Пачутыя і прызнаныя?

- 11:00Інфармацыйная гадзіна

Кіраўнік Каталоніі Карлес Пучдэмон заявіў, што ў найбліжэйшыя дні пачнецца фармальная працэдура аддзялення аўтаноміі ад Іспаніі. Паводле яго слоў, пасля праведзенага 1 кастрычніка рэферэндуму каталонцы атрымалі права быць пачутымі, паважанымі і прызнанымі, паведамляе газета El Pais.

У сваю чаргу Прэм’ер-міністр Іспаніі Марыяна Рахой лічыць, што рэферэндуму не было. “Мы ўдзельнічалі ў простай пастаноўцы. Гэта была наўмысная і свядомая атака, на якую дзяржава адрэагавала з цвёрдасцю і непрадузятасцю”, — сказаў ён. “Мы зрабілі тое, што павінны былі рабіць, дзейнічаючы з законам і толькі з законам”, — падкрэсліў Марыяна Рахой. Прэм’ер-міністр мае намер склікаць парламент, каб абмеркаваць дзеянні каталонскіх улад, асабліва мясцовай паліцыі. Таксама ў спецыяльным тэлезвароце ён заклікаў да неадкладнага аднаўлення канстытуцыйнага і інстытуцыянальнага парадку.

У Каталоніі 1 кастрычніка прайшло галасаванне па пытанні незалежнасці ад Іспаніі. Згодна з данымі афіцыйнага прадстаўніка рэгіёна, 90 працэнтаў удзельнікаў рэферэндуму ў Каталоніі прагаласавалі за яе незалежнасць. Пры гэтым у галасаванні прынялі ўдзел амаль 2 млн 300 тысяч чалавек, што складае 42 працэнты жыхароў рэгіёна. Насельніцтва Каталоніі складае 7,5 млн чалавек, з іх 5,3 млн валодаюць правам голасу. Мадрыд лічыць рэферэндум незаконным, і праваахоўныя органы спрабавалі яго прадухіліць, закрываючы ўчасткі і канфіскуючы бюлетэні.

Пасля сутыкненняў з паліцыяй 1 кастрычніка па дапамогу медыкаў звярнуліся 844 чалавекі. Адзначаецца, што ў час беспарадкаў былі таксама траўміраваны 33 супрацоўнікі нацыянальнай паліцыі і грамадзянскай гвардыі.

Раніцай пасля рэферэндуму іспанскія біржы адкрыліся падзеннем індэкса IBEX 35 на 1,3 працэнта.

Каталонскія ўлады падалі ў суд Барселоны скаргу на жорсткія дзеянні праваахоўнікаў і маюць намер патрабаваць ад ЕС разгледзець пытанне аб парушэнні правоў чалавека. У той жа час пракуратура Іспаніі заяўляла, што прыме меры супраць каталонскай паліцыі, супрацоўнікі якой не сталі перашкаджаць адкрыццю ўчасткаў для галасавання на рэферэндуме аб незалежнасці.

Як паведамляе ТАСС са спасылкай на дыпламатычную крыніцу ў Бруселі, Еўрасаюз мае намер папярэдзіць улады Каталоніі, што рэгіён не зможа аўтаматычна застацца ў ЕС у выпадку аднабаковага выхаду са складу Іспаніі. У гэтым выпадку спатрэбіцца пачаць працяглыя перагаворы аб уступленні без гарантаванага выніку, улічваючы рызыкі вета з боку асобных краін ЕС. Рашэнні аб інтэграцыі ў ЕС прымаюцца аднагалосна ўсімі краінамі супольніцтва. Такім чынам, любая краіна, у прыватнасці Іспанія, можа ў любы момант заблакіраваць перагаворы аб уступленні Каталоніі ў ЕС, калі гэты рэгіён абвесціць незалежнасць.