ДОЎНАР Дзмітрый Барысавіч,
настаўнік працоўнага навучання сярэдняй школы № 13 Жлобіна.
Педагагічны стаж — 25 гадоў. Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
Намінацыя “Музыка, працоўнае навучанне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка”
У сваёй педагагічнай дзейнасці Дзмітрый Барысавіч імкнецца фарміраваць устойлівую цікавасць навучэнцаў да прадмета як асноватворны прынцып, які забяспечвае эфектыўнасць тэхналагічнай падрыхтоўкі навучэнцаў, авалоданне школьнікамі жыццёва важнымі ведамі і ўменнямі. Фарміраванне цікавасці навучэнцаў да прадмета рэалізоўваецца праз захапляльныя вучэбныя заняткі і магчымасць кожнага вучня займацца ў пазаўрочны час на факультатыўных занятках, у аб’яднаннях па інтарэсах і секцыі мастацкага праектавання ў рамках школьнага навуковага таварыства “Пошук”.
Урокі тэхнічнай працы настаўнік будуе на аснове рэалізацыі творчага праекта. Навучэнцы самастойна або ў групе ствараюць канкрэтны выраб, у канструкцыю якога прыўносяць уласныя рашэнні, а таксама выконваюць аўтарскае мастацкае афармленне вырабаў. Асноўным напрамкам педагагічнай дзейнасці пры выкарыстанні метаду праектаў Дзмітрый Барысавіч лічыць стварэнне ўмоў для вучэбнай самастойнасці і ініцыятывы, развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў, фарміравання ўмення вучыцца.
“Творчы праект на ўроках працоўнага навучання як сродак фарміравання ўмення вучыцца” — вопыт, якому Дзмітрый Барысавіч прысвяціў большую частку сваёй прафесійнай дзейнасці. Ажыццявіць пераход ад традыцыйнага да кампетэнтнаснага падыходу дазваляе такая арганізацыя вучэбна-пазнавальнай дзейнасці, калі навучэнцам прапануецца распрацаваць і рэалізаваць творчы праект на працягу навучальнага года. Арганізаваць такую работу дапамагае канструктарска-тэхналагічная сістэма навучання, якая аб’ядноўвае рэпрадуктыўную і творчую дзейнасць навучэнцаў.
Ідэя вопыту заключаецца ў распрацоўцы мадэлі рэалізацыі творчага праекта, які даваляе на ўроку працоўнага навучання без шкоды для працоўнай дзейнасці развіваць вучэбна-пазнавальныя кампетэнцыі і творчыя здольнасці навучэнцаў. Каштоўнасць вопыту — у стварэнні арыгінальнай сістэмы работы па развіцці вучэбнай самастойнасці і творчасці ў рамках рэалізацыі творчага праекта на ўроках працоўнага навучання.
У працэсе рэалізацыі творчага праекта настаўнікам ствараюцца ўмовы для развіцця вучэбна-пазнавальных кампетэнцый: мэтапастаноўка, планаванне, аналіз, рэфлексія і самаацэнка, а таксама развіваюцца практычныя кампетэнцыі, гэта значыць здольнасць выкарыстоўваць набытыя веды і ўменні ў практычных сітуацыях.
Вялікая ўвага ўдзяляецца мэтапастаноўцы. Пры дапамозе відэароліка, абмеркавання праблемнай сітуацыі, загадвання загадак і рэбусаў ствараюцца ўмовы для самастойнай фармулёўкі тэмы і мэты заняткаў навучэнцамі. Пры актуалізацыі суб’ектнага вопыту прымяняюцца апытанні, тэсціраванне, разгадванне загадак і крыжаванак. На этапе вывучэння новага матэрыялу, акрамя расказу, лекцыі, размовы, выкарыстоўваецца дэманстрацыя відэаролікаў, прэзентацый, схем, табліц, плакатаў. Ініцыіруецца рэфлексія навучэнца праз апытанне, прапанову закончыць фразы з рэфлексіўнага экрана. Выкарыстоўваючы выяву чамадана, мясарубкі і сметніцы, настаўнік прапануе выбраць, што навучэнцы зробяць з інфармацыяй, атрыманай на ўроку.
Пры ацэньванні вучэбнай дзейнасці Д.Б.Доўнар прытрымліваецца крытэрыяў ацэнкі, з якімі папярэдне знаёміць навучэнцаў. Акрамя адпаведнасці габарытных памераў і форм, гэта такія крытэрыі, як арганізацыя вучэбнага месца, выкананне правіл бяспечнай работы, рацыянальнасць выкарыстання інструментаў, прыстасаванняў, абсталявання, узровень самастойнасці і творчы падыход у працэсе выканання заданняў, правільнасць выканання тэхналагічных аперацый, час, затрачаны на выкананне заданняў, руплівасць, стараннасць і акуратнасць, культура працы.
Рэалізацыя творчых праектаў мае свой працяг і ў рэжыме пазаўрочных заняткаў. У рамках школьнага навуковага таварыства “Пошук” навучэнцы займаюцца даследчай дзейнасцю, дзе не толькі выконваюць вырабы па сваёй задуме, але і праводзяць эксперыменты па розных напрамках канструявання і спосабах апрацоўкі матэрыялаў, не прадугледжаных вучэбнай праграмай па прадмеце. Гэта пашырае іх політэхнічны кругагляд, спрыяе павышэнню майстэрства. У рамках такой дзейнасці навучэнцы за перыяд з 2011 па 2016 год распрацавалі 59 творчых праектаў і выканалі 85 вырабаў. 27 навучэнцаў сталі пераможцамі навукова-практычных канферэнцый, 18 — пераможцамі раённага, 9 — абласнога і 2 — Рэспубліканскага конкурсаў тэхнічнай творчасці “ТэхнаІнтэлект”.
Поспехі ў навучанні, конкурсах і алімпіядах шмат у чым вызначаюць выбар навучэнцамі будучай дзейнасці, арыентацыю на інжынерныя і педагагічныя прафесіі. Магчыма, менавіта рэалізацыя творчых праектаў на ўроках працоўнага навучання спрыяла таму, што 7 навучэнцаў сталі студэнтамі факультэта тэхналогіі Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна, 13 — студэнтамі розных факультэтаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога.
Для аптымальнага функцыянавання прапанаванай мадэлі Дзмітрыем Барысавічам распрацаваны каляндарна-тэматычнае планаванне і серыя дыдактычных сцэнарыяў урокаў, якія выдадзены ў вучэбна-метадычным дапаможніку для настаўнікаў “Працоўнае навучанне. Тэхнічная праца ў 8 класе” ў 2016 годзе ў выдавецтве “Нацыянальны інстытут адукацыі”.