Беларусь і В’етнам ідуць па шляху ўстанаўлення стратэгічнага партнёрства. Гэта вынікае з сумеснай заявы прэзідэнтаў Беларусі і В’етнама Аляксандра Лукашэнкі і Чан Дай Куанга аб усебаковым і паглыбленым развіцці адносін партнёрства паміж дзвюма краінамі. Дакумент падпісаны па выніках афіцыйных перагавораў у Палацы Незалежнасці.
У сумеснай заяве адлюстраваны падобныя пазіцыі бакоў па пытаннях міжнародных і двухбаковых адносін. Пацвярджаецца курс на паслядоўнае развіццё і ўмацаванне традыцыйна дружалюбных сувязей паміж Беларуссю і В’етнамам. Заяўлена аб агульнасці падыходаў да ключавых глабальных і рэгіянальных праблем і выказана гатоўнасць да цеснага супрацоўніцтва ў рамках міжнародных арганізацый.
Пацверджана ўзаемная зацікаўленасць у інтэнсіфікацыі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, адзначаны яго вялікі патэнцыял з улікам уступлення ў сілу з 5 кастрычніка 2016 года пагаднення аб свабодным гандлі паміж дзяржавамі ЕАЭС і В’етнамам.
Бакі згадзіліся развіваць і паглыбляць кааперацыю ў галінах транспартнага машынабудавання, сельскай гаспадаркі, нафтахіміі, лёгкай прамысловасці, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогій, электронікі, здабычы карысных выкапняў, перапрацоўкі морапрадуктаў, прадукцыі аграпрамысловага комплексу і ў іншых галінах эканомікі.
Акрамя таго, бакі адзначылі вялікія магчымасці і намер больш актыўна ўдзельнічаць у дзяржаўных праграмах, інфраструктурных, энергетычных і іншых праектах, што рэалізуюцца ў Беларусі і В’етнаме, у тым ліку па праектаванні і будаўніцтве метро, тунэляў, Нацыянальнай бібліятэкі, распрацоўцы нафтавых і горных нетраў В’етнама, рэалізацыі праектаў у галіне аграпрамысловага комплексу, сувязі, прамысловай кааперацыі і турызму ў Беларусі.
Заяўлена таксама аб прыхільнасці да актыўнай міжнароднай інтэграцыі Беларусі і В’етнама. В’етнамскі бок пацвердзіў гатоўнасць падтрымаць імкненне Беларусі да ўмацавання шматбаковага супрацоўніцтва з краінамі Паўднёва-Усходняй Азіі. У сваю чаргу беларускі бок гатовы аказваць садзейнічанне ў развіцці ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва В’етнама з дзяржавамі ЕАЭС і СНД.
У прысутнасці лідараў дзвюх краін таксама падпісаны шэраг двухбаковых дакументаў аб развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах.