Чыркавіцкая сярэдняя школа імя П.М.Стэфаноўскага — адзіная сельская ўстанова адукацыі, якую мы наведалі ў нашым падарожжы па Гомельшчыне. Чакалі ўбачыць маленькую вясковую школку са сваімі маленькімі вясковымі клопатамі, а ўбачылі ўстанову з сур’ёзнымі амбіцыямі, якая шмат у чым вызначае жыццё аграгарадка Чыркавічы Светлагорскага раёна і навакольных вёсак.
Мы прыехалі пад вечар, і дзеці ўжо амаль разышліся. Але нам пашчасціла пазнаёміцца з цудоўнымі настаўнікамі, улюбёнымі ў сваю прафесію, у вучняў і школу. Традыцыі навучання і выхавання налічваюць тут многія дзесяцігоддзі. Сёння яны служаць тым падмуркам, на якім школа спрабуе вырашаць праблемы сучаснасці.
Сёлета Чыркавіцкая школа адзначыла 155-гадовы юбілей. Менавіта тут пачыналася адукацыя ў гэтай мясцовасці.
У далёкім 1863 годзе ў вёсцы было адкрыта народнае вучылішча (грамадскі дом на 30 вучняў). Пазней працавалі чатырохкласная царкоўнапрыходская школа, сямігодка, а перад самай вайной у школе быў адкрыты 8 клас, і яна набыла статус сярэдняй.
Сярэдняя школа ў Чыркавічах носіць імя ўраджэнца гэтых мясцін, ваеннага лётчыка-выпрабавальніка, генерал-маёра авіяцыі, Героя Савецкага Саюза Пятра Міхайлавіча Стэфаноўскага.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны Стэфаноўскі камандаваў 402-м знішчальным авіяцыйным палком, лётчыкі якога здзейснілі больш за 13 тысяч вылетаў, збілі 810 самалётаў праціўніка. На асабістым рахунку Стэфаноўскага — 150 баявых вылетаў і 4 збітыя варожыя самалёты.
У мірны час Стэфаноўскім былі выпрабаваны больш за 50 новых тыпаў самалётаў, асвоена 317 розных тыпаў самалётаў. За час службы лётчык здзейсніў больш за 13 500 палётаў.
Такім чынам, адукацыя ў Чыркавічах амаль бесперапынна развіваецца ўжо на працягу паўтара стагоддзя. Тут асабліва шануюць гісторыю вёскі, гісторыю школы і ўклад кожнага чалавека, які служыў на карысць землякам.
— У нас усё дыхае гісторыяй, — расказвае дырэктар Людміла Анатольеўна Маісеева. — Напрыклад, наша пачатковая школа размешчана ў будынку старой васьмігодкі, якая пабудавана на мурах старой царквы.
У 1987 годзе Чыркавіцкая сярэдняя школа пераехала ў новы дыхтоўны будынак. 12 гадоў назад ёй прысвоена імя ўраджэнца гэтых мясцін Героя Савецкага Саюза П.М.Стэфаноўскага.
Школа і соцыум: агульная адказнасць за дзяцей
Школа ў вёсцы — гэта значна больш, чым проста ўстанова адукацыі. Гэта культурны і сацыяльны феномен, цэнтр прыцягнення, аазіс, дзе сканцэнтравана само жыццё. І ў Чыркавіцкай школе гэта асабліва заўважна. Пра што б ні расказвала дырэктар Людміла Маісеева, побач з дзецьмі і настаўнікамі заўсёды бацькі, шэфы з базавых гаспадарак, жыхары вёскі. Школа стваралася многімі пакаленнямі людзей, і яны як быццам нясуць адказнасць за яе. А настаўнікі і вучні, у сваю чаргу, стараюцца трымаць высокую планку ў навучанні і выхаванні.
З сярэдзіны 60-х гадоў на базе Чыркавіцкай сярэдняй школы дзейнічаў грамадскі музей баявой і працоўнай славы. Жыхары вёскі на працягу многіх дзесяцігоддзяў збіралі ўнікальныя калекцыі. Асаблівую каштоўнасць уяўляюць узоры ткацтва і вышыўкі, элементы традыцыйнага касцюма, прадметы вясковага побыту, ваенная атрыбутыка, археалагічныя знаходкі. 11 гадоў назад школьны музей атрымаў статус установы культуры, стаў філіялам Светлагорскага гісторыка-краязнаўчага музея і пераехаў у новы будынак. Але краязнаўства, пошукавая работа і музейная педагогіка дагэтуль з’яўляюцца адным з галоўных прыярытэтаў выхаваўчай работы ў школе.
— У канцы 1943 года ў нашай мясцовасці ішлі кровапралітныя баі, — расказвае Людміла Анатольеўна. — 3076 савецкіх салдат, якія загінулі ў ходзе баёў, пахаваны на паўднёвай ускраіне Чыркавічаў. Штогод 9 мая каля нашай школы фарміруецца калона, якая рушыць у бок брацкай магілы, і ўся вёска далучаецца да гэтай акцыі. Па шляху людзі маленькімі ручайкамі ўліваюцца ў агульную калону, каб уганараваць тых, хто аддаў жыццё за свабоду. Гэтая традыцыя ніколі не перапынялася, а перадаецца ў спадчыну ад бацькоў дзецям. І нашы вучні працягваюць зберагаць памяць пра вызваліцеляў беларускай зямлі. Сёння яны даглядаюць 13 помнікаў і абеліскаў.
Чыркавіцкая школа вельмі ганарыцца сваёй карціннай галерэяй, створанай паводле мясцовага матэрыялу. Калекцыя, якая змяшчае 17 работ, умоўна падзяляецца на 4 групы: “Далёкая мінуўшчына”, “Вялікая Айчынная вайна”, “Землякі — героі працы”, “Родныя прасторы”. Тут адлюстраваны падзеі і асобы — ад Францыска Скарыны да выбітных аднавяскоўцаў. Галерэя — падарунак колішняга саўгаса “Бярэзіна” (цяпер унітарнае прадпрыемства “Золак-Агра”) і райвыканкама да наваселля школы. Навучэнцы праводзяць тут экскурсіі для гасцей на чатырох мовах — беларускай, рускай, англійскай і нямецкай.
— Нашы шэфы — не толькі тыя, што вызначаны рашэннем райвыканкама, а ўсе прадпрыемствы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Чыркавіцкага сельсавета, — звяртае ўвагу Людміла Анатольеўна.
У многім дзякуючы шэфам, школа такая прыгожая і ўтульная. Зрэшты, і дзеці добра ведаюць, што такое праца, берагуць тое, што маюць: па словах дырэктара, сцены ў рэкрэацыях не фарбаваліся з 2007 года. Пры гэтым кідаецца ў вочы свежасць і чысціня. Вучні, дарэчы, падтрымліваюць чысціню не толькі ў сваім школьным доме, але і ў ваколіцах. Напрыклад, нядаўна прынялі ўдзел у рэспубліканскай акцыі “Чысты лес”.
— Мы стараемся пабудаваць сваю работу так, каб бацькі таксама прыходзілі ў школу, — гаворыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Уладзімір Рыгоравіч Данчанка. — Праводзім шмат мерапрыемстваў, дзе разам удзельнічаюць педагогі, дзеці і бацькі. Супрацоўніцтва з сям’ёй вельмі дапамагае нам у арганізацыі як выхаваўчага, так і адукацыйнага працэсу.
Ужо ў Мінску я паглядзела планы школы па арганізацыі шостага школьнага дня. Кожную суботу тут праводзяцца мерапрыемствы, цікавыя для дзяцей любога ўзросту, працуюць аб’яднанні па інтарэсах. Нядзіўна, што хлопчыкі і дзяўчынкі ў свой вольны дзень з задавальненнем ідуць у школу — разам, сапраўды, весялей!
Сёння чыркавіцкія дзеці маю ць магчымасць атрымаць выдатную дадатковую адукацыю, нават не выязджаючы са сваёй вёскі. Акрамя школьных аб’яднанняў і гурткоў, многія наведваюць Чыркавіцкую дзіцячую школу мастацтваў і філіял Светлагорскай мастацкай школы. Таксама ў вёсцы працуюць секцыі спартыўных школ горада. Такое шчыльнае партнёрства дазваляе школе вырашаць цэлы шэраг выхаваўчых задач, і, канечне, на мерапрыемствы, якія праводзяцца сумесна з партнёрамі, збіраюцца многія жыхары вёскі.
Жанна Васільеўна ЧЭРКАС, загадчыца аддзела адукацыі, спорту і турызму Светлагорскага райвыканкама:
— Кожная школа ў раёне шукае сябе ў пэўным напрамку. Напрыклад, на базе 2-й школы Светлагорска дзейнічае раённы Цэнтр рэпетыцыйнага тэсціравання. У 11-й школе працуе раённы Цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі. 1-я школа — модульны цэнтр па асновах бяспекі жыццядзейнасці. У 3-й школе адкрыты раённы Цэнтр прафесійнай арыентацыі — педагогі, дзеці, бацькі ведаюць, што кожны можа атрымаць там практычную дапамогу ў выбары будучай прафесіі.
Таксама ў нас дзейнічае міжшкольны факультатыў “Эрудыт” па рабоце з адоранымі дзецьмі, працуюць міжшкольныя факультатывы па падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання. Такім чынам, дзеці маюць магчымасць бясплатна наведваць заняткі па прадметах ЦТ у лепшых педагогаў раёна.
І ў прафесійным навучанні мы пайшлі па тым жа шляху міжшкольных факультатываў. У Парыцкай сярэдняй школы ёсць ліцэнзія Мінтранса, што дазваляе нам весці падрыхтоўку трактарыстаў, там ёсць добры швейны цэх для падрыхтоўкі швачак. Для дзяцей з розных школ раёна, якія займаюцца не ў профільных, а ў базавых класах, арганізаваны падвоз, і яны праходзяць адпаведнае навучанне.
Не сакрэт, што дзеці з маленькіх сельскіх школ не заўсёды гатовы паехаць у вялікі горад, каб атрымаць далейшую адукацыю. У нас ёсць прыклады, калі, паспрабаваўшы, хлопцы і дзяўчаты вяртаюцца дадому. А прафесійная падрыхтоўка, пацверджаная адпаведным дакументам, будзе для іх добрай сацыяльнай гарантыяй, бо дае права на працаўладкаванне. Хлопцы, якія ў школе былі далёка не выдатнікамі, маючы пасведчанне трактарыста, могуць застацца жыць і працаваць у сваіх населеных пунктах. Дзяўчаты таксама знойдуць прымяненне сваім швейным навыкам. Ім не трэба нікуды ехаць, яны запатрабаваны на сваёй малой радзіме. Хтосьці ўсімі сіламі імкнецца ва ўніверсітэт, а камусьці гэта ўвогуле не трэба — мы павінны даць магчымасць рэалізавацца і тым, і другім.
Чаму вучні выбіраюць настаўніцкую дарогу
Сёння ў Чыркавіцкай сярэдняй школе вучацца 219 дзяцей, 80% з іх — жыхары аграгарадка Чыркавічы і пасёлка-“спадарожніка” Мядкоў. Астатнія прыязджаюць з іншых населеных пунктаў Чыркавіцкага і Парыцкага сельсаветаў і нават са Светлагорска.
Людміла Анатольеўна вельмі ганарыцца сваімі вучнямі, якія няспынна папаўняюць школьную скарбонку ўзнагародамі, атрыманымі ў інтэлектуальных, творчых, спартыўных спаборніцтвах. І яна з задавальненнем знаёміць нас з настаўнікамі, якія вядуць дзяцей да поспеху.
У школе выдатны кадравы склад: больш як палова настаўнікаў маюць вышэйшую, трэць — першую кваліфікацыйную катэгорыю. 8 педагогаў калектыву (амаль кожны чацвёрты) — выпускнікі Чыркавіцкай сярэдняй школы.
— Да гонару педагогаў (былі б мы дрэнныя, дзеці не выбіралі б нашу прафесію), выпускнікі школы штогод паступаюць на педагагічныя спецыяльнасці, — гаворыць дырэктар. — Сёлета настаўніцкую дарогу выбралі трое нашых выпускнікоў: дзве дзяўчыны паступілі ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны і ад зін хлопец — у Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна. І штогод нашы выпускнікі, ужо як маладыя спецыялісты-настаўнікі, вяртаюцца працаваць ва ўстановы адукацыі Светлагорскага раёна. Мне як дырэктару вельмі прыемна, калі ў школу прыходзяць падзячныя лісты ад рэктараў універсітэтаў, дырэктараў каледжаў за добрую адукацыю і выхаванне нашых выпускнікоў.
Таксама ў навучэнцаў Чыркавіцкай школы ёсць магчымасць атрымаць рабочую прафесію. Дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з Парыцкай сярэдняй школай, дзе рэалізуецца канцэпцыя працоўнага навучання, старшакласнікі вучацца на трактарыстаў, вадзіцеляў і швачак.
— Сёння мы ўжо задумваемся аб адкрыцці профільных класаў, — гаворыць Людміла Анатольеўна. — Гэта можа быць аграрны ці нейкі іншы профіль — зараз вывучаем запыты навучэнцаў і іх бацькоў. Наша задача — падрыхтаваць выпускнікоў так, каб яны знайшлі свой шлях і рэалізавалі сябе як прафесіяналы.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.