На гэтым тыдні закончылі свае выступленні ўстановы вышэйшай адукацыі краіны ў рамках другога этапу Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “АРТ-вакацыі”. Традыцыйна апошняй фестывальную эстафету пераняла сталіца. Сёння пра папярэднія вынікі выступленняў мінскіх студэнтаў (дамовіўшыся, што не будзем называць ні канкрэтныя калектывы, ні іх кіраўнікоў, пакуль не вызначаны пераможцы) мы гутарым з сябрамі экспертнай групы фестывалю — загадчыкам аддзела сацыякультурных праектаў Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Аленай Сяргееўнай ЛАЎРЫНОВІЧ і супрацоўнікам аддзела Таццянай Валер’еўнай ГРЫШУКЕВІЧ.
— Што б вы адзначылі як самую значную навацыю сёлетніх “АРТ-вакацый”?
Алена Сяргееўна. Сёлета мы апрабавалі новы фармат правядзення другога этапу фестывалю — адмысловыя міжуніверсітэцкія падзеі і сустрэчы. А паколькі ў Мінску налічваецца больш як 29 устаноў вышэйшай адукацыі — больш, чым у астатніх абласцях, гэты новы фармат быў ярка выражаным арганізацыйным эксперыментам. Творчае ўзаемадзеянне сталічных УВА было менавіта фестывальным, неад’емным ад самога фестывалю “АРТ-вакацыі”. Для нас як арганізатараў гэта быў прынцыповы момант.
— Як канкрэтна выглядала гэтае ўзаемадзеянне?
Алена Сяргееўна. Па-рознаму. Ці некалькі ўстаноў вышэйшай адукацыі сустракаліся на пляцоўцы адной з іх, і кожная па чарзе прадстаўляла сваю творчасць; ці некалькі УВА раствараліся ў нейкай агульнай праграме-дыялогу; ці гэта было спаборніцтва пэўных творчых калектываў з розных УВА, але якія працуюць у адным і тым жа жанры…
— Давайце, так бы мовіць, пастфактум пройдземся па некаторых сёлетніх фестывальных пляцоўках.
Алена Сяргееўна. Напрыклад, была надзвычай цікавая сустрэча на базе Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, які прыняў у сябе ажно чатыры УВА: Камандна-інжынерны інстытут МНС Рэспублікі Беларусь, Беларускую дзяржаўную акадэмію авіяцыі, Мінскі інавацыйны ўніверсітэт і філіял Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта ў Мінску. Або, скажам, Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт стаў гасцінным фестывальным домам для Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь і Інстытута сучасных ведаў імя А.М.Шырокава.
Таццяна Валер’еўна. Вельмі адметны творчы эксперымент адбыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры, які стаў адначасова пляцоўкай для Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Здавалася б, такія розныя рэчы — спорт і музыка. На самай справе гэтыя дзве УВА сябруюць даўно дзякуючы сваім кітайскім студэнтам, пастаянным творчым абменам. І іх агульная праграма красамоўна называлася “Спорт і творчасць”. Гэта сапраўды было нечакана для “АРТ-вакацый”.
Алена Сяргееўна. На базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, акрамя самой гэтай установы, выступілі каманды Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. І тут мне хацелася б асабліва падкрэсліць той момант, што і Акадэмія МУС, як, зрэшты, і Ваенная акадэмія, і Інстытут пагранічнай службы, заўсёды паказваюць у сваёй творчасці непараўнаны прыклад не проста нейкага абстрактнага, трафарэтнага патрыятызму, а непасрэднай, перажытай на асабістым узроўні перакананасці ў святасці служэння сваёй Айчыне, свайго прафесійнага і чалавечага абавязку. І вельмі важна, што гэтыя сілавыя УВА завіталі сёлета ў цывільныя УВА, прадэманстравалі сваім аднагодкам “на гражданке” свой надзвычай патрыятычны рэпертуар, у якім, дарэчы, вельмі многа аўтарскіх твораў, напісаных ад самага сэрца.
Таццяна Валер’еўна. Гэта актуальна яшчэ і на фоне актыўнай рэкламнай кампаніі па заахвочванні маладых людзей да службы ў арміі. І калі курсанты выступаюць на пляцоўках іншых, не сілавых, УВА, гэта выклікае неверагодны водгук.
Алена Сяргееўна. Наогул, гэтае ўзаемадзеянне адных УВА з іншымі, якое адбылося на сёлетніх “АРТ-вакацыях”, як бы павялічвае творчую масу кожнай з іх. Адзін універсітэт, убачыўшы праграму другога ўніверсітэта, ужо можа запрасіць сваіх новых сяброў на свае мерапрыемствы, калі будзе неабходнасць паказаць там, напрыклад, фальклорныя калектывы, якіх у іх няма, або патрыятычныя нумары. І можна не сумнявацца, што цяпер пагранічнікі ці вайскоўцы стануць гасцямі ў іншых УВА на мерапрыемствах, прысвечаных Дню Перамогі ці Дню абаронцаў Айчыны. І, наадварот, у сілавыя УВА абавязкова прыйдуць студэнты з творчымі нумарамі несілавога кірунку. “АРТ-вакацыі” на самай справе раскрываюць рамкі творчай прасторы кожнай установы вышэйшай адукацыі.
— А як праявілі сябе ўстановы вышэйшай адукацыі, якія па традыцыі заўсёды знаходзяцца ў авангардзе? Маю на ўвазе БДУ, МДЛУ, БДПУ імя Максіма Танка…
Алена Сяргееўна. Усе з іх — цудоўна. Напрыклад, у праграме БДПУ быў вельмі моцны прафарыентацыйны момант. Нумары, якія паказалі студэнты педагагічнага, можна з поспехам паказваць у любой школе ці гімназіі з арыентацыяй на абітурыентаў. Праграму БДУ можна назваць своеасаблівым творчым майстар-класам дзякуючы найцікавейшым знаходкам і адкрыццям.
Таццяна Валер’еўна. Гэта быў надзвычай удалы творчы эксперымент. Звычайна творчыя эксперыменты ўспрымаюцца на ўзроўні пэўнай разгубленасці і здагадак: а ці мастацтва гэта, а ці можна так, ці мае права гэта на існаванне? А тут адназначна была творчая ўдача. Дарэчы, БДУ прымаў у сябе выкладчыкаў і студэнтаў з Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і Міжнароднага ўніверсітэта “МІТСО”, якія, несумненна, вынеслі са сцен галоўнай альма-матар краіны вельмі каштоўны для сябе вопыт.
Алена Сяргееўна. Праграма лінгвістычнага ўніверсітэта была сапраўдным адкрыццём у тым сэнсе, што напоўніцу раскрыла стаўленне сённяшняй моладзі ўвогуле да такога паняцця, як “творчы конкурс”, і да ўдзелу ў конкурсе. Калі раней, можа, якіх 5—10 гадоў назад, конкурсы нярэдка ўспрымаліся маладымі людзьмі як нешта большасці іх не датычнае і не даступнае, то сёння гэта натуральная форма зносін. Безумоўна, сваю справу ў многім зрабілі шматлікія тэлевізійныя конкурсы, кшталту “Голос”, “Точь-в-точь” і інш. Але факт ёсць факт: сёння ўсе хочуць удзельнічаць у конкурсах, як бы пражываць гэтыя конкурсы тут і зараз. Праграма лінгвістаў была пабудавана так, быццам усе яе ўдзельнікі — і калектывы, і асобныя выканаўцы — спаборнічалі за права быць дэлегіраванымі на нейкі прадстаўнічы конкурс, умоўна кажучы, накшталт “Еўрабачання”. Спачатку я думала, што гэта проста такі арыгінальны сцэнарны ход. Але калі ўся зала пачала скандзіраваць, што вось такога і такога студэнта трэба пасылаць на той умоўны конкурс… Гэта было проста неверагодна!
— А МДЛУ, акрамя таго, што так арыгінальна паказаў сябе, прымаў нейкую іншую УВА?
Алена Сяргееўна. Так, безумоўна. Гэта была Беларуская дзяржаўная акадэмія сувязі. І я хачу сказаць, што ўсё іх выступленне было прасякнута ідэяй новага, ідэяй нейкай такой тонкай, крохкай вясны: і кожная песня, і кожны верш, і тэкст вядучага… Зрэшты, гэтае новае, у адпаведнасці з дэвізам сёлетняга фестывалю “Новы фармат творчасці — у новых магчымасцях часу”, прысутнічала і ў праграмах іншых устаноў вышэйшай адукацыі, якія ўдзельнічалі ў “АРТ-вакацыях”. У каго ў большай, у каго ў меншай ступені.
— Дарэчы, яшчэ ў сувязі з новым: не магу не запытаць і пра такую сёлетнюю навацыю, як праект “PRO-вакацыі”. Што гэта ўсё ж такое?
Алена Сяргееўна. Калі гаварыць навуковай мовай, то існуюць 4 узроўні мастацка-творчай дзейнасці. Першы — рэцэпторны: я ўвайшоў у залу адным гледачом, убачыў нешта (ці прачытаў нешта, ці пачуў нешта) і ў нечым стаў ужо іншым гледачом (чытачом, слухачом і г.д.). Гэта можа быць канструктыў або дэструктыў, але ўсё роўна я нешта для сябе вынес, стаў іншым. Другі ўзровень — рэпрадукцыйны: я раблю рэпрадукцыю, я паўтараю нешта, што мне прапанавалі (ці гэта вакальны твор, ці музычны, ці мастацкі). Трэці ўзровень — крэатыўны. Ён уключае ў сябе суб’ектыўную навізну, гэта значыць, я атрымліваю нейкі матэрыял, але я ўношу сваю суб’ектыўную прапанову (давайце, умоўна кажучы, мы прачытаем Чэхава не так, а вось так). І, нарэшце, ёсць чацвёрты, абсалютна творчы, узровень, калі навізна не суб’ектыўная, а аб’ектыўная, калі мы ствараем нешта абсалютна новае. І трэба разумець, што гэтыя станы студэнтаў ёсць заўсёды. Але ў рамках фестывалю “АРТ-вакацыі” павінна быць тая пляцоўка, дзе павінны існаваць усе сацыяльна пазітыўныя, канструктыўныя прапановы зыходзячы з фестывальных магчымасцей. У нас ёсць канцэртныя праграмы, велізарная колькасць калектываў як традыцыйных кірункаў (якія закліканы трансліраваць лепшы вопыт, займацца музеефікацыяй — у добрым сэнсе гэтага слова), так і нетрадыцыйных кірункаў. Для таго каб укараняць нейкія навацыі, мы і стварылі гэтую платформу — “PRO-вакацыі”, што літаральна азначае “тое, што ідзе следам за вакацыямі”. Гэта не нейкае супрацьдзеянне, не барацьба. Гэта так званы інсайт-праект (інсайт — “азарэнне”): я наведаў “АРТ-вакацыі”, можа быць, нават прымаў удзел у нейкім калектыве. Мяне азарыла нейкая ідэя, я хачу зрабіць нешта сваё, але я разумею, што я не харэограф, не харавік, а, скажам, эканаміст ці інжынер. Вось у рамках праекта “PRO-вакацыі” мы прапанавалі творчым аб’яднанням, студэнтам тры стратэгіі — тры вектары: масавае вакальнае выканальніцтва (напрыклад, калі мы ўсім факультэтам збіраемся і спяваем песню), масавы танец і сучасная тэатральная творчасць (актуальны тэатр, дакументальны тэатр, тэатр святла, агіткаманды, перформанс-групы і інш.).
— Наколькі паспяхова гэта ўсё прайшло апрабацыю на “АРТ-вакацыях”?
Алена Сяргееўна. Гэта ўсё цалкам апраўдала сябе. Прычым я хачу заўважыць, што сёння няма канфлікту паміж традыцыйнымі калектывамі і калектывамі, якія ўдзельнічалі ў “PRO-вакацыях”, таму што ўсё гэта — студэнцкае асяроддзе. Яно ўсё прыгожае, яно ўсё творчае. Гэта, ведаеце, як зацвітаюць кветкі, але мы яшчэ не ведаем, у што канкрэтна ператворацца гэтыя кветкі. Так і тут: мы не ведаем, які з нумароў “PRO-вакацый” ператворыцца ў новы жанр, у новы від творчасці… Але ўсё, што мы бачылі на “PRO-вакацыях”, — гэта якраз вось гэтыя белыя кветкі. Не было ніводнага нумара, які б выклікаў непрыязнасць у студэнтаў у зале, у педагогаў, у нас, сяброў экспертнай групы.
— Да фінальнага гала-канцэрта “АРТ-вакацый-2016”, які адбудзецца ў сталічным Палацы спорту 14 мая, застаецца крыху больш за два тыдні… Зараз усе вашы клопаты і думкі звязаны з гэтай падзеяй?
Алена Сяргееўна і Таццяна Валер’еўна. На сёння мы прагледзелі “АРТ-вакацыі” ў арганізацыйным сэнсе, у метадычным плане, зрабілі для сябе пэўны зрэз магчымасцей педагогаў і іх прафесійных чаканняў. І бягучая задача экспертнай групы ў тым, каб выбраць лепшыя ўзоры (1, 2 і 3 месцы). З лепшых нумароў будзе складзена праграма гала-канцэрта, адаптаваная да спартыўна-відовішчнай пляцоўкі з улікам спецыфікі апошняй. А ўвогуле, не гэта нават самае галоўнае. А тое, што мы запрашаем усе ўстановы вышэйшай адукацыі да своеасаблівага завочнага дыялогу, творчага сэйшну. Усе паказаныя сёлета праграмы выкладзены на партале www.artviva.by. Паглядзіце, што паказвалі іншыя УВА, параўнайце, зрабіце высновы. “АРТ-вакацыі” працягваюцца…
Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.