Пад кіраўніцтвам РІПА распрацаваны праект канцэпцыі якасці прафесійнай адукацыі для прасторы СНД

- 9:55Актуально, Новости

У Мінску прайшло пасяджэнне Савета па супрацоўніцтве ў галіне адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай. Ён выказаў спадзяванне, што ў пратаколе пасяджэння з’явяцца тыя вехі, якія неабходны сістэмам адукацыі дзяржаў СНД, каб грамадзяне камфортна адчувалі сябе незалежна ад таго, у якой краіне яны атрымліваюць адукацыю. У Беларусі, дарэчы, вучацца амаль 30 тыс. замежных студэнтаў, у тым ліку з краін Садружнасці.

У цэнтры ўвагі прысутных былі пытанні ўдасканалення адукацыйнай прасторы Садружнасці, развіцця нарматыўна-прававой базы, падрыхтоўкі кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі, дзейнасці базавых арганізацый, рэалізацыі сумесных праектаў і інш.

Намеснік міністра адукацыі агучыў вынікі дзейнасці Савета па супрацоўніцтве і акрэсліў перспектыўныя напрамкі работы на найбліжэйшы час. Сярод іх — працягваць рэалізацыю задач, вызначаных у сферы адукацыі канцэпцыяй далейшага развіцця Садружнасці і стратэгіяй эканамічнага развіцця СНД, ажыццяўляць дзейнасць па развіцці нарматыўна-прававой базы супрацоўніцтва, працягваць работу па пашырэнні сувязі каардынацыі і павышэнні эфектыўнасці ўзаемадзеяння галіновых міністэрстваў дзяржаў —удзельніц СНД на адукацыйнай прасторы, забяспечваць узаемадзеянне з базавымі арганізацыямі краін па напрамках удасканалення падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў адукацыі.

Саветнік дэпартамента гуманітарнага супрацоўніцтва, агульнапалітычных і сацыяльных праблем Выканаўчага камітэта СНД Галіна Казак расказала аб выкананні рашэнняў пратакола мінулага пасяджэння, якое прайшло летась у Астане (дарэчы, у кастрычніку мінулага года Рэспубліка Беларусь прыняла старшынства ад Рэспублікі Казахстан). Па словах Г. Казак, у рабоце савета актыўна ўдзельнічалі прадстаўнікі ўсіх дзяржаў СНД. Створана рабочая група па распрацоўцы праекта канцэпцыі забеспячэння якасці прафесійнай адукацыі пад кіраўніцтвам РІПА, распрацоўваецца таксама праект пагаднення аб узаемным прызнанні дакументаў аб вучоных ступенях дзяржаў — удзельніц СНД. Адбылося чарговае пасяджэнне каардынацыйнага савета. На ім падвялі вынікі работы, вызначылі перспектывы далейшага развіцця праектаў, новыя сумесныя адукацыйныя праграмы і ўзгаднілі арганізацыйныя пытанні прыёмнай кампаніі ў новым навучальным годзе. У склад сеткавага ўніверсітэта СНД былі прыняты Фінансавы ўніверсітэт пры ўрадзе Расійскай Федэрацыі, Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны марскі тэхнічны ўніверсітэт (усяго ў праекце ўдзельнічаюць 49 вядучых УВА з 9 краін, арганізавана навучанне па 30 магістарскіх праграмах). Саветнік дэпартамента праінфармавала, што наступны год у Садружнасці аб’яўлены Годам валанцёрскага руху.

Апошнім часам шмат увагі ўдзяляецца дзейнасці базавых арганізацый дзяржаў — удзельніц СНД у сферы адукацыі. Сёння іх ужо 18, толькі ў Беларусі працуе 7 базавых арганізацый па розных напрамках адукацыйнай дзейнасці. Сваю работу ўдзельнікам пасяджэння прадставілі Дзяржаўны інстытут рускай мовы імя А.С. Пушкіна і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Як адзначыла прарэктар па развіцці і лічбавізацыі адукацыі Дзяржаўнага інстытута рускай мовы імя А.С. Пушкіна Дзіна Гарбатава, сёння сістэма парнёрства базавай арганізацыі ўключае больш за 60 краін. Пільная ўвага ўдзяляецца супрацоўніцтву з профільнымі аб’яднаннямі русістаў краін Садружнасці, асобна вядзецца работа са славянскімі ўніверсітэтамі. У 2021 г. у Беларусі, Арменіі, Кыргызстане, Таджыкістане былі адкрыты кафедры «Інстытут Пушкіна», якія на сістэмнай аснове выбудоўваюць работу па распрацоўцы новых методык выкладання рускай мовы, навуковых стажыровак, абмене студэнтамі, а таксама арганізацыі розных мерапрыемстваў, звязаных з вывучэннем сучаснай матывацыі моладзі да вывучэння рускай мовы. У апошнія гады самымі запатрабаванымі з’яўляюцца вучэбная праграма, звязаная з навучаннем і выкладаннем па білінгвальных методыках, і лічбавая лінгвістыка.

На думку Д. Гарбатавай, супрацоўніцтва паміж базавымі арганізацыямі павінна быць больш цесным, магчыма, неабходна распрацаваць праграму моўнай падтрымкі ў кантэксце білінгвізму для трансляцыі на прасторах СНД. 

Рэктар БДУІР Вадзім Богуш расказаў аб адукацыйнай, навуковай і інавацыйнай дзейнасці ўніверсітэта, прадставіў вынікі супрацоўніцтва з УВА краін СНД:

— Універсітэт вядзе даследаванні па такіх напрамках, як радыётэхніка, радыёэлектроніка, плазменныя тэхналогіі, мікраэлектроніка, інфармацыйная бяспека і інш. Нашы даследаванні носяць выключна практычны характар з пункту гледжання рэалізацыі канкрэтных тэхналогій, прыбораў, канструктарскіх рашэнняў у стварэнні радыётэхнічных і інфармацыйна-аналітычных сістэм. З нашымі партнёрамі заключана каля 70 дамоўленасцей. Аднымі з ключавых інструментаў арганізацыі ўзаемадзеяння з’яўляюцца рэалізацыя сумесных адукацыйных праектаў, правядзенне навукова-практычных канферэнцый. У наступным годзе, дарэчы, пройдзе канферэнцыя, прысвечаная праблемам лічбавізацыі і развіцця дыстанцыйных тэхналогій.

Ад Міністэрства асветы Расійскай Федэрацыі паступіла ініцыятыва стварыць базавую арганізацыю дзяржаў — удзельніц СНД па школьным харчаванні. Гэта запатрабаваны і актуальны сёння напрамак.

Удзельнікі пасяджэння падтрымалі праект рашэння аб базавай арганізацыі па падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы журналісцкіх кадраў. Яго сутнасць у тым, што ў грамадскім савеце базавай арганізацыі павінна дзейнічаць дзве падгрупы: першая будзе займацца падрыхтоўкай журналісцкіх кадраў па ўзроўнях адукацыі, другая — адказваць за павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку спецыялістаў у галіне журналістыкі з прыцягненнем да адукацыйнага працэсу прафесійных кадраў.

Рэктар РІПА Валерый Галубоўскі раскрыў падрабязнасці работы над праектам канцэпцыі забеспячэння якасці прафесійнай адукацыі. Яна накіравана на ўкараненне механізмаў арганізацыйнай і навукова-метадычнай падтрымкі дзейнасці па параўнальным аналізе з мэтай забеспячэння празрыстасці падыходаў да якасці адукацыі і ўмацавання ўзаемнага даверу да вынікаў навучання. Акрамя таго, гэта ўзаемнае ўзбагачэнне тых, хто займаецца прафесійнай адукацыяй у Садружнасці, у распрацоўцы і рэалізацыі навукова-абгрунтаваных падыходаў у галіне якасці. У дакуменце прадстаўлены асноўныя падыходы да вызначэння індыкатараў якасці прафесійнай адукацыі, збору і аналізу даных у адносінах якасці мэт, адукацыйнага працэсу і ацэнкі вынікаў навучання.

Па выніках пасяджэння прыняты шэраг рашэнняў, якія будуць садзейнічаць развіццю сістэмы адукацыі на нацыянальным узроўні і на прасторах СНД.

***

У межах мерапрыемства прайшла выстава, дзе была прадстаўлена дзейнасць універсітэтаў, якія з’яўляюцца базавымі арганізацыямі дзяржаў — удзельніц СНД.

Так, на экспазіцыі БДУІР прэзентавалі навуковыя работы і інавацыйныя распрацоўкі: інтэгральныя мікрасхемы для счытвання сігналаў RОС ТРС, ватметр, паглынальнікі электрамагнітнага выпраменьвання ЗВЧ-дыяпазону і інш.

— Прадстаўленая выстава дазваляе зрабіць выснову, што дасягненні базавых арганізацый адпавядаюць сусветнаму ўзроўню, сусветным трэндам. Распрацоўкі даволі яркія і выклікаюць несумненную цікавасць ва ўдзельнікаў, — падзяліўся ўражаннямі старшыня ВАК Рэспублікі Беларусь Аляксандр Гучок. — Выкажу пажаданне, каб павялічылася колькасць кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, у тым ліку і па выніках прадстаўленых распрацовак. Са свайго боку ВАК гарантуе аб’ектыўнасць, паўнату, усебаковасць разгледжання кожнай работы. Адносна пасяджэння адзначу, што мы рухаемся па шляху ўніфікацыі сістэмы атэстацыі кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі. Сёння ёсць пэўныя поспехі на прасторы Еўразійскага эканамічнага саюза. І думаю, мы вызначымся з некаторымі канцэптуальнымі пытаннямі ўніфікацыі ў фармаце СНД. Гэта будзе пашыраць нашу прастору, рабіць яе больш прыцягальнай і забяспечыць гарантыі і правы саіскальнікаў на атрыманне той кваліфікацыі, на якую яны прэтэндуюць.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара