Па слядах наркаманаў, або Канфлікт за мільён

- 13:31Сацыяльны ракурс

На пытанні бяспекі і правілы паводзін падлеткаў у пазаўрочны час звяртаюць увагу не толькі настаўнікі, але і супрацоўнікі міліцыі, у прыватнасці, участковыя інспектары. Яшчэ 5 верасня 2012 года ўступіла ў сілу пастанова Савета Міністраў № 772, згодна з якой, асобам, якія не дасягнулі 16-гадовага ўзросту, забараняецца знаходзіцца на вуліцы з 23.00 да 6.00 без суправаджэння дарослых. Тым не менш вырашыць праблему позняга знаходжання падлеткаў на вуліцы да гэтага часу не ўдалося.
Рэйд, які праводзіла інспекцыя па справах непаўналетніх Фрунзенскага РУУС Мінска, павінен быў выявіць падлеткаў, якія парушаюць закон і пасля 23 гадзін не проста гуляюць па вуліцах, але і знаходзяцца ў грамадскіх месцах пад уздзеяннем наркотыкаў ці ў стане алкагольнага ап’янення.

Паўналецце пад замком

Гэта быў мой першы рэйд па клубах і начных дыскатэках. Яшчэ да выезду з Фрунзенскага РУУС (а выязджалі мы ў 22 гадзіны, калі дыскатэкі толькі пачыналі працаваць) удалося пагаварыць са старшым інспектарам па справах непаўналетніх маёрам міліцыі Максімам Сяргеевічам Розумам. Як аказалася, у рэйд таксама выязджаюць супрацоўнікі па наркакантролі і прадстаўнікі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Зразумела, што ў прадстаўнікоў усіх гэтых падраздзяленняў галоўная мэта — выявіць правапарушальнікаў, знайсці вінаватых і прыняць адпаведныя меры, якія прывядуць да вырашэння праблемы. І на гэты дзень праблема была вызначана наступная: познае знаходжанне падлеткаў на вуліцы, у клубах у стане алкагольнага ап’янення ці наркатычнага ўзбуджэння.
Калі гадзіннік паказваў 22 гадзіны, мы ўжо сядзелі ў міліцэйскіх машынах. Шчыра кажучы, я была ўпэўнена, што мерапрыемства, у якім згадзілася прыняць удзел, не прынясе вынікаў. Чамусьці не верылася, што ў клубе ці на вуліцы мы знойдзем хаця б аднаго п’янага ці пад наркотыкамі школьніка. Я была ўпэўнена, што пасля выхаду Дэкрэта № 6, які ўзмацніў меры пакарання за распаўсюджанне і ўжыванне наркатычных сродкаў, усе баяцца наступстваў, а значыць, нават ужыўшы наркотык, будуць старацца не трапіць на вочы незнаёмым людзям. Але маё меркаванне аказалася памылковым. Прынамсі, мяне з самага пачатку ў гэтым стараўся запэўніць і Максім Розум.
У тую ноч супрацоўнікі міліцыі вырашылі праехацца па самых папулярных у сталіцы клубах. Зайшоўшы ў адну з такіх устаноў, нічога асаблівага, на першы погляд, мы не ўбачылі. Мне нават на хвіліну стала няёмка, што сярод ночы, у суботу, мы, штодзённа апранутыя дарослыя людзі, прыйшлі ў начны клуб разглядаць сталічных тусоўшчыкаў і шукаць сярод іх непаўналетніх. Але на нас ніхто не звяртаў увагі. Маладыя людзі з выгляду былі цвярозымі, танцавалі, смяяліся, рабілі сэлфі. Стаўшы ўздоўж сцяны, каб нікому не перашкаджаць, мы вырашылі крыху паназіраць за прысутнымі. Праз некалькі хвілін пачулася, як аднекуль з залы даносяцца крыкі. Дзяўчына абуралася. Падышоўшы бліжэй, мы зразумелі, што з’явілася прычынай яе канфлікту з барменам. Як аказалася, Каця (імёны зменены) разам са сваім сябрам Дзімам прыйшлі ў клуб, дзе і сустрэлі даўніх Дзімавых знаёмых, з якімі хлопец не бачыўся больш чым год. Для таго каб адзначыць сустрэчу, знаёмыя прапанавалі выпіць і заказалі па некалькі кактэйляў на кожнага. Праз некаторы час, выпіўшы свае напіткі, кампанія выйшла пакурыць на вуліцу, а Каця з Дзімам засталіся. Калі маладыя людзі сабраліся пакінуць клуб, ім прынеслі разлік, агульная сума якога складала больш чым мільён рублёў. Такіх грошай ні ў Каці, ні ў Дзімы з сабой не было. Не было ў клубе і іх выпадковых знаёмых, якія, як аказалася, проста “кінулі” маладых людзей.
Паслухаўшы гісторыю маладых людзей, супрацоўнікі міліцыі папрасілі паказаць дакументы. Як аказалася, Каці яшчэ не было 18 гадоў, сёлета дзяўчына толькі заканчвае 11 клас. І выбраць месца, дзе можна адзначыць сваё паўналецце, яна папрасіла дапамагчы 18-гадовага сябра Дзіму. У гэтую ноч маладыя людзі планавалі наведаць некалькі мінскіх клубаў, паглядзець інтэр’ер, а таксама вызначыцца, дзе ўсё-такі падаюць самыя смачныя кактэйлі. Толькі планы дзяўчыны, на жаль, не змаглі ажыццявіцца. Прагулка па клубах скончылася, не паспеўшы пачацца. І, верагодна, свае 18 гадоў Каця будзе адзначаць пад дамашнім арыштам, таму што складзены ў яе адносінах пратакол за распіццё спіртных напіткаў наўрад ці парадуе бацькоў.
Што тычыцца астатніх герояў гэтай гісторыі, то ўсе яны трапілі ў міліцэйскія зводкі. Так, на Дзіму таксама быў складзены пратакол згодна з артыкулам 17.14 Адміністратыўнага кодэкса “Прыцягненне непаўналетняй да ўжывання алкаголю”. Дарэчы, не застаўся ва ўсёй гэтай гісторыі без “узнагароды” і дырэктар клуба: яму далі штраф за невыкананне абавязкаў, адным з якіх і з’яўляецца праверка пашпартоў у наведвальнікаў установы. Зразумела, што цяпер клуб заўсёды будзе знаходзіцца пад пільным наглядам органаў правапарадку.

Калі мама любіць дыскатэкі

Наведванне яшчэ некалькіх клубаў не дало вынікаў: непаўналетніх там не было. І нават у нас на ўваходзе ахова прасіла прад’явіць дакументы. Праўда, прычына была не ў сумленнасці супрацоўнікаў: як высветлілася пазней, яшчэ падчас таго, калі мы знаходзіліся ў першым клубе, “ахвяры” міліцэйскай аблавы паспелі патэлефанаваць сваім калегам і папярэдзіць, што да іх могуць завітаць нечаканыя госці ў пагонах.
Згубіўшы надзею стаць сведкай заблытаных гісторый пра наркаманаў, якія былі абяцаны на пачатку рэйда, я недзе ў думках ужо малявала план, як зараз, у 2 гадзіны ночы, трапіць дадому. І тут маёру міліцыі, разам з якім я ехала ў машыне, патэлефанавалі. Яшчэ раніцай 15-гадовая дзяўчына выйшла з дому і да гэтага моманту не вярнулася, а гэта значыць, што трэба ехаць у РУУС і аб’яўляць непаўналетнюю ў вышук.
Пакуль мы ехалі ва ўпраўленне, нашу ўвагу прыцягнула кампанія маладых людзей, якія развязалі бойку каля аднаго з гіпермаркетаў. Як толькі мы параўняліся з імі, з-за вугла магазіна выйшаў яшчэ ад зін падлетак. Хлопец (якому было толькі 17 гадоў) знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення. Пакуль астатнія супрацоўнікі міліцыі разбіраліся з дарослымі ўдзельнікамі канфлікту, мы размаўлялі са школьнікам. Як аказалася, ён ужо 2 гадзіны чакае тут свайго сябра, якога забрала “хуткая дапамога”! Відавочна, што, знаходзячыся ў стане ап’янення, падлетак не зразумеў, што сёння яго сябар наўрад ці вернецца. Забраўшы хлопца з сабой, мы паехалі ва ўпраўленне. І ўжо тут, на месцы, у кабінеце старшага інспектара па справах непаўналетніх, пачалі разбірацца, што насамрэч адбылося каля гіпермаркета і чаму “хуткая дапамога” забрала другога падлетка.
Прыйшоўшы ў больш-менш цвярозы стан, падлетак сам сябе выдаў. Аказалася, ён разам са сваім знаёмым, аднакласнікам, забралі ва ўмоўленым месцы закладку спайсаў, пакінутую навучэнцам з іншай школы, і вырашылі пакурыць. Прычым зрабіць гэта вырашылі на вуліцы, непадалёк тайніка, дзе ляжалі наркотыкі. Як прызнаўся падлетак, самым ідэальным месцам для таго, каб “злавіць” кайф, палічылі стаянку гіпермаркета. Тут, ля ўваходу ў магазін, заўсёды многа людзей, а значыць, мала хто зверне ўвагу на двух высокіх хлопцаў, якія проста стаяць і кураць. Так і атрымалася. На двух падлеткаў, якія курылі, спачатку ніхто не звярнуў увагі. Але добра, што знайшліся неабыякавыя людзі і выклікалі “хуткую дапамогу” ў той момант, калі адзін з таварышаў з-за перадазіроўкі страціў прытомнасць. Ужо раніцай, пасля рэйду, стала вядома, што ў адной з бальніц знаходзіцца той самы хлопец, якога таварыш да дзвюх гадзін ночы шукаў на вуліцы.
— У бальніцы паведамілі, што клінічны аналіз крыві падлетка пацвярджае факт ужывання псіхатропу, — расказвае Максім Розум. — І што атрымліваецца? Атрымліваецца, што ў адносінах да аднаго з падлеткаў, таго, якому стала дрэнна, мы, згодна з Дэкрэтам № 6, можам прад’явіць абвінавачванне ва ўжыванні наркатычнага сродку. І факт ужывання пацвярджаецца медыцынскім эпікрызам. А ў адносінах да другога падлетка, Сашы, нічога зрабіць не можам. У нас ёсць толькі яго вусны аповед пра тое, што ён ужываў спайс. Але дакументальна гэта не пацверджана, і пры хлопцу не знойдзена ні грама наркотыкаў. Калі б і ў адносінах да гэтага падлетка своечасова правялі медыцынскі агляд, магчыма, нешта б пацвердзілася. А так доказаў няма. На той момант, калі хлопец трапіў нам на вочы, ён знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення.
Патэлефанаваўшы бацькам падлетка, якія з хвіліны на хвіліну павінны былі прыехаць і забраць сына дадому, супрацоўнікі міліцыі пачалі збіраць інфармацыю наконт знікнення 15-гадовай дзяўчыны Светы, пра якую ўжо амаль суткі няма ніякай інфармацыі. Толькі ў 4 чатыры гадзіны раніцы дзяўчынку прывезлі ва ўпраўленне. Патрульна-паставая служба знайшла яе непадалёк дома, і ўжо літаральна праз 15 хвілін у кабінет маёра прывялі Святлану, невысокую сімпатычную, ярка нафарбаваную дзяўчыну.
Падчас размовы са старшым інспектарам дзяўчына, якая (гэта было заўважна) знаходзілася ў стане алкагольнага ап’янення, прызналася, што проста вырашыла расслабіцца і схадзіць на дыскатэку. Папярэдзіць бацькоў, куды, навошта і ці надоўга ідзе, не палічыла неабходным, і ўвогуле не разумее, чаму павінна даваць справаздачу наконт сваіх дзеянняў. На пытанне, дзе знаходзілася да самай раніцы, Святлана расказала, што на дыскатэцы пазнаёміліся з маладым чалавекам, які пасля, калі клуб закрыўся, прапанаваў ёй выпіць піва ў яго дома. Дзяўчына згадзілася. Выслухаўшы расказ Святланы, старшы інспектар зрабіў папярэджанне, маўляў, “калі вось так згаджацца на кожную прапанову незнаёмых хлопцаў, можна і мамай стаць”. Адказ дзяўчыны ўсіх прымусіў замаўчаць на некалькі хвілін. Як аказалася, Света — ужо мама. Дома яе чакае малалетняе дзіця, якое яна пакінула на сваіх бацькоў, а сама пайшла ў начны клуб. Ну, падумаеш, маладой маці захацелася расслабіцца! Пасля допыту дзяўчыну павезлі дадому.

Лячэнне ці пакаранне?

Праз некалікі хвілін ва ўпраўленне прыехалі і бацькі “абкуранага” Сашы. У панядзелак падлетак павінен быў прыйсці ў інспекцыю, каб расказаць падрабязнасці набыцця спайсаў.
Як стала вядома пазней, закладку для сяброў зрабіў старшакласнік адной са школ Фрунзенскага раёна. Прычым у поле зроку міліцыі 15-гадовы “наркабізнесмен” трапляў і раней. Да выхаду Дэкрэта № 6 суд пакідаў хлопца без пакарання, таму што ў мінулым годзе, як вядома, адказнасць за распаўсюджанне і ўжыванне наркатычных сродкаў наступала з 16-гадовага ўзросту. А цяпер, калі новы дакумент пачаў дзейнічаць у адносінах і да 14-гадовых, 15-гадовага наркамана, згодна з рашэннем суда, на год накіравалі ў спецыялізаваную лячэбную ўстанову ў Магілёў. Як расказалі пасля пасяджэння суда ў Фрунзенскім РУУС, 15-гадовы падлетак “перажыў” некалькі судоў. У адносінах да яго былі вылучаны абвінавачванні і за продаж наркатычных сродкаў, і за ўжыванне, і нават за з’яўленне ў школе, а таксама іншых грамадскіх месцах у стане наркатычнага ўзбуджэння. Здаралася нават такое, што хлопец атрымліваў перадаплату за закладку спайсаў, але самі наркотыкі не пакідаў у назначаным месцы. Калі б падлетку на момант суда ўжо споўнілася 16, яго б адразу накіравалі ў калонію на 15 гадоў. І ёсць вялікая верагоднасць, што праз год, пасля лячэння, падлетак трапіць менавіта ў калонію. Улічваючы той факт, што, знаходзячыся некалькі разоў на рэабілітацыі ў бальніцы, хлопец і там, у палаце, курыў наркотыкі, не здзіўлюся, што і ў Магілёве ён знойдзе жаданы “тавар”.
У самы бліжэйшы час у судзе Фрунзенскага раёна будзе разглядацца справа ў адносінах да яшчэ аднаго навучэнца мінскай школы. Хлопец ужо даўно ўжывае наркотыкі. Адправіць падлетка ў лячэбную ўстанову просіць яго мама, якая прызналася, што больш не можа паўплываць на сына. Дарэчы, гэты падлетак таксама ўжо вельмі даўно знаходзіцца ў полі зроку супрацоўнікаў міліцыі. У мінулым годзе, непадалёк школы, быў забіты яго сябар, які “падсунуў” наркаману са стажам замест маркі звычайны кардон.

***

Нягледзячы на тое, што Дэкрэт № 6 пачаў дзейнічаць, за падлеткамі ўсё роўна варта вельмі пільна сачыць. Гэтая пільнасць павінна назірацца як сярод бацькоў, так і ў школах. Усё-такі калі ў адной і той жа навучальнай установе “расце” некалькі наркаманаў, гэта вельмі страшна і сведчыць аб тым, што пэўнай праблеме ўдзяляецца не так многа ўвагі, як бы хацелася.

Наталля ДУБІК.