Пад клубным сцягам, пад гукі гімна…

- 11:23Навіны рэгіёнаў

У сярэдняй школе № 3 Старых Дарог прыярытэтным з’яўляецца ваенна-патрыятычнае выхаванне. Па-першае, таму, што жыццё грамадства сёння ставіць сур’ёзныя задачы ў напрамку выхавання і навучання новага пакалення: дзяржаве патрэбны здаровыя, мужныя, смелыя, ініцыятыўныя, дысцыплінаваныя, пісьменныя людзі, гатовыя вучыцца, працаваць на карысць краіны і пры неабходнасці стаць на яе абарону. Па-другое, важную ролю адыгралі мясцовыя ўмовы. Мікрараён, у якім размешчана ўстанова, знаходзіцца на тэрыторыі гарнізона. Тут вучыліся дзеці афіцэраў, працавалі іх жонкі, салдаты дапамагалі ў рамонце, а на палігоне штогод праходзіла ваенна-спартыўная гульня “Зарніца”. Хлопчыкі сваю будучыню абавязкова звязвалі з арміяй, і педагогам было няцяжка вызначыць арыенціры ў сістэме выхавання, тым больш што і школу, і сям’ю, і грамадскасць аб’ядноўвала мэта падрыхтаваць краіне абаронцу, сапраўднага патрыёта.

Лагічна, што работа ў гэтым напрамку ажыццяўляецца ва ўзаемадзеянні з вайсковымі часцямі Старадарожскага гарнізона, а таксама з бацькамі юных патрыётаў, неабыякавымі да жыцця сваіх дзяцей. Супрацоўніцтва дапамагае ў поўным аб’ёме рэалізаваць запланаваныя мерапрыемствы, вырашыць асноўныя задачы. Выхоўваючыся побач з афіцэрамі ў атмасферы парадку і дысцыпліны, навучэнцы пачынаюць унутрана сябе арганізоўваць, развіваць у сабе самастойнасць і рашучасць.

Работа па грамадзянска-патрыятычным выхаванні ў нашай установе вядзецца ўжо не першае дзесяцігоддзе. З кожным годам абнаўляючы і дапаўняючы яе, педагогі змаглі наладзіць пэўную сістэму па фарміраванні грамадзянскай адказнасці навучэнцаў, павагі да ваеннай прафесіі, патрыятызму.

Важнай падзеяй у кірунку патрыятычнага выхавання стала з’яўленне ў 1997 годзе ваенна-патрыятычнага класа. Дзякуючы плённай працы, на базе школы ў 2011 годзе быў створаны раённы рэсурсны цэнтр ваенна-патрыятычнага выхавання, які стаў сувязным звяном паміж установамі адукацыі раёна ў гэтым напрамку. У рамках работы цэнтра рэалізоўваўся таксама педагагічны праект “Выхаванне грамадзяніна, патрыёта праз арганізацыю ваенна-патрыятычнага клуба “Патрыёт”.

Клуб “Патрыёт” з’явіўся чатыры гады назад. У клуба ёсць свой савет, які распрацаваў статут і палажэнне аб дзейнасці аб’яднання. Анкетаванне і дыягностыка па вызначэнні ўзроўню агульнай фізічнай падрыхтоўкі навучэнцаў класаў ваенна-патрыятычнага выхавання дазваляе адабраць сярод іх 25 самых вынослівых, мэтанакіраваных байцоў, якія і становяцца членамі клуба. Яны носяць аднолькавую форму, а падчас урачыстасцей у яе ўваходзяць аксельбанты, белыя пальчаткі, берэты і гальштукі чорнага колеру, што вылучае хлопчыкаў і дзяўчынак і надае ім святочны выгляд. Членамі клуба распрацавана сімволіка — шаўроны, сцяг, эмблема — і складзены гімн.

Змест работы клуба ўключае пачатковую ваенную падрыхтоўку і падрыхтоўку па ваенна-прыкладных відах спорту, у тым ліку страявую, агнявую, тактычную і ваенна-медыцынскую. На тэарэтычных занятках навучэнцы знаёмяцца са Статутам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, з гісторыяй гэтай структуры, арганізоўваюць пошукава-даследчую работу па вывучэнні гісторыі роднага краю і гарнізона. Работа на занятках клуба арыентавана на фарміраванне ў навучэнцаў правільнага ўяўлення пра ролю дзяржавы ў сферы абароны, пра Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь, прызначэнне баявой тэхнікі, пра вайсковую службу, жыццё і побыт вайскоўцаў, пра іх правы і абавязкі. Кожны член клуба “Патрыёт” можа ацаніць сваю гатоўнасць да асваення ваенна-тэхнічнай спецыяльнасці праз асновы ваенна-прыкладной падрыхтоўкі. У змест праграмы заняткаў уваходзяць таксама фізічная падрыхтоўка, грамадзянская абарона, вывучэнне элементаў быту. Падчас практычных заняткаў члены клуба вучацца камандаваць і падпарадкоўвацца, што выхоўвае ў іх адказнасць за даручаную справу, фарміруе цвёрдую грамадзянскую пазіцыю.

Акрамя таго, удзельнікі клуба прымаюць актыўны ўдзел у мерапрыемствах горада, у праходжанні ўрачыстым маршам на Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Штогод становяцца ўдзельнікамі дзён адкрытых дзвярэй раённага аддзела ўнутраных спраў, вайсковых часцей, святочных канцэртаў, арганізаваных сілавымі структурамі раёна. Навучэнцы класаў ваенна-патрыятычнага выхавання з поўнай адказнасцю ставяцца да падрыхтоўкі традыцыйнай школьнай ваенна-спартыўнай гульні “Зарніца”.

Члены клуба “Патрыёт” валодаюць пэўнай сістэмай каштоўнасцей, што выяўляецца ў мерапрыемствах культурна-гістарычнай, сацыяльна значнай, духоўна-маральнай накіраванасці. Клуб дазваляе рэалізоўваць сумесныя праекты з іншымі дзіцячымі і маладзёжнымі арганізацыямі, прымаць удзел у разнастайных сацыяльных праграмах, акцыях, удзельнічаць у творчых конкурсах. Імкненне навучэнцаў класаў ваенна-патрыятычнага выхавання дзяліцца невялікім, але важным жыццёвым вопытам з аднагодкамі дае свае вынікі, пра што сведчаць шматлікія дыпломы раённага і абласнога ўзроўню.

Наладжаная работа школы па выхаванні патрыётаў краіны дапамагае бачыць сваю прадукцыйнасць праз дзейнасць членаў ваенна-патрыятычнага клуба “Патрыёт”. У рамках работы рэсурснага цэнтра з ліку навучэнцаў 9—11 класаў ваенна-патрыятычнага выхавання створана лектарская група, якая арганізоўвае для іншых класаў школы падрыхтоўку і правядзенне класных і інфармацыйных гадзін патрыятычнай накіраванасці, выкарыстоўваючы не толькі назапашаны матэрыял рэсурснага цэнтра, але і свае распрацоўкі, новыя прэзентацыі, відэаролікі.

Два гады члены клуба “Патрыёт” прадстаўлялі Старадарожскі раён на міжнароднай грамадзянска-патрыятычнай кадэцкай змене навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “За гонар Айчыны” ў НДЦ “Зубраня”, дзе дэманстравалі свае веды і ўменні ў праходжанні ваенізаванай эстафеты, у страявой падрыхтоўцы, творчых конкурсах. Гэтая змена дазволіла дзецям па-новаму паглядзець, што такое патрыятызм і грамадзянская доблесць, любоў да радзімы і гонар за яе. Вярнуўшыся са змены з дыпломамі і кубкамі, навучэнцы прадставілі на ўрачыстай лінейцы справаздачу аб выніках знаходжання ў лагеры.

На базе рэсурснага цэнтра ваенна-патрыятычнага выхавання дзейнічае таксама інтэрактыўная пляцоўка “Мы патрыёты Радзімы сваёй”, пры дапамозе якой члены клуба прэзентуюць яго дзейнасць на мерапрыемствах і выставах раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню.

У станаўленні грамадзяніна, патрыёта, у фарміраванні жыццёвых каштоўнасцей немалаважную ролю адыгрывае савет ветэранаў школы, у які ўваходзяць не толькі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і лакальных войнаў, але і ветэраны Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, афіцэры запасу, вайскоўцы, якія вызначыліся ў воінскай службе і маюць узнагароды. На ўроках мужнасці яны з гонарам расказваюць маладому пакаленню пра баявыя дзеянні, жыццёвыя няўдачы і перажыванні, пацвярджаючы значнасць і неабходнасць захавання традыцый сваіх бацькоў і дзядоў па фарміраванні патрыятызму. Пра жыццё гэтых мужных людзей, сапраўдных герояў нашай краіны, навучэнцы класаў ваенна-патрыятычнага выхавання пішуць “Кнігу народнай славы”.

Галоўныя навыкі, якія выпрацоўваюцца ва ўмовах клуба “Патрыёт”, — самастойнасць, камандная работа, жыццё ў калектыве, ўзаемадзеянне дарослых і дзяцей розных узростаў у абставінах, дзе фарміруюцца погляды на жыццё, адносіны да Радзімы, усведамляецца роля кожнага члена клуба ў развіцці нашай краіны. Штогод у маі арганізоўваецца выпуск членаў клуба. Праходзячы ў сценах роднай школы ўрачыстым маршам, навучэнцы з гонарам развітваюцца з аб’яднаннем. У іх словах, поўных радасці і суму, гучыць падзяка за арганізаваную работу “Патрыёта”. А гэта і ёсць галоўнае пацвярджэнне таго, што педагогі працуюць у правільным кірунку.

Таццяна АРЦЁМЕНКА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 3 Старых Дарог.