Час ад часу сродкі масавай інфармацыі вяртаюць як педагагічную, так і бацькоўскую грамадскасць да пытання мэтазгоднасці выкарыстання ў адукацыйным працэсе дзесяцібальнай сістэмы ацэнкі ведаў вучняў. Не ўстрымаўся, каб не выказаць свой погляд на гэтае пытанне. Не ўтойваю, што станоўча стаўлюся да дзесяцібалкі ў адукацыйным працэсе.
Крыху гісторыі
Адпаведнай пастановай Міністэрства адукацыі ад 24.05.2002 прадугледжвалася “ўвядзенне дзесяцібальнай сістэмы ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў ва ўстановах, якія забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі” з 1 верасня 2002 года.
Да ўвядзення гэтай шкалы Нацыянальным інстытутам адукацыі (НІА) была праведзена яе апрабацыя ў шэрагу школ і прафтэхвучылішчаў.
Метадычнымі рэкамендацыямі НІА прадугледжвалася, што “пры ўмове засваення вучнямі вучэбнага матэрыялу ў адпаведнасці з мэтамі, якія ставіліся на ўроку, вынікі іх вучэбнай дзейнасці ацэньваюцца адзнакамі ад 1 да 10 балаў уключна”. У гэтым жа дакуменце канстатавалася, што “адзнака “0” (нуль) выстаўляецца пры адсутнасці вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў на момант іх атэстацыі”, што адпавядала паняццю “адсутнічаюць веды, альбо нездавальняюча”.
Можна са спачуваннем канстатаваць, што асобныя ўдзельнікі розных форумаў у сацыяльных сетках інтэрнэту шкадуюць, што школу пазбавілі пяцібалкі. Аднак тут трэба адзначыць, што на самай справе настаўнікі ніколі яе ў поўнай меры і не выкарыстоўвалі.
“Адзінку” амаль ніхто з настаўнікаў вучням не ставіў. Яна выкарыстоўвалася як вышэйшая мера пакарання за сістэматычнае парушэнне асобнымі вучнямі дысцыпліны на ўроку. Гэтым, як правіла, карысталіся настаўнікі, у якіх быў вычарпаны ўвесь дыдактычны арсенал да парушальнікаў дысцыпліны і якія лічылі, што толькі “кол” быў апошнім сродкам уздзеяння.
“Двойку” афіцыйна ставіць не забаранялася. Аднак, каб рэзка не паніжаць агульную паспяховасць вучняў у класе, школе альбо ў горадзе (раёне), настаўнік гэты паказчык якасці навучання выкарыстоўваў таксама рэдка.
На самай справе ў арсенале педагога заставалася трохбалка. Вядома, настаўнік, каб знайсці выйсце з такога становішча, дабаўляў розныя значкі. Напрыклад, кропка ў класным журнале пасярод клетачкі азначала віртуальную “двойку”. Гэта значыць, што калі яе ўладальнік на наступных уроках не выправіць становішча, то яна ператворыцца ў рэальную.
У школьнай практыцы сустракаў такі выпадак, калі ў даволі патрабавальнага настаўніка хіміі ўся старонка класнага журнала да апошніх дзён чвэрці была ў кропках. Толькі пасля так званых заліковых заняткаў у пазаўрочны час настаўнік замест кропак выстаўляў, як правіла, станоўчыя адзнакі — звычайна гэта былі “тройкі”.
Іншы настаўнік у дзённік вучню ставіў тлустыя кропкі і побач свой подпіс. (Во вынаходнік!) Такім чынам ён інфармаваў бацькоў вучня аб вельмі нездавальняючых ведах па пэўным прадмеце. Ведаючы праблему, бацькі звычайна дапытваліся: “Прызнавайся, што натварыў?”
Сумленнымі ж былі ўладальнікі кропак. Інакш яны маглі б вельмі проста выправіць становішча: побач ставіць добрыя адзнакі. Тады і бацькава папруга не спатрэбілася б.
А вось кропка побач з лічбай выконвала процілеглую функцыю — узмацняла адзнаку. “Чацвёрка” з кропкай — гэта значыць не проста “добра”, а вельмі “добра”.
Усім вядомыя значкі плюс ці мінус побач з лічбай выконвалі свае прамыя функцыі. Настаўнік такім чынам вымушана пашыраў дыферэнцыруючую здольнасць трохбальнай шкалы. Можна сказаць, што бязвыхаднасць падштурхоўвала да вынаходніцтва. Тым не менш сёння сустракаюцца прыхільнікі былой сістэмы ацэнкі. Можна нават чуць, што яна працавала лепш, чым сучасная дзесяцібальная.
Станоўчыя бакі дзесяцібалкі
Значнай перавагай дзесяцібалкі з’яўляецца павышэнне аб’ектыўнасці ацэнкі ведаў вучняў за кошт пашырэння дыферэнцыруючай здольнасці шкалы: замест пяці (трох) лічбавых паказчыкаў зараз настаўнікі выкарыстоўваюць дзесяць. Наша практыка шкаліравання вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання сведчыць, што чым большы дыяпазон шкалы, тым больш дэталёва ў колькасных паказчыках адлюстроўваецца ўзровень падрыхтоўкі навучэнцаў.
Не менш важнай функцыяй гэтай шкалы з’яўляецца сацыяльная абарона асобы школьніка: вучань, які выканаў заданне першага ўзроўню засваення, нават пры нязначных дапушчаных памылках мае права на атрыманне 1 бала. Цяпер вучню не трэба хлусіць бацьку, што “двойка” па матэматыцы ў дзённіку з’явілася з прычыны “забыў сшытак”. Ён атрымаў станоўчыя аж два балы (!). Праз некалькі ўрокаў па той жа матэматыцы пры адпаведнай матывацыі (усе ж адзнакі станоўчыя) ён атрымае больш высокі бал.
Як паказала практыка, дзесяцібалка ў адукацыйным працэсе выконвае важную стымулюючую функцыю: матывуе больш падрыхтаваных і таленавітых вучняў і не прыгнятае слабейшых. Гэта значыць, што існуючая сістэма ацэнкі ў большай ступені, чым былая, улічвае індывідуальныя магчымасці вучня, стварае ўмовы для адэкватнай самаацэнкі асобы.
Трэба прызнаць, што дзесяцібальная сістэма ацэнкі ведаў мае і некаторыя недахопы, якія больш звязаны з недастатковым дыдактычным забеспячэннем працэсу яе ўкаранення ў школьную адукацыю.
Так, нават пасля 12-гадовай практыкі выкарыстання дзесяцібалкі марудна ідзе працэс авалодвання настаўнікамі тэхнікай атаясамлення ўзроўню падрыхтоўкі навучэнцаў з крытэрыямі і лічбавымі паказчыкамі шкалы.
Неяк у першыя гады пасля ўвядзення новай шкалы, наведаўшы ўрок гісторыі ў 7 класе адной з гімназій, я заўважыў, што ў класным журнале амаль усе бягучыя адзнакі былі не вышэй за лічбу “5”. Калі б не адзіная “шасцёрка”, то можна было б лічыць, што настаўнік працягвае працаваць па пяцібальнай шкале! Дырэктар гімназіі абараніла калегу — маўляў, вельмі патрабавальная.
Пры паўрочным кантролі ведаў настаўнік, як правіла, з асцярогай ацэньвае станоўчыя адказы вучняў высокімі баламі. Існуе пэўная залежнасць настаўнікаў ад былой пяцібальнай шкалы.
Тут трэба прызнаць, што чым большы дыяпазон шкалы ацэньвання вынікаў вучэбнай дзейнасці, тым больш складана “ўручную” ацэньваць навучэнцаў.
Сур’ёзнай перашкодай для прызнання новай шкалы з’яўляецца тое, што для часткі бацькоў застаецца незразумелым асноўная канцэпцыя сістэмы ацэньвання. Часта пры вызначэнні рэальнай “вагі” атрыманай дзіцем адзнакі робіцца простае дзяленне на лічбу “2”. Калі атрымаў 4 балы па матэматыцы, то па ранейшай сістэме ты не паспяваеш. Карацей кажучы, — двоечнік! На самай справе ўладальнік чатырох балаў можа ў асноўным перадаць большую частку праграмнага вучэбнага матэрыялу па памяці як вусна, так і пісьмова, можа назваць агульныя адрозненні вывучаных аб’ектаў, ажыццявіць разумовыя і практычныя дзеянні па вызначаным узоры.
Аднак пералічаныя так званыя недахопы і перашкоды з’яўляюцца, як кажуць, праблемай росту і носяць часовы характар.
Мікалай ФЯСЬКОЎ.