Пачуць меркаванні лідараў адукацыі

- 11:31Планёрка ў рэгіёне

Пра пытанні, якія турбуюць настаўнікаў Гомеля, а таксама пра дасягненні настаўнікаў і навучэнцаў абласнога цэнтра на сённяшняй “Суботняй планёрцы” расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Гомельскага гарвыканкама Ганна Васільеўна Мельнікава.

— Адукацыйная прастора Гомеля — гэта 205 устаноў адукацыі, — гаворыць Ганна Васільеўна. — Сёння ў нас навучаецца 71 157 дзяцей, у тым ліку 48 720 — ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі і 22 437 — выхаванцы дашкольных устаноў. Адукацыйны працэс забяспечваюць 8608 педагогаў. Паўнапраўнымі ўдзельнікамі школьнага, садаўскага жыцця з’яўляюцца бацькі нашых дзяцей.

Практычна кожны другі дыплом з Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах у скарбонцы нашай вобласці — гэта перамога школьнікаў Гомеля. Зусім нядаўна, у гэтым годзе, яны атрымалі 14 дыпломаў Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі работ даследчага характару (у 2016 годзе — 7). Заслугоўваюць прызнання перамогі школьнікаў на міжнародных спаборніцтвах. Так, Ягор Дубовік, вучань гімназіі № 51 Гомеля, неаднаразова перамагаў на міжнародных алімпіядах па матэматыцы: у 2015 і 2016 атрымаў бронзавыя медалі ў Тайландзе, у 2017 у Казахстане — залаты медаль, з міжнароднай алімпіяды ў Санкт-Пецярбургу прывёз дыплом І ступені. Ганна Задаражнюк, навучэнка сярэдняй школы № 8, заваявала бронзавы медаль на XXIII Міжнароднай канферэнцыі юных вучоных па матэматыцы (Румынія), а Фёдар Карабейнікаў з гімназіі № 51 стаў сярэбраным прызёрам 28-й Міжнароднай алімпіяды па інфарматыцы (Расія).

— З якімі цяжкасцямі ў рабоце даводзіцца сутыкацца? Якія шляхі іх пераадолення вы бачыце?

— Адказаць на гэтае пытанне не так проста. З аднаго боку, у горадзе прымаюцца разнастайныя меры, каб забяспечыць месцамі ў садах усіх дашкольнікаў, якія маюць у гэтым патрэбу. Але нярэдкія выпадкі, калі, атрымаўшы гэтае месца, бацькі прыводзяць малыша ва ўстанову 1—2 разы на тыдзень. Нядаўна на пасяджэнні савета аддзела мы разам з загадчыкамі дашкольных устаноў абмяркоўвалі, што павінны зрабіць, каб дзеці наведвалі сады стабільна. Размова ішла і аб прафесійным узроўні педагогаў, і аб іх уменні прадэманстраваць сваю работу бацькам, пераканаць, што вучэбную праграму дзецям вельмі важна і неабходна засвойваць, расказаць аб важнасці прафілактычных мерапрыемстваў па папярэджанні дзіцячых захворванняў.

Пры гарадскім аддзеле адукацыі працуюць саветы дырэктараў устаноў агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі. Вось, напрыклад, пералік пытанняў апошняга такога пасяджэння: імідж настаўніка і яго асабісты прыклад для вучняў (прывабны знешні выгляд, здаровы лад жыцця і г.д.); профільная адукацыя (памылкі і шляхі іх выпраўлення; наладжванне ўзаемадзеяння са службамі нагляду, каб не дапускалася завышэння патрабаванняў да ўтрымання ўстаноў, якім больш за 30—40 гадоў); крытэрыі ацэнкі работы школ у шосты школьны дзень; крыніцы міжнароднага вопыту і супрацоўніцтва калектываў устаноў адукацыі Гомеля і гарадоў-пабрацімаў (іх больш за 30). Адзначу таксама дзейнасць гарадскога экспертнага кансультацыйнага савета, у склад якога ўвайшлі ветэраны педагагічнай працы. Не менш важна пачуць меркаванні лідараў дзіцячага самакіравання. Гарадскі дзіцячы парламент — памочнік нам, дарослым, у многіх справах. Дзейнічае метад “роўны навучае роўнага”.

Навучэнцам педагагічных класаў важна бачыць перспектыву свайго будучага прафесійнага росту, і лепш на прыкладзе сваіх жа паспяховых настаўнікаў, якія, на жаль, не заўсёды правільна ацэньваюць рэальную магчымасць зацікавіць сваёй прафесіяй.

У ліку актуальных для нашага горада застаюцца пытанні прафілактыкі падлеткавай злачыннасці, ужывання алкаголю, наркаманіі, камп’ютарнай залежнасці, а таксама праблемы дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Педагогі разумеюць і бачаць за лічбамі і справаздачамі цяжкія лёсы сем’яў. У мінулым годзе, напрыклад, у выніку мер, якія прымаюцца спецыялістамі, удалося вывесці з сацыяльна небяспечнага становішча 699 дзяцей у сувязі з нармалізацыяй сітуацыі ў іх сем’ях.

— Ці ёсць прыклады паспяховага выкарыстання сучасных тэхналогій і методык педагогамі горада?

— На працягу пяці гадоў у горадзе працуюць рэсурсныя цэнтры па інфармацыйных тэхналогіях — у Гомельскай Ірынінскай гімназіі, сярэдняй школе № 8, гімназіях №№ 51, 56. У рамках міжнароднага супрацоўніцтва анлайн-мерапрыемствы сталі практыкавацца шырэй. Так, паспяхова прайшла анлайн-канферэнцыя з педагогамі акругі Пікертан штата Джорджыя (ЗША) для настаўнікаў англійскай мовы гімназій №№ 10, 71, інтэрнэт-семінар музея гімназіі № 36 Гомеля імя І.Мележа з музеем дружбы Беларусі і Саратаўскага краю сярэдняй школы № 55 Саратава і многія іншыя.

Унікальным прыкладам з’яўляецца аўтарская камп’ютарная праграма Monitoring Studio, распрацаваная настаўнікам фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 7 Гомеля Яўгенам Уладзіслававічам Асіпенкам. Хачу звярнуць увагу на вопыт работы настаўніка фізікі і інфарматыкі сярэдняй школы № 27 Гомеля Валерыя Ігаравіча Клюкі і настаўніка сярэдняй школы № 38 Гомеля Сяргея Валянцінавіча Шэйбута, якія стварылі аўтарскі прадукт “Інтэрнэт-праект “Навука дзецям”. Іх сайт наведалі ўжо больш за паўмільёна карыстальнікаў.

Вядома, такіх яркіх прыкладаў шмат. Мы ганарымся нашымі настаўнікамі, якія здольны вырашаць даволі няпростыя па сучасных мерках задачы, забяспечваць стабільнасць работы сваіх калектываў і сістэмы адукацыі горада і вобласці.

Надзея ЦЕРАХАВА.