй школы № 4 Іванава У.М.Паліўка, інструментальны ансамбль сярэдняй школы № 28 Гомеля, акцёрскае трыа Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, Л.А.Бурдзінская, кіраўнік тэатра моды “Дэбют”, аўтар калекцыі “Млын” гэтага ж цэнтра, і Яўген Стадольнік, студэнт Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.

Цяпер гэтых таленавітых людзей чакаюць закрытыя праслухоўванні, прагляды, па выніках якіх прафесійнае журы адбярэ канкурсантаў у свае каманды. Удзельнікаў падрыхтуюць да выступленняў у фінале конкурсу, а гала-канцэрт пройдзе 1 мая.

Дарэчы, Рэспубліканскі прафсаюзны конкурс творчасці працоўных калектываў праходзіць ужо трэці раз. Сёлета адборачныя туры арганізаваны не толькі па тэрытарыяльным, але і па галіновым прынцыпе.

Марына ХІДДЖАЗ.