Па поклічы сэрца

- 9:19Людзі адукацыі

Свой прафесійны выбар настаўнік беларускай мовы і літаратуры Мяжысецкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Антон Мікалаевіч Лабаноўскі зрабіў па поклічы сэрца. Яшчэ ў дзяцінстве ён цвёрда вырашыў, што будзе настаўнічаць. Ды і як жа інакш: перад яго вачыма быў прыклад цудоўных педагогаў у асобе маці, бабулі і іншых сваякоў.

— Мне пашчасціла, бо я з дзяцінства бачыў педагагічную прафесію, так бы мовіць, знутры. Разумеў, што гэта вельмі адказная праца, але ўжо тады ляжала да яе душа. А вось выбар наконт прадмета зрабіў толькі ў выпускным класе. Паўплывала на яго мая школьная настаўніца беларускай мовы — Алена Аляксандраўна Селязнёва.  Шмат у чым дзякуючы ёй педагагічны профіль у выніку быў выбраны мной правільна, — расказаў Антон Мікалаевіч.

Атрымаўшы школьны атэстат, А.М.Лабаноўскі свядома працягнуў адукацыю на філалагічным факультэце МДУ імя А.А.Куляшова. Роздумаў наконт прафесійнай будучыні ў яго не ўзнікала. Паступаючы ва ўніверсітэт, ён марыў пра тое, што неўзабаве будзе прывіваць дзецям любоў да беларускага слова на ўласных уроках.

Тая мара хутка ажыццявілася. Непрыметна прайшоў час навучання, і дапытлівы студэнт Антон Лабаноўскі стаў маладым спецыялістам. Настаўнічаць ён накіраваўся ў сярэднюю школу № 40 Магілёва. У гэтай навучальнай установе прайшло прафесійнае станаўленне Антона Мікалаевіча, там ён адбыўся як педагог. Але праз пэўны час малады настаўнік змяніў месца працы. Ён застаўся верным прафесіі, але працаваць пайшоў у Мяжысецкую сярэднюю школу. Зноў адгукнуўся на покліч сэрца.

— Я — вясковы хлопец. Мяне пацягнула да каранёў. Захацелася вучыць дзяцей менавіта вясковых, такіх, якім калісьці быў сам. У мяжысецкай школе адразу апынуўся “ў сваёй талерцы”, — паведаміў А.М.Лабаноўскі.

Гэты неардынарны педагог цалкам захоплены сваім прадметам і ўмее зацікавіць ім навучэнцаў. Канкрэтнымі прыкладамі ён пераконвае дзяцей у тым, што вывучэнне роднай мовы і літаратуры патрэбна ўсім у класе, а рабіць гэта можна з задавальненнем. Свае ўрокі Антон Мікалаевіч заўсёды дасканала прадумвае. З самых першых заняткаў педагог уключае вучняў у творчую дзейнасць, стварае сітуацыі, якія матывуюць на самастойнае здабыванне ведаў, а не атрыманне іх у гатовым выглядзе, вучыць аналізаваць, адстойваць свой пункт гледжання. Беларускую мову і літаратуру яго навучэнцы спасцігаюць пры дапамозе гульняў, дыскусій і дыялогаў, інтэрактыўных тэхналогій. Такая методыка робіць кожны ўрок непаўторным, непадобным на іншыя. Як вынік,  вучні заўсёды пакідаюць заняткі з важкім аб’ёмам новых ведаў, што станоўча ўплывае на іх паспяховасць.

А.М.Лабаноўскі перакананы: эфектыўнасць урока цалкам залежыць ад педагога, таму для сваіх вучняў ён імкнецца быць прыкладам. Важным аспектам заняткаў малады настаўнік лічыць таксама іх практыка-арыентаванасць. На яго думку, на ўроках трэба памятаць пра кампетэнтнасны падыход і міжпрадметныя сувязі.

— Педагог можа быць упэўненым у правільнасці і патрэбнасці сваёй методыкі навучання толькі тады, калі яго вучні могуць выкарыстаць і прымяніць набытыя на ўроку веды ў жыцці, — адзначыў Антон Мікалаевіч.

З навучэнцамі А.М.Лабаноўскі кантактуе не толькі падчас заняткаў, але і ў пазаўрочны час. Падчас такіх сустрэч, у ходзе арганізацыі тэматычных мера­прыемстваў настаўнік актыўна далучае хлопчыкаў і дзяўчынак да беларускасці.

Значную ўвагу ў сваёй дзейнасці педагог удзяляе і рабоце з адоранымі вучнямі. Не забывае Антон Мікалаевіч і аб прафесійным самаразвіцці, пастаянна ўдзельнічае ў конкурсах, фестывалях, выступае з дакладамі і майстар-класамі перад калегамі. Летась ён стаў лаўрэатам абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”.

Педагагічны стаж А.М.Лабаноўскага — усяго 7 гадоў, але ўсе яны былі напоўнены плённай працай. Напэўна, таму Антон Мікалаевіч ужо здолеў дасягнуць значных прафесійных поспехаў. Важным ён лічыц­ь і тое, што ўвайшоў у склад дэлегатаў VI Усебеларускага народнага сходу.

— Калі даведаўся, што стаў дэлегатам, палічыў гэтую падзею за гонар для сябе. Вельмі адказная справа лягла на мае плечы, бо я буду прадстаўляць не толькі свае думкі, але і думкі маіх родных, калег, сяброў. Мне вельмі прыемна быць у складзе выбраных, пачуць дакладныя звесткі наконт развіцця нашай краіны ў найбліжэйшую пяцігодку, — падзяліўся А.М.Лабаноўскі.

Падчас Усебеларускага народнага сходу Антон Мікалаевіч і сам будзе ў ліку выступоўцаў. Ён звернецца да маладога пакалення настаўнікаў, а калі дакладней — акцэнтуе іх увагу на тым, што да выбару прафесіі трэба ставіцца больш адказна.

— Гэта павінен быць выбар душы, у першую чаргу. Бо працаваць трэба з адданасцю, а не для адбыцця вызначанага часу. Толькі пры такой умове можна разлічваць на вынік ад сваёй дзейнасці, — упэўнены А.М.Лабаноўскі.

Малады педагог плануе таксама агучыць рэкамендацыі па выхаванні дзяцей і падлеткаў. У іх аснове — веданне гісторыі роднага краю. Антон Мікалаевіч лічыць, што перад наведваннем музеяў, выстаў, помнікаў Беларусі трэба дакладна вывучыць гісторыю і традыцыі сваёй сям’і, таго месца, дзе нарадзіўся.

— Гісторыю роднага краю павінны тлумачыць і бацькі навучэнцаў праз легенды свайго роду, аповеды пра сваіх продкаў. Ініцыятыва і дапамога дзяржавы тут відавочныя. Але толькі аб’яднаўшыся ў гэтай справе, мы зможам выхаваць сапраўднага грамадзяніна-патрыёта сваёй Радзімы, — падкрэсліў А.М.Лабаноўскі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Андрэя САЗОНАВА, “СБ”.