Па метадзе Сакрата

- 11:47Сацыяльны ракурс

Якое дачыненне мае Сакрат да сучаснай псіхалогіі і ці могуць яго падыходы, што выкарыстоўваюцца ў кагнітыўна-­паводзінскай тэрапіі, перайначыць свядомасць і навучыць думаць так, як ёсць насамрэч, а не так, як нам здаецца? 

Пра гэта расказала КПТ­тэрапеўт, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт кафедры агульнай і сацыяльнай псіхалогіі факультэта псіхалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Алена Васільеўна КАСЦЮЧЭНКА.

— Алена Васільеўна, на вырашэнне якіх запытаў накіраваны метад кагнітыўна-паводзінскай тэрапіі? У якіх выпадках яго можна прымяняць і якая глабальная мэтагэтага кірунку?

— Метад кагнітыўна-паво­дзінскай тэрапіі з’явіўся дзякуючы амерыканскаму псіхолагу і псіхааналітыку Арану Бэку. Ён займаўся лячэннем пацыентаў з дэпрэсіяй. Назіраючы за імі, псіхааналітык заўважыў, што ў такіх людзей спецы­фічны тып мыслення, адрозны ад іншых. На аснове меркавання, што менавіта думкі вызначаюць нашы эмоцыі і паводзіны, ён знайшоў гэтаму пацвярджэнне. Аран Бэк пачаў уключаць работу з думкамі ў лячэнне пацыентаў, якія пакутуюць ад дэпрэсіі. Пасля гэтага іх вылечванне пачало адбывацца хутчэй, чым пры стандартнай псіхатэрапіі. Тое, што Бэк быў не проста выдатным клініцыстам, але і даследчыкам, дазволіла яму стварыць такі кірунак псіхалогіі, які мы называем кагнітыўна-паводзінскай тэрапіяй. У ёй псіхолаг мае дзве базавыя мішэні — кагніцыі (наша мысленне, нашы метады апрацоўкі інфармацыі, якая паступае) і паводзіны, а паміж імі — эмоцыі. Сёння КПТ з’яўляецца даказальным і эфектыўным метадам. Напрыклад, пры лёгкай ступені дэпрэсіі КПТ назначаецца, мінуючы антыдэпрэсанты. Пры сярэдняй ступені дэпрэсіі КПТ і антыдэпрэсанты паказваюць аднолькавую эфектыўнасць. 

КПТ — гэта чамадан з інструментамі, працаваць з якімі псіхолаг вучыць сваіх кліентаў, калі кансультаванне заканчваецца (любая псіхалагічная дапамога не можа быць вечнай). Пасля кансультавання ў пацыентаў застаецца неабходны арсенал метадаў, якія яны засвоілі ў працэсе работы са спецыялістам і пакінулі сабе. Калі ўзнікае рэцыдыў ці іншая складаная сітуацыя, яны самі сабе змогуць дапамагчы. Дзякуючы гэтаму, стан чалавека не ўскладняецца, бо ён ведае, як працаваць са сваім мысленнем. 

Увогуле, КПТ мяняе не толькі тых, хто прыходзіць да псіхолага і пачынае працаваць з ім у згаданым метадзе. Першапачаткова я была псіхолагам гештальт-кірунку, але потым пазнаёмілася з КПТ. Гэтая тэхніка мне вельмі блізкая, бо з’яўляецца структураванай, лагічнай. Працуючы ў гэтым метадзе, я разумею, з чаго стартую і куды прывяду кліента. Безумоўна, КПТ — гэта не панацэя, ёсць навуковыя даследаванні, якія паказ­ваюць яе эфектыўнасць у тым ці іншым выпадку. Кліентам таксама расказваю, якой прыкладна будзе эфектыўнасць дапамогі ў іх сітуацыі, і прапаную рызыкнуць, пайсці кагнітыўна-паводзінскім шляхам.

Усе кагніцыі дзеляцца на аўтаматычныя думкі, на правілы жыцця і глыбінныя перакананні. У кагнітыўна-паводзінскай тэрапіі мы працуем на ўсіх трох узроўнях: аналізуем аўтаматычныя думкі чалавека, правілы жыцця, якімі ён кіруецца, а таксама глыбінныя меркаванні. Апошнія, дарэчы, кліент можа не актуалізаваць у штодзённым жыцці, але яны ў яго дакладна ёсць. Напрыклад, адно з базавых меркаванняў чалавека, які знахо­дзіцца ў дэпрэсіўным стане, “я бездапаможны”. 

— У чым якаснае адрозненне КПТ ад іншых метадаў? На чым заснавана дзеянне кагнітыўна-паводзінскай тэрапіі?

— Першапачаткова кагнітыўна-паводзінская тэрапія прымянялася як індывідуальны метад. Але сёння з’яўляецца многа навуковых работ, у якіх прапісваецца прымяненне КПТ у групе. 

У КПТ ёсць блок, які называ­юць псіхаадукацыяй: мы ўсё і заўсёды пацыенту тлумачым і расказ­ваем. Мы гаворым, як працуе яго мозг і мысленне і як ад гэтага мяняюцца яго эмацыянальны стан і паводзіны. Здараецца, што выключна аднаго псіхаадукацыйнага блока дастаткова, каб адпаведны стан кліента палепшыўся і каб ён задумаўся: сітуацыя, з якой прыйшоў да псіхолага, насамрэч выглядае не так, як яму першапачаткова бачыцца. Такім чынам, эфектыўнасць КПТ засноўваецца на дакладным веданні таго, як працуе мозг. 

Псіхолагі, якія працуюць з КПТ, у сваіх даследчых мэтах прымяняюць метады функцыянальнай магнітна-рэзананснай тамаграфіі і камп’ютарнай тамаграфіі, дзе дакладна паказана, як мяняецца функцыянаванне мозгу. Паколькі менавіта мозг — носьбіт псіхікі, то ў нас, псіхолагаў, другой мішэні няма, акрамя яго. Таму нам трэба разумець, што ў ім адбываецца, калі ажыццяўляем на яго ўздзеянне. Безумоўна, акрамя гэтага, КПТ засноўваецца на найноўшых дасягненнях у галіне нейрабіялогіі, нейрафізіялогіі, псіхафізіялогіі. Гэта пацвярджае яе добры патэнцыял у пераадоленні цэлага спектра самых розных станаў. 

Калі раней кагнітыўна-паво­дзінская тэрапія мела клінічны кірунак (лячэнне дэпрэсіі, трывожных засмучэнняў, якіх вельмі многа), то сёння яна можа прымяняцца для работы з міжасобаснымі адносінамі і з цяжкімі асобаснымі засмучэннямі. Асаблівы эфект мае КПТ 3-й хвалі, да якой адносяцца схематэрапія, дыялектыка-паво­дзінская тэрапія, тэрапія прыняцця адказнасці і інш.

— У КПТ мноства тэхнік: дэкатастрафізацыі, змены роляў, падаючай стралы. Ці можна, працуючы з імі, адхіляцца ад пратаколаў?  

— Так, у КПТ насамрэч вялікае мноства тэхнік. Але гэта не зна­чыць, што гэты кірунак тэрапіі строга тэхнічны. Безумоўна, у ім адносіны паміж тэрапеўтам і пацыентам адыгрываюць такую ж важную ролю, як і ў астатняй псіхалогіі. Нам важна, каб быў давер і нала­джана супрацоўніцтва, каб была заўважана матываванасць кліента, якую ў тым ліку арганізуе псіхолаг. 

Калі пацыент звяртаецца да кагнітыўна-паводзінскага тэрапеўта, ён прыходзіць не толькі вырашаць свае праблемы, але і вучыцца: ва ўсіх маіх кліентаў ёсць дзённікі, яны атрымліваюць дамашняе заданне і выконваюць яго. Заўсёды нагадваю сваім кліентам, што мы сустракаемся з імі раз у тыдзень, але працаваць над сабой яны павінны кожны дзень. 

Падчас тэрапіі з кожным, хто прыходзіць да мяне, можам працаваць у тэхніцы падаючай стралы. У многіх кліентаў (адносна сваёй праблемы) падчас першай сустрэчы з’яўляецца лагічнае пытанне: што будзе, калі…? Задаючы яго ў адносінах да той сітуацыі, якая цягне за сабой не адно такое пытанне, даводзім кліента да самага страшнага сцэнарыя. У выніку ён аказваецца не такім ужо і страшным. Разумеючы гэта, кліент задае сустрэчнае пытанне: навошта баяцца таго, што не так страшна?

КПТ — гэта пратакольная тэрапія. У залежнасці ад праблемы кліента, спецыяліст вызначае пратакол, па якім будзе працаваць. Пратакол — гэта паслядоўнасць крокаў, па якіх мы вядзём кліента ад старту да фінішу, іх мы заўсёды бачым і разумеем, да чаго павінны прывесці чалавека. Работа па метадзе КПТ — гэта не блуканне ў прыцемках, калі незразумела, куды ісці і ці можам мы дапамагчы. Такім чынам, менавіта дзякуючы паслядоўнасці крокаў пратакола, атрымліваем неабходны вынік. Безумоўна, у КПТ не пратакол створаны для кліента, а кліент для пратакола. Гэта значыць, што мы можам мяняць некаторыя моманты ў рабоце. 

КПТ — гэта чамадан з інструментамі, працаваць з якімі псіхолаг вучыць сваіх кліентаў, калі кансультаванне заканчваецца (любая псіхалагічная дапамога не можа быць вечнай).

Перавага КПТ яшчэ і ў тым, што гэта плюралістычны, новы кірунак, які вітае здаровую эклектыку: нельга нешта старонняе ўзяць і з ім пераплесці. Калі бераце метад работы з нейкага іншага кірунку, то ўсё роўна будзеце ацэньваць яго эфектыўнасць не з пункту гле­джання КПТ, а па пастулатах іншага метаду. Відавочна, калі ў нас ёсць пратаколы для вырашэння праблемы пацыента, то тады мы разумеем, па якіх кроках яго вя­дзём, як рухаецца чалавек ад старту праблемы, у якім псіхалагічным стане знаходзіцца ў пэўны момант. Таксама ў кагнітыўна-паводзінскай тэрапіі вызначаюцца тэрміны лячэння. Напрыклад, лячэнне дэпрэсіі пры дапамозе КПТ — 6 месяцаў. Але некаму будзе дастаткова 4, іншаму — 10 месяцаў, а некаторым кліентам хапае некалькіх сесій. Я ў лячэнні дэ­прэсіі аддаю перавагу сакратычнаму дыялогу. Гэта спецыяльна арганізаваная сістэма пытанняў, якія задаюцца кліенту, каб у яго ўзнік інсайт і ён зразумеў, у якім моманце сістэма яго поглядаў і меркаванняў выглядае інакш, а не так, як ён гэта ўяўляе. 

Пытанні для сакратычнага дыялогу прыдумваю сама. Ёсць кліент, у якога свой унікальны кантэкст жыцця, і выключна пад гэта падбіраюцца пытанні. 

— Пытанні падбіраеце, як і калісьці Сакрат для сваіх вучняў, каб убачыць, ёсць ці няма ў іх разумення аб тым, з якой праблемай сутыкнуліся і як яе можна вырашыць?

— Так. Сакрат актыўна выкарыстоўваў пытанні ў дыскусіі, каб выявіць веды сваіх вучняў або, наадварот, убачыць іх адсутнасць. Ён лічыў, што ісціна і веды не дадзены ў гатовым выглядзе, а ўяўляюць сабой праблему, вырашэнне якой адбывалася ў працэсе пошуку. 

У сучаснай псіхатэрапіі выкарыстоўваецца ідэя Сакрата пра тое, што чалавек ужо валодае неабходнымі ведамі для развіцця больш адаптыўнага разумення праблемы, а ўсё, што робіць псіхатэрапеўт, — дапамагае гэтыя веды рэарганізаваць.

У кагнітыўна-паводзінскай тэрапіі сакратычны дыялог выкарыстоўваецца па прынцыпе накіраванага адкрыцця. Гэта значыць, што ў тэрапеўта няма ніводнага гатовага адказу, да якога ён мэтанакіравана падводзіць кліента. Але ёсць шчырая цікавасць і гатоўнасць дапамагчы кліенту сфармуляваць гэтае адкрыццё самастойна. Гэта можа быць навіной для тых, хто лічыць, што кагнітывісты мяня­юць негатыўнае мысленне чалавека на пазітыўнае. На самай справе, кампетэнтны КПТ-тэрапеўт ста­віць перад сабой задачу наву­чыць кліента самастойна ацэньваць свае пе­ракананні, эмоцыі, паводзіны і мяняць іх больш адаптыўным спосабам. Больш за тое, задаючы сакратаўскія пытанні, мы прымаем той факт, што ёсць толькі адзін эксперт у жыццёвым вопыце кліента — гэта сам кліент. Уважліва слухаючы яго адказы, мы можам не толькі чамусьці яго навучыць, але і многаму ў яго навучыцца. 

— Алена Васільеўна, ці можа КПТ прымяняцца школьным псіхолагам у рабоце з дзецьмі? Якія тэхнікі для гэтага з’яўляюцца найбольш ідэальнымі?

— Сёння існуе такі кірунак, як дзіцячая кагнітыўна-паводзінская тэрапія. Дзіця адчувае ўсе тыя ж праблемы, што і дарослы. Больш за тое, калі трывожны дарослы (бацькі), то трывожнае і дзіця. Чым раней мы пачнём аказваць псіхалагічную дапамогу, тым больш эфектыўным будзе вынік. Безумоўна, метады кагнітыўна-паводзінскай тэрапіі адаптуюцца да псіхікі дзіцяці. Мы выкарыстоўваем не толькі сукупнасць кагнітыўных метадаў, але і падключаем маляванне, метафары, пры дапамозе якіх тлумачым дзіцяці, што такое думкі. Напрыклад, у нас ёсць цікавая тэхніка — дыстанцыраванне ад думкі. Яна прымяняецца і мае эфектыўнасць у той сітуацыі, калі думкі становяцца вельмі дакучлівымі, калі ад іх няма куды збегчы.  

Для дзяцей прыдумваем гісторыі, сугучныя з іх праблемай. Але важныя пастулаты аб тым, што думкі вызначаюць нашы эмоцыі і паводзіны, тыповыя і для дзяцей. Ніякіх асаблівых зрухаў у метадалогіі КПТ прымяняльна для дзяцей не існуе.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.