Няма такой тэмы, якую нельга рэалізаваць з дапамогай LEGO, лічыць мінская настаўніца Вольга Волкава

- 9:40Образование

Трэці раз рыхтуецца выпусціць вучняў LEGO-класа Вольга Волкава, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 67 Мінска. У сваёй рабоце педагог прымяняе LEGO-­канструктар, інтэрактыўную дошку, Scratch­навучанне і робататэхніку, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Вольга Канстанцінаўна на працягу 12 гадоў выкарыстоўвае LEGO-канструктар на ўроках, класных і інфармацыйных гадзінах, у праектнай дзейнасці. У свой час атрымала прэмію Мінгарвыканкама за адпаведны вопыт па фарміраванні ўніверсальных кампетэнцый навучэнцаў і зараз дзеліцца напрацоўкамі падчас майстар-класаў і іншых метадычных мерапрыемстваў, вядзе ўласны блог.

 — Няма такой тэмы, якую нельга было б рэалізаваць з дапамогай LEGO. Гэта не проста канструктар, а інструмент навучання, які дапамагае развіваць прасторавае мысленне. Бо пэўны аб’ект, які дзеці ўяўляюць, яны складаюць з прапанаваных ім дэталей канструктара, — адзначае Вольга Канстанцінаўна.

Калі гэта ўрок матэматыкі, то з дапамогай канструктара вывучаецца лік, наглядна прадстаўляюцца задачы. Вучні не проста запісваюць рашэнне і адказ да задачы, але і малююць іх на плоскасці. Можна выкласці лічбу, выканаць матэматычную дык­тоўку, выбудаваўшы вежу з кубікаў праз гульню “Так-нетка”, а таксама з лёгкасцю рашыць задачу з выкарыстаннем графічнай схемы. У парку гуляе пяць бегемотаў і шэсць сланоў. Колькі ўсяго жывёл гуляе ў парку? Прапануецца выкласці ў рад кубікамі аднаго колеру пяць бегемотаў, кубікамі іншага колеру побач — шэсць сланоў. Падлік агульнай колькасці кубікаў дазваляе даведацца агульную колькасць жывёл у парку.

Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі спрыяюць развіццю ў вучняў цікавасці да прадметаў, дасягненню высокіх вынікаў, добраму псіхалагічнаму клімату ў класе, калі кожнае дзіця знаходзіцца ў сітуацыі поспеху, у поўнай меры раскрывае свае здольнасці і фарміруе ключавыя кампетэнцыі.

Пры вывучэнні рускай і беларускай мовы з кубікаў LEGO можна выкласці літару, пабудаваць схему слова і сказа, пазначыць знак прыпынку, вялікую літару. Навучэнцы ведаюць умоўныя абазначэнні кубікаў. Чырвоны, зялёны, сіні — для гукавога аналізу слова. Белы кубік — для пабудовы схемы сказу і знакаў прыпынку. Пры вывучэнні арфаграфіі рэкамендуецца выдзяляць колерам месцазнаходжанне арфаграм. Чырвоны — ненаціскная галосная ў корані слова. Жоўты — парны зычны. “Жи-ши”, “ча-ща”, “чу-щу”, “чк”, “чн” — карычневы кубік. Зялёны, жоўты, ­чырвоны — мужчынскі род, жаночы, сярэдні. Вывучанае новае слоўнікавае слова таксама рэкамендуецца выкласці на плоскасці для замацавання.

LEGO-канструктар падыдзе для правя­дзення гука-літарнага аналізу слоў, складання схемы слоў. Сіні колер дэталей адпавядае цвёрдым гукам, зялёны — мяккім зычным, чырвоны — галосным.

Па прадмеце “Чалавек і свет” канструктар працуе ў якасці нагляднасці і дазваляе стварыць карту Беларусі, герб, сцяг, пазнаёміць з бакамі свету. Кожнаму вучню важна паглядзець, напрыклад, на малюнак з выя­вай атрутных раслін і зрабіць з канструктара муд­ранку, воўчае лыка. Трэба ведаць і адрозніваць жывёл, іх паводзіны ў прыро­дзе і замацаваць веды, адлюстраваўшы жывёл на плоскасці або ў аб’ёме.

Што тычыцца прадметаў эстэтычнага цыкла, працоўнага навучання, то і тут выкарыстоўваецца канструктар на пэўных этапах урока. Рэкамендуецца выбраць зялёны, жоўты, чырвоны кубікі на этапах арганізацыйнага моманту, рэфлексіі.

Вучні LEGO-класа наведваюць гурток па робататэхніцы з канструктарам Lego WeDo 2.0. Другакласнікі канструююць і набываюць навыкі самага простага праграмавання. Гэтая вучэбная праграма дазваляе вывучыць назвы дэталей, механізмаў, сабраць мадэль па ўзоры і запраграмаваць. Гатовая канструкцыя выконвае каманды па задуме вучня, што дазваляе праверыць правіль­насць сабранай мадэлі. Такім чынам, дзеці ў працэсе гульні асвойваюць тэхнічную тэрміналогію, займаюцца вынаходніцкай, канструктарскай і рацыяналізатарскай дзейнасцю, развіваюць крытычнае мысленне.

***

Вольга Волкава кіруе навуковым таварыствам навучэнцаў 1—4 класаў “Юны даследчык”. І штогод яе вучні перамагаюць на гарадскім фестывалі праектна-даследчых работ “Пазнанне і творчасць”, гарадскім турніры “Юны матэматык”, міжнародным конкурсе па логіцы і інфарматыцы “Бабёр”, рэс­публіканскім конкурсе “Энергамарафон”. Педагог праводзіць заняткі па логіцы сумесна з цэнтрам развіцця лагічнага мыслення Logic.by. Як вынік — прызавыя месцы вучняў на рэспубліканскай алімпіядзе па логіцы і матэматыцы “Суперлогік”. Не меншы спіс перамог у яе выхаванцаў у творчых конкурсах высокага ўзроўню.

Як член савета школьнага музея Ба­тальёна беларускіх арлянят Вольга Канстанцінаўна кіруе пошукавай групай навучэнцаў “Юны патрыёт”, праводзіць патрыятычныя мерапрыемствы, выставы і канферэнцыі, ініцыіруе дыялогавыя пляцоўкі з вядомымі грамадскімі дзеячамі ў рамках праекта “ШАГ”. Настаўніца адзначана дыпломамі І ступені на міжнародным конкурсе “Была вайна” і міжнародным прафесійна-даследчым конкурсе “Педагагічнае прызванне — 2022” і атрымала прэмію Мінгарвыканкама за вопыт “Выкарыстанне “тоўстых і тонкіх” пытанняў на ўроках мужнасці для фарміравання грамадзянскай пазіцыі членаў групы “Юны патрыёт”.

Надзея ЦЕРАХАВА