Прадпрыемствам у няпростай эканамічнай сітуацыі важна бачыць крыніцы росту, заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў, падводзячы вынікі рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць, у час якой напрыканцы мінулага тыдня ён наведаў ААТ “Івацэвічдрэў”, УП “Гефест-тэхніка” СП ААТ “Брэстгазаапарат” і ААТ “Брэсцкі электралямпавы завод”.
“Няпростыя эканамічныя сітуацыі — гэта, з аднаго боку, выпрабаванне на трываласць, з другога — магчымасць у барацьбе вырвацца ў лідары”, — адзначыў Андрэй Кабякоў. Так, паводле яго слоў, Брэсцкі электралямпавы завод выстаяў у няпростым канкурэнтным асяроддзі, у той час як многія аналагічныя кампаніі, перш за ўсё на постсавецкай прасторы, закрыліся ў складаных эканамічных умовах. Больш за тое, беларускае прадпрыемства не проста выжыла, але і бачыць крыніцы росту. “Прычым не проста росту як такога — павелічэння колькасці вырабленай прадукцыі, а развіцця тых напрамкаў, якія ўжо запатрабаваны і будуць запатрабаваны ў далейшым”, — сказаў ён.
Андрэй Кабякоў канстатаваў цяжкі стан завода з пункту гледжання фінансавых адносін. “Даволі вялікая крэдыторская запазычанасць, неабходна абслугоўваць крэдыты, энергетыка вялікая, па тэхналогіі яна неабходна. У сувязі з тым, што мяняліся курсы валют, мянялася і цана на энерганосьбіты. Усё гэта, зразумела, уплывае на эканоміку прадпрыемства”, — растлумачыў кіраўнік беларускага ўрада.
Тым не менш, на думку прэм’ер-міністра, Брэсцкі электралямпавы завод гатовы стаць лідарам галіны, прычым на ўсёй постсавецкай прасторы. Паводле яго слоў, доказ таго — партнёры, фірмы з сусветнымі імёнамі, якія зацікаўлены ў сур’ёзнай кааперацыі з беларускім заводам.
Гаворачы аб ААТ “Івацэвічдрэў”, Андрэй Кабякоў адзначыў, што з усіх дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, якія былі мадэрнізаваны ў канцэрне “Беллеспаперапрам”, яно з’яўляецца найбольш паспяховым. ААТ “Івацэвічдрэў” як мінімум 2—3 гады назад прайшло мадэрнізацыю, мае добры партфель заказаў, загрузку магутнасцей на 100 з лішнім працэнтаў, функцыянуе ва ўсе змены. Але ёсць сістэмныя пытанні, перш за ўсё звязаныя з тым, што рынак прадукцыі ДСП у доларавым эквіваленце знізіўся, а тая нагрузка, якая існавала, якая яшчэ засталася, крэдыты, што былі накіраваны на мадэрнізацыю, стала прыкметна складаней абслугоўваць”, — растлумачыў прэм’ер-міністр. Таму, паводле яго слоў, гэта той выпадак, калі неабходна ўважліва падысці да забеспячэння работы прадпрыемства. “Задача — зрабіць так, каб звесці грашовыя патокі. Для гэтага трэба, каб пайшлі насустрач банкі, каб завод пастараўся з пункту гледжання дадатковых рэзерваў зніжэння затрат. Гэта рабочая сітуацыя. Мы дамовіліся, што выпрацуем меры, якія будуць садзейнічаць таму, каб прадпрыемства нармальна працавала і нармальна абслугоўвала тую крэдытную нагрузку, якую яно атрымала ў працэсе мадэрнізацыі. Дзяржава падставіць плячо, калі ў гэтым будзе неабходнасць, хоць, думаю, ёсць магчымасць знайсці ўнутраныя рэзервы”, — сказаў Андрэй Кабякоў.
Адносна работы УП “Гефест-тэхніка” Андрэй Кабякоў адзначыў, што прадпрыемства з’яўляецца прыкладам таго, як разумна праводзіць тэхналагічную і эканамічную палітыку і ў выніку эфектыўна працаваць, нягледзячы на негатыўную кан’юнктуру. Паводле яго слоў, кіраўнікі вырашаюць праблемы, маюць разгалінаваную сетку збыту, паказваюць эканамічную эфектыўнасць. “Важна мець такіх флагманаў, на прыкладзе якіх можна павучыцца, паказаць, што трэба менш стагнаць, а займацца справай. І тады будзе вынік”, — рэзюмаваў прэм’ер-міністр.