Надвор’е ў гэты снежаньскі дзень радавала — свяціла сонца. Радасцю свяціліся і твары людзей, якія сабраліся на ўрачыстае адкрыццё пятага дома сямейнага тыпу ў Гродне. Новы дом і новую сям’ю атрымалі шэсць дзяўчынак ва ўзросце ад пяці да дзевяці гадоў. Зараз у сям’і Жук будуць выхоўвацца дзевяць дзяцей.
У двары дома мама Вераніка Уладзіміраўна і тата Андрэй Уладзіміравіч разам з дзеткамі сустракалі гасцей — старшыню Гродзенскага гарвыканкама Мечыслава Гоя, начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандра Сонгіна, кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна Івана Курмана.
Дом сямейнага тыпу для вялікай сям’і Жук, у якой выхоўваюцца і трое ўласных дзяцей, пабудаваны ў цэнтры горада, побач з яшчэ адным домам сямейнага тыпу, які быў адкрыты ў 2015 годзе.
Мечыслаў Гой адзначыў, што ў Гродне ёсць праграма будаўніцтва дамоў сямейнага тыпу, увод наступнага запланаваны на 2018 год — ён з’явіцца на вуліцы Валковіча, у перспектыве тут будзе пяць дамоў. Раён выбраны невыпадкова: побач школа, добра развіта інфраструктура. Запланавана і спартыўная пляцоўка. Вядуцца перамовы з Беларусбанкам, які ўдзельнічае ў праграме “Дзеці Беларусі”, аб будаўніцтве ў Гродне яшчэ аднаго дома сямейнага тыпу.
— У Гродзенскай вобласці гэта 26-ы такі дом, — сказаў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін. — Такая форма выхавання дзяцей паказала сваю эфектыўнасць, яна дае ім магчымасць знайсці сям’ю, дом. Мы мэтанакіравана ідзём па шляху скарачэння дзіцячых дамоў. Іх у вобласці засталося два.
Будаўніцтва дома сямейнага тыпу, кошт якога 453 тысячы рублёў, вялося за сродкі абласнога і гарадскога бюджэту.
А агеньчыкі на навагодняй ёлцы разам з дзецьмі запалілі Дзед Мароз і Снягурка. Дзеці расказвалі вершы, спявалі, вадзілі карагод і атрымалі падарункі — цацкі. А яшчэ новая сям’я атрымала тэлевізар, шмат развіццёвых гульняў, веласіпеды і салодкія пачастункі, а Андрэй Уладзіміравіч Жук — сімвалічны ключ ад новага цёплага і ўтульнага дома.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.